Дон Карлас (п'еса)
| Дон Карлас, інфант гішпанскі | |
| Don Karlos, Infant von Spanien | |
| Тытульны аркуш і франтысьпіс першага выданьня (з устарэлым напісаньнем — «Dom Karlos») | |
| Жанр: | драматычная паэма |
|---|---|
| Аўтар: | Фрыдрых Шылер |
| Мова арыгіналу: | нямецкая |
| Год напісаньня: | 1787 |
Дон Карлас, інфант гішпанскі (ням. Don Karlos, Infant von Spanien) — драматычная паэма Фрыдрыха Шылера ў пяці дзеях. Драматычны твор, напісаны ў 1783—1787 гадох, апавядае пра грамадзкія і палітычныя канфлікты пачатка Нідэрляндзкае буржуазнае рэвалюцыі, у хадзе якой нідэрляндзкія правінцыі заваявалі незалежнасьць ад Гішпаніі, а таксама пра сацыяльныя і сямейныя інтрыгі пры двары караля Філіпа II
Зьмест |
Гісторыя [рэдагаваць]
Да работы над «Дон Карласам» Фрыдрых Шылер прыступіў у 1783 годзе. Па чарнавому пляну трагедыі, складзенаму ў Баўэрбаху, п'еса была першапачаткова задумана як сямейная трагедыя. Супрацьзаконнае каханьне пасынка да мачыхі, выяўленае ў духу бунтарскага індывідуялізму «буры і націску», павінна было паказаць сутыкненьне вольнага пачуцьця двух юных закаханых, гвалтоўна раз'яднаных прыдворнай інтрыгай, са змрочным дэспатызмам мадрыдзкага двара, увасобленым у Філіпе II[1]. Палітычныя матывы ў гэтым варыянце трагедыі абмяжоўваліся крытыкай сямейнага і рэлігіёзнага дэспатызму. Маркіз Поза іграў ва ўсёй гэтай гісторыі толькі ролю паверанага ў інтымных справах Дон Карласа.
У другім варыянце на першы плян былі выдвінутыя палітычныя матывы. У сувязі з гэтым Шылер уводзіць у дзеяньне новую фігуру, якая адсутнічала ў першапачатковай задуме, — герцага Альба. Карлас прадстаўлены тут ня толькі закаханым прынцам, але і героем, які выражае вольналюбівыя ідэалы аўтара[2]. У новай задуме вобраз Элізабэты робіцца больш дабрадзейным, а Карлас адмаўляецца ад сваёй жарсьці: пад уплывам высакароднага каханьня ён мусіць служыць вялікай ідэі палітычнага вызваленьня свайго народа. Маркіз Поза паранейшаму застаецца толькі павераным у каханьні Дон Карласа. Гэтая другая рэдакцыя прадстаўленая вялікім урыўкам, надрукаваным Шылерам у «Рэйнскай Таліі» ў сакавіку 1785 года, які ахоплівае ўсю пасьлядоўнасьць першых трох дзеяў да змовы маркіза Позы зь Філіпам. Урывак (як і канчатковая рэдакцыя «Дон Карласа») напісаны белым вершам, клясычным пяцістопным ямбам шэксьпіраўскае трагедыі, калі першапачаткова п'еса была, відаць, у прозе, у адпаведнасьці з дамінуючай драматургічнай практыкай «буры і націску»[1]. У канчатковай рэдакцыі 1787 года урывак «Таліі» падвергся далейшай перапрацоўцы. У адпаведнасьці з новай палітычнай ідэяй п'есы зьяўляецца новы герой — маркіз дэ Поза, які са сьціплай ролі «наперсьніка» Дон Карласа выдвігаецца на месца галоўнага носьбіта ідэалягічнае тэндэнцыі п'есы. Адсюль, не перадуказаная гістарычнымі крыніцамі сцэна сустрэча Філіпа II і маркіза дэ Позы ва аўдыенц-зале, у якой маркіз малюе перад гішпанскім тыранам ідэал канстытуцыйнае манархіі, рытарычна завэлюмаваны марай аб волі чалавека і годнасьці чалавека-грамадзяніна[3]. На беларускую мову «Дон Карлас» перакладзены Лявонам Баршчэўскім. Пераклад зьмешчаны ў томе выбраных твораў Шылера, які выйшаў у 1993 г. у Менску ў сэрыі «Скарбы сусьветнай літаратуры».
Крыніцы [рэдагаваць]
Пры рабоце над трагедыяй Шылер меў перад сабой крыніцы, якія адлюстроўвалі два супрацьлеглых пункта гледжаньня на падзеі і асобаў, якія ў іх удзельнічалі:
- па характарыстыцы гішпанскага гісторыка Фэрарэса, Дон Карлас меў непрыемную зьнешнасьць і адрозьніваўся дурнымі схіленасьцямі. Быў п'яніцай і распусьнікам. Кароль Філіп II не дапушчаў яго да дзяржаўных справаў і мусіў пазбавіць яго спадчыннага права на трон. Ведаючы гэта, Дон Карлас вырашыў гвалтоўна завалодаць бацькавай каронай. Філіп II даведаўся аб задуме сына і арыштаваў яго. Праз некалькі месяцаў Дон Карлас сканаў у турме, а яшчэ праз тры месяцы яго мачаха, жонка Філіпа II, Элізавэта, якая першапачаткова прызначалася ў жонкі інфанту[2].
- па вэрсіі францускага абата Сэн-Рэаля ў яго гістарычнай навэле «Гісторыя Дон Карласа» 1672 года, дачка францускага караля Элізабэта Валуа мусіла стаць жонкай Дон Карласа. Але яго бацька Філіп II, аўдавеўшы, вырашыў сам узяць шлюб з францускай прынцэсай. Новая жонка заваявала сэрца Дон Карласа. У адсутнасьці караля яна пабачылася з прынцам, і яны празналіся адзін аднаму ў каханьні. Каралева і прынц працягвалі таемна сустракацца, пакуль іх шчасьце не было разбуранае падступнымі інтрыгамі прыдворнах. У змове супраць прынца і каралевы ўдзельнічалі прынцэса Эбалі, якая помсьціла прынцу за тое, што ён адмовіў ёй у каханьні, пабочны брат Філіпа II, Дон Хуан, які па той жа прычыне помсьціў каралеве, муж Эбалі, Руі Гомэс, і яе сакратар — Пэрэс. Пазбаўлены магчымасьці частых сустрэчаў з каханай, Дон Карлас ладзіў інтымныя спатканьні праз дапамогу маркіза дэ Позы. Кароль западозрыў апошняга ў пакушэньні на свой шлюбны гонар і загадаў яго таемна забіць. Паміж тым прынц намагаўся таго, каб ён быў прызначаны кіраўніком нідэрляндзкіх уладаньняў, але кароль замест яго прызначыў герцага Альба. Тады Дон Карлас, змовіўшыся зь нідэрляндцамі, вырашыў таемна да іх ўцякаць, але быў схоплены па дарозе, пераданы суду інквізыцыі і пакараны сьмерцю па яе прыгавору[2].
Сюжэт [рэдагаваць]
У першай зьяве перад гледачом паўстае манах Дамінга, духоўнік караля, і спадкаемны прынц Дон Карлас. Па загаду Філіпа II, манаху даручана шпіёніць за прынцам і прашпегаваць прычыны яго смутку. Дамінга здаецца, што ён натрапіў на слушны сьлед і разгадаў глыбокую таямніцу Дон Карласа — яго каханьне да мачахі. Выконваючы заданьне прыдворнае камарыльі, якая вырашыла выкарыстоўваць каханьне прынца, каб загубіць яго, бо ў ім бачаць чалавека, варожага існуючаму дэспатычнаму строю, манах прыкідваецца сябрам прынца, але Дон Карлас разумее падступства Дамінга і яго сяброў і адхіляе яго паслугі.
У наступнай сцэне Карлас сустракаецца са сваім выхавальнікам і сябра дзяцінства, які толькі што вярнуўся з паўстаўшых Нідэрляндаў, маркізам Радрыга Позай. Маркіз зьдзіўлены хворым відовішчам і смуткам свайго маладога сябра, на якога ён ускладае ўсё свае надзеі ў справе дапамогі Нідэрляндам. Карлас ужо ня той вольналюбівы юнак, які калісьці быў упэўнены ў адраджэньні залатога веку Гішпаніі. Зараз Карлас жыве патаемным каханьнем да каралевы, і хоць ён і ўсьведамляе, што каханьне гэтае цалкам безнадзейнае, але адмовіцца ад яго не ў стане. Поза імкнецца скарыстацца агромністым уплывам каралевы на свайго юнага сябра, каб узьняць яго апалы дух, адрадзіць у ім энэргію і абудзіць спагаду да пакутлівага нідэрляндзкага народу. Пры сустрэчы каралевы з Карласам яна просіць прынца забыць аб тым, што яна была яго нявестай. Элізавэта заклікае да яго дабрадзейнасьці, пачуцьця абавязку. Тым часам, замест Дон Карласа, кароль прызначае герцага Альба намесьнікам у Брусэль у мэтах задушэньня паўстаньня і пакараньня яго кіраўнікоў і са ўсім дваром адпраўляецца зь летняй рэзыдэнцыі Аранхуэс у Мадрыд.
У Мадрыдзе Дон Карлас спрабуе прымірыцца з бацькам, але Філіп жорстка адпіхвае працягнутую сынам руку. Адхіляе ён і просьбу сына паслаць яго замест герцага намескнікам у Брусэль. Кароль падазроны, ён пужаецца сына, таму што Альба і Дамінга упэўнілі яго, быццам бы Дон Карлас імкнецца завалодаць бацькавай каронай. Але, пагутарыўшы з сынам, ён з няменшай падазронасьцю пачынае ставіцца да Альбы і Дамінга, разумеючы, што яны перасьледуюць свае мэты.
Пужаючыся замірэньня Філіпа з сынам, Альба і Дамінга абдумваюць падступныя пляны, каб гэтаму перашкодзіць. Прыладай для выкананьня сваіх падступных намераў яны абіраюць прынцэсу Эбалі, якая патаемна закаханая ў Карласа. Яна дабіваецца сустрэчы, але ўпэўніваецца ў тым, што ён кахае не яе, а Элізавэту. Калі Эбалі, якую манах Дамінга хацеў зрабіць любоўніцай караля, дагэтуль не згаджалася на гэтую ролю, то зараз з імпэтам абражанага самалюбства яна вырашае пайсьці на ўсё, каб адпомсьціць Карласу, які адмовіў ёй у каханьні. Яны раскрывае шкатулку Элізавэты і крадзе лісты прынца, каб даказаць Філіпу здраду каралевы. Кароль скалыхнуты гэтым адкрыцьцём, але калі Альба і Дамінга імкнуцца распаліць рэўнасьць і ўзмацніць яго сумнёвы, ён адчувае, што ім нельга верыць, бо імі рушыць нянавісьць да Карласа. І разам з тым Філіп ня можа адксьціцца ад сумнёваў. У гэтым становішчы ён асабліва востра адчувае сваю адзіноту. Ён марыць аб тым, каб мець каля сябе блізкага сябра, чалавека. Кароль згадвае, што пасярод яго дваранаў ёсьць адзін чалавек, які ніколі перад ім не паддобрываўся. Ацаніўшы бескарысьлівасьць Позы, ён вырашае зь ім параіцца. Даведаўшыся, што кароль кліча да сябе, маркіз Поза бачыць у гэтым зручны спосаб, каб пераканаць караля ў неабходнасьці даць волю прыгнечанаму народу Нідэрляндаў. Ён заклікае караля выкарыстаць сваю ўладу на карысьць чалавецтва і стаць яго вызваліцелем. Сцэна спатканьня Позы зь Філіпам зьяўляецца цэнтральнай у драме.
Адкрытасьць і бескарыснасьць Позы заваёвываюць яму давер караля. Хоць Філіп і не згаджаецца з довадамі свайго суразмоўцы, ён загадвае яму застацца пры двары і дапамагчы распутаць сямейную таямніцу. Для гэтага Філіп раіць маркізу пасябрыцца з Карласам і з каралевай, каб, нарэшце, дазнацца праўды аб іх стасунках. Поза вырашае скарыстацца гэтым дзеля зьдзяйсьненьня свайго пляну: ён прапаноўвае Элізавэце ўгаварыць прынца патаемны зьехаць у Фляндрыю. Калі Карлас будзе ў Брусэлі, Нідэрлянды запатрабуюць ад караля свабоды, і Філіп будзе вымушаны дараваць яе народу. Каралева Элізавэта згаджаецца садзейнічаць маркізу.
Паміж тым кароль прад'яўляе каралеве лісты Дон Карласа. Элізавэта тлумачыць, што гэтыя лісты яна атрымлівала яшчэ тады, калі была нявестай Карласа. І ўсё ж такі Філіп ня можа вызваліцца ад сваіх падазронаў. Маркіз Поза прыходзіць да караля і прыносіць бумажнік з любоўнымі лістамі, якія Эбалі пасылала Дон Карласу. Он жа тлумачыць Філіпу, што, па яго меркаваньню, стасункі паміж каралевай і прынцам носяць не рамантычны, а палітычны характар. Поза кажа, што бярэцца перашкодзіць меркаваным уцёкам Дон Карласа, калі кароль дасьць яму на гэта паўнамоцтвы. Поза сапраўды арыштоўвае прынца ў пакоі прынцэсы Эбалі. Яна лічыць, што арышт спрычынілі скрадзеныя ёю лісты. У ёй зноў прачынаецца каханьне да Карласа, і, жадаючы выратаваць яго, яна прызнаецца ва ўсім каралеве. Па загаду апошняй Эбалі зьнявольваюць у манастыр.
Альба і Дамінга бачаць у маркізе ўсемагутнага міністра і фаварыта-дачасьніка. Імі выношваюцца пляны з мэтай адхіленьня Позы ад справаў. Паміж тым незразумелыя для навакольных дзеяньні ўсемагутнага фаварыта Позы мелі на ўвазе паспрыяць уцёкам Дон Карласа ў бліжэйшую ноч. Маркіз цудоўна разумее, што гэта будзе каштаваць яму жыцьця. Каб палегчыць ўцёкі свайго сябра, ён, ведаючы, што ўсе лісты адрасаваныя ў Нідэрлянды, правяраюцца, адсылае ліст Вільгэльму Аранскаму, у якім паведамляе, што быццам бы ня Карлас, а ён, Поза, закаханы ў каралеву. Выратаваны такім чынам ад падазронаў караля пераапрануты манахам прынц ноччу можа разьвітацца з Элізавэтай і зьехаць у Брусэль.
Лісты Позы да Вільгэльма Аранскага беззабаўна дастаўляюць Філіпу, і яно ўплывае на яго так, як і чакаў Поза. Ледзьве Поза пасьпявае растлумачыць Дон Карласу матывы сваіх учынкаў і запэўніць свайго сябра ў адданасьці, як скрозь краты страляюць, і маркіз Поза падае забіты. Карлас схіляецца да свайго сябра. У гэты час уваходзіць кароль, каб вызваліць сына з-пад арышту, пад якім ён знаходзіўся. Кароль ужо ўпэўнены ў невінаватасьці Карласа, але прынц, зразумеўшы, якога сябра ён згубіў са сьмерцю Позы, адпіхвае працягнутую бацькам руку замірэньня. Ён называе Філіпа забойцам і заяўляе аб сваім разрыве зь ім.
Гранды моўчкі абвінавачваюць караля і яго загад забіць Позу. Філіп у зьбянтэжанасьці, якая яшчэ ўзмацьняецца ад навіны пра паўстаньне, якое выбухнула ў Мадрыдзе. Начальнік палацавае варты, граф Лерма, які употай спачувае Дон Карласу, паведамляе прынцу, што паўстаньне узьнята каралевай, каб палегчыць яго уцёкі ў Брусэль. Але герцагу Альба за гэты час атрымліваецца затрымаць манаха з паперамі, зь якіх ясна бачны ўвесь плян уцёкаў Дон Карласа. Канчаткова пераканаўшыся ў вінаватасьці сына, які замысьліў уцячы у Нідэрлянды і ўзначаліць іх барацьбу супраць Гішпаніі, Філіп II вырашае аддаць Карласа ў рукі інквізыцыі. Становіцца таксама вядомым, што перад уцёкамі прынц мусіць спаткацца з каралевай. Іх падпільноўваюць. Калі Дон Карлас у адзеньні манаха прыходзіць ноччу разьвітацца з каралевай і сказаць ёй, што перамог у сябе каханьне да яе і прагне толькі подзьвігаў у барацьбе за свабоду, у пакой каралевы ўрываецца Філіп, вялікі інквізытар і гранды. Кароль зьвяртаецца да вялікага інквізытара: «Ну, кардынал, я ўсё зрабіў, што здолеў. Цяпер рабіце вы сваё!» (V, 11). Гэтыя словы Філіпа II — прысуд, які аддае Дон Карласа на сьмерць.
Дон Карлас (п'еса) — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
Крыніцы [рэдагаваць]
- ^ а б В. Жирмунский. Очерки по истории классической немецкой литературы, изд. «Художественная литература», Ленинград, 1972. С. 398
- ^ а б в Ф.П. Шиллер. Фридрих Шиллер. Жизнь и творчество, Гослитиздат, М. 1955. С. 129—130
- ^ В. Жирмунский. Очерки по истории классической немецкой литературы, изд. «Художественная литература», Ленинград, 1972. С. 399
|
||||||||||||||||||||