Дражна (Менская вобласьць)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Дражна
трансьліт. Dražna
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Менская
Раён: Старадароскі
Сельсавет: Дражнаўскі
Насельніцтва: 331 чал. (2010)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 1792
Паштовы індэкс: 222922
Нумарны знак: 5
Геаграфічныя каардынаты: 53°9′58″ пн. ш. 28°7′28″ у. д. / 53.16611° пн. ш. 28.12444° у. д. / 53.16611; 28.12444Каардынаты: 53°9′58″ пн. ш. 28°7′28″ у. д. / 53.16611° пн. ш. 28.12444° у. д. / 53.16611; 28.12444
Дражна на мапе Беларусі ±
Дражна
Дражна
Дражна
Дражна
Дражна
Дражна

Дра́жна[1] — вёска ў Старадароскім раёне Менскай вобласьці, на шашы Р92. Дражна ўваходзіць у склад і зьяўляецца цэнтрам Дражнаўскага сельсавету.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1880-я гады частка засьцянковай шляхты з-пад Узды і Койданава набылі тут зямлю ва ўласнасьць.

II Сусьветная вайна[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Так здарылася, што Дражна паўтарыла лёс вёскі Старасельле Магілёўскай вобласьці.

У 1941 годзе ў вёску прышлі фашысты і сфармавалі ў школе паліцэйскі гарнізон у колькасьці 79 чалавек. Гарнізон агарадзілі 7 дзотамі. Месца гэта было стратэгічным. Вёска стаяла на перакрыжаваньні дарог, на ўзвышшы. Паліцаі маглі ідэальна прастрэльваць мясцовасьць.

У студзені 1943 году партызаны правялі апэрацыю па захопе паліцэйскага гарнізону. Апэрацыя была сплянаваная дрэнна, партызаны атакавалі ў лоб, амаль усіх іх паклалі з кулямёту. Вяскоўцаў прымусілі хаваць забітых.

На Вялікдзень 1943 году, а 4 гадзіне раніцы, з боку Вялікага Бору і Залужжа партызаны зноў пачалі штурм паліцэйскага гарнізону. Кіраваў імі 22-гадовы лейтэнант з Харкава Сяргей Іваноў (2-я менская партызанская брыгада, атрад імя Кутузава, камандзір — Ізраіль Лапідус). Узяць аточаны дзотамі паліцэйскі гарнізон не ўдалося. Пасьля няўдалага штурму партызаны, як сьцьвярджаюць сьведкі, спалілі 37 хат і забілі 25 мірных жыхароў. Некаторых падлеткаў партызаны адмыслова адводзілі за паўкілямэтру ў поле і расстрэльвалі. Пры гэтым партызаны не застрэлілі ні аднаго паліцая. Дамы, што знаходзіліся за іх умацаваньнямі, таксама ацалелі. За гэтую апэрацыю многія партызаны былі прадстаўленыя да ўзнагародаў.

Камбрыг С. Іваноў у справаздачы кіраўніцтву падвёў вынік баявой апэрацыі ў Дражне так (са справы №42 фонду 4057 Нацыянальнага архіву): «…бой прайшоў вельмі ўдала. Сваю задачу выканалі, гарнізон разгромлены цалкам, за выключэньнем 5 дзотаў, зь якіх увайсьці не ўдалося, астатняя паліцыя зьнішчаная, забітымі і задушанымі дымам налічваецца да 217 свалачэй…» Але вядома, што паліцэйскі гарнізон праіснаваў да вызваленьня.

Пра трагедыю вёскі Дражна шырокая грамадзкасьць даведалася з кнігі беларускага краязнаўцы Віктара Хурсіка «Кроў і попел Дражна».

Урыўкі з кнігі «Кроў і попел Дражна».

Справаздачная запіска кіраўніка адмысловага аддзелу НКУС Бязуглава «Пра палітыка-маральны стан 2-й менскай партызанскай брыгады»:
…Вяртаючыся назад, заехалі да Гурыновіча М., выдралі яшчэ 7 сем’яў пчол, зламалі замок, улезьлі ў хату, забралі ўсе рэчы, нават чыгун, забралі таксама 4 авечкі, 2 сьвіньні і іншае.
Дадзеным марадэрскім учынкам абуранае ўсё насельніцтва і патрабуе ад камандаваньня абароны.
За атрадам Кутузава марадэрскіх учынкаў вельмі шмат, таму неабходна па дадзеным пытаньні прыняць захады ў самым жорсткім парадку…

Аповед сьведкі спаленьня Дражна Кацярыны Гінтаўт:

У шасьцідзясятыя прызначылі нам новага кіраўніка. Быў ён спакойны такі. Можа, на другі ці трэці дзень ягонага прыходу здарылася паміж намі наступная размова.
— Дзе былі ў вайну? — спытала я.
— На фронце і ў партызанах.
— А дзе ў партызанах? У нас жа падчас вайны яны забілі многіх, спалілі паўвёскі.
— Былі ў Старадароскім раёне, у Дражне…
Я распавяла, што ў Дражне ў мяне застрэлілі сяброўку, спалілі і забілі іншых жыхароў. Як я яму гэта сказала, гляджу — чалавеку на вачах стала блага.
— Пайду ў шпіталь, — сказаў.
Празь некалькі дзён кіраўнік памёр.

Доктар гістарычных навук Эмануіл Ёфэ — галоўны ідэйны апанэнт Віктара Хурсіка. Да падзеяў 14 красавіка 1943 году ў Дражне ён ставіцца па-іншаму.

— Партызаны ня вінныя, яны выконвалі загад зьверху. Я працаваў з дакумэнтамі. Паводле маіх зьвестак, Дражна была буйным паліцэйскім гарнізонам. Пераважная большасьць жыхароў былі паліцаямі. Канечне, і камандзіраў партызанскіх брыгад ідэалізаваць нельга, я не здымаю зь іх пэўнай віны. Я асабіста размаўляў з многімі камандзірамі, вайна ёсьць вайна, усялякае здаралася ў запале барацьбы. Ды і загады зьніштожыць ворагаў давала Масква. Да камбрыга Іванова ў мяне дваістае стаўленьне. З аднаго боку, ён добрасумленна выконваў загады, але пралікі бываюць ва ўсіх.

Сучаснасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыж у Дражне

19 красавіка 2008 году ў Дражна сябры мэмарыяльнай сэкцыі грамадзкага аб’яднаньня «Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры», моладзевыя актывісты, прадстаўнікі прадпрымальніцкага руху, вяскоўцы ўсталявалі каля каталіцкіх могілак мэмарыяльны крыж памяці. Крыж быў асьвечаны праваслаўным сьвятаром айцом Леанідам Акаловічам. На шыльдзе, прымацаванай да крыжа, быў наступны тэкст: «Жыхарам вёскі Дражна, бязьвінна загінуўшым ад рук партызанскіх злачынцаў». Праз чатыры дні невядомыя зламалі яго.

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • 2010 год — 331 чалавек
  • 1999 год — 456 чалавек

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (djvu) С. 448

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]