Другая сусьветная вайна
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Друга́я сусьве́тная вайна́ — самы вялікі й кровапралітны канфлікт у гісторыі чалавецтва. Пачаткам вайны ў Эўропе стаў вераломны напад гітлераўскай Германіі 1 верасьня 1939 года без папярэдняга аб'яўленьня вайны на Польшчу і японскай арміі на Пёрл–Харбар 7 сьнежня 1941 года на Пацыфіцы. Некаторыя дасьледчыкі кропкай адліку Другой сусьветнай вайны ў Азіі называюць пачатак Другой япона–кітайскай вайны 7 ліпеня 1937 года. Вайна скончылася 8 мая 1945 года ў Эўропе і 2 верасьня 1945 года ў Азіі падпісаньнем капітуляцыі Японіі.
Ініцыятарам вайны сталі так званыя краіны Восі — Германія, Італія й Японія, якія ставілі перад сабой мэту захапленьня тэрыторый суседніх краін і іх падпарадкаваньне ўласным інтарэсам. Асноўным ваенным супраціўнікам на пачатковым этапе канфлікту зьяўляліся Францыя, Вялікабрытанія і Рэспубліка Кітай. Савецкі Саюз з свайго боку пачаў рабіць першыя крокі да шырокамаштабнай экспансіі на захад, падрыхтоўкай да якой стала падпісаньне пакта паміж Сталінам і Гітлерам, больш вядомага пад назвай Пакт Молатава-Рыбентропа: у верасьні 1939 года СССР нападае на ўсходнюю Польшчу, ў лістападзе 1939 года на Фінляндыю і затым ў красавіку 1940 года на краіны Прыбалтыкі (Летуву, Латвію й Эстонію), а таксама Румынію (Бесарабія і Букавіна). Пасьля заканчэньня "зімовай вайны" у Фінляндыі ў сакавіку 1940 года, анэксіі краін Прыбалтыкі і румынскіх тэрыторый галоўныя ваенныя мэты і тэрытарыяльныя амбіцыі Савецкага Саюзу на той час былі задаволены і ваенныя дзеяньні з боку СССР былі спынены. Пасьля парушэньня дасягнутага Гітлерам і Сталінам пагадненьня з боку Германіі ў форме ўтаржэньня у далейшае разьвіцьцё ваенных дзеяньняў ўцягваецца і Савецкі Саюз.
У Другой сусьветнай вайны загінула ад 55 да 60 мільёнаў чалавек. З боку краін Восі канфлікт вызначаўся моцнай расісцкай ідэалёгіяй, што выклікала неверагодную колькасьць ваенных злачынстваў і жорсткае, гвалтоўнае і пераважна сыстэматычнае вынішчэньне цывільнага насельніцтва. Адной з прычын значнага павелічэньня колькасьці ахвяр сярод цывільнага насельніцтва ў параўнаньні з Першай сусьветнай вайной стала акрамя таго дынамічнае разьвіцьцё ваенна–прамысловага комплексу. Разьвіцьцё ваеннай прамысловасьці дазваляла шырокамаштабныя бамбардыроўкі цэлых жылых кварталаў Эўропы й Азіі, асабліва ў апошнія гады вайны.
[рэдагаваць] Прадгісторыя й мэты вайны
[рэдагаваць] Прадгісторыя
- Асноўны артыкул: Прадгісторыя Другой сусьветнай вайны
У 1920–ых і 1930–ых гадах на тэрыторыі значных частак Эўропы хутка набіраў размах новы палітычны накірунак — фашызм. Пасьля Маршу на Рым 1922 году ўся ўлада ў Італіі засяроджваецца ў руках дыктатара Бэніта Мусаліні. У 1936 годзе Італія, якая па сваіх палітычных пазыцыях усё больш зьбліжаеца з Германіяй, нападае на Этыёпію, у красавіку 1939 года італьянская армія захапляе Альбанію.
У Германіі становіцца ўсё больш папулярным і хутка набірае незвычайную моц палітычны накірунак нацыянал-сацыялізм, які ў 1933 годзе з прыходам на пасаду рэйхсканцлера Германіі Адольфа Гітлера дасягае свайго найвышэйшага разьвіцьця. Перагляд Вэрсальскага пагадненьня — мэта яшчэ папярэдніх урадаў Германіі — належыў да асноўных пунктаў палітычнай праграмы новаўсталяванай дыктатуры. Акрамя гэтага, праграма прадугледжвала ўтварэньне так званай Вялікай германскай імпэрыі (Großdeutsches Reich) і пашырэнне на ўсход (Lebensraum im Osten). З адыходам Саарскіх тэрыторый пад пратэктарат Германскага Рэйху ў 1935 годзе, увядзеньнем узброеных сіх у дэмілітарызаваныя Рэйнскія тэрыторыі ў 1936 годзе, далучэньнем Аўстрыі й адлучэньню Судзецкіх тэрыторый ад Чэхаславаччыны па Мюнхэнскаму пагадненьню 1938 года дзьве першыя прыярытэтныя мэты палітыкі нацыянал-сацыялістычнай Германіі былі дасягнуты і, звыш таго, падмацаваны англійскай і францускай палітыкай прымірэньня, накіраванай на ўсталяваньне і падтрымку добрасуседзкіх адносін з Германіяй. Нават пасьля ўводу германскай арміі ў так званую "астатнюю Чэхію" ў сакавіку 1939 года францускі і брытанскія бакі абмежаваліся толькі нязначнымі пратэстамі. Незадоўга пасьля ўводу войск у Чэхію Германія патрабуе ад Летувы перадачы горада Мемель (Клайпеда) й прылягаючых тэрыторый, пад ціскам сілавых суадносін Летува вяртае Мемельскую вобласьць Германіі. Славакія набывае статус самастойнай краінай, але па пагадненьню аб ахове становіцца залежнай ад Германіі. Напад на Польшчу становіцца толькі пытаньнем часу; паміж урадамі Польшчы, Францыі і Аб'яднанага Каралеўства падпісваюцца саюзныя пагадненьні.
Нечакана ў жніўні 1939 года Германія й Савецкі Саюз падпісваюць пакт аб ненападзе, вядомага пад назвай Пакт Гітлера-Сталіна. Да пакту дадаткова прыкладаўся сакрэтны пратакол, які прадугледжваў падзел Эўропы на геаграфічна дэтальна адзначаныя, але ў астатнім не канкрэтызаваныя "сфэры інтарэсаў". Сакрэтны пратакол быў скіраваны на падзел Польшчы паміж Германіяй і Савецкім Саюзам, а таксама на аднабаковыя заваяваньні альбо захоп далейшых тэрыторый (між іншым краін Прыбалтыкі і Фінляндыі), акрамя гэтага частак Румыніі з боку Савецкага Саюзу.
З узмацненьнем уплыву ваеннага кіраўніцтва на імпэратарскі ўрад у 1930-ых гадох Японія пераходзіць да экспансійнай зьнешняй палітыкі.
[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі
Другая сусьветная вайна — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў


