Друман

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Замак Друманаў. Пабудаваны ў 1491 сэрам Джонам Друманам

Друман (па-ангельску: Drummond, па-гэльску: Drummann) — шатляндзкі клан, гербу Holly (Сьвяты) й дэвізу Vitutem coronat honosлацінскай мовы: Гонар важнейшы за жыцьцё), які валодаў землямі ў Пэртшыры (Шатляндыя). Імя значыць «чалавек з Дрымэну (Drymen)», земляў, што ляжаць на захад ад Стырлінгу. Назва «Дрымэн» у сваю чаргу, хутчэй за ўсё, паходзіць з гэльскага слову «dromainn» — высакагор’е, пагорак. Менавіта сюды ў 1067 згодна зь легендай прыйшоў вугорскі ваявода з роду Арпадаў, які суправаджаў агнгельскага караля Эдгара Атэлінга й ягоных дзьвюх сёстраў, калі яны ўцякалі ад Вільгельма Заваёўніка. У 1225 узгадваецца нашчадак гэтага ваяводы Малькальм Маленькі (Beg), які быў сэнэшалем (шамбалянам) Ленаксу (Lennox) і ўзяў прозьвішча of Drymen. З гэтага часу галава клану вядомы як An Drumanach Mór, што значыць Вялікі чалавек з Дрымэну. З Дрымэнам таксама зьвязаныя Бухананы (Buchanans) і Моры (Mores). Сын таго Малькальма Малькальм Друман пакляўся ў вернасьці ангельскаму каралю Эдварду І, што аднак не перашкодзіла яму прыняць удзел у войнах за незалежнасьць і быць двойчы паланеным ангельцамі. Трэці Малькальм Друман вызначыўся прапановай стварыць аддзелы, узброеныя палямі з жалезнамі заканчэньнямі, каб раніць коняў, перад бітвай пры Банакбэрне. Іхны эхвэкт на ангельскую кабалерыю спрычыніўся да магчымасьці перамогі ў бітве, а дзьве палі сталіся сымболем вайсковых здольнасьцяў роду. За тую бітву Робэрт Брус узнагародзіў Друманаў землямі ў Пэртшыры. Сярэднявечны Стобгал стаў належыць іхнай сям’і ў 1345, калі Джон Друман ажаніўся зь ейнай уладаркай Мэры дэ Манфішэ (de Montfichet). Іхная дачка Анабэля сталася каралевай Шатляндыі, выйшаўшы замуж за Робэрта ІІІ. Джон, 5-ы ўладар Каргайлу й Стобгалу, стаўся першым лёрдам Друманам у 1487. Адзін год са свайго жыцьця ён правёў у замку Блекнэс, пасьля свайго нападу на лёрда Ляяна (Lyon), кіраўніка арміі. Якаў IV намагаўся ажаніцца з дачкой Джона Маргарэт, аднак у 1502 яна й дзьве ейныя сястры памерлі пры нявысьветленых абставінах, магчыма былі атручаныя, і кароль мусіў ажаніцца з Маргарытай Цюдор. За падтрымку Сьцюартаў у паўстаньнях 1715 і 1745 Друмоны двойчы пазбаўляліся сваіх тытулыў і маёмасьці, пакуль у 1853 Парлямэнт не зацьвердзіў за Джорджам Друмонам, які таксама зьяўляўся баронам Францыі, тытул графа Пэрту (Perth) і іншыя былыя тытулы роду.