Друцкае Эвангельле

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Друцкае Эвангельле. XIV ст.

Друцкае Эвангельле — Эвангельле апракас поўны — рукапісны помнік старажытна-беларускай пісьменнасьці. Напісаны на мяжы XIV—XV стагодзьдзяў. Пісаны 8 пісцамі ўставам у 2 слупкі на 188 аркушах пэргамэнту.

Укладзена друцкім князям Васілём Міхайлавічам і яго жонкай Васілісай у друцкай царкве Багародзіцы. Напісана царкоўнаславянскай мовай на пэргамэнце, на 376 старонках, аздоблена застаўкамі і ініцыяламі.

Месцазнаходжаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прыпіска паведамляе, што ў 6949 (1441) годзе віленскі месьціч Конан уклаў Друцкае Эвангельле ў Васкрасенскую царкву ў Вільні. Паводле вусных паведамленьняў, да 1944 рукапіс належаў уніяцкаму мітрапаліту Ёсіфу Сьліпаму. Пасьля кніга была ў зборы акадэміка М. М. Ціхамірава, які завяшчаў яго Сыбірскаму аддзяленьню Акадэміі навук[1]. Цяпер зьберагаецца ў дзяржаўнай публічнай навукова-тэхнічнай бібліятэцы Сыбірскага аддзяленьня Расейскай АН у Новасыбірску (паступіла ў 1965 годзе). У 2001 Друцкае Эвангельле апублікавана факсімільным спосабам з фотакопіі, што захоўваецца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы НАН Беларусі.

Зьмест[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Эвангельскія чытаньні зь Вялікадня да Вялікай суботы, месяцаслоў, эвангельлі ранішнія нядзельныя.

На 1-м аркушы ўверсе застаўка, ёсьць 54 ініцыялы тэраталягічнага стылю, выкананыя кінавар’ю з дробнай дэталёўкай жоўтай фарбай. Прыпіскі на палях 1-га аркуша — сынодзік, пералік мужчынскіх і жаночых імёнаў для памінаньня ў царкве (магчыма, гэта прадстаўнікі роду князёў Друцкіх). Пасьля асноўнага тэксту почыркам пісца кнігі зроблена вялікая прыпіска, дзе паведамляецца. што ў 6909 годзе (ад Стварэньня Сьвету) пабудавана царква Багародзіцы ў Друцку, у якую ўклаў Друцкае Эвангельле князь Васіль Міхайлавіч з жонкай Васілісай; далей пералічаны княжацкія наданьні царкве. Асаблівасьці напісаньнья году (перадача 900 празь літару Ф, а не «юс малы» або Ц) тлумачыцца зьмяшаньнем лічбавага значэньня літараў «фіта» (9) і Ф (500), якія мелі аднолькавае гучаньне. Ранейшае чытаньне году як 6509 (1001) цяпер адкінута як супярэчнае гістарычным рэаліям. Год 6909 «ад стварэньня сьвету» адпавядае часу 1 верасьня 1400 — 31 жніўня 1401 або 1 сакавіка 1401 — 28 лютага 1402 (у залежнасьці ад таго, верасьнёўскім або сакавіцкім стылем карыстаўся пісец).

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Мяснікоў А. Горад на вольнай Друці… // Звязда, 27.6.2001.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Штыхов Г. В. Города Полоцкой земли (IX—XIII вв.). ― Мн., 1978;
  • Друцк старажытны. — Мн., 2000;
  • Друцк летапісны. Друцкае Евангелле : [Зборнік / Рэдкал.: У. П. Андрэйчанка і інш.. — Мн. : Бел. Энцыкл., 2001. — 286, [2] с. 550 экз. ISBN 985-11-0185-0 (у пер.) : Б.ц.;
  • Друцкi летапiс. Друцкае Евангелле. ― Мн., 2001.
  • Пазднякоў, В. Друцкае Евангелле // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя: У 2 т. Т. 1: А — К / Рэдкал: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. З. Э. Герасімовіч. — 2-е выданне. — Мн.: БелЭн, 2007. — 688 с.: іл. — С. 599. — ISBN 978-985-11-0393-1.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]