Друць
| Рака | |
| Друць | |
| Выток | каля в. Раздольная |
| Вусьце | Дняпро |
| Краіны басэйну | Беларусь |
| Даўжыня | 295 км |
| Сярэднегадавы сьцёк | 31,6 м³/с |
| Плошча басэйну | 5020 км² |
| Нахіл воднай паверхні | 0,4 ‰ |
Друць — рака ў Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскай абласьцях Беларусі, чацьверты велічынёй і воднасьцю прыток Дняпра. Даўжыня 295 км. Плошча вадазбору 5020 км². Выдатак вады ў вусьці 31,6 м³/с. Агульнае падзеньне ракі 105,2 м. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,4 ‰.
Зьмест |
Асноўныя прытокі [рэдагаваць]
- Праваруч: Бярозаўка, Каменка, Асьлік, Малыш, Вядзерка, Даўжанка, Белая, Дабрыца
- Леваруч: Малінаўка, Крывая, Чыгірынка, Няропля, Вабіч, Арлянка, Балонаўка, Грэза
На рацэ [рэдагаваць]
- Месты: Талачын, Рагачоў
- Мястэчкі: Круглае, Бялынічы
- Гістарычныя мясьціны: Друцак
- Вадасховішчы: Чыгірынскае, Цяцерынскае
- Зоны адпачынку: Чыгірынка, Маліна, Друць, Лужкі
Агульныя зьвесткі [рэдагаваць]
Пачынаецца на Дняпроўска-Дзьвінскам водападзеле зь невялікай дрыгвянай лагчыны за 1 км на захад ад вёскі Раздольная Талачынскага раёну, вусьце на паўднёвай ускраіне места Рагачоў. Агульная даўжыня рачной сыстэмы Друці 2000 км, шчыльнасьць рачной сеткі 0,39 км/км³. Вадазбор у вярхоўі ў межах Аршанскага ўзвышша, на астатнім працягу — ува ўсходняй частцы Цэнтральнабярэзінскай раўніны.
Даліна да ўтоку ракі Крывая невыразная, ніжэй трапэцападобная, шырынёй 1,5—2,5 км. Схілы парэзаныя, вышыня іх 8—30 м, да мястэчка Бялынічы адкрытыя і пад ворывам, ніжэй па плыні пераважна пад лесам. Левы схіл больш спадзісты, правы ўмерана стромкі, нярэдка абрывісты. Абалона пераважна двухбаковая (на асобных дзялянках у нізоўі левабярэжная, у высокай плыні часткова затопленая Цяцерынскім, у нізкай — Чыгірынскім вадасховішчамі), адкрытая, лугавая. Паверхня абалоны ў прырэчышчавай частцы роўная, месцамі ўзгорыстая, перасечаная старыцамі, асушальнымі канавамі, лагчынамі. Рэчышча каналізаванае на 2 дзялянках у вярхоўі: ад вёскі Навасёлкі да места Талачын (7 км) і ад пункту за 0,4 км ніжэй за мост на аўтамабільнай дарозе Менск — Масква да вёскі Друцак (8,6 км). На астатнім працягу моцназьвілістае, свабодна мэандруе, ніжэй за ўток ракі Вабіч разгалінаванае на пратокі і рукавы са шматлікімі старыцамі і затокамі. Дно роўнае, пясковае, радзей камяністае. Шырыня ракі ў межань у вярхоўі 10—20 м, ніжэй 30—50 м. Берагі пераважна стромкія, месцамі абрывістыя, вышыней 1—2,5 м (на лукавінах 3—5 м), у вусьцевай частцы спадзістыя, вышынёй да 1 м.
Асаблівасьці рэжыму — вельмі выразнае веснавое разводзьдзе, на якое прыпадае 54% сярэдняга сьцёку. Веснавы пад’ём узроўню вады інтэнсіўны (7—10 дзён), найвышэйшы ўзровень разводзьдзя ў пачатку красавіка, сярэдняя вышыня над межаньню 2,5—2,8 м. Веснавы ледаход каля 3 дзён. Рака прымае сьцёк з мэліярацыйных каналаў[1].
Расьліннасьць [рэдагаваць]
Больш за 30% плошчы вадазбору пакрываюць значныя памерам лясныя масівы. Лясы мяшаныя зь перавагай іглічных пародаў. Балоты, забалочаныя землі і забалочаны лес займаюць каля 10% плошчы.
Гаспадарчая дзейнасьць [рэдагаваць]
Суднаходзтва ніжэй за плаціну Чыгірынскага вадасховішча (за 84 км ад вусьця) у паўнаводны пэрыяд. Рэжым ракі вывучаўся на 8 пастах, зь якіх пасты ля в. Гарадзішча і Чыгірынскай ГЭС дзейнічаюць у цяперашні час[2].
Крыніцы [рэдагаваць]
- ^ Блакiтная кнiга Беларусi: энцыкл. / Рэдкал.: Н. А. Дзісько, М. М. Курловіч, Я. В. Малашэвіч і інш.; Маст. В. Г. Загародні. — Мн.: БелЭн, 1994.
- ^ Гідрамэтцэнтар Беларусі(рас.)
Літаратура [рэдагаваць]
- Блакiтная кнiга Беларусi: энцыкл. / Рэдкал.: Н. А. Дзісько, М. М. Курловіч, Я. В. Малашэвіч і інш.; Маст. В. Г. Загародні. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. ISBN 5-85700-133-1.
- Ресурсы поверхностных вод СССР. Описание рек и озёр и расчёты основных характеристик их режима. Т. 5. Белоруссия и Верхнее Поднепровье. Ч. 1—2. — Л., 1971.
- Природа Белоруссии: Попул. энцикл. / БелСЭ; Редкол.: И. П. Шамякин (гл.ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 599 с., 40 л. ил.