Жанна Дапкюнас

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Жанна Дапкюнас
Імя пры нараджэньні Жанна Касьпяровіч
Род дзейнасьці літаратуразнаўца, арганізатар музэйнай справы
Дата нараджэньня 8 сакавіка 1941 (83 гады)
Месца нараджэньня
Месца вучобы
Занятак літаратуразнаўца
Месца працы
Бацька Казімер Касьпяровіч
Маці Ядвіга Раманоўская
Муж Вадзім Дапкюнас
Дзеці Андрэй, Ігар
Узнагароды

Жа́нна Казі́мераўна Дапкю́нас (нар. 8 сакавіка 1941, Беласток, БССР) — беларуская літаратуразнаўка і арганізатарка музэйнай справы; унучатая пляменьніца Янкі Купалы[1].

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзілася ў сям’і службоўцаў. Маці — Ядвіга Раманоўская — пляменьніца Янкі Купалы. Зь дзяцінства гадавалася ў атмасфэры, адухоўленай імем Купалы. Гэтае ўнікальнае асяродзьдзе фарміравалася найперш намаганьнямі і нястомнай дзейнасьцю Уладзіславы Луцэвіч, жонкі Янкі Купалы, стваральніцы і першага кіраўніка музею Янкі Купалы[2].

« Пра пераемнасьць у нашае сям'і ніколі не гаварылася. Але, як я памятаю, пачынаючы з дзесяці гадоў цёця Ўладзя брала мяне з сабой паўсюдна на літаратурныя вечары, дзе знаёміла з беларускімі пісьменьнікамі. Калі ж надышоў час паступаць ва ўніверсітэт, у мяне было жаданьне зьвязаць сваё жыцьцё з музыкай або нават мэдыцынай, а Ўладзіслава Францаўна сказала: «Толькі БДУ: беларускае аддзяленьне філялагічнага факультэта». Яе меркаваньне сталася сапраўды аўтарытэтным, не паслухацца яго было проста немагчыма. »

— Жанна Дапкюнас[2]

Скончыла Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт па спэцыяльнасьці «беларуская мова і літаратура» (1963).

З 1963 па 2005 год працавала ў Літаратурным музэі Янкі Купалы. Прайшла ўсе прыступкі прафэсійнай кар’еры ад навуковога супрацоўніка да кіраўніка музэю. Займала пасады загадчыка навукова-экспазыцыйнага аддзела і вучонага сакратара музэю. У 1980—1986 гадах — намесьніца дырэктара музэю.

З 1986 па 2002 год — дырэктарка Літаратурнага музэю Янкі Купалы. Заснавальніца (1995) і доўгі час намесьніца кіраўніка Міжнароднага фонду Янкі Купалы.

Творчы і дасьледчыцкі шлях[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ініцыятарка і арганізатарка стварэньня ляндшафтнага заказьніку «Купалаўскі» (Лагойскі і Менскі раёны, 2000), філіяў Літаратурнага музэю Янкі Купалы «Акопы» (Лагойскі раён, 1992) і «Яхімоўшчына» (Маладэчанскі раён, 2001)[2].

На ўрачыстасьцях з нагоды 90-й гадавіны з дню нараджэньня Я.Купалы разам са старшынём Савета Міністраў БССР Ц.Кісялёвым (зьлева на першым пляне) і другім сакратаром ЦК КПБ А.Аксёнавым (у цэнтры), Вязынка, ліпень 1972 году

Кіравала творчай групай па стварэньні галоўнай экспазыцыі музэю (1976), экспазыцыяў у філіях музэю ў Вязынцы (1972) і Ляўках (1977), музэю-кватэры Янкі Купалы ў Пячышчах (Татарстан, 1975), гісторыка-літаратурнага музэю «Над ракою Арэсай» у калгасе «Чырвоная зьмена» (Любанскі раён) (1980).

З 1995 году — арганізатарка міжнародных навуковых канфэрэнцый па творчасьці Янкі Купалы — Міжнародных купалаўскіх чытаньняў. Ініцыятарка супрацоўніцтва музэю з профільнымі ўстановамі Расеі, Польшчы, Украіны, Вялікабрытаніі, Чэхіі і іншых краінаў. Зьяўлялася нацыянальнай каардынатаркай ад Беларусі міжнароднага праекту «Літаратурны экспрэс Эўропа 2000»[3].

Аўтарка шматлікіх артыкулаў пра жыцьцёвы шлях і творчасьць Янкі Купалы, навукова-папулярнага кінафільму «Янка Купала» («Беларусьфільм», 1974), радыёперадачаў пра Я. Купалу, буклету «Ляўкі. Купалаўскі мэмарыяльны запаведнік» (1981). Складальніца і аўтарка камэнтараў да зборніка Я. Купалы «Публіцыстыка» (1972, разам з Т. Тарасавай), трэцяга тома збору твораў Янкі Купалы ў трох тамах (1982). Сябра рэдакцыйнай калегіі поўнага збору твораў Янкі Купалы ў дзевяці тамах (1995—2003).

Укладальнік кнігі «Я. Купала. Санэты» (2002, разам з В. Рагойшам), буклетаў і альбомаў «Сьвятло Купалава Дому»[4] (1998), «Па Купалаўскіх мясьцінах» (2002, 2006), «Купалаўскія мясьціны на Маладзечаншчыне. Яхімоўшчына» (2004). Удзельнічала ў складаньні «Бібліяграфіі твораў Янкі Купалы» (ч. 3, 1972) і бібліяграфіі «Янка Купала ў літаратурнай крытыцы і мастацтвазнаўстве» (1980).

У складзе рэдакцыйнай калегіі рэдагавала запісы I—VII Міжнародных купалаўскіх чытаньняў (1995—2004), каталёг «Янка Купала ў выяўленчым мастацтве, 1882—2002» (2003). Аўтарка шэрагу артыкулаў у энцыкляпедычным даведніку «Янка Купала» (1986). Кансультавала выданьне каталёгу «Рукапісная спадчына Янкі Купалы» (2008—2010).

Прафэсійныя адзнакі і ўзнагароды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Склад конкурснай камісіі па правядзенню конкурса на стварэнне эскізнага праекту помніка Я. Купалу і Я. Коласу ў г. Варшаве Праверана 4 кастрычніка 2011 г.
  2. ^ а б в Літаратурны музэй Янкі Купалы (8 сакавіка 2021) З Купалам у сэрцы Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы Праверана 28 чэрвеня 2022 г.
  3. ^ Насустрач новаму тысячагодзьдзю – пад стук колаў Праверана 5 кастрычніка 2011 г.
  4. ^ Дзяржаўны літаратурны музэй Янкі Купалы (1998) Сьвятло Купалава дому Беларуская інтэрнэт-бібліятэка «Камунікат» Праверана 28 чэрвеня 2022 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с, 26 л. іл.; Артыкул «Дапкюнас Жанна» — С. 185.
  • Захавальніца шляхетнага духу Беларусі: Жанна Дапкюнас і Дзяржаўны літаратурны музэй Янкі Купалы // Роднае слова. — 2006. — №3. — С. 102—104.
  • Рагойша В. П. Мой трыглаў: Кніга пра Янку Купалу, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча. — Мн., Кнігазбор, 2012. — 340 с; Артыкул «Гаспадыня Дома Купалы Жанна Казіміраўна Каспяровіч—Дапкюнас» — С. 144—149.
  • Пра сэрца музея і яго душу. Любімы экспанат унучатай пляменніцы Песняра (4) / Кастусь Антановіч // Культура. — 2012, 7 ліпеня. — С.6.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Жанна Дапкюнассховішча мультымэдыйных матэрыялаў