Жанна Люіза Кальман

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Жанна Люіза Кальман
Jeanne-Louise Calment
JeanneCalmentaged22.jpg
Жанна Люіза Кальман у 22-рочным узросьце (1897)
Дата нараджэньня 21 лютага 1875
Месца нараджэньня Арль, Францыя
Грамадзянства Францыя
Дата сьмерці 4 жніўня 1997 (122 рокі)
Месца сьмерці Арль, Францыя
Бацька Франсуа
Маці Маргарэт
Муж Фярнан
Дзеці Івон
Дадаткова найстарэйшы чалавек у сьвеце

Жа́нна Люі́за Кальма́н (па-француску: Jeanne-Louise Calment; *21 лютага 1875, Арль, Францыя — †4 жніўня 1997, Арль, Францыя) — француская жанчына з найдаўжэйшаю пацьверджанаю працягласьцю жыцьця[1] ў гісторыі чалавецтва. Пражыла 122 рокі і 164 дні, што складае 44 724 дні, перажыўшы сваю дачку і ўнука.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзілася 21 лютага 1875 року ў Арлі, Францыя. У 1896 року выйшла замуж за свайго траюроднага брата Фэрнана. Ягонае багацьце дазволіла ёй жыць даволі актыўным жыцьцём: наведваць тэатры, опэры, займацца тэнісам, яздой на ровары.

Ейны муж памёр у 1942 року, не дажыўшы да іх залатога вясельля 4 рокі. Нашчадкі таксама ня вызначыліся доўгажыхарствам: дачка Івон памерла ад пнэўманіі ў 1934 року, а ўнук Фрэдэрык загінуў у аварыі на матацыкле ў 1963 року. А вось ейны брат Франсуа дажыў да 97 рокаў, бацька Нікаля — да 93, а маці Маргарэт — да 86 рокаў.

Ва ўзросьце 85 рокаў Жанна Люіза пачала займацца фехтаваньнем, а ў 100 рокаў яшчэ езьдзіла на ровары. Да 110 рокаў жыла адна, а пасьля ў доме апекі. Стала знакамітай у 1988 року, на сотыя ўгодкі сьвяткаваньня перабываньня ў Арлі Вінсэнта ван Гога, як адзіная жывая сьведка сустрэчы з мастаком у той час. У 114-рокавым узросьце нават зьнялася ў фільме пра ван Гога «Вінсэнт і я».

Прычынамі ўласнага доўгажыхарства Жанна Кальман ўважала звычкі езьдзіць на ровары, ўціраць у скуру аліўкавы алей, ужываць каля кіляграму чакаляды на тыдзень ды піць партвайн[2].

Па ейнай сьмерці прэзыдэнт Жак Шырак назваў яе «бабкай усіх французаў», а мяшканцы Арлю далі ёй мянушку «Жанна д’Арль» (паводле аналёгіі зь іншай Жаннай з Арку). Тытул найстарэйшай жывой асобы пасьля гэтага перайшоў да канадкі Марыі-Люізы Мэлье.

Угода з Рафрэем[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1965 року, калі Кальман было 90 рокаў, ня маючы нашчадкаў, яна падпісала дамову на продаж кватэры адвакату Франсуа Рафрэю. Рафрэй, якому тады было 47 рокаў, пагадзіўся сплачваць штомесячную аплату да сьмерці Кальман. Такую ўгоду ва Францыі часта называюць «зваротным закладам». На момант дамовы кошт кватэры складаў 10 рокаў плацяжоў. Тым ня меней, Кальман ня толькі перажыла Рафрэя, а пражыла яшчэ 32 рокі. Ягоная ўдава працягвала сплачваць Жаньне Люізе абумоўленую суму.

Цытаты[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Жанна Люіза Кальман мела даволі жвавы ды востры розум да канца дзён.

  • «Я чакала 110 рокаў, каб стаць вядомаю. Цяпер я разьлічваю гэтым скарыстацца», — сказала яна на сьвяткаваньні свайго 120-га дню нараджэньня. На гэтым жа сьвяткаваньні яе запыталі, якую будучыню яна чакае. «Дужа кароткую», — імгненна адпавяла Кальман.
  • Ва ўзросьце 121 року Жанна Люіза дала параду, як заставацца такою ж востраю на розум: «Я мрою, я думаю, я жыву сваім жыцьцём. Я ніколі не сумую».
  • Прызвычаіўшыся да ўвагі СМІ да ўласнай пэрсоны, што ўзрастала ад року ў рок, Кальман насьміхалася: «Я чакаю на сьмерць… ды на журналістаў».
  • «Калі вам будзе 117 рокаў, пабачым, ці будзеце вы ўсё памятаць?!» — зрабіла яна дакор аднаму з журналістаў.
  • Ейныя дні нараджэньня былі вельмі падобныя да сямейных сьвятаў у родным Арлі. Усе мяшканцы места зьбіраліся вакол «Жанны д’Арль». На адным з такіх сьвяткаваньняў хтосьці, ідучы, заўважыў: «Да наступнага року, мажліва». На што Кальман адпавяла: «Ня бачу, чаму б і не. Як на мяне, ня так ужо й блага вы выглядаеце!»
  • Сапраўднаю сэнсацыяй сталася ейная фраза: «У мяне ніколі не было ніводнай маршчыны. Я на ёй сяджу».

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Жанна Люіза Кальмансховішча мультымэдыйных матэрыялаў