Жнівеньскі путч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Жні́веньскі путч — спроба адхіленьня Міхаіла Гарбачова ад пасады прэзыдэнта СССР і зьмены курсу на дэмакратызацыю і перамены. Спроба перавароту была зробленая Дзяржаўным камітэтам па надзвычайнаму становішчу (ГКЧП) — групай кансэрватыўна настроеных дзеячаў з кіраўніцтва ЦК КПСС, ўраду СССР, арміі і КДБ — 19 жніўня 1991. Гэта прывяло да радыкальных зьменаў палітычнай сытуацыі ў краіне: канчатковай страце Камуністычнай партыяй Савецкага Саюзу сваёй улады, адноснага ўзмацненьня ўлады рэгіянальных лідэраў па параўнаньні з цэнтральнымі ўладнымі структурамі СССР і незваротнага паскарэньня распаду СССР, якое завяршылася яго ліквідацыяй у сьнежні 1991 году.

Дзейнасьць ГКЧП суправаджалася абвяшчэньнем надзвычайнага становічша на 6 месяцаў, уводам войска ў Маскву, перапарадкаваньнем мясцовай улады прызначаным ГКЧП вайсковым камэндантам, увядзеньнем жорсткай цэнзуры ў СМІ і забароне шэрагу зь іх, адмены некаторых канстытуцыйных правоў і свабодаў грамадзянаў[1].

Храналёгія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Падзеі ў Беларусі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Камуністычнае кіраўніцтва Беларусі сустрэла путч з энтузіязмам — Бюро ЦК КПБ на чале зь першым сакратаром Мікалаем Малафеевым падтрымала членаў ГКЧП. Мясцовыя партыйныя структуры выказваліся ў прэсе ў падтрымку путчу. «Першыя ж дакумэнты Дзяржаўнага камітэту па надзвычайным становішчы ў СССР, абнародаваныя 19 жніўня 1991 году, паказваюць, што абвешчаныя надзвычайныя меры па выхаду краіны з глыбокага ўсебаковага крызісу адпавядаюць інтарэсам людзей працы і ня супярэчаць прынцыпам і бліжэйшым мэтам Камуністычнай партыі. Падтрымліваем дзеяньні Дзяржаўнага камітэта па надзвычайным становішчы, накіраваныя на стабілізацыю абстаноўкі ў краіне, і заклікаем камуністаў, працоўных горада захоўваць вытрымку, спакой, узважанасьць у закліках і дзеяньнях, усямерна садзейнічаць аднаўленьню дысцыпліны і парадку, стабільнасьці ў рабоце працоўных калектываў», — гаварылася ў заяве сакратароў пярвічных партыйных арганізацый кампартыі Магілёву, прынятай празь некалькі гадзін пасьля абвяшчэньня надзвычайнага становішча[2].

Раніцай 20 жніўня, па Беларускім радыё прагучала інтэрвію намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету Васіля Шаладонава, у якім ён сказаў, што верыць «тым людзям, якія заяўляюць, што прэзыдэнт хворы, і хацеў бы нагадаць адно, што сёньня дзейнічае Канстытуцыя Саюзу ССР. Мы не падпісалі новы саюзны Дагавор, а таму няма новай прававой базы. Застаўся дагавор 1922 году. Таму мы павінны выконваць усе законы, якія дзейнічаюць і прынятыя ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй Саюзу ССР»[3].

У той дзень быў забаронены выхад газэты «Знамя юности» — у нумары меліся зьявіцца меркаваньні тых, хто не падтрымаў путч. Газэта «Зьвязда» на першай паласе, двухсэнсоўна надрукавала: «Краіна ў шоку. І мы анямелі…»

19 жніўня дэпутаты Апазыцыі БНФ на чале з Зянонам Пазьняком абвясьцілі ГКЧП дзяржаўнымі злачынцамі, зьвярнуліся да дзяржаўных служачых і кіраўнікоў прадпрыемстваў з заклікам не выконваць іх загады і запатрабавалі ад кіраўніцтва Вярхоўнага Савета скліканьня нечарговай сэсіі. Імі быў прыняты зварот да народных дэпутатаў, кіраўнікоў прадпрыемстваў і ведамстваў Беларускай ССР, у якім пазначылі, што «дзеяньні путчыстаў у СССР зьяўляюцца крымінальным злачынствам, а створаны імі самазваны „Камітэт па надзвычайным становішчы“ — антызаконным».

Увечары 19 жніўня БНФ сабраў на сустрэчу з дэпутатамі на плошчу перад Домам ураду некалькі сотняў чалавек; 20-21 жніўня на плошчы зьбіраліся ўжо тысячы. У ноч на 20 жніўня там было абвешчана пра стварэньне БЗВ — Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў.

20 жніўня адбылося пасяджэньне Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету Беларусі. Дэпутаты Апазыцыі спрабавалі на ім пераканаць Прэзыдыюм асудзіць ГКЧП — але безвынікова.

Пасьля паразы ГКЧП у Маскве 22 жніўня да патрабаваньня дэпутатаў Апазыцыі БНФ аб скліканьні сэсіі далучыліся іншыя дэмакратычныя дэпутаты, і сэсія была прызначаная на 24 жніўня. За 23 жніўня дэпутаты ад БНФ пасьпелі падрыхтаваць два дзесяткі законапраектаў — пастановы аб наданьні Дэклярацыі аб сувэрэнітэце статусу канстытуцыйнай сілы, аб забароне дзейнасьці КПБ-КПСС і нацыяналізацыі маёмасьці, аб дэпартызацыі, аб падпарадкаваньні МУС, КДБ і пракуратуры Вярхоўнаму Савету і Саўміну Беларусі — усяго на 22 аркушах[4]. Тады ж увечары Зянон Пазьняк, Уладзімер Заблоцкі, Валянцін Голубеў і Сяргей Навумчык паехалі ў тэлецэнтар на Макаёнка і ў жывым этэры заклікалі людзей прыйсьці да Дому ўраду з самага пачатку сэсіі, каб падтрымаць дэпутатаў БНФ.

Ужо пасьля правалу путчу 22 жніўня газэта «Зьвязда» выйшла з задамі ГКЧП, маючы ўнізе паласы зноску: «Матэрыялы гэтага нумару былі падрыхтаваныя да таго, як наступіла разьвязка: замыслы экстрэмістаў праваліліся, антыканстытуцыйны пераварот ня ўдаўся. Каб не зрываць выхад газэты, а магчыма, і дзеля гісторыі, мы пакідаем усё як ёсьць»[5].

Пачатак надзвычайнай сэсіі ВС 24 жніўня 1991 г. Са сьцягам — Валянцін Голубеў, Зянон Пазьняк, Вольга Галубовіч.

24 жніўня, на пачатку сэсіі Галіна Сямдзянава ўнесла ў Авальную залю Бел-Чырвона-Белы сьцяг, замацавала яго за трыбунай разам з Валянцінам Голубевым, а Зянон Пазьняк зрабіў прапанову, каб нацыянальны сьцяг заставаўся ў залі. Мікалай Дземянцей паставіў гэта на галасаваньне. Але «за» выказалася толькі 107 дэпутатаў. Пазьняк сказаў — «Мы пачакаем», і Валянцін Голубеў прыбраў сьцяг са сцэны і паставіў яго ў «менскім сэктары» — усю сэсію сьцяг быў у залі[6].

25 жніўня 1991 году Вярхоўны Савет пасьля доўгіх дэбатаў і спрэчак прыняў прапановы дэпутатаў БНФ і абвясьціў Незалежнасьць Беларусі, надаўшы Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце статус канстытуцыйнага закону. Дзейнасьць КПБ-КПСС і ЛКСМБ была спыненая[7].

Будынкі гаркаму і райкамаў КПБ і будынак КДБ былі апячатаныя актывістамі БНФ разам зь міліцыяй. У гэты ж час 1-шы сакратар ЦК А. Малафееў, сакратар ЦК А. Зеляноўскі, загадчык ідэалягічным аддзелам А. Савосьценка і работнік ЦК А. Кухарчук спрабавалі напісаць зварот да камуністаў[8].

31 жніўня 1991 году на першай паласе «Народнай газэты» быў надрукаваны Зварот народных дэпутатаў ад апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце БССР.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]