Жыгімонт Карыбутавіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.

Перайсьці да: навігацыя, пошук
Пячатка Жыгімонта Карыбутавіча (1433)

Жыгімонт Карыбутавіч (кан. XIV ст.1435, пад Вількамірам), кароль чэскі, вялікалітоўскі палкаводзец.

Нарадзіўся ў сям'і князя ноўгарад-северскага Карыбута Альгердавіча і разанскай княжны Настасься Алегаўны. Пасьля сьмерці бацькі (1404) выхоўваўся пры двары Ягайлы. Свайго ўдзелу верагодна не меў і служыў пры каралеўскім двары. У бітве пры Грунвальдзе (1410) узначальваў харугву. Пад час наступнай вайны Польшчы з Ордэнам вызначыўся як палкаводзец, ўзяў ордэнскім Прабут (1414).

Пасьля сьмерці чэскага караля Вацлава ў 1419, гусіты ўзьнялі паўстаньне супраць улады імпэратара Жыгімонта Люксембурскага і прапанавалі чэскую карону Ягайлу, але той адмовіўся, тады гусіты зьвярнуліся да Вітаўта. Вітаўт пагадзіўся, бо ў той час вёў спрэчкі за Жамойць і быў ня супраць мець Чэхію для палітычнага гандлю, але заявіў чэхам што сам не можа паехаць з ВКЛ і таму прызначыць ў Чэхію свайго намесьніка. У 1422 Вітаўт паслаў у Чэхію 5-тысячнае войска на чале са сваім намесьнікам — Жыгімонтам Карыбутавічам.

Жыгімонт Карыбутавіч адразу павёў актыўныя дзеяньні, што вымусіла імпэратара ўцячы з Чэхіі ў Вугоршчыну. Пасьля ўзяцьця замка Нестаў ў Маравіі Карыбутавіч разаслаў па ўсёй Чэхіі грамату, у якой паведамляў, што прыбыў як намесьнік Вітаўта і склікаў ўсе станы на сойм ў Часлаў на якім афіцыйна быў прызнаны за намесьніка чэскага караля Вітаўта. 16 траўня 1422 Жыгімонт Карыбутавіч прыбыў у Прагу, дзе распусьціў гарадзкую раду і правёў выбары новай.[1] Галоўнай задачай Карыбутавіча на першым этапе быў пошук кампрамісу паміж двума крыламі гусітаў — памяркоўнымі чашнікамі і радыкальнымі табарытамі. Нарэшце табарыты на чале з Янам Жыжкам прызналі ўладу Жыгімонта Карыбутавіча, хоць і імкнуліся да самастойнай ўлады ў Празе. Калі Карыбутавіч займаўся аблогай імпэратарскага замка Карлштайн табарыты ўзьнялі мяцеж і хацелі захапіць ўладу ў Празе, але пражане не падтрымалі мяжецнікаў, а гарадзкая рада схапіла іх. Вярнуўшыся ў горад Карыбутавіч прысудзіў мяцежнікаў да сьмерці, але памілаваў калі яны ужо паклалі галовы на плаху, гэтым ён займеў яшчэ большы аўтарытэт сярод гусітаў абодвух плыняў.

Тым часам Вітаўт атрымаў ад імпэратара Жыгімонта Люксембурга пацьверджаньне сваіх правоў на Жамойць і паабяцаў вывесьці свае войскі з Чэхіі. Жыгімонт Карыбутавіч вымушаны быў вярнуцца ў Кракаў, дзе прысутнічаў на каранацыі Соф'і Гальшанскай. Але чэхі мелі пра яго добрую памяць і ў 1424 чэскія паслы ў Гародні прасілі Вітаўта адпусьціць Жыгімонта Карыбутавіча ў Чэхію дзе мелі намер каранаваць яго на караля чэскага. Вітаўт жа казаў ім што абяцаў імпэратару не падтрымліваць гусітаў і калі Карыбутавіч карануецца супраць яго волі, то будзе яму ворагам. Чэхі ня гледзячы на гэта сустрэліся ў Кракаве з Карыбутавічам і ён прыняў іх прапанову.

29 чэрвеня 1424 на чале ўласнага 1,5 тыс. войска прыбыў у Прагу, дзе на вачох натоўпа прыняў прычасьце паводле гусісцкага абраду. Ён быў абраны каралём, але не каранаваўся. Папа рымскі Марцін V абвясьціў Карыбутавіча гератыком, Вітаўт публічна выракся яго, хаця яны вялі ліставаньне паміж сабой дзе Карыбутавіч называў сябе слугой Вітаўта. Апроч таго, напачатку абраньне не прызналі табарыты начале з Жыжкам, які прывёў войска пад Прагу з намерам зруйнаваць яе, але пасьля перамоваў усёж прызнаў Карыбутавіча за караля. Такім чынам, Карыбутавічу ўдалося аб'яднаць абодва крылы гусітаў, пасьля сьмерці Жыжкі ён узначальваў гусіцкае войска і 16 чэрвеня 1426 разьбіў імпэратарскае войска ў бітве пад Усьцем.

Замак Вальдштайн, ў якім Карыбутавіч быў вязьнем на працягу чатырох месяцаў

Жыгімонт Карыбутавіч не хацеў далейшае вайны з імпэратарам і ў сваіх лістох да Вітаўта прасіў каб той быў пасярэднікам у перамовах аб міры. Гэтая таемная перапіска трапіла ў рукі радыкальных табырытаў, якія з амвонаў зачыталі яе пражанам. Усё гэта было палічана за здраду Жыгімонта Карыбутавіча й яго на чатыры месяцы зьняволілі ў замку Вальдштайн. Тымчасова табарыты захапілі ўладу ў Празе, але папулярнасьць Карытубавіча сярод звычайных абывацеляў была настолькі вялікай, што табарыты ўвесь час пачувалі сябе неўпэўнена і таму вырашылі вывезьці яго з Чэхіі. Таму 9 верасьня 1426 ён быў вызвалены й давезены пад вартай да польскае мяжы. Некаторы час Карыбутавіч жыў у Раціборы ў сваёй сястры Алены. Тут ён зьбіраў сваіх прыхільнікаў гусітаў, наймітаў, сюды з ВКЛ прывёў войска Фёдар Астроскі.

У красавіку 1430 Жыгімонт Карыбутавіч з войскам пайшоў у Чэхію дзе заняў горад Глівіцу і абвясьціў яго сваёй рэзыдэнцыяй. Калі ён езьдзіў у Кракаў на не адбыўшыйся дыспут з каталікамі — біскуп Зьбігнеў Алясьніцкі каб пазьбегнуць дыспуту загадаў зачыніць ў горадзе ўсе касьцёлы, Конрад Алясьніцкі напаў на Глівіцу і спаліў яе. Яшчэ некаторы час Карыбутавіч са сваёй харугвай ваяваў супраць імпэратарскіх войскаў у Чэхіі, але ў 1431 прасіў у новага вялікага князя літоўскага Сьвідрыгайлы прыняць яго на службу. Лісты Карыбутавіча да Сьвідрыгайлы трапілі ў рукі Ягайлы, што дазволіла таму абвінаваціць Сьвідрыгайлу перад імпэратарам у сувязях з гусітамі, а Карыбутавіч здолеў вярнуцца ў ВКЛ толькі ў 1434. Прычым ехаў ён акружным шляхам, бо ў той час у ВКЛ ішла фэадальная вайна ў якой Ягайла падтрымліваў Жыгімонта Кейстутавіча супраць Сьвідрыгайлы. Спачатку Карыбутавіч з Чэхіі праз тэрыторыю Сьвятой Рымскай імпэрыі з дапамогай Ордэна трапіў у яго сталіцу Марыенбург, адкуль немцы пераправілі яго па мору ў Рыгу, дзе Карыбутавіч пражыў год да часу пакуль Сьвідрыгайла не прыслаў запрашэньне. У ВКЛ Карыбутавіч узначаліў войска Сьвідрыгайлы.

1 верасьня 1435 на рацэ Сьвятой пад Вількамірам сустрэліся войскі Сьвідрыгайлы на чале з Карыбутавічам і войскі Жыгімонта Кейстутавіча на чале з Якубам з Кабылян.[2] Карыбутавіч прапанаваў праціўніку не праліваць братняе крыві, а пачаць перамовы паміж вялікімі князямі праз пасярэдніцтва імпэратара ці каго з эўрапейскіх каралёў, але гэтая прапанова не была прынятая ні Жыгімонтам Кейстутавічам, ні самім Сьвідрыгайлам. Падчас бітвы пад Вількамірам Карыбутавіч быў паранены ў галаву й шыю, бо спрабаваў з некалькімі харугвамі затрымаць палякаў і даць магчымасьць ўцякаючаму войску Сьвідрыгайлы перагрупавацца. Параненым ён трапіў у палон, калі яго спыталіся чаму ён не ратаваўся ўцёкамі ён адказаў што гонар цэніць вышэй за жыцьцё. Хутка ён памёр, нібыта раны яго былі сьмяротныя, па іншай вэрсіі быў забіты.

[рэдагаваць] Крыніцы

  1. ^ Праская гарадзкая рада была адным з галоўных органаў ўлады ў гусіцкай Чэхіі.
  2. ^ Войска Жыгімонта Кейстутавіча складалася ў большасьці з польскіх харугваў.

[рэдагаваць] Літаратура

  • Chłędowski Kazimierz. Zygmunt Korybut: szkic historyczny (1420-1428). Warszawa, 1864.
  • Grygiel Jerzy. Życie i działalność Zygmunta Korybutowicza. Studium z dziejów stosunków polsko-czeskich w pierwszej połowie XV wieku // PAN, oddział w Krakowie. Wydawnictwo Ossolineum. Wrocław, 1988.
  • Nikodem Jarosław. Polska i Litwa wobec husyckich Czech w latach 1420-1433. Studium o polityce dynastycznej Władysława Jagiełły i Witolda Kiejstutowicza // Instytut Historii UAM. Poznań, 2004.
Асабістыя прылады