Жыгімонт Кейстутавіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Жыгімонт Кейстутавіч
Žygimont Kiejstutavič. Жыгімонт Кейстутавіч.jpg
Жыгімонт Кейстутавіч
Вялікі князь літоўскі
1432 — 1440
Папярэднік Сьвідрыгайла
Наступнік Казімер
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 1365
Памёр 20 сакавіка 1440, Трокі
Дынастыя Гедымінавічы
Бацька Кейстут
Маці Бірута

Жыґімонт[1] Кейстутавіч, Жыґімонт I (каля 1365 — 20 сакавіка 1440) — вялікі князь літоўскі (14391440). Малодшы сын Кейстута і Біруты, брат Вітаўта.

У час барацьбы за ўладу паміж Вітаўтам і Ягайлам быў зьняволены апошнім (13821384). У 1384 годзе ў Прусіі разам зь Вітаўтам склаў дамову з Тэўтонскім ордэнам супраць Ягайлы, але ў 1386 годзе прысягнуў яму. У 1389 годзе Вітаўт паслаў Жыгімонта ў Прусію для перамоваў пра супольныя з Ордэнам выступленьні супраць Ягайлы. Да 1398 году быў закладнікам у вялікага магістра ў Марыенбурзе. Пасьля вяртаньня атрымаў ад Вітаўта Старадубскае княства[2].

Браў удзел у перамовах і складаньні пагадненьняў з Тэўтонскім ордэнам у 1398, 1411, 1422 і 1431 гадох, уніяў з Польшчай. Удзельнічаў у бітве на Ворскле ў 1399 годзе і Грунвальдзкай бітве ў 1410 годзе.

У час уладараньня Вітаўта ня меў палітычнага ўплыву, падтрымліваў брата. Пасьля сьмерці Вітаўта і абраньня вялікім князем літоўскім Сьвідрыгайлы ў 1432 удзельнічаў у змове супраць яго прапольска настроенай часткі князёў і баяраў Вялікага Княства Літоўскага і польскіх паноў, якія намагаліся ўзмацніць унію з Польшчай і пашырыць польскі ўплыў на палітыку Вялікага Княства Літоўскага. Пасьля ўцёкаў Сьвідрыгайлы ў Полацак Жыгімонт абвясьціў сябе вялікім князем, яго ўладу прызналі Вільня, Трокі, Коўна, Жамойць, Горадня, Менск, у выніку ўзброенага падпарадкаваньня — Берасьце. Пасьля гэтага, імаверна бачачы свае цяжкае становішча, на бок Жыгімонта перайшла Новагародчына. Астатнія землі засталіся адданымі Сьвідрыгайлу, які замацаваўся ў Віцебску[3].

Паміж Сьвідрыгайлам і Жыгімонтам пачалася барацьба — грамадзянская вайна 14321439 гадоў. Каб залучыць на свой бок фэўдалаў зь незалежніцкай партыі, Жыгімонт выдаў Троцкі прывілей 1434 году, якім пашырыў ўсе правы, дадзеныя прывілеям 1387 году і Гарадзельскім прывілеям 1413 году фэўдалам, што прынялі каталіцтва, на ўсіх фэўдалаў Вялікага Княства Літоўскага незалежна ад іх веравызнаньня. Але значная частка фэўдалаў Вялікага Княства Літоўскага ўсё адно не падтрымлівала Жыгімонта, бо ён вёў палітыку на падпарадкаваньне Вялікага Княства Літоўскага Польшчы. У выніку цяжкай паразы ў бітве пад Вількамірам у 1435 годзе падтрымкі ў Сьвідрыгайлы значна паменела, неўзабаве Жыгімонт зрабіўся адзінаўладным вялікім князем.

Жыгімонт быў занадта падазроным, імаверна ведаючы, што незалежніцкая партыя ўсё адно мае шмат прыхільнікаў, таму ўвесь час шукаў змоўнікаў, нават уяўных, жорстка караў іх, канфіскоўваў маёнткі, выносіў сьмяротныя выракі. Ад гэта нават пайшлі чуткі, што ён жадае вынішчыць усіх князёў і баяраў. Супраць Жыгімонта арганізавалася змова князёў Івана і Аляксандра Чартарыйскіх, віленскага ваяводы Даўгерда і троцкага ваяводы Лялюша, якія належалі да незалежніцкай партыі і мелі зьвязак зь Сьвідрыгайлам. У выніку змовы Жыгімонта забілі ў Троцкім замку[4].

Папярэднік
Сьвідрыгайла
Вялікі князь літоўскі
14321440
Наступнік
Казімер

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Жыґімонт = Žygimont // Слоўнік беларускай мовы (клясычны правапіс) / Уклад. калектыў супрацоўнікаў выдавецтва «Наша Ніва». — Наша Ніва, 2001.
  2. ^ Žyhimont Kiejstutavič // Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London: Scarecrow Press, 1998. P. 225.
  3. ^ Анатоль Грыцкевіч. Жыгімонт Кейстутавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. С. 379.
  4. ^ Анатоль Грыцкевіч. Жыгімонт Кейстутавіч // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 630

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Жыгімонт Кейстутавічсховішча мультымэдыйных матэрыялаў