Жыгімонт Стары
| Жыгімонт Стары па-польску: Zygmunt I Stary |
|
| Жыгімонт. Невядомы мастак, XVI ст. | |
| Вялікі князь літоўскі | |
|---|---|
| Каранацыя | 24 студзеня 1507, Кракаў |
| Папярэднік | Аляксандар |
| Наступнік | Жыгімонт Аўгуст |
| Кароль польскі | |
| Каранацыя | 24 студзеня 1507, Кракаў |
| Папярэднік | Аляксандар |
| Наступнік | Жыгімонт Аўгуст |
| Асабістыя зьвесткі | |
| Нарадзіўся | 1 студзеня 1467, Казяніцы, Польшча |
| Памёр | 1 красавіка 1548 (81 год), Кракаў, Польшча |
| Пахаваны | 7 ліпеня 1548, Вэвэльскі сабор, Кракаў |
| Нашчадкі | Ад 1-га шлюбу: Ганна і Ядзьвіга Ад 2-га шлюбу: Жыгімонт Аўгуст, Альбрэхт, Ізабэла Ягелонка, Ганна Ягелонка, Кацярына Ягелонка |
| Каралеўскі дом | Ягелоны |
| Дынастыя | Гедымінавічы |
| Жонка | Барбара Запольская Бона Сфорца |
| Бацька | Казімер Ягелончык |
| Маці | Альжбета Аўстрыйская |
Жыґімонт[1] Стары , Жыґімонт II (польск. Zygmunt I Stary; 1 студзеня 1467 — 1 красавіка 1548) — вялікі князь літоўскі і кароль польскі (1506—1548). Пяты сын Казімера і Альжбеты Аўстрыйскай, унук Ягайлы.
Зьмест |
[рэдагаваць] Біяграфія
Нарадзіўся ў Казяніцах Радамскага павету Каралеўства Польскага ў 1467; да ўступленьня на пасад насіў тытул князя Апельн і Глогаў. Атрымаў добрую адукацыю, валодаў некалькімі мовамі[2]. Атрымаў ад старэйшага брата, караля Чэхіі і Вугоршчыны Уладзіслава II, Глогаўскае (з 1498) і Апольскае (з 1500) княствы ў Сылезіі, дзе набыў рэпутацыю разумнага і распарадчага кіраўніка. У 1504 годзе прызначаны каралеўскім намесьнікам Сылезіі, пазьней Лужыцы. Мянушку Стары набыў праз тое, што вялікім князем літоўскім і каралём польскім зрабіўся ў даволі сталым узросьце пасьля таго, як на польскім стальцы зьмяніліся два яго старэйшыя браты.
Выкліканы Аляксандрам у Вільню, Жыгімонт адразу пасьля яго пахаваньня быў абраны вялікім князем Літоўскім 20 кастрычніка 1506 году, а затым, нягледзячы на апазыцыю сэнатараў з Малой Польшчы, на петрокаўскім сойме 8 сьнежня 1506 — каралём польскім. Каранацыя адбылася ў Кракаве 24 сьнежня 1507.
[рэдагаваць] Нашчадкі
Браў шлюб двойчы. З 18 лютага 1512 ажаніўся з Барбарай Запольскай (Барбара Заполья, дачка вугорскага князя Стэфана Заполья; 1495—1515). Ад гэтага шлюбу было дзьве дачкі:
- Ганна (1515—1520)
- Ядзьвіга (1513—1573), з 1535 другая жонка Іахіма II Гектара, курфюрста Брандэнбургскага (1505—1571).
Пасьля сьмерці жонкі з 18 красавіка 1518 быў жанаты на Боне Сфорцы, дачцэ мілянскага гэрцага. Ад гэтага шлюбу нарадзіліся два сыны:
- Жыгімонт Аўгуст, вялікі князь літоўскі і кароль польскі;
- Альбрэхт;
і чатыры дачкі:
- Ізабэла Ягелонка (1519—1559) Яна Запольскі (Янош Заполья) (1487—1540), караля Вугоршчыны (1527—1540), князя Трансыльваніі;
- Сафія (1522—1575), жонка Генрыха V Малодшага, гэрцага Браўншвэйг-Вольфэнбютэльскага (1489—1568);
- Ганна Ягелонка (1523—1596), каралева польская, жонка князя Сяміградзьдзя Стэфана Баторыя, караля польскага (1576—1586);
- Кацярына Ягелонка (1526—1583), з 1562 першая жонка Юхана III Ваза, караля Швэцыі, герцага Фінляндыі;
[рэдагаваць] Унутраная палітыка
Унутраная палітыка Жыгімонта Старога скіроўвалася на ўмацаваньне дзяржавы, але вайсковыя і фінансавыя рэформы, спробы вяртаньня каралеўскіх і вялікакняскіх маёнткаў, захопленых магнатамі, ня мелі значнага посьпеху[3]. У 1537 годзе супраць Жыгімонта Старога і магнатаў узьняўся фэўдальны мяцеж польскай сярэдняй шляхты — так званая «Курыная вайна». Баярства ВКЛ дамаглося роўных правоў для ўсяго вышэйшага стану, быў уведзены адзіны кодэкс законаў для дзяржавы — Статут Вялікага Княства Літоўскага 1529 году.
Другая жонка, Жыгімонта Старога — Бона Сфорца (з 1518 году) — адыгрывала пры ім значную ролю ў палітычным жыцьці дзяржавы, намагалася забясьпечыць пасады ў Польшчы і ВКЛ свайму сыну Жыгімонту Аўгусту, ў 1529 годзе прайшло яго намінальнае абраньне другім вялікім князем літоўскім.
[рэдагаваць] Вонкавая палітыка
Праводзіў актыўную вонкавую палітыку. У 1531 годзе ў барацьбе за Пакуцьце атрымаў перамогу над малдаўскім гаспадаром Пятром Рарэшам. Праводзячы антыгабсбургскую палітыку, склаў у 1524 годзе хаўрус з Францыяй і ў 1533 з Турэччынай. Мусіў весьці абарончыя войны[4] з Маскоўскай дзяржавай — у 1507—1508, 1512—1522 і 1534—1537, у выніку якіх ВКЛ страціла Смаленск. Для адбіцьця нападаў крымскіх татараў на Ўкраіне ўтварыў памежную варту зь мясцовых жыхароў — казакаў. У час уладарства Жыгімонта Старога ў Польшчы і ВКЛ распаўсюдзілася Рэфармацыя ў розных плыняў, што садзейнічала далейшаму ўздыму гуманізму і адукацыі[5].
Падчас перамогі Рэфармацыі ў Прусіі згадзіўся на разцэркаўленьне маёмасьці, у прыватнасьці зямель, сэкулярызацыю Тэўтонскага ордэна і ўтварэньне на яго тэрыторыі васальнага ў адносінах да Каралеўства Польскага Прускага герцагства на чале з Альбрэхтам Гогенцолернам — сваім пляменьнікам. Пры Жыгімонце Старым, пасьля загадкавай сьмерці апошніх мазавецкіх князёў, у 1526—1529 гадох з Польшчай узьядналася Мазавецкае княства.
[рэдагаваць] Галерэя
| Папярэднік Аляксандар |
Вялікі князь літоўскі 1506—1548 |
Наступнік Жыгімонт Аўгуст |
| Кароль польскі 1506—1548 |
[рэдагаваць] Крыніцы
- ^ Жыґімонт = Žygimont // Слоўнік беларускай мовы (клясычны правапіс) / Уклад. калектыў супрацоўнікаў выдавецтва «Наша Ніва». — Наша Ніва, 2001.
- ^ Žyhimont I Stary // Zaprudnik, Jan. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London: Scarecrow Press, 1998. P. 226.
- ^ Анатоль Грыцкевіч. Жыгімонт I // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. С. 377.
- ^ Анатоль Грыцкевіч. Жыгімонт I Стары // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 627.
- ^ Анатоль Грыцкевіч. Жыгімонт I Стары // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 628.
[рэдагаваць] Літаратура
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 684 с.: іл. ISBN 985-11-0314-4.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — 537 с., [8] к.: іл. ISBN 5-85700-142-0.
- Žyhimont I Stary // Zaprudnik, Jan. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London: Scarecrow Press, 1998.— 338 p. ISBN 0-8108-3449-9.
[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі
Жыгімонт Стары — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
| Вялікія князі літоўскія | ||
|---|---|---|
| Спадчынныя |
Міндоўг · Транята · Войшалк · Шварн · Трайдзень · Даўмонт · Будзікід · Будзівід · Віцень · Ґедымін · Яўнут · Альґерд · Ягайла · Кейстут · Вітаўт · Сьвідрыгайла · Жыґімонт Кейстутавіч · Казімер · Аляксандар · Жыґімонт Стары · Жыґімонт Аўгуст
|
|
| Выбарныя | ||