Жыды ў Баранавічах

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Былая баранавіцкая сынагога

Жыды ў Баранавічах пачалі сяліцца адразу па заснаваньні чыгуначнай станцыі Баранавічы Цэнтральныя ў 1871 годзе.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

За царскім часам[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Афіцыйны дазвол на жыльлё жыдам быў дадзены толькі ў 1903 годзе[1]. Але яны маглі сяліцца толькі ў Старых Баранавічах (цяпер ваколіцы станцыі Баранавічы-Цэнтральныя).

Ужо ў 1886 годзе ў Баранавічы прыбыў з Быценю Капялёвіч — рэзьнік для выкананьня забойства кашэрнай жывёлы. У 1887 годзе да гораду прыбыў рабін Любчанскі, а ў 1888 годзе паўсталі жыдоўскія могілкі пры вуліцы Графскай, тады акурат за мястэчкам. Да іх узьнікненьня спрычынілася трагічнае ўтапленьне ў тым годзе двух хлапцоў, сярод якіх быў і сын прыехаўшага нядаўна рабіна. Прыкладна тады ж была збудавана і першая сынагога[2].

У 1898 годзе зь Менску прыехаў Зімл Мінц (Zimł Minc), прадстаўнік Усежыдоўскай канфэрэнцыі сыяністаў. Да 1906 году ён узначальваў баранавіцкую філію,, пасьля чаго зьехаў ў Амэрыку, а адтуль да Палестыны. Сыяністычнаму руху процістаялі артадаксальныя жыды. Таму ў жыдоўскім асяродку адбывалася змаганьне. Але той супраціў не выходзіў вонкі. У тым, першым акрэсе сваёй дзейнасьці, сыяністы сканцэнтраваліся на тлумачальнай працы. Заснавана была ў 1899 годзе жыдоўская бібліятэка, а пры ёй чытальня пад кіраўніцтвам Лімана. Толькі значна пазьней пачалі стварацца сыяністычныя прамілітарыстычныя арганізацыі[2].

У 1899 годзе да Баранавіч прыехаў Разэнбойм (Rozenbojm) — чалавек, што зьбіраўся далучаць жыдоў да ідэі сыянізму. У 1906 годзе ён нават быў абраны ў расейскую Дзяржаўную Думу. Была пабудаваная сыяністычная школа.

Іншай палітычнай плыньню ў жыдоўскім асяродку былі сацыялісты, рэпрэзэнтаваныя галоўным чынам праз Бунд.

У 1908 годзе Баранавічы наведаў Шолам-Алейхэм, які атруціўся ў мясцовым гатэлі і ледзь не памёр. Пасьля мястэчка было згадана ў апавяданьні «Баранавічы». Будынак на вуліцы Камсамольскай цяпер мае памятную дошку пра тую падзею.

Першая сусьветная вайна[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Уваход нямецкага войска ў Баранавічы, 1915 год. Нямецкая паштоўка

Пад час знаходжаньня ў горадзе Стаўкі вярхоўнага галоўнакамандуючага баранавіцкія жыды пастаўлялі туды прадукты. Аднак пасьля паразаў расейскага войска габрэйская грамада была абвінавачаная ў віжоўстве і аддаленая ад Стаўкі. Некалькі чалавек было арыштавана. Толькі пасьля прыезду з Масквы галоўнага рабіну Расеі й гутарак з вайсковымі ўладамі былі адноўлены разарваныя кантракты. Напружаньне ўзьнікла на нейкі час ізноў, калі ў праяжджаючы царскі аўтамабіль выпадкова трапіў мяч гуляючых побач жыдоўскіх дзяцей. У першы момант з гэтага зрабілі справу аб замаху, узьнялі на ногі органы бясьпекі. Аднак пасьля на гэтае здарэньне забыліся[2].

Пасьля адыходу расейскага войска і выгнаньня ў бежанства праваслаўнага насельніцтва ў Баранавічах сярод жыхароў жыды склалі 90%. Раніцай 24 верасьня 1915 году жыхары выйшлі на вуліцы паглядзець на нямецкае войска. Срод кайзераўскіх жаўнераў таксама было шмат жыдоў. Гэта спарадзіла аптымізм, але адзін нямецкі габрэй-афіцэр папярэдзіў: «Жыды, ня цешцеся. Гэта яшчэ не Мэсія!»[2].

За польскім часам[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пры ўсталяваньні польскай улады ў 1919 годзе ў Баранавічах, намесьнікам бурмістру Вацлава Тэраевіча быў прызначаны Пінхос Каплян. У магістраце гораду таксама былі ўключаны некалькі жыдоў[2].

На 1939 год у горадзе жыло 12 000 габрэяў[1].

Другая сусьветная вайна[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Баранавіцкае гета

Падчас нямецкай акупацыі ў Баранавічах была створана гета. Якое было вынішчана 17 сьнежня 1942 году, пасьля чаго на ўезьдзе ў горад зьявіліся таблічкі «Свабодна ад жыдоў».

Пасьляваенны пэрыяд[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па вызваленьні ў ліпені 1944 году зь лесу ў горад вярнулася каля 150 жыдоў. У 1945 годзе ў Баранавічах збудаваны манумэнт ў памяць пра габрэяў загінулых падчас вайны. Пасьля яго разабралі, а на тым месцы збудавалі грамадзкую прыбіральню. Сынагога была зачыненая. У 1970 годзе ў Баранавічах жыло каля 3000 жыдоў. Дзейнічала адна малая сынагога[1].

У 1989 годзе ў Баранавічах жыло 575 габрэяў (0,3% усяго насельніцтва).

У незалежнай Беларусі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1994 годзе жыдоўскага насельніцтва гораду складала каля адной тысячы чалавек. У 1994 годзе Адкрытым унівэрсытэце Ізраілю завочна навучалася 56 жыхароў Баранавіч. А ў 1999 годзе ў горадзе засталося толькі 208 габрэяў. Напачатку XXI стагодзьдзя ў Баранавічах заснаваная жыдоўская абшчына (старшыня Любоў Львова), пачала працаваць жыдоўская нядзельная школа[1].

Прадстаўнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Элханон Бунем Васэрман (1845—1941) — стваральнік найбуйнейшай яшывы ў Баранавічах
  • А. Мацкоўскі (1917—1978) — Герой сацыялістычнай працы
  • Навум Мейман (1911—2001) — савецкі матэматык, фізык, актывіст жыдоўскага руху адмаўленьня

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г Артыкул «Барановичи» у Электроннай габрэйскай энцыкляпэдыі  (рас.)
  2. ^ а б в г д Уладыслаў Е. Клімэк. Баранавічы — дзея гораду // Gonec Polonijny №3,4/1996

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Baranoviči. Sijfer zichron. — Tal Aviv, 1953
  • Шерман, Б. П. Барановичское гетто. Колдычевский лагерь смерти. — Барановичи, 1997.