Жыльбэр дэ Лянуа

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Жыльбэр дэ Лануа

Жыльбэр дэ Лануа (па-француску: Gilbert de Lannoy; 138622 красавіка 1462) — бургундзкі падарожнік і дыплямат, мэмуарыст.

Паходзіў са старажытнага францускага роду, аселага ў Фляндрыі, якая належала герцагам Бургундыі. З 13 гадоў вёў жыцьцё «дасканалага» рыцара: удзельнічаў у турнірах, крыжовых паходах, шматлікіх войнах і міжусобіцах: Стогадовай вайне, барацьбе арманьякаў і бургіньёнаў у Францыі, Ланкастэраў і Плантагенэтаў у Ангельшчыне. Кавалер Ордэна Залатога Руна. Шмат падарожнічаў (Нямеччына, Данія, Гішпанія, Сырыя, Эгіпет), наведваў Сьвятую Зямлю і іншыя традыцыйныя месцы паломніцтва, выконваў дыпляматычныя даручэньні розных манархаў. Зьдзейсьніў два падарожжы па Ўсходняй Эўропе, у 14131414 і 1421 гадах. Першае адбылося пасьля яго ўдзелу ў паходзе прускіх крыжакоў на Польшчу і пралягала праз Ноўгарад і Пскоў, Лівонію і ВКЛ (па маршруце ДзьвінскВільняТрокіКоўнаМемель). Сустракаўся зь вялікім князем Вітаўтам, яго жонкай Ганнай, дачкой Соф’яй і ўнучкай Ганнай. Пад час другога выконваў ролю пасла ангельскага караля Генры V да манархаў Усходняй Эўропы — Ягайлы, Вітаўта, бізантыйскага імпэратара Мануіла II, з утапічнай мэтай стварэньня шырокай кааліцыі дзяржаваў на чале з Англіяй для крыжовага паходу супраць асманаў. Праехаў празь літоўскае Падольле, у Камянцы ізноў сустракаўся зь Вітаўтам, прысутнічаў пры прыняцьці ім пскоўскага і наўгародзкага пасольстваў. Атрымаў каштоўныя падарункі, ахоўныя лісты і даручэньні да татарскага хана, стаўленіка Вітаўта. Працягнуў шлях у Канстантынопаль праз Малдову і Крым. Быў сьведкам узьвядзеньня пад кіраўніцтвам падольскага старосты Гедыгольда на процілеглым ад Белгараду беразе Днястра літоўскага замку, на будоўлі якога былі занятыя 12 тысяч чалавек і 4 тысячы вазоў.

Лануа зьвяртаў увагу перш за ўсё на ваенна-тапаграфічныя характарыстыкі мясцовасьцей (стан фартыфікацыяў, шляхі зносін), але яго дзёньнікі зьмяшчаюць шмат іншых каштоўных зьвестак па гісторыі ВКЛ, у тым ліку этнаграфічнага зьместу. Адзначыў наяўнасьць у жыхароў ВКЛ асобнай мовы і існаваньне 12 епархіяў. Гарлівы католік, папракаў Вітаўта за сувязь з гусітамі, парушэнне посту і г. д., але засьведчыў моц і ўплыў дзяржавы, гегемонія якой на прасторы ад Ноўгараду да Крыму не выклікала ў яго сумненьняў. Місія Лануа падвяла рысу пад доўгім пэрыядам насьцярожана-варожага стаўленьня да ВКЛ як да дзяржавы «сарацынаў» і садзейнічала распаўсюджваньню ведаў аб ёй у Заходняй Эўропе. Так, нямецкі храніст Рыхенталь (1420-я гады) спасылаўся на Лануа, вызначаючы межы Эўропы: «Эўропа — гэта зямля, унутры якой мы знаходзімся, яна прылягае да Белай Русі, да Смаленску, а празь іх — і да сапраўднай Турэччыны Лануа, да герцагства Літвы, Польшчы, Славоніі, Вугоршчыны, Маравіі, Чэхіі, Рымскай імпэрыі».

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Алесь Белы // . — Мн.: .
  • Gilbert de Lannoy i jego podroze // Materyaly do dziejow polskich. Poznan, 1847.
  • Путешествие и посольство господина Гилльбера де Ланнуа // Записки Одесского общества истории и древностей. Одесса, 1853. Т. 3.
  • Емельянов. Путешествия Гилльбера де-Ланноа в восточные земли Европы в 1413—1414 и 1421 годах // Киевские университетские известия. 1873. № 8.
  • Ulrichs von Richental Chronik des Constanzer Concils 1414 bis 1418. Herausgegeben von M. R. Buck. Tuebingen, 1882.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Жыльбэр дэ Лянуасховішча мультымэдыйных матэрыялаў