Завіша Чорны

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Завіша Чорны
Завіша Чорны з Гарбава
Zawisza Czarny z Garbowa
Zawisza Czarny z Garbowa.JPG
Фрагмэнт карціны Яна Матэйкі «Бітва пад Грунвальдам»
Sulima herb.svg
«Суліма»
Стараста крушвіцкі
1417 — няма зьвестак
Стараста сьпіскі
1420 — няма зьвестак
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: каля 1379
Стары Гарбуў, Польскае каралеўства
Памёр: 1428
Галубацкая крэпасьць, Сэрбія
Бацькі: Мікалай з Гарбава
Дарота
Жонка: Барбара гербу Пілява
Дзеці: Марцін, Станіслаў, Завіша, Ян
Рэлігія: Каталіцтва

Заві́ша Чо́рны гербу «Суліма» (па-польску: Zawisza Czarny z Garbowa; каля 1379, Стары Гарбуў, Польшча — 1428, Галубацкая крэпасьць, Сэрбія) — польскі шляхціц і рыцар. Стараста крушвіцкі з 1417 году, стараста сьпіскі з 1420 году.

Служыў жаўнерам і дыпляматам за польскім каралём Уладыславам II і вугорска-багэмскім каралём Жыгімонтам Люксэмбурскім. Атрымаў мянушку «чорны рыцар» праз колер сваіх валасоў, твару і панцыру. Дасьпехі зьберагліся і зараз захоўваюцца ў кляштары ў Яснай Гуры.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Служыў у войску Сьвяшчэннай Рымскай імпэрыі Жыгімонта. Даведаўшыся пра вайну з крыжакамі, пасьпяшаўся на радзіму[1].

У 1410 годзе Завіша Чорны ўдзельнічаў у бітве пад Грунвальдам супраць Тэўтонскага Ордэну. Пасьля бою ён прапанаваў каралю польскаму Ягайлу і вугорскаму Жыгімонту Люксэмбурскаму заключыць мірны дагавор, які стаў вядомы як Любоўльскае пагадненьне, альбо «закладная змова». У гонар падпісаньня дамовы быў праведзены рыцарскі турнір з удзелам 1500 рыцараў, дзе Завіша атрымаў перамогу.

Шмат разоў выконваў пасольскія даручэньні Уладыслава II і Жыгімонта Люксэмбурскага. Быў адным з шасьці дыпляматаў, што рэпрэзэнтавалі Каралеўства Польскае на Канстанцкім саборы. На ім быў адным з тых нешматлікіх асобаў, якія падтрымалі царкоўныя рэформы Яна Гуса і пасьлядоўна выступілі супраць ягонага асуджэньня і пазьнейшага пакараньня. Пасьля ізноў вярнуўся на службу Сьвяшчэннай Рымскай імпэрыі.

У 1416 удзельнічаў у турніры ў Пэрпіньяне, дзе перамог знакамітага рыцара Джона Арагонскага. У наступным годзе быў прызначаны старастам крушвіцкім.

Суправаджаў пасольства караля Ўладзіслава Ягайлы да імпэратара Жыгімонта Люксэмбурскага з нагоды каралеўскага шлюбу зь ягонай сястрой Офкай, удавой багемскага караля Вацлава[2]. Аднак у часе гэтае місыі Жыгімонт Люксэмбурскі атрымаў сакрушальную паразу ад гусітаў ля Кутнай Гары і зьбег з Багэміі, а Завіша быў паланёны. У 1424 годзе вызвалены пад вялікі выкуп, але дынастыйны шлюб так і не адбыўся.

У 1428 годзе Завіша са сваёй сьвітай далучыўся да Жыгімонта ў змаганьні супраць туркаў-атаманаў. Падчас гэтай катастрафічнай кампаніі каралеўскае войска атрымала паразу ў бітве пад Галубацам на беразе Дунаю (цяпер на тэрыторыі Сэрбіі). Завіша на чале атраду прыкрываў адступленьне войскаў праз Дунай, адмовіўшыся кідаць сваё войска і ўцякаць разам з каралём. Ён мужна біўся, але быў узяты ў кола перасягальнай колькасьцю ворага і захоплены. Згодна зь легендай, быў абезгалоўлены падчас спрэчкі двух янычараў наконт таго, чыім палоньнікам ён зьяўляецца.

Сымбалічнае пахаваньне Завішы адбылося ў лістападзе 1428 году ў францысканскім касьцёле ў Кракаве.

Сям’я[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Бацька — Мікалай з Гарбава, кашталян конарскасерадзкі, маці — Дарота. Меў двух братоў: Яна Фарурэя (Стараста сьпіскі i стольнік кракаўскі) і Пятра Кручка.

Каля 1397 году ажаніўся з Барбарай гербу Пілява — пляменьніцай кракаўскага біскупа Пётры Выша.

Меў чатырох сыноў: Марціна і Станіслава (абодва былі забітыя ў бітве ля Варны ў 1444 годзе), Завішу, Яна (загінуў ў бітве ля Хойніцаў у 1454 годзе).

Унучка Барбара дэ Ражноў — жонка Яна Тарноўскага, кашталяна кракаўскага. Яе сын Ян Тарноўскі быў Вялікім Гэтманам Каронным (1527—1561 г.г.).

Ушанаваньне памяці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля сьмерці быў усхвалены польскім гісторыкам Янам Длугашам, паэтам і канонікам гнезьненскім Адамам Сьвінкам, а таксама каралём Жыгімонтам Люксэмбурскім. Герой раманаў «Крыжакі» Генрыка Сянкевіча і «Narrenturm» Анджэя Сапкоўскага.

Для палякаў стаўся героем народнае творчасьці за свае храбрасьць, надзейнасьць і адданасьць. Гімн польскіх скаўтаў завецца «Polegać na nim jak na Zawiszy» (па-беларуску: спадзявацца на яго бы на Завішу).

На помніку, усталяваным у Галубацкай крэпасьці, выбіты надпіс: «У Галубацы ягонае жыцьцё было забранае туркамі ў 1428, славутага польскага рыцара, сымбалю сьмеласьці і гонару, Завішы Чорнага. Слава герою!»

У ягоны гонар названыя некалькі польскіх футбольных і іншых спартовых клюбаў, напрыклад, «Завіша Быдгашч».

У вёсках Палонск і Магілёўцы Пружанскага раёну на Берасьцейшчыне стаяць помнікі, якія мясцовыя жыхары зьвязваюць з Завішам Чорным. Гэтыя вёскі былі ўладаньнем Завішы. З успамінаў краязнаўцы Веры Церахавай:

« Старажылы ўспаміналі, як калісьці ім расказвала польская настаўніца Яніна Суша, што Завіша Чорны разам са сваімі сёстрамі жыў у Палонску, дзе ў яго быў маёнтак. Апрануты Завіша заўсёды быў у чорнае. На плячах насіў шырокую чорную накідку. Рыцар быў строгі, бясстрашны. Мячом валодаў выдатна. Ворагі яго баяліся. У Палонску ў яго быў абсталяваны пакой, сцены якога былі завешаны зброяй. Загінуў рыцар у вайне з туркамі ў 1428 годзе. Пазней уладары маёнткаў у Палонску і Магілёўцах паставілі яму помнікі. »

—Вера Церахава, «Памяць. Пружанскі раён»[1]

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Юры Рубашэўскі Рыцарскі гонар Культура / Паміж мінулым і будучыняй. «Вечерний Брест»Праверана 4 ліпеня 2010 г.
  2. ^ Эдвард Рудзкі. Польскія каралевы Кнігі. Старонка №1 горада Ліды і Лідзкага паветуПраверана 4 ліпеня 2010 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Polski Słownik Biograficzny, том VI, biography Farurej Jan z Garbowa, Brother of Zawisza
  • Beata Możejko, Sobiesław Szybkowski, Błażej Śliwiński Завіша Чорны з Гарбуву гербу Суліма = Zawisza Czarny z Garbowa herbu Sulima. — Гданьск: WiM, 2003. — 136 с. — ISBN 83-918873-4-0

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]