Залатая Літара

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
«Залатая Літара»
АрганізатарМіністэрства інфармацыі Беларусі
Правядзеньне2 чэрвеня 2023
Берасьце
КраінаБеларусь
Узнагародастатуэтка
Першае прысуджэньне2005
Апошняе прысуджэньне2023
Бягучы ўладальнікБеларускае тэлеграфнае агенцтва (Натальля Козіч)
Афіцыйны сайтmininform.gov.by

«Залатая Літара»[1] — штогадовы нацыянальны конкурс сродкаў масавай інфармацыі Беларусі, заснаваны ў 2005 годзе Міністэрствам інфармацыі Беларусі.

Прэміяй конкурсу адзначаюцца найлепшыя працы грамадзка-палітычнай, эканамічнай, спартовай і культурнай тэматыкі, а таксама рэпартэры, фотакарэспандэнты і блогеры[2].

Узнагароды праходзяць па больш чым 20 намінацыях, падзеленых на групы: для рэспубліканскіх, абласных друкаваных СМІ і інфармацыйных агенцтваў; раённых, гарадзкіх і шматтыражных друкаваных СМІ, а таксама асобна ў агульных і пэрсанальных намінацыях. Журы таксама вызначае ўладальнікаў Гран-пры за найлепшы творчы праект году раённых, гарадзкіх, шматтыражных друкаваных СМІ і рэспубліканскіх друкаваных СМІ, інфармацыйных агенцтваў адпаведна.

У сярэднім на журналісцкае спаборніцтва штогод прыходзіць каля 250 заявак[3].

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 2005 годзе адбыўся 1ы-ы Нацыянальны конкурс «Залатая Літара». 3 студзеня 2007 году міністар інфармацыі Беларусі Ўладзімер Русакевіч падпісаў Пастанову № 1 «Аб зацьверджаньні Інструкцыі аб парадку правядзеньня Нацыянальнага конкурсу друкаваных сродкаў масавай інфармацыі "Залатая Літара"». Паводле 10-га артыкула Інструкцыі, матэрыялы мелі падаваць на конкурс да 15 красавіка за папярэдні гадавы пэрыяд. У 12-м артыкуле прадугледжвалася, што журы вызначала пераможцаў да 25 красавіка. Паводле 14-га артыкула, узнагароджаньне мелі ладзіць штогод на Міжнароднай выставе «СМІ ў Беларусі» напярэдадні Дня друку 5 траўня. Згодна з 11-м артыкулам вынікі падводзілі па 24-х намінацыях:

  • 5 для агульнакраёвых газэтаў — «Найлепшая грамадзка-палітычная газэта», «Найлепшая газэта для дзяцей і моладзі», «Найлепшая галіновая газэта», «Найлепшая газэта для адпачынку, спорту і турызму» і «Найлепшая рэклямная газэта»;
  • 5 для агульнакраёвых часопісаў — «Найлепшы грамадзка-палітычны, літаратурна-мастацкі часопіс», «Найлепшы дзіцяча-юнацкі часопіс», «Найлепшы навуковы, навукова-папулярны часопіс», «Найлепшы спэцыялізаваны часопіс» і «Найлепшы часопіс для адпачынку, спорту і турызму»;
  • 4 для мясцовых газэтаў — «Найлепшая абласная газэта», «Найлепшая раённая газэта», «Найлепшая гарадзкая газэта» і «Найлепшая шматнакладная газэта»;
  • «Найлепшае інфармацыйнае агенцтва»;
  • 4 асабістых — «Найлепшы рэпартэр», «Найлепшы аглядальнік», «Найлепшы фотакарэспандэнт» і «Найлепшы афармляльнік-дызайнэр»;
  • «Найлепшы творчы праект году»;
  • 4 адмысловых — «Паліграфія», «Распаўсюднік друку», «Партнэрства» і «Дэбют»[4].

9 верасьня 2020 году міністар інфармацыі Ігар Луцкі падпісаў Пастанову № 5 «Аб Нацыянальным конкурсе "Залатая Літара"». Згодна з 13-м артыкулам аб правядзеньні конкурсу мелі абвяшчаць за 30 дзён да пачатку на сайце Мінінфармацыі Беларусі. Паводле 11-га артыкула, заяўкі і матэрыялы падаваліся на конкурс за 20 дзён да яго пачатку. У 9-м артыкуле дапускалася падача да 10 матэрыялаў ад кожнага ўдзельніка[5].

Галоўная ўзнагарода[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Галоўную ўзнагароду конкурсу «Залатая Літара» ўручалі ў намінацыі «Найлепшы творчы праект году рэспубліканскіх друкаваных СМІ, інфармацыйных агенцтваў». У 2014 годзе яе атрымала беларускамоўная газэта «Зьвязда» за спэцвыпуск «Пляцдарм» пра войска і вайскоўцаў пры садзейнічаньні Міністэрства абароны Беларусі[6].

У 2017 годзе галоўную ўзнагароду атрымала газэта «Рэспубліка» за пошукава-патрыятычны праект «Каардынаты памяці: Шталяг-352 раскрывае свае тайны»[7].

У 2021 годзе на Дзень друку БелТА атрымала галоўную ўзнагарду за мультымэдыйны праект «З гонарам у сэрцы», які распачалі ў чэрвені 2020 году пра галіновыя дасягненьні[8].

У 2023 годзе ў Берасьці Беларускае тэлеграфнае агенцтва атрымала галоўную ўзнагароду ў выглядзе статуэткі «Залатая Літара» за творчы праект «За пячаткаю памяці», які стварыла начальніца аддзелу спэцпраектаў Натальля Козіч[9].

Год Праект СМІ Аўтар
2023 «За пячаткаю памяці» Беларускае тэлеграфнае агенцтва Натальля Козіч
2022
2021 Мультымэдыйны праект «З гонарам у сэрцы» БелТА
2020
2019 Газэта «Зьвязда»
2018 «Менск і менчукі» (да 950-годзьдзя горада) БелТА
2017 Пошукава-патрыятычны праект «Каардынаты памяці: Шталяг-352 раскрывае свае тайны» Газэта «Рэспубліка»
2016 «Яны бралі Бэрлін» Газэта «Рэспубліка» Васіль Мацьвееў
2015
2014 Спэцвыпуск «Пляцдарм» Газэта «Зьвязда»
2013
2012
2011
2010
2009
2008
2007
2006
2005

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Заяўкі на ўдзел у конкурсе друкаваных СМІ «Залатая Літара» прымаюцца да 10 красавіка(недаступная спасылка)
  2. ^ Названы имена победителей Национального конкурса «Золотая литера» (рас.). СТБ (23 красавіка 2014). Праверана 13 сакавіка 2015 г.
  3. ^ В Беларуси стартовал конкурс печатных СМИ «Золотая Литера-2012» (рас.). БелаПАН (21 сакавіка 2013). Праверана 13 сакавіка 2015 г.
  4. ^ Уладзімер Русакевіч. Пастанова Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь ад 3 студзеня 2007 г. № 1 «Аб зацьверджаньні Інструкцыі аб парадку правядзеньня Нацыянальнага конкурсу друкаваных сродкаў масавай інфармацыі "Залатая Літара"» (рас.) // Нацыянальны прававы партал Беларусі, 26 лютага 2007 г. Праверана 23 кастрычніка 2023 г.
  5. ^ Ігар Луцкі. Пастанова Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь ад 9 верасьня 2020 г. № 5 «Аб Нацыянальным конкурсе "Залатая Літара"» (рас.) // Нацыянальны прававы партал Беларусі, 22 верасьня 2020 г. Праверана 23 кастрычніка 2023 г.
  6. ^ Сяргей Расолька. Гран-пры «Залатой Літары» — у «Зьвязды» // Зьвязда : газэта. — 24 красавіка 2014. — № 76(27686). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
  7. ^ Гран-пры ХІІІ Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ «Залатая Літара» ўдастоены праект газэты «Рэспубліка» // БелТА, 6 траўня 2017 г. Праверана 23 кастрычніка 2023 г.
  8. ^ Гран-пры конкурсу «Залатая Літара» атрымала БелТА за праект «З гонарам у сэрцы» // Belarus.by, 5 траўня 2021 г. Праверана 23 кастрычніка 2023 г.
  9. ^ Інфармагенцтва БелТА стала ўладальнікам Гран-пры конкурсу «Залатая Літара» // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 2 чэрвеня 2023 г. Праверана 23 кастрычніка 2023 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]