Запарожцы (карціна)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ільля Рэпін
Запарожцы, 1880—1891
палатно, алей. 203×358 см
Дзяржаўны Расейскі музэй, Санкт-Пецярбург

«Запарожцы» — карціна расейскага мастака Ільлі Рэпіна. Велізарнае пано (2,03 × 3,58 м) было пачата ў 1880 і скончана ў 1891 годзе.

Эцюды да карціны мастак пісаў у кубанскай станіцы Пашкаўскай, Кацярынаславе, у маёнтку Качанаўка Чарнігаўскай губэрні.

Сюжэт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Ліст запарожцаў турэцкаму султану

Па легендзе, ліст быў напісаны ў 1676 годзе кошавым атаманам Іванам Сірком «са ўсім кошам Запароскім» у адказ на ўльтыматум султана Асманскай імпэрыі Мэхмэда (Мухамэда) IV. Арыгінал ліста не захаваўся, аднак у 1870-х гадах кацярынаслаўскім этнографам-аматарам Я. П. Навіцкім была знойдзеная копія, зробленая ў XVIII стагодзьдзі. Ён перадаў яе гісторыку З. І. Яварніцкаму, які аднойчы зачытаў яе, як кур’ёз, сваім гасьцям, сярод якіх быў, у прыватнасьці, Ільля Рэпін. Мастак зацікавіўся сюжэтам і ў 1880 годзе пачаў першую сэрыю эцюдаў.

Гісторыя стварэньня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля 1880 году Рэпін займаўся павольнай і доўгай сэрыяй эскізаў і падборам мадэляў. Для цэнтральных пэрсанажаў мастак абраў З. І. Яварніцкага — пісарчуком, а атаманам Сірком — кіеўскага генэрал-губэрнатара М. І. Драгамірава. Для казака ў белай кучомцы пазаваў журналіст і пісьменьнік Гіляроўскі. Першы скончаны эскіз алеем зьявіўся ў 1887 годзе. Рэпін падарыў яго Яварніцкаму. Пазьней Яварніцкі прадаў яго П. М. Трацьякову, і цяпер ён вісіць у Трацьцякоўскай галерэі.

Вэрсія, якая захоўваецца ў Харкаўскім мастацкім музэі

Асноўны (можна сказаць, клясычны) варыянт карціны быў завершаны ў 1891 годзе. Пасьля першага публічнага агляду мастака крытыкавалі за тое, што па меркаваньні шматлікіх карціна была «гістарычна няпэўнай». Тым ня менш, лёс палатна склаўся ўдала. Пасьля посьпеху на некалькіх выставах у Расеі і за мяжой (Чыкага, Будапэшт, Мюнхэн, Стакгольм) карціну ў 1892 годзе купіў за 35 тыс. рублёў імпэратар Аляксандар III. Карціна заставалася ў царскім зборы да 1917 году, а пасьля рэвалюцыі апынулася ў зборы Расейскага музэю.

Яшчэ не завяршыўшы асноўны варыянт, Рэпін у 1889 годзе пачаў працу над другім, які ён так і ня скончыў. Гэтае палатно некалькі саступае па памерах першапачатковаму варыянту, і зьяўляецца, так сказаць, кулюарным асобнікам. Другі варыянт «Запарожцаў» мастак, паспрабаваў зрабіць больш «гістарычна пэўным», але відавочна апынуўся нездаволены вынікам і кінуў на паўдарогі. Захоўваецца ён цяпер у Харкаўскім мастацкім музэі.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Замечательные полотна. Сборник. Художник РСФСР, 1962 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Запарожцы (карціна)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў