Зоська Верас
| Зоська Верас | |
| Асабістыя зьвесткі | |
| Імя пры нараджэньні: | Людвіка Антонаўна Сівіцкая-Войцік |
| Псэўданімы: | Зоська Верас; А. Войцікава; Мама; Мірко; Л. Савіцкая; Шара Пташка |
| Нарадзілася: | 30 верасьня 1892 |
| Памерла: | 8 кастрычніка 1991 |
| Літаратурная дзейнасьць | |
| Род дзейнасьці: | празаік, паэтка, перакладніца |
Зо́ська Ве́рас, сапр. Людвіка Антонаўна Сівіцкая-Войцік (30 верасьня 1892, пас. Мяджыбаж (цяпер Лятычаўскі раён, Хмяльніцкая вобласьць, Украіна) — 8 кастрычніка 1991, Вільня; псэўданімы: Зоська Верас; А. Войцікава; Мама; Мірко; Л. Савіцкая; Шара Пташка) — беларуская пісьменніца і грамадская дзяячка.
Зьмест |
[рэдагаваць] Біяграфія
Нарадзілася 30 верасьня 1892 ў пасёлку Мяджыбаж (цяпер Лятычаўскі раён Хмяльніцкай вобласьці Ўкраіны) у сям'і вайскоўца.
У 1904 годзе паступіла ў прыватную гандлёвую вучэльню Л. Валадкевіч у Кіеве. У 1905 жыла ў Луцку на Валыні.
Пасьля сьмерці бацькі ў 1908 годзе пераехала разам з маці ў радавы маёнтак Крыштапарова (па іншых крыніцах — маёнтак Альхоўнікі) Сакольскага павету.
Скончыла прыватную жаночую гімназыю ў Гародні (1912), 10-месячныя садоўніцка-агародніцка-пчалярскія курсы і 6-тыднёвыя ваенныя санітарныя курсы ў Варшаве (1914).
Удзельніца гарадзенскага гуртку беларускай моладзі (1909—1913), дзе працавала бібліятэкаркай, кантактавала з газэтай «Наша Ніва», віленскімі выдавецтвамі, перапісвалася зь І. Луцкевічам, В. Ластоўскім, А. Уласавым.
У час I сусьветнай вайны разам з маці, Эміліяй Сівіцкай, эвакуявалася ў Менск. Супрацоўнічала зь «Беларускай хаткай», дзе пазнаёмілася з Ядвігіным Ш. і яго дачкой В. Лявіцкай, а таксама з А. Смолічам і У. Галубком, пасябравала з М. Багдановічам.
У 1916—1917 працавала ў Менскім аддзеле Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. У 1917 годзе ўдзельнічала ва Ўсебеларускім кангрэсе.
У канцы 1918 пакінула Менск, вярнулася ў маёнтак дзеда — Альхоўнікі. У 1919 у Зоські Верас нарадзіўся сын Антон, яго бацька Фабіян Шантыр быў расстраляны ў 1920.
З 1923 году — у Вільні. У 1924—1929 — адміністратар рэдакцыі газэтаў Беларускай сялянска-работніцкай грамады, у 1927—1931 — рэдактар дзіцячага часопісу «Заранка», пісала для яго апавяданьні, а ў 1934—1935 — дзіцячага часопісу «Пралескі», у 1928—1939 — старшыня Беларускага кааператыўнага таварыства «Пчала», адначасова (1934—1938) — рэдактар пчалярскага часопісу «Беларуская борць».
Апекавала беларускімі палітычнымі вязьнямі, якія сядзелі ў віленскай турме «Лукішкі». Вынесла з «Лукішак» вершы М. Машары і выдала за свой кошт яго першы зборнік «Малюнкі» (1928).
Друкавала свае творы ў часопісах «Шлях моладзі», «Студэнцкая думка», дзе выступала разам з Н. Арсеньневай.
У 1926 годзе выйшла замуж за Антона Войціка.
Пасьля таго, як у 1944 была закрыта Віленская беларуская гімназыя, у 1945 ліквідаваны Беларускі музэй імя І. Луцкевіча, а ў 1948 раптоўна памёр муж, у жыцьці пісьменьніцы наступіў цяжкі пэрыяд, які пазьней яна звала «летаргічным сном». Толькі ў 1961 Зоська Верас была «адкрытая» Арсенем Лісам, які зьбіраў у віленскіх архівах матэрыял для сваёй дысяртацыі, пасьля гэтага яе пачалі наведваць пісьменьнікі, навукоўцы, журналісты, студэнты.
У канцы 1980-х вакол Зоські Верас гуртавалася беларуская інтэлігенцыя Вільні.
Чалец Саюзу пісьменьнікаў СССР (з 1982).
Памерла ў 1991, пахаваная на Панарскіх могілках.
[рэдагаваць] Творчасьць
Дэбютавала ў 1907 годзе (часопіс «Падснежнік», Кіеў).
На беларускай мове выступіла з «абразкамі» пад псэўданімам Мірко ў 1911 (газэта «Наша ніва»).
У час эвакуацыі ў Менску Зоська Верас пісала вершы, лірычныя абразкі.
Аўтар «Беларуска-польска-расейска-лацінскага батанічнага слоўніка» (Вільня, 1924; арыгінал захоўваецца ў Нью-Ёрку), брашуры «Гісторыя ўжываньня зёлак у лячэньні» (1934), кнігі вершаў і апавяданьняў для дзяцей «Каласкі» (1985).
Напісала ўспаміны пра М. Багдановіча («Пяць месяцаў у Менску»), У. Галубка, Ядвігіна Ш. і інш. Для дзіцячага тэатру з украінскай мовы пераклала п'есы Р. Завадовіча «Князь Марцыпан» (Вільня, 1929), Ю. Ігарава «Сірата» (Вільня, 1929), з расейскай — «Лясныя хаткі» В. Біянкі (Вільня, 1931).
[рэдагаваць] Крыніцы і заўвагі
[рэдагаваць] Літаратура
- Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік у 6-ці тамах / АН Беларусі, Iнстытут лiтаратуры iм. Я. Купалы; рэд. А. І. Мальдзіса.Т. 2: Верабей — Iваноў. — Мн.: БелЭн, 1993. — 543 с.
- Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А.К. Гардзіцкі. Нав.рэд. А.Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994.
- Леакадзія Мілаш «Агеньчык, які не затухае»: (да 110-годдзя з дня нараджэння Зоські Верас) // Кантакты і дыялогі № 10-12. — Вільня: 2002.
- Войцік Г. Зоська Верас. — Вільня: 2002. — («Партрэты Віленчукоў»). — ISBN 9955-427-03-5