Зыгмунт Мінейка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Зыгмунт Мінейка
Zygmunt Mineyko
ZMineyko.jpg
Зыгмунт Мінейка падчас навучаньня ў Санкт-Пецярбургу, 1858
Род дзейнасьці грамадзкі дзяяч, вайсковец, навуковец, рэвалюцыянэр
Дата нараджэньня 1840
Месца нараджэньня Сьцяг Расеі Балванішкі, Ашмянскі павет, Віленская губэрня
Дата сьмерці 27 сьнежня 1925
Месца сьмерці Сьцяг Грэцыі Атэны, Грэцыя

Зыгмунт Станіслававіч Мінейка-Газдава (псэўданім Баравы; 1840, Балванішкі, Ашмянскі павет, Віленская губэрня, цяпер Зялёны Бор, Ашмянскі раён, Гарадзенская вобласьць27 сьнежня 1925, Атэны, Грэцыя) — грамадзкі дзяяч, вайсковец, навуковец, рэвалюцыянэр, удзельнік паўстаньня 1863-1864. З шляхецкага роду Мінейкаў гербу Газдава, сын Станіслава й Цацыліі са Шчановічаў.

Зьмест

[рэдагаваць] Удзел у вызваленчым руху

У 1858 паступіў у Вайсковую Акадэмію ў Санкт-Пецярбургу. Па вяртаньні на Беларусь далучыўся да вызвольнага руху. Пераапрануўшыся селянінам, разносіў па вёсках «Гутарку старога дзеда». Быў змушаны выехаць у Італію, ад 1861 выкладаў правілы фартыфікацыі ў Вайсковай Школе ў Генуі (заснаваная Джузэпэ Гарыбальдзі). З пачаткам паўстаньня ў 1863 вярнуўся дадому. 18 сакавіка 1863 пад кіраўніцтвам Мар’яна Лянгевіча ўзяў удзел у бітве пад Граховішкамі. Хоць бітва была выйграная, кампанія была няўдалая. Праз Прусію Зыгмунт зноў прыбыў на Беларусь, дзе зарганізаваў аддзел з 28 партызанаў. Паўстанцкі ваенны начальнік Ашмянскага павету. Але аддзел у першым ж баі 3 чэрвеня 1863 з расейскімі рэгулярнымі войскамі ля Расолішкаў быў разьбіты. Зыгмунт мусіў хавацца, але быў здраджаны. Ён быў арыштаваны й пасоджаны ў віленскі астрог. Суд прыгаварыў яго да павешаньня. Але Весялецкі й Мураўёў, падкупленыя 9.000-мі рублёў маці Зыгмунта Цацыліяй, замянілі павешаньне на 12 гадоў катаргі ў Сыбіры.

[рэдагаваць] Ссылка ў Сыбір

На шляху паміж Табольскам і Томскам, памёр сябар Зыгмунта Струміла, які меў найменшы тэрмін адбыцьця й быў звонку вельмі падобны да яго. Скарыстаўшыся гэтым, Мінейка выдаў сябе за Струмілу й застаўся ў Томску як вольны пасяленец. Тут ён пачаў гандляваць, вырабляючы шапкі, падушкі й штучныя кветкі, а неўзабаве пачаў аздабляць дамы гораду. Набыўшы на заробленыя грошы вазы, коняў і правіянт, Зыгмунт разам зь вязьнямі Акінчыцам і Вашкевічам уцёк у Заходнюю Эўропу, узяўшы прозьвішча графа фон Мэбэрта.

[рэдагаваць] На эміграцыі ў Эўропе

Спачатку жыў у Галяндыі, адкуль перабраўся ў Парыж. Тут ён сустрэўся з імпэратарам Напалеонам ІІІ, якому расказаў пра французаў-удзельнікаў паўстаньня 1863, што адбывалі пакараньне ў Сыбіры. Пасьля сустрэчы ў 1868 Напалеона ІІІ і Аляксандра ІІ вязьні былі вызваленыя, а Мінейка атрымаў ува ўзнагароду магчымасьць дармавога навучаньня ў Вайсковай Акадэміі. Будаваў масты й чыгункі ў Баўгарыі, Турэччыне й Грэцыі. У 1870 удзельнічаў у франка-прускай вайне, пасьля ў часе Парыскае Камуны змагаўся на баку камунараў. Пасьля перабраўся ў Турэччыну, а адтуль у Грэцыю.

[рэдагаваць] У Грэцыі

Займаўся археалёгіяй, у 1878 знайшоў храм Зэўса ў Дадоне. Склаў этналягічную карту Эпіру, напісаў шматлікія работы па тапаграфіі, за што грэцкі парлямэнт у 1910 надаў яму званьне ганаровага грамадзяніна краіны. У 1891 пераехаў у Атэны, дзе ўзначаліў дэпартамэнт пры міністэрстве публічных работ Грэцыі. Дакладна вядома, што ўдзельнічаў у будаўніцтве і ўзнаўленьні алімпійскіх аб’ектаў, у тым ліку легендарнага Мармуровага стадыёна — сымбаля Алімпійскіх гульняў. У 1896 падчас Алімпіяды ў Атэнах быў спартовым карэспандэнтам «Dziennika Polskiego» і «Czasu».

Удзельнічаў у грэка-турэцкіх войнах у 1896, 1897 і 1912, падрыхтаваў пляны здабыцьця Салонікаў і Яніны. За гэта атрымаў узнагароды ад караля Канстантына І у 1917 і 1922 (у т.л. і Залаты крыж заслугі). Працаваў у дзяржаўнай адміністрацыі, быў кіраўніком інжынэрнага аддзелу грэцкае арміі.

У 1921 і 1922 наведаў Беларусь.

[рэдагаваць] Масонская дзейнасьць

Быў актыўным масонскім дзеячом. Уваходзіў у склад лёжаў Grand Orient de France, Grand Orient d’Italie і лёжаў Panhellenion і Pythagoras (належылі да Grande Loge de Grece). Уваходзіў у кіраўніцтва грэцкіх лёжаў Massonic Old and Accepted Scottish Rites. На ягонае пахаваньне прыбыло шмат масонаў.

[рэдагаваць] Сям’я

У 1880 ажаніўся з Празэрпінай Манарыс, дачкой дырэктара гімназіі ў Яніне. Меў 9 дзяцей: Андрамаху (жонка Караля Патоцкага), Зоф'ю (жонка будучага прэм’ер-міністра Грэцыі Георгіяса Папандрэў), Станіслава, Марыю, Ядзьвігу (жонка Станіслава Ябланоўскага), Вітольда (памёр малым падчас землятрусу), Цацылію (жонка Джона Ўільяма Кўіна), Альдону Сафо, Эўтыміяса Касіміра.

Праўнукам Зыгмунта Мінейкі яўляецца вядомы грэцкі палітык, кіраўнік Усягрэцкага сацыялістычнага руху, Георгіяс Папандрэу-малодшы [1].

[рэдагаваць] Творы

  • Z tajgi pod Akropol: Wspomnienia z lat 1848—1868. Warszawa, 1971

[рэдагаваць] Крыніцы

[рэдагаваць] Літаратура

  • Клейн Б. Фамильный портрет // Клейн Б. Время выбора. — Мн., 1987;
  • Орлов В. Почетный гражданин Эллады // Дело (Восток + Запад). 1995, № 5;
  • PSB;
  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. — 592 с.: іл. ISBN 985-11-0141-9.

[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі

Асабістыя прылады
Прасторы назваў

Варыянты
Дзеяньні
Навігацыя
Удзел
Інструмэнты
На іншых мовах