Зыгмунт Серакоўскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Зыгмунт Серакоўскі
19 траўня 1827(1827-05-19)[1]27 чэрвеня 1863(1863-06-27)[1] (36 гадоў)
Месца нараджэньня
Месца сьмерці
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Серакоўскі.

Зы́гмунт Серако́ўскі (па-польску: Zygmunt Sierakowski; 30 траўня [ст. ст. 19 траўня] 1826, с. Лісавое, Луцкі павет, Валынская губэрня (цяпер Маневіцкі раён Валынская вобласьць, Украіна)[2] — 27 ліпеня [ст. ст. 15 ліпеня] 1863, Вільня; псэўданім Далэнга) — капітан расейскага Генштабу, супрацоўнік часопісаў «Колокол» ды «Современник», адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1863—1864 гадоў.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З 1845 па 1848 навучаўся ў Санкт-Пецярбурскім унівэрсытэце, дзе ўзначальваў таемнае таварыства Саюз літоўскай моладзі. У 1848 быў западозраны ў тым, што плянуе выехаць ў Аўстра-Вугоршчыну[3], арыштаваны і адпраўлены шарагоўцам у Арэнбурскі лінейны полк[4] Арэнбурскага асобнага корпуса, дзе пазнаёміўся з Тарасам Шаўчэнкам, Браніславам Залескім і іншымі ссыльнымі. У сакавіку 1856 быў узьведзены ў чын прапаршчыка і пераведзены ў 7-мы батальён Берасьцейскага пяхотнага палка. Вярнуўшыся ў Пецярбург, паступіў ў Акадэмію Генштаба, якую пасьпяхова скончыў (1859) у чыне капітана. Яшчэ падчас вучобы адпраўлены за мяжу дасьледваць і назіраць турмы Заходняй Эўропы. Выступаў за адмену цялесных пакараньняў у войску. Пазьней служыў у дэпартамэнце Генштаба і займаўся ваенна-крымінальнай статыстыкай. У Эўропе пазнаёміўся з Аляксандрам Герцэнам і Джузэпэ Гарыбальдзі. Супрацоўнічаў з часопісамі «Колокол» ды «Современник». У чэрвені 1860 разам зь Ігарам Вярнадзкім удзельнічаў у працы 4-га Міжнароднага статыстычнага кангрэсу ў Лёндане.

Удзел у паўстаньні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1863 пасьля пачатку Студзеньскага паўстаньня ў Варшаве атрымаў 2-х тыднёвы адпачынак на службе дзеля выезду за мяжу. Выехаў на Літву, дзе стаў адным зь лідэраў паўстанцаў. Абвясьціў сябе генэралам Літоўскім і Ковенскім пад імём Далэнга. За кароткі тэрмін сабраў паўстанцкі аддзел колькасьцю 5 тыс. чалавек. Ягоны аддзел 23/24 красавіка быў разьбіты расейскімі войскамі, але частка аддзелу ацалела і працягнула змаганьне. У наступнай бітве ля мястэчка Біржы яны былі канчаткова разьбітыя. Сам Серакоўскі быў паранены ў грудзі навылет, патрапіў у палон. Перад ваенна-палявым судом прамаўляць адмовіўся, патрабуючы суду галоснага ды прысяжнага. Судовы вырак быў: павешаньне. Прысуд выкананы ў Вільні на Лукіскай плошчы, дзе крыху пазьней будзе павешаны і Кастусь Каліноўскі.

Мэмарыяльная пліта на месцы казні Каліноўскага ды Серакоўскага ў Вільні на Лукішках

Сям’я[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ягоны бацька быў безьзямельным шляхціцам, які загінуў у шэрагах паўстанцаў 1830—1831 г.[5].

Зыгмунт быў жанаты з Апалёніяй Далеўскай (1841 — пасьля 1915), сястрою Тытуса Далеўскага, якую пасьля паўстаньня 1863—1864 выслалі ў Ноўгарад. З 1867 жыла ў Варшаве. Аўтарка ўспамінаў пра паўстаньне.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в Zygmunt Erazm Gaspar Józef Sierakowski // Польскі біяграфічны інтэрнэт-слоўнік (пол.)
  2. ^ Кісялёў Г. Серакоўскі Зыгмунт // Энцыкляпэдыя гісторыі Беларусі у 6 тт. Т.6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. ISBN 985-11-0214-8. — с.291
  3. ^ Вопрос польский. Рукопись Сигизмунда Сераковского, казнённаго в Вильне в мае 1863 года // Русская старина. — 1884. — Т.41. — с.48-49
  4. ^ Дьяков В. А. Сераковский Зыгмунт. //Большая советская энциклопедия. — М.: Советская энциклопедия. 1969—1978.
  5. ^ Дьяков В. А. Сераковский Зыгмунт. // Советская историческая энциклопедия. — М.: Советская энциклопедия . Под ред. Е. М. Жукова. 1973—1982.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Вопрос польский. Рукопись Сигизмунда Сераковского, казнённаго в Вильне в мае 1863 года[a] // Русская старина. — 1884. — Т.41. — с.48—60 (перадрукавана з зборніку:Русско-польские революционные связи. — Т. 1, М., 1963, с. 230-40).
  • Дьяков В. А., Материалы к биографии С. Сераковского. // Восстание 1863 г. и рус.-польские революц. связи 60-х гг., М., 1960
  • Дьяков В. А. Сигизмунд Сераковский. — М, 1959.
  • Извлечение из писем о военно-уголовных законодательствах и о военных учреждениях главнейших европейских государств.// «Морской сборник». — 1862. - т. 57. - No 1—4;
  • Кісялёў Г. Серакоўскі Зыгмунт // Энцыкляпэдыя гісторыі Беларусі у 6 тт. Т.6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. ISBN 985-11-0214-8. — с.291
  • Новые материалы для биографии З. Сераковского. // К столетию героич. борьбы «за нашу и вашу свободу», М., 1964
  • Смирнов А. Ф. Сигизмунд Сераковский. — М, 1959.
  • Цылов Н. Сигизмунд Сераковский и его казнь. — Вильна, 1867
  • Marciniak Z., Z. Sierakowski, Warszawa, 1956
  1. ^ Насамрэч ён быў павешаны 27 ліпеня 1864 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]