Зьміцер Кісель

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Зьміцер Кісель
Дата нараджэньня 24 траўня 1962(1962-05-24)
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 30 верасьня 2005(2005-09-30) (43 гады)
Месца сьмерці
Занятак публіцыст, журналіст
Бацька Уладзімер Кісель

Зьмі́цер Уладзі́меравіч Кісе́ль (1963, Горадня — 30 верасьня 2005, Горадня) — публіцыст, журналіст, гісторык, грамадзкі дзяяч Гарадзеншчыны, сын антысавецкага падпольшчыка Уладзімера Кісяля.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзяцінства й юнацтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзяцінства Зьмітра было даволі цяжкае. Бацька Уладзімер Кісель разам з маці ў 1960 годзе атрымалі рэабілітацыю за антысавецкую дзейнасьць у 1946—1949 гадах. Сям’я была адная з тых выпадкаў, дзе выхаваньне — Беларусь па-над усім. Уладзімер Кісель, бацька Зьмітра пэдагог, удзельнік антысавецкага падпольнага руху. Скончыў сем клясаў польскай школы, у 1941 годзе — савецкую сямігодку ў Клецку. Падчас нямецкай акупацыі вучыўся ў Нясьвіскай настаўніцкай сэмінарыі, дзе зь сябрамі стварыў арганізацыю «Саюз беларускіх патрыётаў». Зайздросьціць сям’і Зьмітра цяжка, адчуць на сабе цяжар камуністычнага прыгнёту вельмі балюча, але як вынік — сьветлае і ўрачыстае выхаваньне сьвядомага грамадзяніна Беларусі. Відавочна толькі адно, што Зьміцер Кісель да канца сваіх дзён быў удзячлівы сваім бацькам, а гэта сьведчыць пра тое, што ён не шкадаваў за свае голае і галоднае дзяцінства.

Адукацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Скончыў Гарадзенскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Янкі Купалы, менавіта ў студэнцкі час пасябраваў зь Яўгенам Вапам, Міхалам Андрасюком, Янкам Морданем і іншымі прадстаўнікамі беларусаў Беласточчыны. Міхал Андрасюк ня раз узгадваў, які добры час ён правёў са Зьмітром і што гэта былі за сустрэчы.

Дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У канцы 80-х гадоў мінулага стагодзьдзя Зьміцер Кісель пачынае актыўную грамадзка-асьветніцкую дзейнасьць. Узначальваў навуковую суполку моладзі імя Максіма Багдановіча. Ідэя выдаваць уласную газэту ў сяброў суполкі нарадзілася перад Калядамі 1988 году. У госьці да іх прыехалі тады Янка Мордань, беларускі дзяяч зь Беласточчыны і Надзея Артымовіч. Пра сваё выданьне размова пайшла пад час сустрэчы ў музэі Багдановіча. Менчукі тады ўжо мелі свае газэты і правінцыялы, вырашылі, што і ім час стварыць сваё выданьне. Сябры спрачаліся вакол назвы газэты: Зьміцер прапаноўваў «Гараднічанка», хтосьці іншы — «Гарадніца», але ў рэшце перамагла прапанова мастака Міхася Баярчука — «Рэанімова». Першы наш нумар выйшаў на пачатку 1989 году. Яго адметнасьцю было тое, што там упершыню ў беларускім друку зьявіліся словы і ноты гімну «Магутны Божа», перададзеныя гарадзенскім сябрам беластоцкімі беларусамі.

На той нумар сябры суполкі імя Максіма Багдановіча зьбіралі ўласныя грошы. Данута Бічэль-Загнетава зьвязвалася зь Менскам. Беларускія газэты друкаваліся тады ў Летуве, у Летувіскім Доме друку. У адной з камуністычных газэтаў у Вільні працаваў беларускі хлопец, які і дапамагаў. Летувісы бралі з нашых патрыётаў вялізныя грошы, а менавіта 10 капеек за друкаваную старонку.

Нумары на машынцы набірала Данута Янаўна, затым рабілі макет і везьлі ў Вільню, альбо перадавалі празь Менск. З распаўсюджаньнем праблемаў не было — увесь наклад разьлятаўся за некалькі гадзінаў.

У 1995 годзе на Сьвіслацкіх гарадзкіх могілках была адшукана магіла Віктара Каліноўскага — ідэоляга беларускага нацыянальнага руху і старэйшага брата Кастуся Каліноўскага, які быў кіраўніком збройнага вызвольнага паўстаньня супраць Расейскай імпэрыі. Аднаўленьнем магілы і памятнага крыжа займаўся Зьміцер Кісель, а таксама мясцовы грамадзкі актывіст Віктар Трэшчановіч, Юрась Мацко з Горадні. Неўзабаве па прапанове Гарадзенскіх філіяў партыі Грамада (БСДГ) і грамадзкага аб’яднаньня «Фонд імя Льва Сапегі», якія былі першымі арганізатарамі масавага ўшанаваньня памяці палеглых змагароў, Дзень памяці паўстанцаў 1863 году пераўтварыўся ў агульнанацыянальны фэст.

Журналістыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Акрамя грамадзкай дзейнасьці, свой сьлед Зьміцер Уладзімеравіч пакінуў і ў журналістыцы. З 90-х гадоў працаваў у тыднёвіку беларусаў у Беластоку «Ніва», Радыё Рацыя і гарадзенскай газэце «Пагоня».

Сьмерць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Апошнія 3 гады Зьміцер Кісель моцна хварэў, было слабое сэрца, а яшчэ большаю хваробаю стаў алькаголь. За суткі да сьмерці Зьміцер Кісель вярнуўся зь Беластоку, дзе быў у сяброў. Як стала вядомым, то прыехаўшы дамоў ён прылёг на канапу, дзе і сустрэў вечны сон. Цела Зьмітра Ўладзімеравіча знайшлі празь некалькі сутак, бо той жыў сам.

Памёр ва ўзросьце 43-х гадоў у сваёй кватэры ў Горадні 30 верасьня 2005 году.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]