Зянон Пазьняк

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Зянон Пазьняк
Варшава (Польшча), 2008 г.
Варшава (Польшча), 2008 г.
Старшыня Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ
30 траўня 1993 — цяперашні час
Дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га скліканьня
13 траўня 1990 — 9 студзеня 1996
Прэзыдэнт: Аляксандар Лукашэнка
Прэм’ер-міністар: Вячаслаў Кебіч, Міхаіл Чыгір
25 чэрвеня 1988 — цяперашні час
Старшыня Беларускага народнага фронту «Адраджэньне»
Асабістыя зьвесткі:
Нарадзіўся: 24 красавіка 1944 (70 гадоў)
вёска Суботнікі, Іўеўскі раён, Гарадзенская вобласьць, Беларуская ССР, СССР
Нацыянальнасьць: Беларус
Партыя: Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ
Сужэнец: Галіна Фёдараўна Пазьняк
Бацькі: Станіслаў Янавіч Пазьняк (1922—1944)
Ганна Яўхімаўна Пазьняк (1922—2012)
Адукацыя: Беларускі дзяржаўны тэтральна-мастацкі інстытут (1967)
Рэлігія: Хрысьціянства (рыма-каталік)
Zianon Paźniak signature.png

Зяно́н Станісла́вавіч Пазьня́к (нарадзіўся 24 красавіка 1944 году, в. Суботнікі Іўеўскага раёну, цяпер Беларусь) — беларускі палітык і грамадзкі дзяяч, адзін з заснавальнікаў Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне» і Мартыралёгу Беларусі, старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ, археоляг, мастацтвазнавец, празаік, паэт. Кандыдат мастацтвазнаўства (1981).[1][2] Аўтар амаль сотні навуковых, палітычных і культураляґічных артыкулаў, выдаў звыш за дзясятак кніг і брашур.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў сям’і cтарэйшага сына заходнебеларускага грамадзкага дзеяча Янкі Пазьняка. У сьнежні 1944 году асірацеў праз гібель бацькі на фронце (на тэрыторыі Польшчы), якога забралі ў Чырвоную армію ўлетку. Сярэднюю школу скончыў у роднай вёсцы. У 1967 годзе скончыў мастацтвазнаўчае аддзяленьне Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытуту па спэцыяльнасьці тэатразнаўца. У 1969 г. зьмясьціў у маскоўскай газэце «Праўда» артыкул супраць зносу гістарычна каштоўнай забудовы Менску, што змусіла ўлады захаваць Траецкае прадмесьце, Верхні горад і Ракаўскае прадмесьце[3]. У 1972 г. скончыў асьпірантуру пры Інстытуце этнаґрафіі, мастацтвазнаўства і фальклёру Акадэміі Навук Беларусі. У 1981 годзе ў Ленінградзе абараніў дысэртацыю «Праблемы станаўленьня і разьвіцьця беларускага прафэсійнага тэатру пачатку ХХ стагодзьдзя (1900-1917 гг.)».

Займаўся мастацтвазнаўствам. Пасьля чарговых палітычна-адміністрацыйных рэпрэсіяў (1974 год) і пазбаўленьня працы ў Інстытуце мастацтвазнаўства займаўся археалёґіяй1976 году). Працаваў старшым навуковым супрацоўнікам у аддзеле археалёґіі Інстытуту гісторыі Акадэміі Навук. Вывучаў пэрыяд позьняга сярэднявечча ў Беларусі, займаючыся раскопкамі Менску, Лоску, Мядзеля і іншых беларускіх гарадоў і мястэчак.

У 1988 годзе адкрыў для беларускай і сусьветнай грамадзкасьці і археалягічна дасьледаваў масавыя пахаваньні людзей у Курапатах, расстраляных ворганамі НКВД.

З траўня 1990 году па студзень 1996 году — дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня, кіраўнік дэпутацкай Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце. Быў чальцам канстытуцыйнай камісіі Вярхоўнага Савету БССР і Рэспублікі Беларусь 12-га скліканьня[4]. Пад кіраўніцтвам Пазьняка зьдзяйсьняліся такія важныя справы, як адкрыцьцё праўды беларусам пра маштабы Чарнобыльскай катастрофы (1989—1990), вяртаньне нацыянальнае сымболікі (бел-чырвона-белага сьцягу і Пагоні), распрацоўка сацыяльна-эканамічнага заканадаўства, якое стварыла аснову незалежнасьці краіны, вярнула беларусаў з «гарачых кропак» СССР. На патрабаваньне дэпутатаў Апазыцыі БНФ 24 жніўня 1991 была скліканая нечарговая сэсія ВС, на якую дэпутаты БНФ пад кіраўніцтвам Пазьняка вылучылі пакет законапраектаў аб вартаньні незалежнасьці Беларусі. 25 жніўня 1991 году Вярхоўны Савет прагласаваў за наданьне Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце статусу канстытуцыйнай сілы, што азначала вяртаньне незалежнасьці Беларусі.

У 1992 годзе пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка апазыцыяй БНФ у Вярхоўным Савеце створаная Канцэпцыя эканамічнага разьвіцьця дэмакратычнай незалежнай Беларусі (апублікаваная ў «Народнай газэце» 16 красавіка 1992 году). На выбарах прэзыдэнта Беларусі 1994 року атрымаў 12,8% галасоў (трэцяе мейсца). Даверанымі асобамі Зянона Пазьняка на гэтых выбарах былі Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, віцэ-прэзыдэнт Акадэміі навук Радзім Гарэцкі, прафэсар Іван Нікітчанка.

26 сакавіка 1996 году, унікаючы магчымых арышту і фізычнага зьнішчэньня за палітычныя погляды і публічныя выступленьні супраць незаконных дзеяньняў ураду Аляксандра Лукашэнкі, пакінуў Беларусь разам зь Сяргеем Навумчыкам. 31 сакавіка Служба бясьпекі Ўкраіны адмовіла Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі ў выдачы Пазьняка пасьля адпаведнага звароту старшыні парлямэнцкай фракцыі Народнага руху Ўкраіны Вячаслава Чарнавіла да прэзыдэнта Ўкраіны Леаніда Кучмы. 26 красавіка нечакана для ўладаў вярнуўся ў Менск на Чарнобыльскі Шлях і дзякуючы дапамозе беларускіх патрыётаў пазьбег арышту пасьля акружэньня і штурму АМАПам сядзібы БНФ. Быў на Ўкраіне, потым у Чэхіі, Польшчы, Вялікабрытаніі, затым быў запрошаны ў ЗША на шэраг палітычных сустрэчаў. Там атрымаў пацьверджаньне пра распрацоўку ў палітычных колах рэжыму на Беларусі пляну фізычнага зьнішчэньня. У сувязі з пагрозай жыцьцю ўрад ЗША прадаставіў Зянону Пазьняку палітычны прытулак.

Пазьняк захаваў беларускае грамадзянства, усе гады на эміґрацыі займаецца выключна палітыкай, сустракаецца з палітыкамі, грамадзкасьцю і журналістамі розных краінаў. З 1996 году на грамадзкіх пачатках ён рэдаґуе і выдае ў Варшаве сумесна з жонкай Галінай Пазьняк бюлетэнь «Беларускія Ведамасьці». Непасрэдна праводзіць паседжаньні кіруючых структураў КХП-БНФ, старшынём якога зьяўляецца.

Сям’я Зянона Пазьняка, жонка Галіна і ейная дачка Надзея, з-за пагрозы палітычнага перасьледу выехалі за мяжу, жывуць у Варшаве. Маці Ганна Яўхімаўна — пэнсіянэрка, жыла ў Менску, памерла ў красавіку 2012 г.

Крытыка й вобраз у афіцыйных СМІ[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Зянон Пазьняк сярод беларускіх студэнтаў у Варшаве, 15 верасьня 2011 года
Зянон Пазьняк чытае «Лісты з-пад шыбеніцы» Кастуся Каліноўскага падчас Беларускай дыктоўкі ў Варшаве, 28 лютага 2013 года

У 2008 годзе Пазьняка зьвінавацілі ў «памылцы» за адзначэньне ў Вільні 90-х угодкаў Беларускае Народнае Рэспублікі поруч зь лекарам Юрыем Бандажэўскім[5], які нават «у асабістых зносінах зь беларускамоўнымі людзьмі нашай мовай не карыстаўся, дэманструючы схаваную пагарду»[6].

Ва ўрадавым друку яшчэ за камуністамі ствараўся цалкам адваротны вобраз Зянона Пазьняка. Нараканьне Пазьняка «фашыстам» распачалося не пазьней, як у 1990 годзе ў камуністычным партыйным друку пасьля публікацыі Праграмы БНФ, у якой адзначаліся наступныя задачы: «стварэньне дэмакратычнага грамадзтва ў Беларусі, дасягненьне рэальнага сувэрэнітэту Рэспублікі (ад Масквы) і адраджэньне беларускай нацыі»[7]. Ад 1994 году, яшчэ пры камуністычным урадзе Кебіча, ствараецца вобраз «занадта радыкальнага палітыка», які запачаткаваў журналіст урадавае газэты «Звязда» Сымон Сьвістуновіч[8]. Зь іншага боку, гэта стварыла вобраз Пазьняка як чалавека, які ні пры якіх умовах ня здраджвае свайму сумленьню. Агулам за 1988-2013 гг., цягам 25 год, пры стварэньні адмоўнага вобразу ў прэсе палітыку прыпісалі 35 грамадзка-палітычных і 17 маральна-асабовых бакоў без апоры на яго асобу.

У 1990—1995 гг. Зянон Пазьняк штодня атрымліваў у Вярхоўным Савеце па 10-12 лістоў, палову зь якіх складалі пагрозы і праклёны з пажаданьнямі сьмерці і хваробаў ад расейскіх вэтэранаў НКУС і вайсковых пэнсіянэраў зь ліку ўдзельнікаў КПСС. У замежжы атрымальніку ўдалося захаваць некалькі мяшкоў такіх лістоў нянавісьці[9].

12 чэрвеня 2000 г. Пазьняк адзначыў у сваім дакладзе «Камунізм як форма рускага імпэрыялізму» на судовым працэсе над камунізмам у Вільні (Летува) з удзелам прадстаўнікоў ад 22 краінаў: «Рускі камунізм — злачынная імпэрыя», вынікамі якой сталі «Сьмерць і гвалт, русіфікацыя і этнацыд, зьнішчэньне культуры і цэлых народаў, злачынствы супраць чалавецтва(en)»[10]. Пазьняк якраз стаўся папулярным палітыкам, заснавальнікам і лідэрам Беларускага народнага фронту ды абраўся дэпутатам Вярхоўнага Савету Беларусі, выкрыўшы такія злачынствы у Курапатах, Лошыцы і 5 іншых месцах у ваколіцах Менску. 17 чэрвеня 2002 г. Зянон Пазьняк і Юры Беленькі заявілі, што былы кіраўнік Кансультатыўна-назіральнай групы АБСЭ ў Беларусі (19982001) Ганс-Георг Вік19851990 гг. старшыня Фэдэральнай выведвальнай службы Нямеччыны) «прычыніўся да апэрацыі расколу Народнага Фронту (падрыхтаванай у 1999 годзе з Масквы, сумесна зь менскімі дзеячамі АБСЭ), пасьля чаго частка БНФ далучылася да "апазыцыі", створанай спадаром Вікам»[11]. 10 жніўня 2004 г. Пазьняк выказаў меркаваньне ў разьдзеле «Гэбізм» свайго артыкулу «Беларуска-расейская вайна», што «зьнішчэньне вежаў Гандлёвага Цэнтру ў Нью-Ёрку і разбурэньне будынку Пэнтагона ў Вашынгтоне.. не пад сілу толькі тэрарыстычнай арганізацыі». Тамсама ён падкрэсьліў: «Расея адразу скарыстала сытуацыю, каб схаваць свой дзяржаўны тэрарызм і злачынную вайну ў Чачэніі, паказваючы на ісламскую рэлігійнасьць чачэнцаў, якія абараняюць бацькаўшчыну. І гэтае права на абарону(en) выстаўляецца расейцамі як ісламскі тэрарызм. Маніпуляцыя ўдалася. Захад па-здрадніцку здаў чачэнскі народ на зьнішчэньне»[12]. Гэтыя заявы не дадалі Пазьняку папулярнасьці сярод прыхільнікаў тагачаснага ўраду Расеі і сталінскіх рэпрэсіяў.

Бібліяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. С. 503
  2. ^ Пазьняк Зянон Станіслававіч // Беларусь: энцыкл. даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш. — Мінск: БелЭн, 1995. С. 558
  3. ^ Анатоль Грыцкевіч. Юбілей Зянона Пазьняка // Беларуская Салідарнасьць, 8 кастрычніка 2009 г. Праверана 25 красавіка 2014 г.
  4. ^ Постановление Верховного Совета Республики Беларусь от 20 июля 1990 г. №166-XII «Об избрании Конституционной комиссии» (рас.)
  5. ^ Вечарына у Таварыстве Беларускай Культуры // Сеціўная газэта «Тут і цяпер» 7 студзеня 2008.
  6. ^ Барыс Керзач, Віталь Хромаў. Сьвет зноў перакуліўся: Пазьняк адзначаў угодкі БНР… разам з Бандажэўскім (частка 2, Д пр-п 96) (+ частка 3) // Грамадазнаўчы сайт «Беларусь — наша зямля». 20 лютага 2008
  7. ^ Зянон Пазьняк. Шлях да свабоды // Часопіс «Беларусь». — 1990, №7(619).
  8. ^ Сяргей Навумчык. Зянон Пазьняк: радыкалізм ці пасьлядоўнасьць // Звязда, студзень 1994.
  9. ^ Зянон Пазьняк. Нянавісьць разбуральнікаў // Беларуская салідарнасьць, 25 чэрвеня 2013 г. Праверана 12 кастрычніка 2014 г.
  10. ^ Зянон Пазьняк. Камунізм як форма рускага імпэрыялізму // Вытокі, 12 чэрвеня 2000 г. Праверана 12 кастрычніка 2014 г.
  11. ^ Зянон Пазьняк, Юры Беленькі. Да пытаньня пра дзейнасьць АБСЭ ў Беларусі // Беларускія ведамасьці : часопіс. — Кастрычнік 2002. — № 6 (46). — С. 7-8.
  12. ^ Зянон Пазьняк. Беларуска-расейская вайна // Беларуская салідарнасьць, 10 жніўня 2004 г. Праверана 13 кастрычніка 2014 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Зянон Пазьняксховішча мультымэдыйных матэрыялаў