Кабыльнік

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Кабыльнік
Касьцёл Сьвятога Андрэя Апостала
Касьцёл Сьвятога Андрэя Апостала
Першыя згадкі: 15 стагодзьдзе
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Менская
Раён: Мядзельскі
Сельсавет: Нарачанскі
Вышыня: 196 м н. у. м.
Насельніцтва: 2500 чал. (2005)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 1797
Паштовы індэкс: 222395
Нумарны знак: 5
Геаграфічныя каардынаты: 54°55′50″ пн. ш. 26°41′11″ у. д. / 54.93056° пн. ш. 26.68639° у. д. / 54.93056; 26.68639Каардынаты: 54°55′50″ пн. ш. 26°41′11″ у. д. / 54.93056° пн. ш. 26.68639° у. д. / 54.93056; 26.68639
Кабыльнік на мапе Беларусі ±
Кабыльнік
Кабыльнік
Кабыльнік
Кабыльнік
Кабыльнік
Кабыльнік
Commons-logo.svg Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Кабы́льнік1964 году — На́рач[1]) — вёска ў Беларусі, цэнтар сельсавету Мядзельскага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва 2,5 тыс. чал. (2005). Знаходзіцца за 20 км на паўночны захад ад Мядзелу, за 29 км ад чыгуначнай станцыі Паставы, за 3 км на паўночны захад ад курортнага пасёлку Нарач.

Кабыльнік — даўняе мястэчка гістарычнай Ашмяншчыны (частка Віленшчыны).

Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Варыянты назвы ў гістарычных крыніцах: Мядзел Малы, Кабэльнікі, Кабыльнікі. Магчыма, паходзіць ад імя шляхціца Васіля Кабыліна, які згодна з граматай вялікага князя Жыгімонта Старога 12 сьнежня 1522 набыў у князёў Пятра і Андрэя Сьвірскіх маёнтак Жары. У «Літоўскіх епархіяльных ведамасьцях» сустракаецца таксама назва Саснова ў дачыненьні да вёскі Кабыльнікі.

У суседнім Пастаўскім раёне сустракаецца назва вёскі Кабыльнішкі, якой даецца наступнае тлумачэньне [2]: вёска за 36 км на захад ад Паставаў, за 7 км на паўночны захад ад Лынтупаў. Назва паходзіць, верагодна, ад славянскай асновы ::кобь «чары, чараўніцтва». Сустракаецца і слова «кабыльнік» у значэньні «чараўнік, калдун». Магчыма, назва падказвае месца, дзе ў даўнейшыя часы знаходзіліся капішчы або сьвяцілішчы. Можна вывесьці паходжаньне назвы і ад польскага kobylak, што азначае «конскае шчаўе».

У 1964 савецкія ўлады зь невядомых прычынаў зьмянілі назву паселішча на Нарач. У наш час многія местачкоўцы па-ранейшаму ўжываюць гістарычную назву Кабыльнік[3] і змагаюцца за яе вяртаньне ў якасьці афіцыйнай[4].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Упершыню паселішча згадваецца ў XV ст. пад назвай Мядзел Малы (па-лацінску: Medal Minor, па-польску: Medal Mniejszy, Miadzioł Mały). Дадзенае сьцьверджаньне ўпершыню было надрукавана ў кнізе на польскай мове сьвірскага ксяндза Юрыя Жамейця «Сьвір і касьцёл сьвірскі» (1928). Аднак дакумэнтальных пацьверджаньняў пакуль што не існуе.

Мястэчка разьмяшчалася над рэчкай Сырмеж, ад Вільні — 105 км, ад Сьвянцян — 49 км. У 1463 годзе намаганьнямі дэкана сьвірскага Ігнація Расалоўскага быў збудаваны драўляны касьцёл (перабудоўваўся ў 1736 годзе).

11.04.1527 А.М. Свірскі і яго жонка Соф'я прадалі "добры свае дзедзічныя Мядзела і Кабыльнікі" віленскаму ваяводу Альбэрту Гаштольду і яго нашчадкам за 300 коп "вечным правам" (Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыклапедыя. - Мн., 1993; гл. артыкул "Мядзел"). Пазьней Кабыльнік знаходзіўся ў прыватным валоданьні князёў Збараскіх (XVI ст.), Храпавіцкіх (XVII ст.), Казелаў і Абрамовічаў (XVIIІ ст.). Пісар Вялікага Княства Літоўскага Людвік на Бакштах Хамінскі прадаў Кабыльнік кашталяну ашмянскаму Марціну Аскерку. Ад Аскеркаў маёнтак перайшоў ва ўласнасьць Антонія Сьвентаржыцкага.

З 1527 паселішча згадваецца пад назвай Кабыльнік. У выніку адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы (16551656) мястэчка ўвайшло ў склад Ашмянскага павету Віленскага ваяводзтва. Станам на 1641 тут было 19 дамоў. Беларускі гісторык З. Капыскі ў кнізе «Сацыяльна-палітычнае разьвіцьцё гарадоў Беларусі ў XVI — п.п. XVII ст.» адзначае наступнае: « Пра кірмашы ў мястэчках Даўгінаве, Кабыльнікі, куды езьдзілі магілёўскія купцы, паведамляе запіс магістрацкай кнігі Магілёва за 1643 г.» (НГАБ.Ф517, воп.1.,спр.11, арк.603).

Летам 1708 году праз Кабыльнік і Мядзел праходзіў 11-тысячны корпус швэдзкага генэрала Левэнгаўпта ў накірунку Даўгінава (прыбыў на двухтыднёвы пастой 15 жніўня).

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Кабыльнік апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе зрабіўся цэнтрам воласьці Завілейскага (Сьвянцянскага) павету Віленскай губэрні.

Падчас паўстаньня Т. Касьцюшкі ў Кабыльніку месціўся авангард 27-га Завілейскага палка паўстанцаў (генэрал-маёр Ксаверы Зяньковіч, палкоўнік — Чаховіч, падпалкоўнік — Я. Зяньковіч). У хуткім часе ў Кабыльніку былі сканцэнтраваны асноўныя сілы Завілейскага палка ў колькасьці больш за 700 чалавек з трыма гарматамі. Аднак пасьля атакі генэрала Германа, паўстанцы былі вымушаны адступіць да Міхалішак (зьвесткі з допыту падпалкоўніка Я. Зяньковіча ў смаленскай камісіі ад 22 лютага 1795 году).

9 лістапада 1796 года з допыту загадчыка маёнткам Ваўкалаты М. Рэўта: «Допросом же он, Реут, показал, что в российском подданстве не состоит. Мятежник Зинкович был ему знаком потому, что он, сделавшись поветовым генералом Ошмянского повету, приезживал в дом писаря минского Антония Свянторецкого, состоящий в деревне Кобыльниках, в которой он, Реут, находился управителем и выбирал в польскую службу крестьян. А хотя он, Зинкович, и приказывал ему, Реуту, чтоб в Кобыльниках и в его, Зинковича, деревне Веричите положить яду в мед, дабы, когда российские солдаты придут, оным их отравить, но он, Реут, яду нигде не клал, боясь греха, шпионом у него, Зинковича, не бывал, российских курьеров никогда не ловил, но напротив делал им всевозможное пособие и господин его, Свиторецкой, с польскими мятежниками никакого сообщества не имеет, но всегда их удаляется».

У вайну 1812 году ў Кабыльнік 20 чэрвеня ўвайшоў 6-ы пяхотны корпус пад камандаю генэрала Дохтурава, чым завяршылася канцэнтраваньне 1-й расейскай арміі (пад камандаю Барклая-дэ-Толі). У выніку на працягу двух пераходаў яна сабралася пад Сьвянцянамі ў колькасьці 115 тысячаў чалавек.

Станам на 1847 Кабыльнік уваходзіў у склад двух аднайменных маёнткаў. Першая частка мястэчка складалася з 8 двароў і 43 жыхароў і знаходзілася ў валоданьні пана Сьвентаржыцкага. Тут працавалі вадзяны млын і вінакурня (з 1845 году). Таксама, апроч гэтай часткі мястэчка, да першага маёнтку належалі 4 вёскі і 2 засьценкі. Другая частка Кабыльнікаў належала да іншага маёнтку, уладаньня братоў Язэпа і Жыгімонта Шышкаў. Тут было 17 двароў і 105 жыхароў. Таксама да другога маёнтку належала яшчэ адна вёска. У 1847 годзе ў мястэчку пражывала 140 габрэяў.

Падчас паўстаньня Кастуся Каліноўскага (1863) у красавіку каля Кабыльніку прайшоў аддзел паўстанцаў у колькасьці 100 чалавек на чале з Густавам Чаховічам. Месцам для сваёй базы атрад абраў пушчу ля возера Нарач, дзе меў намер злучыцца з паўстанцамі Лявона Чаховіча. Расейскія ўлады наладзілі карныя пошукі. У Кабыльнік прыбылі дзьве роты ляйб-гвардыі грэнадэрскага палка і 15 казакоў на чале з палкоўнікам Розлачам, якія былі накіраваны 12 чэрвеня са Сьвянцянаў па маршруце Камаі — Кабыльнік — Канстанцінава — Міхалішкі — Кемелішкі. Для пакрыцьця стратаў, учыненых паўстаньнем, расейскімі ўладамі на земскае абывацельства быў накладзены шэраг падаткаў і кантрыбуцыяў. У лік маёнткаў, што падлягалі 10% падатку, увайшоў і Кабыльнік. На пана Шышку з Кабыльніку быў налічаны падатак у памеры 218 рублёў 75 капеек. 12 ліпеня а 22:00 са Сьвіры выступіў палкоўнік Чэбышаў з ротай пяхоты і 5 казакамі, маршрут якога пралягаў церазь Сьвітайлішкі — Струнойці — Станьчыкі, Пустэльню, Канстантынова, Барані Рог, Глыбокі Ручай, Кабыльнік, Мельнікі і Баранаўку. Вядома з расейскіх крыніцаў, што ў паўстаньні бралі ўдзел Фэлікс і Ігнацы Пшыемскія з Кабыльніку, Вінцэнты Тамкевіч — шляхціц з маёнтка Кабыльнік.

У 1866 годзе ў мястэчку і на двух фальварках налічвалася 33 дамоў, 370 жыхароў, у тым ліку: 7 праваслаўных, 190 каталікоў, 164 жыдоў, 6 магаметан і 4 стараверы.

Згодна са зьвесткамі «Літоўскіх епархіяльных ведамасьцяў» (18 красавіка 1876 г.) «в с. Соснове, или Кобыльниках» дзейнічаў прыход Георгіеўскай праваслаўнай царквы (1 настаяцель і 1 псаломшчык), да ліку якога адносіліся наступныя вёскі і засьценкі: Саснова, Стрыгалапы, Скорава, Чарэўка, Зялёнка, Краскі, Бядункі, Логвіна, Брэскі, Сярэды, Сіманы, Варанцы, Галубенькі, Лыжычы, Плецяшы, Шмікі, Пішча, Ляшчынская, Шыкрама, Слукі, Рапеха, Пасошка, Чучаліца, Сьвіране, Лопліца, Целякі, Мікольцы, Пасынкі і Падрэзы. Па стану на 17 верасьня 1878 году прыход сасноўскай царквы сьвянцянскага дабрачыньня налічваў 1624 душ абодвух стацяў.

Стары драўляны касьцёл, XIX ст.

Пра колішні выгляд драўлянага касьцёла ў Кабыльніку можам меркаваць па малюнку мастака з маёнтка Каралінова (зараз Пастаўскі раён) Альфрэда Ромэра «Стары касьцёл у Кабыльніках. Павет Сьвянцянскі. 1880 г.» (гл. малюнак). На 1885 у Кабыльніку дзейнічалі касьцёл, царква, багадзельня, сынагога; працавалі 4 крамы, карчма; праводзіліся 5 кірмашоў на год, а таксама таржок у аўторкі.

18 снежня 1890 году ў Кабыльніку нарадзіўся выдатны савецкі пэдагог Ізраэль Ісаакавіч Данюшэўскі(ru).У 1897 годзе ў мястэчку пражываў 591 габрэй (56%). У другой палове рабінам у Кабыльніку быў Шолам-Ар'е Штам, у пачатку ХХ стагодзьдзя - Хаім Любоцкі.

У 1892 адкрылася народная вучэльня (у 1892/1893 навучальным годзе ў ёй навучаліся 59 хлопчыкаў і 2 дзяўчынкі).

На 1903 у мястэчку былі казённая вінная крама, прыёмны пакой, паштовая станцыя на дарозе Камаі — Кабыльнік. Напачатку XX стагодзьдзя ў мястэчку былі млын, рыбаводныя сажалкі ля сядзібна-паркавага комплексу. У 1905—1913 гадох у Кабыльніку працавала вінакурня на паравым рухавіку.

Першая сусветная вайна[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Першую сусьветную вайну ў верасьні 1915 Кабыльнік занялі нямецкія войскі, нямецка-расейскі фронт усталяваўся каля Пасынак (6 км на ўсход ад мястэчка). У панскім маёнтку разьмяшчаўся штаб нямецкага 21-га ўзмоцненага корпусу, у склад якога ўваходзілі 5 дывізіяў і 1 брыгада. Корпус вызначыўся ў нарачанскай бітве ў сакавіку 1916 году. У праваслаўнай царкве месьціўся шпіталь для параненых. Забітых немецкіх і расейскіх жаўнераў хавалі на каталіцкім могільніку на поўнач ад вёскі. Ужо пасьля вайны сярод нямецкіх могілак з бэтоннымі крыжамі быў пабудаваны манумэнт, які быў аздоблены нямецкім арлом з распасьцёртымі крыламі. На барэльефе ёсьць выява мяча і ляўровай веткі, а таксама надпіс па-нямецку: «У гонар і памяць герояў, якія палі за сваю Айчыну. ХХІ армейскі корпус». У гады Другой сусьветнай вайны партызаны спрабавалі скінуць арла, але нічога не атрымалася. Тады яны прастрэлілі арлу адно крыло. Мірнымі жыхарамі і ваеннапалоннымі падчас Першай сусветнай вайны была праведзена вузкакалейка, якая злучала Лынтупы і Кабыльнік, а потым разыходзілася ў двух напрамках — на Паставы і да Мядзельскага возера. Каля мястэчка дзейнічаў нямецкі вайсковы аэрадром. 16 чэрвеня 1916 году згодна са зводкамі стаўкі вярхоўнага галоўнакамандуючага расейскай арміі прыводзяцца наступныя звесткі: «На поўнач ад возера Мядзел прапаршчык Томсан на апараце „Н’юпар“ перасьледваў нямецкі „Альбатрос“ і гнаў яго да м. Кабыльнікі. „Альбатрос“ зьляцеў у накірунку на паўночны захад, а Томсан, абстраляўшы з кулямёта лягер на аэрадроме ў раёне Кабыльнікі, шчасьліва вярнуўся». У фондах Мядзельскага музэю Народнай Славы захоўваюцца ўспаміны жыхара мястэчка Маліноўскага пра Кабыльнік у гады Першай сусьветнай вайны. Паводле ўспамінаў, мясцовыя жыды стварылі дружыну для дапамогі нямецкім жандарам. Захаваўся таксама фотаальбом Кабыльніку часоў першай сусветнай вайны нямецкага фатографа.

Савецка-польская вайна[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1919 у мястэчка ўвайшлі палякі. 12 ліпеня 1920 году паміж Савецкай Расеяй і Летувой была заключана мірная дамова, паводле якой вызначаліся межы паміж краінамі. Мяжа праходзіла па лініі ўмацаваньняў былога расейска-германскага фронту часоў Першай сусьветнай вайны. Паводле дамовы Кабыльнік апынуўся ў складзе Летувы, аднак ўжо 11 ліпеня 1920 году — у мястэчка ўвайшлі кавалерысты 18-й дывізіі 4-й арміі бальшавікоў (г. зв. «першыя Саветы»). Паводле ўспамінаў старажылаў мястэчка, пераважная большасьць кавалерыстаў была азіяцкага паходжаньня і займалася адкрытым рабаваньнем местачкоўцаў.

Польская Рэспубліка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У кастрычніку 1920 Кабыльнік апынуўся ў складзе Сярэдняй Літвы, пазьней — міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе зрабіўся цэнтрам гміны Пастаўскага павету Віленскага ваеводзтва. Станам на 1931 у мястэчку разьмяшчаліся касьцёл, сынагога, царква, цагельня, млын з лесапілкай, аптэка, пажарнае дэпо. Управа Кабыльніцкай гміны разьмяшчалася ў мураваным з цэглы будынку на вуліцы Ю. Пілсудскага. Паліцэйскі пастарунак разьмяшчаўся на перасячэньні вуліцы Пастаўскай і рынкавага пляцу. Паштовае аддзяленьне знаходзілася на вуліцы 3-га траўня. У гонар Юзэфа Пілсудзкага ў межах праекту «100 школ на Віленшчыне» ў Кабыльніку была адчыненая агульнаадукацыйная сяміклясная школа. Школа была драўляная і пабудавана ў выглядзе літары L — на памяць польскіх легіёнаў (даўжыня — 90 м, прыбудова — 40 м, агульная шырыня — 12м). Асяродкам культуры ў мястэчку быў Дом Людовы (на пляцу перад касьцёлам), які меў залю для танцаў і сцэну для тэатральных выступаў. У Доме Людовым таксама дэманстраваліся кінастужкі выязнога кіно. Пры кабыленскай пажарнай добраахвотніцкай дружыне дзейнічаў аркестар, які акрамя травенскіх канцэртаў выступаў на розных дзяржаўных урачыстасьцях.

Значную ролю ў сацыяльна-эканамічным і культурным жыцьці мястэчка адыгрывала грамада габрэяў. Пазней Меер Свірскі ўзгадваў: «Гэта было мястэчка, у якім жыло каля тысячы чалавек, трэцяя частка зь іх - габрэі. Крамы ў большасьці належалі ім, ды і рамесьнікі ў асноўным яны былі. Памятаю, як стаялі тут габрэйскія крамкі і шавецкія майстэрні, працавалі краўцы, кавалі і бляхары. Мы жылі тут па суседзтве зь беларусамі, палякамі, татарамі. Кожны жыў і верыў па-свойму ў таго ж Бога... Гэта быў рай майго дзяцінства».

У мястэчку было вельмі разьвіта прадпрымальніцтва. Па аўторках у мястэчку праводзіліся таргі, раз на месяц — кірмаш. У мястэчку была прыватная гарбарня, дзе апрацоўваліся скуры авечак і цялят для вырабу абутку. Дзейнічала прадпрыемства па апрацоўцы воўны, 2 кузьні, 2-3 сталяркі (у адной вырабляліся нават лыжы), 2 варштаты для рамонту ровараў, майстэрні па вырабу колаў і тавараў з бляхі. Свае паслугі аказвалі прыватны фатограф Аляксандр Дзергач. Для прыёму хворых дзейнічаў кабінэт доктара Дубавецкай і фэльчара Браніслава Шутовіча. Спадар Казакевіч арганізаваў выраб бэтонных кругоў для калодзежаў. У мястэчку працавалі некалькі шаўцоў, краўцоў мужчынскіх і жаночых, дзве цырульні. Працавалі 2 пякарні, 2 мясныя лаўкі, млякарня, 2 рэстараны. Свае паслугі аказвалі крамы па продажы спажывецкіх тавараў і тэкстылю, адна крама з гаспадарчымі таварамі і абуткам.

«Інфармацыйны бюлетэнь» сэкцыі па вывучэньні Заходняй Беларусі пры Інстытуце гісторыі АН БССР у № 12(45) за сьнежань 1936 году паведамляе:

«Нядаўна завершана будаўніцтва дарогі Вільня-Кабыльнікі-Вярэнькі-Паставы. „ІКЦ“ падкрэсьлівае, што гэта дарога мае ня толькі агромністую значнасьць для разьвіцьця дрэваперапрацрўчай прамысловасьці, але і выключна важнае стратэгічнае значэньне, бо яна злучае Вільню з самым вялікім у Польшчы возерам Нарач, і што праз пэўны час гэта шаша злучаць Польшчу з Латвіяй і СССР» («ІКЦ», 5/XII-36 г.).

З прамовы віленскага арцыбіскупа Ялбжыкоўскага на ўрачыстым адкрыцьці апошняга перадваеннага (4-кілямэтровага) адцінку Кабыльнік-возера Нарач.


« Чатыры кілямэтры вузкакалейкі – усьміхнецца паблажліва ці іранічна жыхар сталіцы, слушна ўважаючы вузкакалейныя чыгункі за перажытак мінулага. Але гэта не перажытак на Крэсах Усходніх, дзе брак шляхоў зносінаў адчуваецца вельмі даткліва. Таму ініцыятыва Лігі падтрымкі турызму – арганізацыі, якая ўжо дала Польшчы не адну карысную інвэстыцыю – тут пайшла ў належным кірунку. Нарач – «Віленскае мора» – найбольшае возера Польшчы, цяпер, ад 5 чэрвеня [1937 г.] мае чыгуначную камунікацыю [...]

Дагэтуль «Віленскае мора» было даступнае толькі для людзей загартаваных у цяжкасьцях. Падарожжа з Вільні да Кабыльніку займала каля 10 гадзінаў, таму што гэтыя апошнія 4300 мэтраў трэба было брысьці па бездарожжы. Цяпер зь Вільні трэба ехаць ледзьве 4 гадзіны (уключаючы перасадку ў Лынтупах з “нармальнага” на вузкакалейны цягнік), прычым чыгунка падыходзіць да самага берагу возера, амаль да школьнага лягеру і базы Лігі Марской і Каляніяльнай. Гэтая чыгунка належыць да самых маляўнічых у Польшчы. Некаторыя яе дзялянкі (асабліва каля Ольшэва) жыва нагадваюць Шварцвальд ці Вагезы. Каляіна віецца сэрпантынам па высокім насыпе, сярод густога бору, пераскокваючы празь яры, на дне якіх бягуць імклівыя рачулкі, дзе водзіцца стронга. Апошні адцінак чыгункі з нарачанскім краявідам проста найпрыгажэйшы. Дзеля аднаго гэтага відовішча варта сюды прыехаць. Малы вакзальчык, гарманічна ўпісаны ў навакольнае асяродзьдзе, вытрыманы ў своеасаблівым стылі, а пабудаваны... з вагонных кузаваў, зьмененых да непазнавальнасьці. Далей раскідваюцца амаль 80 квадратных кілямэтраў воднай прасторы, пакрытай яхтамі, катэрамі, лодкамі, байдаркамі [...] Пабудова чыгункі, пад кіраўніцтвам інжынэра Забакліцкага, была скончаная ў рэкордны тэрмін - 3 месяцы. З агульнага бюджэту каля 70 тыс. злотых 60% далo Міністэрства Камунікацыі, а рэшту - Ліга падтрымкі турызму. (Часопіс «Turysta w Polsce», 1937 г.).

»

Незадаволеныя палітыкай апалячваньня жыхары мястэчка стварылі Кабыльніцкую партыйную суполку КПЗБ. У склад суполкі ўваходзілі Аляксандр Каркос, Францішак Сільвановіч, Марцін Падгайскі, Лявон Карпаў, Марыя і Піліп Серада, Юльян Зарэцкі, Ёсіф Тункевіч. Явачнай кватэрай была кватэра мясцовага шаўца Ёсіфа Зданоўскага. Аднак местачкоўцы ня ведалі пра рэпрэсіі ў БССР. Асановіч Адам Ібрагімавіч (нар. у 1893 г.), ураджэнец м. Кабыльнік Віленскай губ., рабочы арцелі «Чырвоны гарбар» (м. Смалявічы) быў асуджаны 02.01.1933 г. тройкай пры ПП АДПУ па БССР на 5 гадоў ППЛ. Рэабілітаваны 26.12.1989 г. У 1937 годзе быў рэпрэсаваны габрэйскі паэт, драматург і празаік Мойша Кульбак, які у адным са сваіх вершаў на габрэйскай мове апісвае мястэчка Кабыльнік падчас адведак свайго дзеда.

Другая сусветная вайна[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

1 верасьня 1939 году пачалася Другая сусьветная вайна. Ураджэнцы гміны ў складзе польскіх узброеных сілаў першымі прынялі на сябе ўдар Нямеччыны. Жыхара мястэчка Часлава Лявіцкага за два тыдні перад нападам немцаў мабілізавалі ў 6-ы пяхотны полк у Вільні. Пасля пачатку вайны дывізію ў складзе 5-га і 6-га віленскіх палкоў, 85-га маладэчанскага і 77 лідзкага палкоў павезьлі чыгункай у Беласток, а потым пешшу адправілі пад памежны горад Пултуск. У кожнага жаўнера была пастаўлена задача забіць па тры нямецкіх салдаты, паколькі немцаў было ў тры разы больш. У глыб Нямеччыны дывізія прасунулася на 15 кілямэтраў. Затым прыйшлося зь цяжкімі баямі адступаць да Седліцаў, дзе дывізія была разьбіта. Трапіў у палон. Вызвалены савецкімі войскамі вясной 1945 году, затым адпраўлены на 5 год на будаўніцтва газапроваду Саратаў-Масква. Прымаў удзел у вайсковых дзеяньнях і яго родны брат - Рышард Лявіцкі, які быў паручнікам у супрацьпаветранай артылерыі (часьць дысьлякавалася ў Парубанку каля Вільні). Пасля вайны Рышард пераехаў жыць у горад Ольштын (Польшча).

19 верасьня 1939 году часткі Чырвонай Арміі перайшлі савецка-польскую мяжу. Частка польскіх вайскоўцаў трапіла ў савецкі палон. У СССР пасля нападу фашысцкай Германіі, пачала з ваеннапалонных фармавацца армія польскага генэрала Андэрса. У шэрагі арміі Андэрса трапіў ураджэнец Кабыльніку Балаш Баляслаў (10.10.1919), ст. улан. Загінуў 17.07.1944 пад Лярэта (Італія).

Тэрыторыя Мядзельшчыны была занята вайскоўцамі 27-й Омскай двойчы Чырвонасьцяжнай стралковай дывізіі. Адзін з удзельнікаў гэтага паходу В. М. Краснапольскі пісаў: «Паход гэты быў сапраўдным трыюмфальным шэсьцем палкоў дывізіі. Ён ішоў празь Лепель, Докшыцы, Кабыльнік, Смаргонь… Насельніцтва сёл, вёсак пагалоўна выходзіла сустракаць байцоў з восеньскімі кветкамі, жанчыны частавалі малаком, яблыкамі, падносілі на расшытых рушніках хлеб-соль. У гарадах успыхвалі стыхійныя мітынгі». За «другімі Саветамі» ў палацы пана Пікутоўскага была арганізавана мясцовая бальніца. Панскі сьвіран выкарыстоўваўся чырвонаармейцамі для разьмяшчэньня свайго гарнізону.

Заходняя Беларусь увайшла ў склад БССР. 12 кастрычніка 1940 году статус Кабыльніка панізілі да вёскі, якая зрабілася цэнтрам сельсавету (28 жніўня 1964 году сельсавет перайменавалі ў Нарачанскі) Мядзельскага раёну Вялейскай20 верасьня 1944 году — Маладэчанскай) вобласьці.

У Кабыльніку распачаліся рэпрэсіі савецкай улады. 17 красавіка 1940 году ў Кабыльніку была выяўлена і абяскоджана «контрарэвалюцыйная паўстанцкая арганізацыя». Сьледчая справа за №66777 была заведзена на 11 жыхароў мястэчка: Пісарэнку Казімера Антонавіча, Шалая Восіпа Антонавіча, Казакевіча Антона Антонавіча, Мажэйку Мечыслава Восіпавіча, Жука Ёсіфа Адамовіча, Жука Івана Адамавіча, Тарулевіча Часлава Канстанцінавіча, Вярбіцкага Франца Феліксавіча, Мураўскага Баляслава Казімеравіча, Збрадыгу Аляксандра Пятровіча і Крыштафовіча Адольфа Францавіча. 30 красавіка 1940 году Тарулевіч Канстанцін Канстанцінавіч зьвярнуўся з заявай на імя пракурора Вілейскай вобласьці ў абарону свайго сына. Пад заявай паставілі свае подпісы яшчэ 50 аднавяскоўцаў. Паводле ўспамінаў Браніслава Мураўскага, яму пашанцавала вызваліцца толькі дзякуючы ўцёкам зь Мядзельскай турмы.

У розны час ад савецкіх рэпрэсіяў пацярпелі і іншыя жыхары Кабыльніка: Аўсюк Антон Мацеевіч (22.02.45), Баркоўскі Баляслаў Восіпавіч (12.04.41), Дзяргач Восіп Восіпавіч (30.04.40), , Касьцюк-Кульгаўчук Аляксандра Паўлаўна (13.12.44), , Мілько Ігнат Сьцяпанавіч (19.07.40), Пляшак Браніслаў Міхалавіч (18.04.40), Позныш Мар’ян Язэпавіч (03.09.40), Сідорскі Саламон (Шлёма) Шэпшэлевіч (21.05.1941), Трацэўскі Эдмунд Мар’янавіч (17.08.40).

У Другую сусьветную вайну, падчас нямецкай акупацыі, тэрыторыя Мядзельскага раёну падзялялася на тры гміны альбо воласьці: Кабыленскую, Мядзельскую, Слабодзкую, што ўвайшлі ў склад Вялейскага гебіту генэральнай акругі Беларусь. У склад Кабыльніцкай воласьці ўваходзіла 219 населеных пунктаў, у склад Мядзельскай — 140, Слабадзкой — 84. Кабыльніцкая воласьць зьяўлялася памежнай з акупаванай немцамі Летувой. Летувіскія паліцаі часьцяком рабавалі мясцовых жыхароў. 20.12.1943 старшыня Кабыленскай воласьці дакладваў: «Спадару начальніку раёну ў Мядзеле. Дакладваю, што на тэрыторыі воласьці Кабыльнік часта прыбываюць летувіскія атрады вэрмахту з Камаяў і Канстантынова (Летува) і несправядліва адбіраюць у насельніцтва гэтай воласьці сельскагаспадарчыя прадукты без расьпісак. Вопіс адабраных у лістападзе і сьнежні 1943 г. сельскагаспадарчых прадуктаў прыкладаю» (Дзяржархіў Менскай вобласьці. Ф. 4223, воп. 1., спр. 6., арк. 6, пераклад з нямецкай).

У часе вайны ў Кабыльніку існавала пачатковая школа зь беларускай мовай навучаньня.

У1941 нямецкімі ўладамі ў Кабыльніку створаны пастарунак паліцыі зь мяшаным нямецка-беларускім складам. Камэндантам Кабыльніку зьяўляўся Лёйтман, які вылучаўся надзвычай жорсткім характарам. Калі ад яго зацяжарыла мясцовая дзяўчына- перакладчыца, загадаў яе расстраляць (паводле законаў Трэцяга райху «арыйцам» забаранялася мець усялякія сувязі зь «неарыйскім» насельніцтвам). Пазьней Лёйтман быў забіты партызанамі і, паколькі ён быў «страхаваны», мясцовыя жыхары чакалі жорсткай расправы з боку нямецкіх уладаў (накшталт расправы ў ваколіцах Міхалішак). Аднак на самалёце прыляцеў бацька Лёйтмана — генэрал — і загадаў не чапаць мірных жыхароў.

У 1942 нацысты канчаткова зьнішчылі мясцовых жыдоў. Ураджэнец Кабыльніку Мэер Сьвірскі ў 1995 годзе ў Ізраілі склаў сьпіс габрэяў Кабыльніку, якія сталі ахвярамі нацысцкага тэрору падчас вайны. Гэты сьпіс пазьней быў надрукаваны ў кнізе «Памяць» Мядзельскага раёну і ў ім зьмяшчаюцца зьвесткі пра 335 местачковых жыдоў. Паводле сьпісу вынікае, што Хаім Лейбавіч Гільман загінуў 13.08.1944 г. на фронце. Зь ліку астатніх 192 габрэі былі зьнішчаны ў самім мястэчку, а астатнія загінулі ў розных куткох Беларусі. Першымі ахвярамі нацыстаў сталі 7 чалавек 02.07.1941, у тым ліку мясцовы цырульнік Сымон Цофнас. 05.10.1941 загінулі 46 чалавек, у тым ліку настаўнік Файфэль Шапіра і рабін Лейб Макоўскі. 21.09.1942 было зьнішчана 118 жыдоў, у тым ліку галоўны рабін Ісаак Машыц і рабін Юда Лейб Айнбіндэр. Перад расстрэлам гэтых габрэяў завялі ў Дом Людовы, дзе загадалі распрануцца і скласці ўсе свае пажыткі, а потым павялі "дарогай смерці" да выкапанай габрэямі пад наглядам паліцыі брацкай магілы. Астатнія загінулі напрацягу 1942 году, прычым 18 зь іх — у ліпені 1942 году. Палітыка знішчэння габрэяў фашыстамі ў гады Другой сусветнай вайны вядома ў гісторыі пад назвай "Халакост".

Улетку 1943 паліцыянты мусілі адыйсьці да Мядзелу, аднак у дарозе на іх напаў аддзел Арміі Краёвай, які зьнішчыў большасьць немцаў, а беларускіх паліцыянтаў адпусьціў або ўлучыў у свае шэрагі. Карыстаючыся гэтым, паселішча захапілі чырвоныя партызаны камандзіра Маркава, якія выгналі жыхароў, а сам Кабыльнік спалілі. Тады ж быў спалены панскі палац. Вядома, што адным з падпальшчыкаў быў партызан Валодзя Крывіцкі, якм пасля вайны пайшоў «у бандыты». Карыстаючыся падтрымкай мясцовых жыхароў, быў няўлоўным барацьбітом з савецкімі органамі ўлады аж да пачатку 50-х гг. Савецкія партызаны падчас вайны вызначыліся таксама тым, што замардавалі кабыленскага ксяндза Паўловіча.

Загінулыя партызаны і мірныя жыхары м. Кабыльнік[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. Буйка Антон Аўгустынавіч, партызан, загінуў у чэрвені 1944;
  2. Карпаў Астафі Лявонцевіч, н. у 1921, расстраляны;
  3. Лях Піліп Васілевіч, н. у 1896, расстраляны;
  4. Місуна Бенядзікт Рыгоравіч, н. у 1896, расстраляны;
  5. Місуна Ядвіга, н. у 1898, расстраляна;
  6. Пазьдзютка Ёсіф Антонавіч, н. у 1897, расстраляны;
  7. Пашкоўская Ганна Антонаўна, н. у 1916, расстраляна;
  8. Рабак Аляксандар Антонавіч, н. у 1919, партызан атраду імя В. І. Чапаева, памёр ад ран 17.01.1944;
  9. Сідарава Яўлампія Арцёмаўна, н. у 1924, расстраляна ў траўні 1943 за сувязь з партызанамі;
  10. Сідараў Арцём Карпавіч, н. у 1891, расстраляны ў траўні 1943 за сувязь з партызанамі;
  11. Чыж Зянон, н. у 1922, павешаны немцамі ў 1943 за сувязь з партызанамі ў мястэчку Кабыльнік.

Франтавікі з Кабыльніка, загінулыя альбо зьніклыя бязь вестак у гады Другой сусьветнай вайны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. Баркоўскі Вацлаў Казімеравіч, н. у 1925, загінуў у 1945;
  2. Варабей Франц Аўгустынавіч, н. у 1924, радавы, загінуў у лютым 1945, пахаваны ў в. Рэдэрышч;
  3. Дзявятнікаў Акім Афанасьевіч, н. у 1929, загінуў у 1945;
  4. Дубінскі Станіслаў Сцяпанавіч, н. у 1926, загінуў 04.02.1942 ў в. Штайнбогвэрт (Нямеччына);
  5. Жук Мікалай Міхайлавіч, н. у 1916, загінуў 21.03.1945, пахаваны ў в. Кацне (Польшча);
  6. Маякоў Васіль Андрэевіч, н. у 1912, загінуў у жніўні 1941;
  7. Скурко Франц Раманавіч, н. у 1923, прапаў бязь вестак у 1945.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па 1944 годзе ў Польшчу выехала частка каталікоў, аднак насельніцтва каталіцкае канфэсіі дагэтуль складае большасьць жыхароў мястэчка. У 1950 годзе ў Ізраілі Ісаакам Горданам было створана Таварыства выхадцаў з Кабыльніку. Тады ў Ізраіль прыбыло каля 30 выхадцаў, яшчэ 16 прыехалі перад вайной. Клопатамі Таварыства ў 1992 годзе былі добраўпарадкаваны габрэйскія могілкі ў Кабыльніку, на брацкай магіле расстраляных габрэяў быў пастаўлены помнік.

У 1947 у вёсцы зьявіліся радыёвузел і сьпіртовы завод; працавалі шпіталь, лясгас, млын, рыбакамбінат. У 1949 утварыўся калгас «Перамога». У Кабыльніку працавалі сукнавальня, хлебапякарня, 3 крамы, лекарскі ўчастак, аптэка, клюб, бібліятэка, пошта, хата-чытальня.

На Кабыльніцкім сьпіртовым заводзе ў 1948 годзе быў наладжаны выпуск безалькагольных напояў, працавала 52 работнікі. У 1990 годзе на тэрыторыі заводу адкрыта крыніца мінэральнай вады з запасам на 25 год. У 1993 годзе адкрыты цэх па выпуску сьпірту-сырцу (50-60 дэкалітраў на год).

Ацалелыя каробкі вялікіх цагляных дамоў, спаленыя ў гады вайны, былі выкарыстаны для масласырнага заводу. З 1951 году прадпрыемства пачало перапрацоўваць малако ў масла, тварог, сьмятану. У 1952 годзе, пры капаньні катлавану пад фундамэнт будынка масласырнага заводу, быў знойдзены грашовы скарб. У гліняным гаршку знаходзіліся сярэбраныя манэты. На неакторых зб іх, па словах сьведак знаходкі, можна было прачытаць імя «Жыгімонт». Такім чынам, скарб можна аднесьці да XVІ — XVII стст.

З 20 студзеня 1961 году вёска знаходзіцца ў складзе Менскай вобласьці. 28 жніўня 1964 савецкія ўлады перайменавалі паселішча на Нарач, вынікам чаго сталася блытаніна з к.п. Нарач або самім возерам Нарач, таму мясцовыя жыхары часьцей карыстаюцца гістарычнай назвай Кабыльнік.

З красавіка 1965 году вёска зьяўлялася цэнтрам саўгасу «Нарач», з 4 верасьня 1991 году — цэнтрам калгасу «Прыазёрны».

Пасля пачатку гарбачоўскай перабудовы актыўна разьвіваецца прадпрымальніцтва. Новым накірункам дзейнасьці для местачкоўцаў стаў аграэкатурызм.

Узнагароды працаўнікоў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ордэнам Працоўнага Чырвонага Сьцяга:

  • Валадкевіч Іван Вільгельмавіч, трактарыст саўгасу «Нарач» (1973)
  • Дуброўскі Войцех Фадзеевіч, трактарыст саўгасу «Нарач» (1975)
  • Жук Рэгіна Міхайлаўна, даярка саўгасу «Нарач» (1975)
  • Маліноўская Юзэфа Мацвееўна, даярка саўгаса «Нарач» (1975)
  • Паздзютка Таццяна Антонаўна, даярка саўгаса «Нарач» (1973)
  • Цэкала Рэгіна Іосіфаўна, настаўніца Нарацкай СШ №1 (1966)
  • Янэль Генадзь Ціханавіч, камбайнер саўгаса «Нарач» (1977)

Ордэнам Дружбы Народаў

  • Юркевіч Рэгіна Эдуардаўна, настаўніца Нарацкай СШ №1

Ордэнам «Знак Пашаны»

  • Каток Тэрэса Уладзіміраўна, свінарка саўгаса «Нарач» (1958),

а таксама вялікім сярэбраным медалём ВДНГ СССР (1958)

  • Куцкевіч Ігнат Браніслававіч, трактарыст саўгасу «Нарач» (1980)
  • Маліноўская Юзэфа Мацьвееўна, даярка саўгасу «Нарач» (1971)
  • Фярковіч Ванда Казімераўна, даярка саўгасу «Нарач» (1977)
  • Фярковіч Мечыслаў Тэлясфоравіч, рабочы саўгасу «Нарач» (1971)
  • Шаблюк Рыгор Ёсіфавіч, дырэктар саўгасу «Нарач» (1973)
  • Шушкевіч Раіса Фёдараўна, рабочая Нарачанскага масласырнага заводу (1986)

Ордэнам Працоўнай Славы 3-й ступені

  • Валеўка Ўладзімер Ёсіфавіч, рабочы Нарачанскага масласырнага заводу (1981)
  • Іёнкіна Рэгіна Мацьвееўна, рабочая Нарачанскага масласырнага заводу (1981)
  • Магільніцкая Тамара Васілеўна, рабочая саўгасу «Нарач» (1986).

Мястэчка на старых фатаздымках[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Інфрастурктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Кабыльніку працуюць сярэдняя і музычная школы, дашкольная ўстанова, лякарня, пункт хуткай мэдычнай дапамогі, аптэка, бібліятэка, дом культуры, аддзяленьне сувязі, банку, комплексны прыёмны пункт бытавога абслугоўваньня насельніцтва, сталоўка, крамы. Таксама ў вёсцы разьмяшчаюцца выканкам сельсавету і праўленьне калгасу.

Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аўтастанцыя, гаспадарчы двор з рамонтнымі майстэрнямі, піларама, жывёлагадоўчая фэрма, Нарачанскі масласырзавод, Нарачанскі завод напояў, мясакамбінат, будаўніча-вытворчае ўпраўленьне «Нарач-прафбуд», склады курорткаапу, лінейны ўчастак

За 2 км на поўдзень і паўднёвы захад ад вёскі разьмяшчаецца радовішча пяшчана-жвіровага матэрыялу.

Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Выдатныя мясьціны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Касьцёл св. Андрэя.

На паўночнай ускраіне мястэчка разьмяшчаецца мураваны нэагатычны касьцёл Сьвятога Андрэя Апостала, збудаваны ў 1901 -1904  гадох. Каля касьцёла месьціцца драўляная званіца, насупраць — парафіяльны дом і кляштар кармэлітаў басых.

Свята-Ільлінская царква

Ля заходняга боку колішняга Рынку (плошчы) знаходзіцца мураваная праваслаўная Ільлінская царква (2-я пал. ХІХ ст.).

На паўночным і ўсходнім бакох плошчы зьберагліся некалькі камяніцаў кан. ХІХ — пач. ХХ стст.

Помнік археалёгіі — курганны могільнік крывічоў і дрыгавічоў ХІ—ХІІ стст.

Страчаная спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Капліца-пахавальня Шышкаў (1836)
  • Сядзіба Сьвентаржэцкіх (XIX ст.). Сядзіба была закладзена прыблізна ў 1840 годзе. Яна ўключала ў сябе палац, парк, гаспадарчы двор, вадзяны млын, сады, бровар. Да нашых дзён захаваўся бровар пабудовы 1845 года і будынак свірна з бутавага каменю. Сядзіба размяшчалася на тэрасе ракі Малінаўка. Цагляны палац быў аднапавярховым з чатырохсхільным вальным дахам. Галоўны ўваход быў аформлены порцікам (адкрытай галерэяй). \порцік утвараўся чатырма масіўнымі калонамі (пілопамі) з трыма аркамі і завяршаўся трохвугольным франтонам. Паводле сведчання Аляксандры Паўлаўны Івановай сюды свабодна заязджалі экіпажы, пасажыраў якіх галерэя ахоўвала ад непагадзі. Пад палацам меўся вялікі склеп для захоўвання бульбы, квашанняў, напояў. Пачынаючы з верасня 1939 года і да прыходу немцаў, у палацы размяшчалася бальніца. У час акупацыі фашысты некоторыя пакоі выкарыстоўвалі пад склад воўны. У 1943 годзе палац быў спалены партызанамі.

Помнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1969 годзе ў Кабыльніку паставілі помнік 20 землякам, якія загінулі ў час Другой сусьветнай вайны, таксама тут знаходзіцца магіла 80 ахвяраў нацысцкіх захопнікаў. На паўночнай ускраіне сучаснай вёскі — пахаваньні 4 чырвонаармейцаў, якія загінулі ў баёх ліпеня 1920 году.

Непадалёк ад вуліцы Пастаўскай знаходзіцца кіркут — жыдоўскія могілкі з памятнай дошкай ахвярам вайны. Далей на правым баку вул. Пастаўскай стаіць безыменны абэліск, які мясцовыя называюць магілай польскіх уланаў, што загінулі ў польска-бальшавіцкай вайне. На каталіцкіх магілках знаходзіцца вялікі помнік з узыходзячым арлом, прысьвечаны нямецкім жаўнерам, якія загінулі ў часы І Сусьветнай вайны, а побач стаяць крыжы іх магілаў.

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вядомыя асобы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Грачанік Міхаіл нарадзіўся ў 1886 годзе ў суседняй вёсцы Швакшты. Навучаўся ў вясковай школе, потым ў Пецярбурзе. Скончыць навучанне перашкодзіла рэвалюцыя. Вярнуўшыся на радзіму, працаваў пры касцёле Св. Андрэя ў Кабыльніку. Паколькі былі праблемы са слыхам, вымушаны быў адчыніць краму. Усе грошы траціў на патрэбы касцёла. Побач з касцёлам пабудаваў будынак на дзве паловы: у адной пражывалі бабулькі, якім патрэбен быў нагляд, а ў другой палове адбываліся культурніцкія мерапрыемствы на рэлігійныя тэмы. У 30-х гадах заснаваў школу ў родных Швакштах, дзе сам працаваў настаўнікам. Пасля прыходу Саветаў краму адабралі, выкладаць у школе забаранілі. Міхал пачаў вырабляць адметныя на ўсё наваколле крыжы. Адзін з самых прыгожых крыжоў з распяццем стаяў на ўездзе ў яго родную вёску Швакшты. На ім быў зроблены біблейскі надпіс: «Даруй ім, Божа, бо не ведаюць, што твораць». Бальшавікі ўбачылі ў гэтым намёк на сябе і крыж знішчылі. Крыжы Грачанік усталёўваў і ў час вайны, і яны маюць сваю гісторыю. Напрыклад, у вёсцы Унукі быў усталяваны крыж, падобны на той, што ў Швакштах. Цікава, што стаіць ён не на ўездзе ў вёску, а пасярэдзіне яе. Тлумачэнне вельмі простае. На Мядзельшчыне ў час фашысцкай акупацыі дзейнічала польскае падполле. Падпольшчыкі ведалі, што крыж стаіць насупраць той хаты, дзе іх прымуць, акажуць неабходную дапамогу, забяспечаць адпачынак. 5 чэрвеня 1949 года яго арыштавалі за антысавецкую агітацыю. Далі 7 гадоў, а ў дадатак яшчэ пяць гадоў паразы ў правах. Вызваліўся Грачанік у 1955-м (рэабілітаваны 22.03.1990 г.). Сын Станіслаў пад уплывам бацькі стаў ксяндзом, служыў у Польшчы ў Беластоцкім ваяводстве.

Пры Польшчы ў Кабыльніку жыў Баляслаў Баркоўскі, які меў прафэсію будаўніка і зьяўляўся начальнікам пажарнай дружыны мясцовых добраахвотнікаў. Падчас Другой сусьветнай вайны трапіў у польскую Армію Андэрса. Пасьля вайны апынуўся ў Аўстраліі. Баляслаў не забываў родныя мясьціны, наведваў Кабыльнік. Пасьля сьмерці загадаў перавезьці свой прах у Беларусь. Пахаваны на мясцовых могілках.

Жыхар мястэчка Кабыльнік Іван Эдуардавіч Валай уратаваў жыцьці местачковым габрэям — сям’і Фрыдманаў і Эфраіму Краўчынскаму. Рызыкуючы ўласным жыцьцём, напярэдадні карнай апэрацыі нямецкіх захопнікаў 21 верасьня 1942 году, прапанаваў ім сховішча: падрыхтаваў адну яму ў стайні, а другую пад сьвірнам. Хаваў іх на працягу 2 месяцаў, прыносіў ім ежу. Эфраім Краўчынскі ў лістападзе 1943 году накіраваўся ў партызанскі атрад, а Фрыдманы перабраліся ў іншае месца. Пасьля вайны Э. Краўчынскі эмігрыраваў у Ізраіль, а Фрыдманы — ў ЗША. Паводле іх хадайніцтва Івану Эдуардавічу Валаю пасьмяротна было прысвоена званьне «Праведнік народаў сьвету». Ганаровую грамату і мэдаль уручыў дачцэ І. Валая Тэрэзе Іванаўне амбасадар Ізраілю ў Беларусі Марцін-Полед-Флэтс.

У 1943 годзе разам зь сям’ёй выехаў з Кабыльніка ў Польшчу Лешак Бэднарчук. Там ён займаўся пытаньнямі філялёгіі, краязнаўства, вызначэньня балцка-славянскай моўнай мяжы. Аўтар сцьверджаньня, што арэал беларускай мовы адпавядаў палітычным межам Вялікага княства Літоўскага. З 1986 году актыўны ўдзельнік штогадовых сустрэчаў вэтэранаў IV і V віленскіх брыгадаў Арміі Краёвай («Шчарбца» і «Лупашкі») у гонар аперацыі «Вострая брама». У 1991 годзе ўвайшоў у склад «Інстытуту Польшча-Ўсход імя генэрала Мацея Сулкевіча». Уласнымі высілкамі паставіў крыж ля возера Белае за Гатавічамі на месцы расстрэлу савецкімі партызанамі 86 польскіх партызан брыгады «Кміцыца» (Армія Краёва). Прафэсар мовазнаўства Пэдагагічнай Акадэміі ў Кракаве, адзін з выдаўцоў пэрыядычнага выданьня «Літуанія». Аўтар навуковых дасьледаваньняў: Bednarczuk L. Wokoł etnogenezy białorusynów. — Acta Baltico-Slavica, 1984, t. 16, s. 33 — 48.; Bednarczuk L. Historyczne i językowe zagadki Halicza. — «Ojczyzna bliższa i dalsza», Kraków, Secesja, 1993; Leszek Bednarczuk — «Studia gramatyczne bułgarsko-polskie», t. VII: «Przewodnik po akademickiej „Gramatyce konfrontatywnej bułgarsko-polskiej“», red. V. Koseska-Toszewa, J. Bałtowa, Warszawa 2003.

У 1928 годзе ў Кабыльніку нарадзіўся краязнаўца Часлаў Каспарэўскі. Скончыў энеэргетычны факультэт політэхнічнага інстытуту ў Менску. Паводле дадзенай спэцыяльнасьці і працаваў пазьней. Практычна ўсё сваё дарослае жыцьцё правёў у Расеі, апошнія дзесяцігодзьдзі — у Санкт-Пецярбурзе. Пасьля выхаду на пэнсію сур’ёзна пачаў займацца пытаньнямі краязнаўства. Крыніцамі для дасьледаваньняў сталі зьвесткі зь бібліятэк Санкт-Пецярбургу, а таксама інфармацыя з родных мясьцінаў. Найбольшую цікавасьць выклікала гісторыя касьцёла ў Кабыльніку і яго аргану. Выказваў меркаваньне, што першапачаткова Кабыльнік разьмяшчаўся бліжэй да сучаснай вёскі Чэхі. На аснове дадзеных тапанімікі Ч.Каспарэўскі выказаў цікавую думку аб існаванні памежжа Полацкага княства, якое ішло па лініі: пойма ракі Вялікі Перакоп (Вялікая Сырая мяжа, апорны пункт в. Вялікая Сырмеж) — пойма ракі Малінаўка (Малая сырая мяжа, апорны пункт в. Малая Сырмеж) — в. Межа-Кабёлка (ад кабёл — межавы слуп са ствала сухога тоўстага дрэва). Магчыма, таму і сучасная вёска Нарач называлася Медэль, Кабёльнік, Кабыльнік.

У Кабыльніку жыў Расьціслаў Лапіцкі, сын мясцовага праваслаўнага сьвятара, які ў 19441949 быў сябрам падпольных беларускіх антысавецкіх арганізацыяў у Кабыльніку, Мядзеле і Смаргонях. У Кабыльніку ён быў арыштаваны ў сьнежні 1949. Таксама ў Кабыльніку нарадзіўся старэйшы брат Расьціслава Алег Лапіцкі, які ў 1940-х займаўся нацыянальнай дзейнасьцю.

З Кабыльніку родам паходзіць прафэсар, доктар геаграфічных навук, грамадзка-палітычны дзеяч Літвы Чэслаў Францавіч Кудаба. Сапраўднае прозвішча Худаба. Нарадзіўся 25 чэрвеня 1932 года ў м. Кабыльнік у сям’і беззямельнага селяніна. Адразу пасля Вялікай Айчыннай вайны Часлаў скончыў прагімназію ў мястэчку Твярачус, а ў 1954 г. — настаўніцкую семінарыю ў Свянцянах. Пасля заканчэння ў 1959 годзе геаграфічнага факультэта Віленскага ўніверсітэта працаваў тут спачатку асістэнтам, потым старшым выкладчыкам. У 1964 г. абараніў дысертацыю кандыдата геаграфічных навук, а ў 1979 г. — доктарскую дысертацыю. У 1974 годзе яму было прысвоена званне прафесара. Пад яго кіраўніцтвам быў створаны геаграфічны атлас Літвы. Прафесар Ч. Ф. Кудаба — аўтар манаграфій «Геаграфічныя падарожжы і адкрыцці» (1977) і «Марэнныя ўзвышшы Літвы» (1983), навукова-папулярных краязнаўчых выданняў «Ваколіцы Ігналіны» (1967), «Там, дзе цячэ Нёмае» (1970), «Узгоркавая Жэмайція» (1972), «Ігналінскі край» (1987), «Узгоркавая Аўкштайція» (1988), «Нёман-Нёман» (1989), «Сем дарог з Варняй» (1993), аўтар тэкстаў да кнігі-альбома «Іду па Літве» (1992). Яго кніга «Па Віліі: падарожныя запісы», выдадзеная ў 1992 г. у Мінску на беларускай мове, прысвечана Беларусі і ўключае гісторыю, этнаграфію, краявіды, культуру, літаратурнае жыццё вёсак, мястэчак і гарадоў, якія мінае р. Вілія. Пяру Часлава Кудабы належыць шмат артыкулаў па пытаннях культуры, прыроды і экалогіі («На таямнічых паваротах Нёмана», «Народжаныя морам і ветрам», «І дрэвы ходзяць», «Прыгожая ты мая», «Мяжа», «Свянцяншчына» і інш.). Яны друкаваліся ў польскім двухтыднёвіку «З па-над Віліі», штоквартальным часопісе «Літва». У калектыўным зборніку «Наш Нёман» (1988) змешчаны нарыс Кудабы «Каля вытокаў крыніцы», у якім аўтар апавядае пра сваё дзяцінства, якое прайшло на Нарачы, пра сваіх продкаў, хараство Нарачанскага краю. Ч. Ф. Кудаба з’яўляўся старшынёй Фонду культуры Літвы (1987—1990), дэпутатам Вярхоўнага Савета Літвы (1990—1992), сігнатарам Акта Незалежнасці. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Літвы 1984 г. і 1993 г. Памёр 19 лютага 1993 г. Пахаваны на вясковых могілках у Карвелішках паблізу Вільні.

У лесьнічоўцы пад Кабыльнікам (урочышча Махава) нарадзілася жонка восьмага прэзыдэнта Польшчы Марыя Качынская. Дачка прэзыдэнцкай пары Марыі і Леха Качынскіх Марта ў сваіх успамінах «Мае бацькі», піша, што яе маці «прыходзіць на сьвет» 21 жніўня 1942 году ў Махаве ў сям’і Чэслава Мацкевіча, лясьнічага, і Лідзіі Пішчакі, настаўніцы. У кнізе Барбары Станіслаўчык «Апошні крык. Ад Катыні да Смаленску — гісторыі трагедыяў і каханьняў» зьмешчана фотаілюстрацыя бацькоў Марыі Мацкевіч з малым дзіцем на руках у маці з подпісам Лідзія і Чэслаў з нованароджанай Марылькай (лесьнічоўка каля Кабыльніка над Нарачам, 1942 г.). Аўтарка піша (у перакладзе з польскай мовы): «Чэслаў жыў каля Кабыльніка над Нарачам у прыгожай драўлянай лесьнічоўцы, пабудаванай перад вайной. Па адным баку дарогі знаходзілася надлясьніцтва, а па другім — лясьніцтва. У ім займаў адзін пакой Чэслаў». Падчас вайны сям’я перабралася да сваёй віленскай радні, а пасьля вайны — у Нядзьвяды Паморскага ваяводзтва (Польшча). Пасьля сканчэньня Вышэйшай эканамічнай школы ў Сопаце на аддзяленьні «замежны гандаль», пачала працаваць ў Марскім інстытуце ў Гданьску, дзе і пазнаёмілася зь Лехам Качыньскім. Загінула 10 красавіка 2010 году падчас катастрофы самалёту «Ту-154» пад Смаленскам разам з мужам, польскай дэлегацыяй і ўсім экіпажам.

Тэрэза Вячаславаўна Таразевіч — 22 гады адпрацавала настаўніцай пачатковых клясаў, потым была дырэктаркай Нарацкай сярэдняй школы №1 (2005—2013 гг.). Пра яе пэдагагічны талент можна прачытаць у кнізе А. Нафрановіча «Сейбіты дабра і мудрасьці. Зборнік нарысаў і вершаў» (Мн., 2007. — С. 146—151). Тэрэза Вячаславаўна наладзіла дзелавое супрацоўніцтва з прэзідэнтам японскай кампаніі «Bellmach CO., LTD» Набу-санам (поўнае імя Nobufumi Kanda), які праз Міністрэрства замежных спраў РБ аказвае спонсарскую дапамогу школе, выдзяляе грашовыя сродкі на правядзенне экскурсій для вучняў школы.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Госкартгеоцентр
  2. ^ Кабыльнішкі
  3. ^ Анатоль Кляшчук. Колькі Нарачаў на Нарачы? // «Зьвязда» № 226 (26834), 18 лістапада 2010.
  4. ^ Вячаслаў Кулік. Вячаслаў Кулік Беларускія вёскі вяртаюць гістарычныя назвы // Радыё «Свабода», 20 жніўня 2006.
  5. ^ Вольга Князева. Нарач // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. С. 278.
  6. ^ Kobylnik // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich(пол.). Tom IV: Kęs — Kutno. — Warszawa, 1883. S. 219.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Памяць: Гісторыка-дакумэнтальная хроніка Мядзельскага раёну. Менск, «Беларуская Энцыклапедыя» імя Петруся Броўкі, 1998. ISBN 985-11-0107-9
  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. — 592 с.: іл. ISBN 985-11-0141-9.
  • Брыль Я. Вячэрняе: Лірычныя запісы і мініяцюры. — Мн., 1994. — С.265.
  • Варанец В. Па Кабыльніку — па старых фотаздымках// Нарачанская зара. — №101-103. — 16 жніўня 2003 г.
  • Высоцкі А. «Кабыльнік — гэта частка мяне» (гутарка з ураджэнцам Кабыльніка Меерам Свірскім)// Нарачанская зара. — №202-204. — 24 снежня 2004 г.
  • Высоцкі А. Краязнаўца з Пецярбурга// Нарачанская зара. — №21-23. — 11лютага 2006 г.
  • Высоцкі А. Пажарныя з Кабыльніка// Нарачанская зара. — №89-91. — 10 чэрвеня 2006 г.
  • Грыбоўскі Ю. Яны загінулі далёка ад Радзімы// Нарачанская зара. - №142-144. - 11 верасня 2004г.
  • Драўніцкі І. Каходасы з Кабыльніка// Нарачанская зара. — №142-144. — 11 верасня 2004 г.
  • Драўніцкі І. Сядзіба ў Кабыльніку// Нарачанская зара. — №110-112. — 17 ліпеня 2004 г.
  • Драўніцкі Я. Яўрэі на Свіршчыне//Нашы карані. Ілюстраваны часопіс краязнаўцаў Паазер’я. — Паставы. — №9. — лістапад 2003 г.
  • Гіль М., Драўніцкі Я. Былыя паркі і сядзібы Паазер’я. Мядзельшчына. — Паставы: «Сумежжа», 2008. — С.41-46.
  • Зямчонак Ю. Марыя Качыньская. Нарачанскі край — радзіма Марыі Качыньскай// Нарачанская зара. — 1 жніўня 2014 г.
  • Котлярчук А. Швэды ў гісторыі й культуры беларусаў. — Менск: Энцыклапедыкс, 2002.
  • Праўрацкі В. Набліжалі дзень вызвалення// Нарачанская зара. — №52. — 8 ліпеня 2000.
  • Чарняўскі М. Пад сацыяльным і нацыянальным прыгнётам// Нарачанская зара. -№107-108. — 8 верасня 1989 года.
  • Якубянец-Чаркоўска Я. Паўстанне 1863 года ў Свянцянскім павеце. — Паставы: «Сумежжа», 2013. — 84С.
  • Копысскій З. Ю. Социально-политическое развитие городов Белоруссии в XVI — п.п. XVII в.". Мн., 1975. -С.12.
  • Kobylnik // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich(пол.). Tom IV: Kęs — Kutno. — Warszawa, 1883. S. 219.
  • Lwow Borys. Zza zakrętu historii. Tragedia Ziemi Naroczańskiej. Wspomnienia własne i zapożyczone. Wroclaw 2000
  • Jerzy Żamejć. Świr i kościół Świrski : krótka historja na pamiątkę konsekracji kościoła, dokonanej przez jego Ekscelencję Księdza Arcybiskupa Romualda Jałbrzykowskiego, metropolitę Wileńskiego, dnia 17 i 18 czerwca 1928 r.
  • Rąkowski Grzegorz. «Smak Kresów 1. Wśród jezior i mszarów Wileńszczyzny» — 2000. ISBN 83-85557-70-9

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]