Казімер Нестар Сапега
| Казімер Нестар Сапега | |
Казімер Нестар Сапега |
|
Герб «Ліс» |
|
| Асабістыя зьвесткі | |
| Нарадзіўся: | 14 лістапада 1757 Берасьце |
| Памёр: | 25 траўня 1798 Вена |
| Род: | Сапегі |
| Бацькі: | Ян Сапега Альжбета з Браніцкіх |
| Жонка: | Ганна з Цэтнэраў |
Казімер Нестар Сапега (польск. Kazimierz Nestor Sapieha; 14 лістапада 1757, Берасьце — 25 траўня 1798, Вена) — дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага, паэт. Генэрал артылерыі войска ВКЛ (1773—1793), маршалак літоўскай канфэдэрацыі Чатырохгадовага Сойму, удзельнік паўстаньня Т. Касьцюшкі (1794).
Зьмест |
Жыцьцяпіс [рэдагаваць]
- 14 лістапада 1757 году нарадзіўся ў Берасьці ў сям’і ваяводы амсьціслаўскага Яна Сапегі і Альжбеты з Браніцкіх. Ягоны бацька памёр праз 8 месяцаў пасьля нараджэньня сына, і выхаваньнем Казімера займаліся маці і ягоны дзядька Францішак Ксавэры Браніцкі. Да 10 год навучаўся ў школе тэатынаў у Варшаве.
- З 1767 па 1772 гады навучаўся ў рыцарскай школе ў Варшаве, пазьней у вайсковай акадэміі ў Турыне, у Парыжы, Страсбургу[1].
- 11 сакавіка 1772 году атрымаў патэнт на палкоўніка артылерыі ВКЛ.
- 28 красавіка 1773 году дзякуючы высілкам дзядзькі атрымаў патэнт генэрала артылерыі ВКЛ.
- З 1773 па 1776 гады быў у падарожжы па Эўропе. У Францыі навучаўся майстэрству артылерыі, праву, філязофіі. У 1776 годзе на загад дзядзькі вярнуўся ў Рэч Паспалітую, хоць сам лічыў, што адукацыю яшчэ не скончыў. Падчас падарожжа вёў дзёньнік.
Дзесьці ў той жа час зрабіўся адным з 6 камандораў Мальтыйскага ордэна. - 13 сьнежня 1776 году атрымаў Ордэн сьвятога Станіслава.
У тым жа годзе спрабаваў паехаць на сойм ад Слонімскага павету. Але ня змог гэтага зрабіць.
- З 1777 па 1781 гады заняткі па эканоміцы і праву з К. Н. Сапегам праводзіў былы езуіт Губэрт Ваўтрын.
- У 1778 годзе абіраўся паслом на сойм ад Берасьцейскага павету дзякуючы падтрымцы караля, але насуперак жаданьням А. Тызэнгаўза. На гэтым сойме К. Н. Сапегу абралі дэпутатам у Вайсковы Дэпартамэнт Пастаяннай Рады.
- 1 студзеня 1779 году атрымаў ордэн Белага Арла.
Яшчэ з 1775 году К. Н. Сапега быў актыўным удзельнікам масонкіх ложаў. Спачатку парыскай ложы «De la Candeur», а пасьля адным са стваральнікаў кракаўскай ложы «Пад трыма шлемамі».
- У 1780 годзе на чарговым сойме (дзе быў паслом) пры падтрымцы караля выставіў сваю кандыдатуру на маршалка Пастаяннай Рады, але прайграў князю Станіславу Панятоўскаму.
- У 1784 годзе ўдзельнічаў у сойме як берасьцейскі пасол, адзін з кіраўнікоў апазыцыйнай партыі.
- У 1786 годзе зноў удзельнічаў у сойме ў той жа якасьці. Яшчэ больш умацаваў свае пазыцыі, як кіраўнік апазыцыйнага руху супраць караля, разам з Ф. Браніцкім і Ш. Патоцкім.
- У 1788 годзе абіраўся паслом на сойм ад Берасьцейскага павету. 7 кастрычніка яго абралі маршалкам літоўскай канфэдэрацыі на сойме. Як літоўскі маршалак часам кіраваў ходам сойму разам з каронным маршалкам С. Малахоўскім, а таксама зьбіраў у сябе дома літоўскія правінцыйныя сэсіі для абмеркаваньня пазыцыі шляхты ВКЛ на сойме.
Казімер Нестар Сапега быў рэкардсмэнам па выступах на сойме. За 4 гады ён браў голас 760 разоў. Пры гэтым меў добрыя аратарскія здольнасьці. Выкарыстоўваў «тэатральныя» моманты: на сойм хадзіў у традыцыйнай вопратцы, адкінуўшы ўсе новыя францускія завядзёнкі, на свае грошы ўтрымліваў «гучкаў» — арбітраў, якія назіралі за хадой сойма з балькона і падтрымлівалі выступленьні Сапегі.
Сьпярша знаходзіўся ў лягеры гетманскай апазыцыі, якая кіравалася ягоным дзядзькам Ф. Браніцкім: выступаў супраць зьнішчэньня Пастаяннай Рады, крытыкаваў караля і прапрускую пазыцыю «патрыётаў». У 1790 годзе актыўна выказваўся супраць спадчыннага трону і абмежаваньня выбарчага права беднай шляхты. Аднак паступова К. Н. Сапега пачаў ўсё шчыльней супрацоўнічаць з каралём і «патрыятычнай» партыяй.
Пра падрыхтаваны праект Канстытуцыі К. Н. Сапега даведаўся толькі 3 траўня на паседжаньні. І хоць, як сам казаў, быў ня згодны зь некаторымі пунктамі дакумэнта, прысягнуў Канстытуцыі разам зь іншымі пасламі.
К. Н. Сапега заўсёды актыўна выступаў у абарону прэрагатываў Вялікага Княства Літоўскага. Асабліва гэта праявілася ў чэрвені — кастрычніку 1791 году, калі пад яго кіраўніцтвам шляхта ВКЛ абараняла свае правы на асобныя скарбовую, паліцэйскую камісіі, а таксама захаваньне Статуту 1588 году. Вынікам гэтага супрацьстаяньня было падпісаньне «Ўзаемных заручынаў абодвух народаў» 21 кастрычніка 1791 году.
- У чэрвені 1792 году выступаў супраць далучэньня караля да Таргавіцкай канфэдэрацыі, але калі гэта адбылося, выехаў з краіны.
- У 1794 годзе актыўна ўдзельнічаў у паўстаньні, зь яго пачаткам праводзіў мабілізацыю ў Львове, Любліне, Берасьці[2]. Аднак пры гэтым адмаўляўся ўзначаліць паўстанцкі рух на Літве. Вызначыўся мужнасьцю пры абароне Вільні 11 жніўня 1794 году, калі артылерыйская батарэя пад яго камандваньнем абараніла Зялёны мост і змусіла непрыяцеля адступіць.
- У 1795—1798 гадох жыў у Вене, дзе і памёр 25 траўня.
Сучасьнікі ўспаміналі пра Казімера Нестара Сапегу як пра балбатуна і п’яніцу, кпілі зь ягонай пыхі і патэнта генэрала артылерыі, які ён атрымаў у 16 год. К. Н. Сапегу абвінавачвалі ў тым, што той выкарыстоўвае дзяржаўныя грошы на свае патрэбы. Аднак пры гэтым К. Н. Сапега карыстаўся вялікай павагай сярод дробнай шляхты за сваё аратарскае майстэрства, шчырасьць і патрыятызм, асабліва ў пытаньнях асобнасьці Вялікага Княства Літоўскага.
Сям’я [рэдагаваць]
У 1784 годзе ажаніўся з Ганнай Цэтнэр, удавой Сангушкі. Аднак у тым жа годзе разыйшоўся. Працэс падзелу маёмасьці цягнуўся да 1788 году. Больш не жаніўся і дзяцей ня меў.
Галерэя [рэдагаваць]
Крыніцы [рэдагаваць]
- ^ Анатоль Грыцкевіч. Сапегі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001.
- ^ Анатоль Грыцкевіч. Сапегі // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 550.
Літаратура [рэдагаваць]
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. ISBN 985-11-0214-8.
- Kądzieła Ł. Kazimierz Nestor Sapieha // Polski Słownik Biograficzny. — W-wa — Kraków, 1994. — S. 53—64.
Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]
Казімер Нестар Сапега — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Нарадзіліся 14 лістапада
- Нарадзіліся ў 1757 годзе
- Асобы па альфабэце
- Памерлі 25 траўня
- Памерлі ў 1798 годзе
- Сапегі
- Генэралы артылерыі літоўскай
- Нарадзіліся ў Берасьці
- Узнагароджаныя ордэнам Белага арла
- Узнагароджаныя ордэнам Сьвятога Станіслава
- Удзельнікі Вялікага Сойму 1788—1792
- Сябры Згуртаваньня прыхільнікаў урадавай канстытуцыі
- Удзельнікі паўстаньня 1794 году
- Памерлі ў Вене