Казімер Сьвёнтак
Казіме́р Сьвёнтак (21 кастрычніка 1914 — 21 ліпеня 2011, Пінск) — кардынал, былы арцыбіскуп-мітрапаліт Менска-Магілёўскі, былы апостальскі адміністратар Пінскае дыяцэзіі, былы старшыня Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі.
Біяграфія [рэдагаваць]
Нарадзіўся ў мястэчку Котвіч (Эстонія). У час першай сусьветнай вайны сям’я эвакуявалася ўглыб Расеі. Бацька загінуў у 1921 годзе ў баях за Вільню. У 1922 сям’я пераехала ў Баранавічы, дзе будучы сьвятар скончыў мясцовую гімназію. Пасьля заканчэньня Вышэйшай духоўнай сэмінарыі імя Тамаша Аквінскага ў Пінску 8 красавіка 1939 Казімер Сьвёнтак атрымаў сакрамэнт сьвятарства з рук біскупа Казімера Букрабы і стаў вікарыем пружанскай парафіі Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі.
Пасьля далучэньня Заходняй Беларусі да БССР 26 верасьня 1939 году быў арыштаваны савецкімі ўладамі за «шпіянаж» і асуджаны на сьмерць, трапіў у Берасьцейскую турму. Пасьля акупацыі Берасьця нямецкімі войскамі ў ходзе Другой сусьветнай у чэрвені 1941 Сьвёнтак быў вызвалены, вярнуўся да сваіх парафіянаў у Пружаны й застаўся зь імі пасьля зыходу немцаў. Ізноў стаў ахвярай сталінскіх рэпрэсій: 17 сьнежня 1944[1] савецкія ўлады арыштавалі яго ў другі раз і засудзілі на 10 гадоў лягераў. Адбываў тэрмін у Комі АССР і Сыбіры: 2 гады ў Марыінску, 7 гадоў у Інце каля Варкуты, рэшту — у сыбірскай тундры.
У чэрвені 1954 Сьвёнтак вярнуўся ў Беларусь, стала асеў у Пінску. Ня быў рэабілітаваны, таму піша ў анкетах, што мае судзімасьць. Меў магчымасьць пераехаць у Польшчу, але застаўся ў Беларусі.
У 1991 Сьвёнтак стаў арцыбіскупам, а ў 1994 Папа Ян Павал II надаў яму годнасьць кардынала-свьвятара з тытулам S. Giuseppe all’Aurelio — першага ў Беларусі пасьля 1798.
27 верасьня 2004 Папа Ян Павал II уручыў яму прэмію «Fidei testis» («Сьведка веры»), прысуджаную Інстытутам Папы Паўла VI з гораду Брэш'я (Італія).
14 чэрвеня 2006 году Папа Бэнэдыкт XVI прыняў прашэньне 91-гадовага кардынала Сьвёнтка аб вызваленьні ад пастырскага кіраўніцтва архідыяцэзіяй. У той жа дзень кардынал пакінуў і пасаду старшыні Канфэрэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, застаўшыся апостальскім адміністратарам Пінскае дыяцэзіі.
19 траўня 2010 году стан здароўя моцна пагоршыўся ў выніку пералому шыйкі сьцягна[2]. 23 траўня 2011 году арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч паведаміў, што стан Казімера Сьвёнтака моцна пагоршыўся. 21 ліпеня 2011 году а 9 гадзіне Казімер Сьвёнтак памёр[3].
| Папярэднік няма |
Арцыбіскуп Менска-Магілёўскі 1991—2006 |
Наступнік Тадэвуш Кандрусевіч |
Крыніцы [рэдагаваць]
Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]
- Артыкул «Вера кардынала» Аркадзя Шанскага ў газэце «Наша Ніва» № 37 ад 8 кастрычніка 2004.
- Перадача на «Радыё Свабода» з нагоды 90-годзьдзя
- Інфармацыя на старонцы «Рыма-каталіцкі Касцёл на Беларусі»
- Інфармацыя на сайце «Catholic Hierarchy»
Казімер Сьвёнтак — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў