Казімер Ягелончык
| Казімер IV польск. Kazimierz Jagiellończyk |
|
| Казімер Ягайлавіч | |
| Вялікі князь літоўскі | |
| Каранацыя | 25 жніўня 1440, Вільня |
| Папярэднік | Жыгімонт Кейстутавіч |
| Наступнік | Аляксандар |
| Кароль польскі | |
| Каранацыя | 25 жніўня 1447, Кракаў |
| Папярэднік | Уладыслаў III Варнэньчык |
| Наступнік | Ян I Ольбрахт |
| Асабістыя зьвесткі | |
| Нарадзіўся | 13 лістапада 1427, Кракаў |
| Памёр | 7 жніўня 1492, Горадня |
| Пахаваны | Вэвэльскі сабор, Кракаў |
| Нашчадкі | Казімер, Ян I Ольбрахт, Аляксандар, Жыгімонт Стары агулам: 13 дзяцей |
| Каралеўскі дом | Ягелоны |
| Дынастыя | Гедымінавічы |
| Жонка | Альжбета Аўстрыйская |
| Бацька | Ягайла |
| Маці | Соф'я Гальшанская |
Казімер IV (Казімер-Андрэй Ягайлавіч; польск. Kazimierz Jagiellończyk; 30 лістапада 1427, Кракаў — 7 чэрвеня 1492, Горадня) — вялікі князь літоўскі (1440—1492), кароль польскі (1447—1492). Малодшы сын Ягайлы і Соф’і Гальшанскай.
Зьмест |
Біяграфія [рэдагаваць]
Вялікім князем Казімера абрала незалежніцкая партыя на чале зь Янам Гаштольдам пасьля забойства Жыгімонта Кейстутавіча ў 1440 годзе, у выніку чаго ліквідавалася дзяржаўная унія з Польшчай[1].
Пры абраньні абяцаў вярнуць у склад Вялікага Княства Літоўскага Валынь і Падольле, захопленыя Польшчай, што пазьней і выканаў. У 1444 годзе вярнуў ад Польшчы ў склад ВКЛ Дарагічынскую зямлю.
Пасьля сьмерці свайго старэйшага брата Ўладзіслава, караля польскага, быў запрошаны на польскую пасаду. Але Казімер доўгі час не пагаджаўся, яго не адпускалі князі і баяры ВКЛ, якія не жадалі нават пэрсанальнай уніі з Польшчай, але пасьля ўсё ж такі пад уплывам маці даў згоду. У чэрвені 1447 году абраны каралём Польшчы, але прысягу даў толькі ў 1453 годзе.
У 1454 Казімер ажаніўся з Альжбетаю, дачкою памёрлага імпэратара Сьвяшчэннай Рымскай імпэрыі Альбэрта II. У Казімера і Альжбеты было трынаццаць дзяцей:
- Уладзіслаў Ягелончык (1456—1516) (з 1471 кароль чэскі)
- Ядвіга Ягелонка (1457—1502)
- Сьв. Казімір (1458—1484)
- Ян I Ольбрахт (1459—1501) (з 1492 кароль польскі)
- Аляксандар Ягелончык (1461—1506)
- Сафія Ягелонка (1464—1512)
- Альжбета (1465—1466)
- Жыгімонт Стары (1467—1548)
- Фрыдэрык Ягелончык (1468—1503) (біскуп кракаўскі, кардынал)
- Альжбета II (1472—1480)
- Ганна Ягелонка (1476—1503)
- Барбара Ягелонка (1478—1534)
- Альжбета III (1483—1517)
Унутраная палітыка [рэдагаваць]
Намагаўся ўмацаваць вялікакняскую ўладу, аднак гэтага не ўдалося, таму мусіў пашырыць правы фэўдалаў і шляхты.
У 1441 годзе здушыў выступ смаленскіх месьцічаў, а ў 1490—1492 гадох выступы сялян на поўдні ВКЛ і Польшчы. У 1471 годзе ліквідаваў удзельныя княствы.
У 1447 годзе выдаў так званы Казіміраў прывілей, якім пашырыў правы фэўдалаў ВКЛ, гарантаваў права ўласнасьці на зямлю, вольны выезд за мяжу, права судзіць залежных ад іх людзей. У прывілеі прадугледжвалася, што зямлю і дзяржаўныя пасады ў ВКЛ маглі атрымліваць толькі мясцовыя фэўдалы. Пры Казіміру вырасла роля дарадчага органа — паноў-рады і ўзмацніўся яе ўплыў на дзейнасьць вялікага князя. У 1457 годзе выдаў прывілей, паводле якога жыхары ВКЛ маглі вольна выязджаць за мяжу, акрамя варожых краін, у тым ліку для набыцьця адукацыі. Надаваў матэрыяльную дапамогу студэнтам зь дзяржаўнага скарбу. У 1468 годзе выдаў Судзебнік — першую спробу кадыфікацыі крымінальнага і працэсуальнага права ВКЛ.
Прадстаўнікі незалежніцкай партыі, незадаволеныя збліжэньнем з Польшчай, у 1480-х гадох зладзілі змову супраць Казімера, але яе выкрылі.
Выданьнем Няшаўскага статута распачаў эпоху палітычнага панаваньня ў Польшчы шляхецкага стану.
Вонкавая палітыка [рэдагаваць]
Пры Казімеры васалам Польшчы зрабілася Мазавецкае княства, было далучанае Асьвяцімскае княства.
У выніку трынаццацігадовай вайны з крыжакамі ў 1454—1466 гадох паводле Торунскай дамовы 1466 году Польшча вярнула Памор’е, атрымала Заходнюю Прусію, а Тэўтонскі ордэн трапіў у васальную залежнасьць. Казімеру давялося амаль штогод адбіваць татарскія наезды.
Станоўча прыняў намеры наўгародзкіх баяр на чале з Марфай Барэцкай далучыць Ноўгарад да ВКЛ, але Іван III пасьля доўгай аблогі захапіў Ноўгарад і жорстка расправіўся з баярамі.
У дынастычнай палітыцы дамогся абраньня свайго старэйшага сына Ўладзіслава каралём Чэхіі, а потым і Вугоршчыны[2].
Ацэнкі [рэдагаваць]
Паводле меркаваньня летувіскіх дасьледнікаў, быў апошнім вялікім князем, які валодаў летувіскаю моваю[3].
Галерэя [рэдагаваць]
Крыніцы [рэдагаваць]
- ^ Анатоль Грыцкевіч. Казімір IV // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 14.
- ^ Анатоль Грыцкевіч. Казімір IV // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 15.
- ^ Steponas Maculevičius, Doloresa Baltrušiene. Znajomość z Litwą. Księga tysiąclecia. Tom pierwszy. Państwo. — Kaunas: Kraštotvarka, 1999. ISBN 9986-892-34-1. — S. 114.
Літаратура [рэдагаваць]
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. — 432 с.: іл. ISBN 985-11-0041-2.
- Kazimir IV // Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London: Scarecrow Press, 1998.— 338 p. ISBN 0-8108-3449-9.
Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]
Казімер Ягелончык — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
|
||||||||||