Казімер Сваяк
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Казіме́р Свая́к (сапраўднае імя: Кастусь Стаповіч) (19 лютага 1890, вёска Барані Сьвянцянскага павету Віленскае губэрні - 16 траўня 1926, Вільня) – беларускі каталіцкі сьвятар, нацыянальны дзеяч, паэт. Брат Альбіна Стаповіча.
[рэдагаваць] Бiяграфiя
У 1905 годзе скончыў пачатковую і Сьвянцянскую павятовую школы. У 1906 – 1907 жыў у Вільні дзе пазнаёміўся з “Нашай Нівай”. У 1908 паступіў у Пецярбургскую духоўную сэмінарыю. У 1912 захварэў на сухоты, у тым жа годзе напісаў першы верш “На імяніны майго пробашча”. Зіму 1912-1913 правёў на курорце ў Закапанэ. У 1913 у газэце “Беларус” друкуюцца яго творы. З-за хваробы толькі вясной 1915 быў высьвечаны на ксяндза ў Петраградзе з рук біскупа Цепляка і атрымлівае прызначэньне вікарыем у Камайскі касьцёл. Неўзабаве, к вялікай радасьці К. Стаповіча, яго пераводзяць у Клюшчаны, што побач Баранёў, 19 чэрвеня 1915 газэта “Беларус” зьмясьціла віншаваньне ксяндзу Стаповічу з нагоды яго прыміцыі ад жыхароў Клюшчан.
У Клюшчанах К. Стаповіч стварыў хор, у якім, паводле зьвестак Я. Драўніцкага, сьпявалі хлопцы і дзяўчаты з Вялікай Казаноўшчыны, Будрань, Пятрашышак, Кісялёў, некаторыя нават з Трашчан. У самаго К. Стаповіча быў добры слых і лірычны тэнар, ён добра граў на скрыпцы, а смычком дырыжыраваў. З хорам ён развучваў не толькі рэлігійныя, але і народныя беларускія песьні: “Чырвона каліначка”, “Гусі”, “Зялёны дубочак”, “Салавейка”. Першае казаньне на беларускай мове прагучала ў Клюшчанскім касьцёле 21 лістапада 1915 году.
У Клюшчанах узнік нелегальны гурток “Хаўрус Сваякоў”, галоўнай задачай якога зьяўлялася самаадукацыя на аснове хрысьціянскай этыкі. Тут рыхтавалі й чыталі рэфэраты, ладзілі канцэртна-дэклямацыйныя сходы, арганізоўвалі прадстаўленьні (для пастаноўкі выкарыстоўваліся найчасьцей п’есы самаго Сваяка), народныя бібліятэкі. У Клюшчанскай акрузе намаганьнямі К. Стаповіча было адкрыта сем школ. Адна зь іх – бараньская – разьмяшчалася ў бацькоўскай хаце – займала яе палову, потым, калі стала цесна, перайшла да суседа – Вітаўта Буйкі. Не хапала настаўнікаў – К. Стаповіч адкрыў курсы па іх падрыхтоўцы. Падручнікі, школьныя прылады ён таксама прывозіў зь Вільні, часта – набытыя за ўласныя грошы. У канцы 1916 за беларусізацыю касьцёла К. Стаповіча пераводзяць на Беласточчыну (Карыціна). Дзе ён таксама спрабаваў увесьці беларускую мову ў касьцёле, але гэта было адразу забаронена мясцовым пробашчам.
У 1917-1919 хварэў, зноў паехаў у Закапанэ дзе адначасова працаваў капеланам кліматычнага шпіталя. У ліпені 1919 сабраўся дадому, у Клюшчаны. Па дарозе заехаў да сябра – ксяндза Я. Германовіча (Вінцук Адважны) у Лапеніцу, што пад Ваўкавыскам. Там К. Стаповіч выступаў з казаньнямі па-беларуску, прычыніўся да арганізацыі школ. У выніку зьявіўся пратэст, падпісаны мясцовымі ксяндзамі, супраць ўжываньня беларускай мовы ў касьцёле.
Узімку 1919-1920 – зноў у Закапанэ. З гэтага часу яго творы – вершы, апавяданьні, эсэ, філязофскія эцюды, гумарэскі, публіцыстычныя артыкулы рэлігійнага і літаратурна-крытычнага зьместу, у т.л. нарыс пра Ф. Багушэвіча, нататку пра аповесьць "Дзьве душы" М. Гарэцкага, пачынаюць друкаваць ў віленскіх беларускіх пэрыядычных выданьнях. З Закапанэ прыехаў у Пабродзе, дзе закончыў пісаць навуковую працу аб уніі на Беларусі для рэдакцыі “Крыніцы”. Калі пачалася савецка-польская вайна, К. Стаповіч пераязджае з Пабродзя ў Клюшчаны, дзе падчас прыходу Чырвонай арміі заступае ўцёклага пробашча, а таксама і пробашча ў Буйвідзях.
У канцы 1920 К. Стаповіч атрымлівае разьмеркаваньне ў Засьвір, дзе служыў ў напаўразбураным кармяліцкім саборы, пераробленым пасьля паўстаньня 1863 году ў праваслаўную царкву. К. Стаповіч стаў першым пробашчам пасьля аднаўленьня касьцёла, тоўстыя і вільготныя сьцены будынка былі шкоднымі для яго здароўя. З-за даносу недобразычліўцаў хутка К. Стаповічу было забаронена служыць на беларускай мове, нават уладамі быў учынены ператрус, з мэтаю знайсьці беларускамоўную літаратуру.
У Засьвір К. Стаповіча прыяджаў мастак Ракіцкі, сябра “Хаўрусу Сваякоў”, які намаляваў абраз сьвятога Язафата Кунцэвіча для галоўнага алтара. У гонар сьвятога Язафата К. Стаповіч устанавіў у парафіі 16 лістапада фэст. Таксама прыяджаў кс. В. Гадлеўскі з Жодзішак, які рабіў казаньні па-беларуску. Бываў мастак і пісьменьнік Язэп Драздовіч, яны з К. Стаповічам абмяркоўвалі тэмы беларускага мастацтва, літаратуры, гісторыі, беларускага адраджэньня, Драздовіч падарыў Стаповічу некалькі абразоў. Заяджаў Людовік Хамінскі.
Восеньню 1922 стан здароўся К. Стаповіча пагаршаецца. Восень 1923 – вясну 1924 зноў правёў у Закапанэ. Вяртаецца ў Засьвір, але хварэе. У 1924 у Вільні выходзіць зборнік паэзіі Казімера Сваяка “Мая Ліра”, зборнік аб’яднаў самыя розныя творы Сваяка: вершы-медытацыі, і вершы–звароты да Бога, вершы–імпрэсіі і вершы ў прозе, балады і жартаўлівыя прыпеўкі, вершы на евангельскія сюжэты. Зіма 1924-1925 – зноў Закапанэ, але стан здароўя пагаршаецца, зімой 1926 К. Стаповіч нават думае што памрэ на чужыне, некалькі разоў просіць брата Альбіна і кс. Адама Станкевіча забраць яго з Закапанэ. Урэшце кс. А. Станкевіч паехаў за ім, у К. Стаповіча нават зьявілася надзея што на радзіме ў Клюшчанах ён выздаравее, але з цягніка ў Вільні яго давялося выносіць ужо на руках.
Паміраў ён у Вільні, у шпіталі, пры сьмерці быў пры ім ксёндз Адам Станкевіч. Памёр 6 траўня, 7 траўня цела перавезлі ў касьцёл сьвятога Мікалая. Там сабралася ўсё віленскае беларускае грамадзтва. Прамову меў ксёндз Адам Станкевіч.
К. Стаповіч прасіў у сяброў, каб яго пахавалі ў Клюшчанах – ён даўно выбраў сабе месца, але пахавалі яго ў Вільні на могілках Роса, непадалёк ад магілы Чурлёніса. Хор Віленскай беларускай гімназіі сьпяваў беларускія рэлігійныя песьні. Згодна з жаданьнем, выказаным у тастамэнце, над магілай прагучалі ўсе тры мовы: кс. Гадлеўскі – па-беларуску, кс. Рэпаць – па-польску, кс. Чыбірас – па-летувіску. На адкрыцьцё помніка К. Стаповічу ў Вільню за 85 км прыйшла вялікая група моладзі з Клюшчан.
У 1990 А. Мальдзіс падчас візыту ў Ватыкан пры размове з папам унёс прапанову прылічыць Кастуся Стаповіча да ліку блаславёных.
[рэдагаваць] Творчасьць
Друкаваўся з 1913 ("Беларус"). Аўтар зборніка вершаў "Мая ліра" (Вільня, 1924), вершаванага апавяданьня "Чарку дай, браце" (Вільня, 1926). Выступаў як публіцыст, пісаў драматычныя творы. Асобнымі выданьнямі выйшлі "Янка Канцавы" (Вільня, 1920, 1924), "Купальле" (Вільня, 1930). Напісаў філязофскі дзёньнік "Дзея маёй мысьлі, сэрца й волі" й "Аўтабіяграфію".

