Каледжы аб'яднанага сьвету
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Каледжы аб’яднанага сьвету (КАС), Каледжы міжнароднай супольнасьці (па-ангельску: United World Colleges, UWC)[1] — група навучальных установаў у розных краінах, якія сваёй галоўнай мэтай лічаць развіцьцё ўзаемаразуменьня паміж народамі праз адукацыю. Прыём навучэнцаў зь Беларусі — з 1994.
Зьмест |
[рэдагаваць] Асноўныя зьвесткі
У большасьць каледжаў міжнароднай супольнасьці прымаюцца навучэнцы, якія маюць 16—17 гадоў, па конкурсе, тэрмін навучаньня — 2 гады. Навучаньне вядзецца па праграме міжнароднага бакалаўрата (па-ангельску: International Baccalaureate, IB). Выпускнікі атрымліваюць дыплём, які прызнаецца болей чым у 130 краінах, і зь ім могуць паступаць у вышэйшыя навучальныя ўстановы.
Ініцыятарам заснаваньня першага каледжу быў нямецкі пэдагог і грамадзкі дзеяч Курт Хан. Цяпер працуюць 12 такіх каледжаў (2009). Нацыянальныя камітэты, якія іх прадстаўляюць, дзейнічаюць болей чым у 120 краінах, адкуль вядзецца прыём навучэнцаў. Каледжы, іх выпускнікі, нацыянальныя камітэты і іншыя арганізацыі і асобы, якія маюць дачыненьне да каледжаў, складаюць сусьветны рух Каледжаў міжнароднай супольнасьці (па-ангельску: UWC International). Старшыня руху з 1995 — Нур, каралева Ярданіі.
[рэдагаваць] Каледжы
- Атлянтычны каледж аб’яднанага сьвету — г. Ланілцід-Ваўр, графства Бро-Морганвг, Княства Камры (на валійскай мове); г. Лантуіт-Мэйджар, графства Вэйл-оф-Гламорган, Княства Уэльс (ангельская мова), Вялікабрытанія, заснаваны ў 1962.
- Каледж аб’яднанага сьвету ў Паднёва-Ўсходняй Азіі — Сынгапур, 1971.
- Ціхаакіянскі каледж аб’яднанага сьвету імя Л. Б. Пірсана — г. Вікторыя, правінцыя Брытанская Калюмбія, Канада, 1974.
- Паўднёваафрыканскі каледж аб’яднанага сьвету — г. Мбабанэ, Свазілэнд, заснаваны ў 1963, статус КАС з 1981.
- Заходнеамэрыканскі каледж аб’яднанага сьвету імя А. Хамэра — г. Мантэсума, акруга Сан-Мігель, штат Нью-Мэксыка, ЗША, 1982.
- Адрыятычны каледж аб’яднанага сьвету — г. Дуіно, камуна Дуіно-Аўрысіна, правінцыя Трыест, рэгіён Фрыулі-Вэнэцыя-Джулія, Італія, 1982.
- Сельскагаспадарчы каледж аб’яднанага сьвету імя С. Балівара — г. Барынас, штат Барынас, Вэнэсуэла, заснаваны ў 1986, статус з 1987.
- Каледж аб'яднанага сьвету «Лі По Чун» — г. Ганконг, Кітай, 1992.
- Паўночны каледж аб’яднанага сьвету Чырвонага Крыжа — в. Флеке, камуна Фьялер, фюльке Сагн-ог-Фьюране, Нарвэгія, 1995.
- Каледж аб’яднанага сьвету «Махіндра» — в. Хубавалі, талука Мульшы, акруга Пуна, штат Махараштра, Індыя, 1997.
- Каледж аб’яднанага сьвету ў Коста-Рыке — г. Санта-Ана, правінцыя Сан-Хасэ, Коста-Рыка, заснаваны ў 2000, статус з 2006.
- Каледж аб’яднанага сьвету ў Мостары — г. Мостар, кантон Герцагавіна-Нерэтва, Фэдэрацыя Босьнія і Герцагавіна, Босьнія і Герцагавіна, 2006.
- Каледж аб’яднанага сьвету ў Маастрыхце — г. Маастрыхт, правінцыя Лімбург, Нідэрлянды, адкрыцьцё ў жніўні 2009.
[рэдагаваць] Вядомыя выпускнікі
Сярод выпускнікоў каледжаў — дзяржаўныя, грамадзкія, навуковыя і іншыя дзеячы, напрыклад:
- Хакім Бело-Осаг — старшыня праўленьня Аб’яднанага банка Афрыкі, Нігерыя
- Вільлем-Аляксандар — прынц Аранскі, Нідэрлянды
- Аляксандар Дуглас — дзяржаўны сакратар па міжнародным развіцьці, Вялікабрытанія
- Ян Кхама — прэзыдэнт Батсваны
- Ёрма Оліла — старшыня праўленьня кампаніі «Нокія», Фінляндыя
- Джулія Паетэ — канадзкі астранаўт
- Паўлас — крон-прынц Грэцыі і Даніі
- Рая бін аль-Хусэйн — прынцэса Ярданіі
- Ліндзіве Сісулу — міністр абароны Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі
- Ленэ Фэльтман Эспэрсэн — міністар эканомікі Даніі
[рэдагаваць] Крыніцы і заўвагі
- ^ Міжнародная назва: United World Colleges — «Каледжы аб’яднанага сьвету», у Беларусі выкарыстоўваецца таксама найменьне «Каледжы міжнароднай супольнасьці»
[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі
- UWC Official Website (анг.)
- Жительница Светлогорска окончила индийский колледж (рас.) // Белорусская деловая газета, 18 верасьня 2002.
- Раманцоў В. Амерыканскі дыплом для нашай зямлячкі // Гомельская праўда, 15 ліпеня 2004, С. 5.
- Белоруска заняла III-е место на международном турнире по «Дебатам» (рас.) // БелаПАН, 8 студзеня 2009.
- Маслюкоў Т. У міжнародныя каледжы прыняты новыя навучэнцы з Беларусі // 1 траўня 2009.
- Беларусы ў найдаражэйшых каледжах ЗША. Адкуль грошы? // Радыё Свабода. 6 жніўня 2009.
