Каляды (сьвята)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Каля́ды, Каляда́ — дахрысьціянскае сьвята, зьвязанае з пэрыядам зімовага сонцастаяньня. З усталяваньнем хрысьціянства было прымеркаванае да сьвятаў Раства Хрыстовага і Вадохрышча.

Каляды працягваюцца з 24 сьнежня па 6 студзеня (з 6 па 19 студзеня па старым стылі), ахопліваючы тры сьвяты: Раство, Новы год і Хрышчэньне. Да кожнага з гэтых сьвятаў гатавалася абавязковая рытуальная ежа — куцьця — каша з тоўчаных ячменных крупаў. Перад першым сьвяточным днём спраўляецца посная (вялікая) куцьця; багатая (тоўстая, шчодрая) зь мяснымі стравамі — у вечар перад Новым годам; посная (галодная, вадзяная) — перад Вадохрышчам. На ўсе тры куцьці каша варылася ў адным гаршчку і з аднолькавай колькасці крупаў. Звараная каша да заходу сонца ставілася на покуці (адсюль і яе назва — «куцьця») на сена і накрывалася хлебам. Каштаваць яе забаранялася ня толькі да пачатку вячэры, але і ў час гатаваньня.

Зьмест

[рэдагаваць] Час сьвяткаваньня Калядаў

У мінулыя часы сьвяткаваньне Калядаў мела дакладную прымеркаванасьць да руху сонца па небасхіле. Вядома,што на перыяд з 18 па 23 сьнежня ў прыродзе ўсталёўвалася незвычайная раўнавага. Ноч, усеагульнае панаваньне якой пачыналася з 21 верасьня (з восеньскага раўнадзенства), пераставала павялічвацца,і на працягу гэтых 5 дзён захоўвалася хоць і напружаная ,але ўсё ж раўнавага. І толькі ў ноч з 24 на 25 сьнежня сьвятло атрымлівала першую прыкметную перамогу- дзень паступова пачынаў павялічвацца. Такім чынам ,пачатак Калядаў быў цесна зьвязаны з зімовым сонцастаяньнем,якое і з'яўляецца ,прыродай апасродкаваным , пачаткам Новага года.

[рэдагаваць] Сьвяткаваньне

Першая вячэра (6-7 студзеня), што мела назву «Поснай» цi «Вялiкай Куцьцi» — гэта канец шасьцітыднёвага Піліпаўскага посту, пачатак сьвяточных дзён і вечароў. Напярэдадні Калядаў з самай раніцы ў кожнай хаце старанна прыбіраліся, уся сям’я мылася, а пасьля пачыналі гатаваць вячэру. За стол сядалі, як толькі на небе зьяўлялася першая зорка. У гэтым звычаі адлюстраваліся вядомыя хрысьціянскія ўяўленьні аб цудоўнай зорцы, якая паказвала вандроўнікам шлях да месца, дзе нарадзіўся Ісус Хрыстос. Пад абрус на сьвяточны стол абавязкова падкладалі сена, што асэнсоўвалася як напамін аб тым, што Ісус адразу пасьля нараджэньня быў пакладзены на сена ў ясьлях. Збожжа, прызначанае для сяўбы, ставiлi ў рэшаце на покуць, дзеля павышэння ўрадлiвасьцi. Гаспадар запрашаў за святочны стол Дзядоў, чыя прысутнасць была гарантам жыццёвае стабiльнасцi ўсяго роду. Сьвяточная вячэра складалася з 12 страваў. Перш чым пачаць вячэру, гаспадар браў гаршчок з куцьцёй і тройчы абыходзіў хату, затым стукаў у акно, а жонка з хаты пыталася: «Хто там стукае?» Гаспадар адказваў: «Сам Бог стукае зь цёплай, мокрай вясною, з гарачым небурлівым летам, з сухой і багатай восеньню.» Жонка павінна была адказаць: «Просім дахаты.» На першую куцьцю імкнуліся не хадзіць у чужыя хаты з-за прыкметы, што жывёла сыдзе са двара і прападзе. Менавiта Куцця i сымбалiзуе калектыўную (сямейную) долю (дабрабыт, шчасце), i таму пакаштаваць яе мусiў кожны. Дзеля павелiчэння прыплоду i ўдойнасьцi рэшту куцьцi давалi свойскай жывёле.

Вечар напярэдадні Новага года (з 13 на 14 студзеня) называецца «шчодрым», «ласым». Гэтую назву сьвята атрымала ад шчодрай куцьці. Яшчэ загадзя гаспадар бiў кормную сьвiньню, «каб Каляда ня гневалася да дала на ўсё добры ўраджай, а на гавядо харошы прыплод». Сьвiньня, якая выступала ў якасьцi ахвяры Багом у старажытных грэкаў, рымлянаў, германцаў ды кельтаў, захавала гэтае значэньне i ў беларусаў. На стол ставілі смажаныя каўбасы, сьвежаніну, сыр, яечню, бліны з верашчакай. У цэнтры навагодняй абрадавай ежы знаходзілася мяса сьвіньні, якая з-за сваёй пладавітасьці ўспрымалася, як сімвал урадлівасьці. Для таго, каб куры несьліся дома, а не на чужых дварах, пасьля сьвяточнай вячэры прыносілі ў хату абруч, выкладвалі ў яго рэшткі вячэры і кармілі ў гэтым абручы курэй. Сустрэча Новага года абавязкова суправаджалася шчадраваньнем. Цэнтральнай дзеючай асобай шчадроўнага гурту была «каза» — жвавы, здатны да танцаў хлопец, апрануты ў вывернуты кажух. Ён трымаў у руках зробленую з дрэва або з паперы галаву казы. «Казу» суправаджаў павадыр, які павінен быў умець складна гаварыць. У гурт таксама ўваходзілі музыканты, механошы, песеннікі, якія падтрымлівалі галоўных дзеючых асобаў.

Трэцяя, «Посная», «Вадзяная» Каляда (18-19 студзеня), супадае з Вадохрышчам. Менавіта ў памяць аб Хрышчэньні Ісуса Хрыста ў водах Ярдану ўстаноўлена гэта сьвята. Сьвяточная вячэра складалася з няцотнай колькасьці посных страваў. У хрысьціянскім сьвеце на Хрышчэньне знайшлі адбітак старажытныя вераваньні ў магію вады. Апоўначы гаспадыні хадзілі на рэчку ці на возера і чэрпалі ваду, якую пасьля захоўвалі, як гаючую. На Хрышчэньне хадзілі ў царкву і імкнуліся як мага хутчэй вярнуцца дадому — тады ўраджай гаспадар зьбярэ першым. Сена, на якім на працягу Калядаў стаяла куцьця, паступова аддавалі хатняй жывёле, як ахоўны сродак ад хваробаў і ад шкоднага ўплыву ведзьмаў. У некаторых вёсках на Хрышчэньне на рэчцы выраблялі са сьнегу і лёду вялікі крыж, які спачатку палівалі вадой, а потым — бураковым расолам, каб ён набыў чырвоны колер. Побач знаходзілася вялікая бочка з вадой, якую асьвячаў сьвятар.

У гэты дзень выконваўся таксама абрад «запісваньня Каляды», мэтай якога была засцярога дома, усёй гаспадаркі ад ўздзеяньня нячыстай сілы. Дзеля гэтага гаспадар вынімаў з печы гаршчок з куцьцёй, ставіў у ім зроблены з лучыны крыж, які на другі дзень апускаўся ў ваду. Вечарам гаспадар, узяўшы першы блінец ці верх куцьці, абыходзіў усе свае будынкі і маляваў на сценах крыжы крэдай.

На працягу ўсіх Калядаў забаранялася займацца г. зв. «крывымi» працамi (шыць, віць, плесьці, рабіць крывога і колападобнага, сячы сякераю), іначай, казалі, дзеці і жывёла, якія павінны зьявіцца на сьвет, абазязкова народзяцца «крывыя», пакалечаныя. Скрайне непажадана было пазычыць што-небудзь з хаты, асаблiва агонь, хлеб, дзяжу — гэта магло прывесьцi да нястачы ў гаспадарцы. З другога боку, лiчылася, што той, хто першы на Каляды пойдзе па ваду, будзе здаравейшы за ўсiх, а калi сьвiньням на першы дзень пасьля Куцьцi кiнуць у вочы сьнегу — iх нiхто ня зможа сурочыць на працягу году.

[рэдагаваць] Калядаваньне

Увечары моладзь і дзеці апраналіся ў цыганоў, «казу» (апранаючы навыварат кажух, маску казы), ды вадзілі па хатах. Акрамя «казы» вадзілі «мядзьведзя», «кабылку». На Палесьсі хадзілі калядаваць са «звяздой» — зоркай на кіі. Зорку абцягвалі белай тканінай, у сярэдзіне гарела зьнічка.

Пераапранутыя калядоўнікі спыняліся ля кожнага двара ў чаканьні, калі гаспадар запросіць іх у хату. Сьпявалі песні, скакалі пад скрыпачку і бубен. За гэта атрымлівалі пачастункі (сала, каўбасу), а таксама грошы. Гэта складвалася ў торбу, якая ад двара да двара рабілася цяжэйшаю.

[рэдагаваць] Беларускія калядкі

[рэдагаваць] Варажба

[рэдагаваць] Этымалёгія

  • Ад агульнаславянскага «кола»
  • Славянскі бог зімы — Каляда
  • Ад лацінскага слова «календы» (першы дзень кожнага месяцу ў рымскім календары)

[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі

  • Каляды. Электронная энцыкляпэдыя slounik.org. Праверана 7 студзеня 2010 г.
  • Каляды Хрыстова Народны каляндар. Клюб «Спадчына». Праверана 7 студзеня 2010 г.
  • Г. Шнэйдэр Так святкавалі нашы дзяды. дзятлаўская раённая газета «Перамога». Праверана 7 студзеня 2010 г.
  • Уладзімер Лобач (8 красавіка 2008) «Ішла Каляда, калядуючы». Цэнтар этнакасмалёгіі «Крыўя». Праверана 7 студзеня 2010 г.
Асабістыя прылады
Прасторы назваў

Варыянты
Дзеяньні
Навігацыя
Удзел
Інструмэнты
На іншых мовах