Калярымэтры ў фізыцы высокіх энэргіяў
Калярымэтры ў фізыцы высокіх энэргіяў — існуе дзьве асноўныя сыстэмы клясыфікацыі калярымэтраў: па геамэтрыі асяродзьдзя дэтэктаваньня й па відзе дэтэктуемых элемэнтарных часьцінак. Паводле клясыфікацыі, па геамэтрыі асяродзьдзя калярымэтры бываюць гамагенныя (аднастайныя) і гетэрагенныя (самплінг-калярымэтры). Па відзе дэтэктуемых часьцінак калярымэтры бываюць электрамагнітныя й адронныя.
Адронныя калярымэтры амаль без выключэньня гетэрагенныя. Гэта зьвязана з тым, што немагчыма зрабіць аднастайныя цвёрдацельныя дэтэктары (сцынтылятары, паўправаднікі і іншае) такіх памераў, каб забясьпечвалі поўнае паглынаньне энэргіі часьцінак адроннага каскаду. Праблема вырашаецца з дапамогай выкарыстаньня «сэндвічаў», дзе чаргуюцца пласты паглынальных і дэтэктуючых асяродзьдзяў. Ролю паглынальнікаў могуць выконваць такія шчыльныя й моцна паглынальныя матэрыялы як жалеза (Fe), сьвінец (Pb), медзь (Cu), уран (U). У якасьці дэтэктараў — цвёрдыя сцынтылятары або сьвінцовае шкло, якое эфэктыўна генэруе чаранкоўскае выпраменьваньне. Трапляючы ў такі самплінг-калярымэтар, часьцінка ўтварае лівень другасных часьцінак, якія з прасоўваньнем углыб хутка памнажаюцца.
Энэргія першаснай часьцінкі трансфармуецца ў энэргіі часьцінкаў каскаду, а таксама ва ўзрушанасьць ды іянізацыю асяродзьдзя. Калі забясьпечыць дастатковыя для прыпынку й паглынаньня ўсіх другасных часьцінкаў памеры калярыметра, то задача будзе вырашаная зборам і сумаваньнем усіх сыгналяў з дэтэктуемых пластоў. Электрамагнітныя калярыметры найчасьцей гамагенныя. Гэта зьвязана з тым, што электроны, пазытроны й гама-кванты, якія складаюць аснову электрамагнітнага каскаду, добра губляюць энэргію ў дэтэктуючых асяродзьдзях калярыметраў — крышталях сцынтылятараў і чаранкоўскіх радыятарах — разумных памераў. Апроч гэтага, выкарыстанне гамагенных калярыметраў прыводзіць да лепшага энэргетычнага распазнаваньня ў параўнаньні з самплінг-калярыметрамі.
Часта для рэгістрацыі электрамагнітных і адронных кампанентаў ліўняў выкарыстоўваюць адзіныя калярыметрычныя комплексы. У гэткім разе, першым пластом, на які трапляе бамбардзіруючая часьцінка, зьяўляецца пласт дэтэктараў электрамагнітнага калярыметра, які дэтэктуе электрамагнітную кампанэнту ліўня. Адронная кампанэнта слаба паглынаецца ў ім, таму адронны калярыметр заўсёды разьмяшчаецца пасьля электрамагнітнага. Ззаду адроннага калярыметра звычайна ставяць мюённыя камэры для рэгістрацыі мюёнаў.