Камбіз II

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Камбіз II
ст.-пэрс. Kambujiya, ст.-гр. Καμβύσης''
Large daric Cambyses.png
Срэбная манэта Камбіза
2-і Шахіншах Пэрсіі
530 да н. э. — 522 да н. э.
Папярэднік: Кір II
Наступнік: Гаўмата
Фараон Эгіпту
525 да н. э. — 522 да н.э.
Папярэднік: Псамэтых III
Наступнік: Гаўмата
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: каля 558 да н. э.
Памёр: ліпень 522 да н. э.
Род: Ахемэніды
Бацькі: Кір II
Касандана
Жонка: Раксана (дачка Кіра II), Атоса
Рэлігія: зораастрызм

Камбіз II (па-старажытнапэрсыдзку: Kambujiya, па-старажытнагрэцку: Καμβύσης) — пэрсыдзкі цар (530 да н. э. — 522 да н. э.), з дынастыі Ахемэнідаў. Старэйшы сын Кіра Вялікага і Касанданы, дачкі Фарнаспа.

Пачатак кіраваньня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Бабілёнскі кароль[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Яшчэ пасьля захопу Бабілёну Кір прызначыў свайго сына Камбіза каралём Бабілёна. Каранаваньне Камбіза праходзіла 4 нісана (1 красавіка) 538 да н. э. па традыцыйным старажытным рытуале, у сьвята «Новага года», з захаваньнем усіх фармальнасьцяў (уладу Камбіз атрымліваў «з рук Мардука»). Пасьля прызначэньня Камбіза бабілёнскім каралём зьяўляюцца дакумэнты, датаваныя імем Камбіза і яго бацькі, часам разам, але гэта працягвалася толькі восем месяцаў; ужо ў сьнежні датыроўка ідзе па адным Кіры. Невядома, што заахвоціла Кіра прызначыць сына каралём, да таго ж часовым; магчыма, што гэта было зроблена праз магчымую адлучку яго для новых войнаў. Ад 4-га году кіраваньня Кіра ў Бабілёне захаваўся дакумэнт, у якім Камбіз проста названы каралевічам і ўладальнікам капіталу, пакладзенага ў бабілёнскі банк Эгібі; справы свае ён вёў праз даверанага, такім чынам, мог сам і ня жыць у Бабілёне.

Уступленьне на пэрсыдзкі сталец[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле Герадота, адпраўляючыся ў свой фатальны паход, Кір II зрабіў суправіцелем Камбіза. Пасьля пагібелі бацькі ў бітве з масагетамі у ліпні 530 да н. э. Камбіз заняў пэрсыдзкі сталец. Аднак пры ягоным уступе на пасад у краіне пачаліся смуты. Асобныя краіны і народы, заваяваныя Кірам, але эканамічна вельмі мала зьвязаныя з Пэрсіяй, не ўвайшлі яшчэ арганічна ў склад Пэрсыдзкае дзяржавы. Яны памяталі аб сваёй былой незалежнасьці і, натуральна, скарысталіся сьмерцю заваёўніка і паўсталі, каб вярнуць сабе сваю волю. Магчыма, што да гэтых паўстаньняў быў датычны й другі сын Кіра, які ў Бэгістунскім надпісы названы Бардыя, а ў працы Герадота — Смэрдысам[1]. Калі верыць Ктэсію, ён быў прызначаны кіраўніком Бактрыі і суцэль мог абурыць усходнія народы супраць свайго брата. Па словах Ксэнафонта, пасьля згубы Кіра «неадкладна пачалася смута паміж ягонымі дзецьмі, адклаліся гарады і народы, і ўсё схілілася да горшага».

Камбізу прыйшлося выдаткаваць шмат высілкаў, душачы паўстаньні. Відавочна, для таго, каб умацаваць сваё становішча ў якасьці поўнаўладнага караля Пэрсыдзкае дзяржавы, Камбіз забіў свайго брата Бардыю, прычым, як гаворыцца ў Бэгістунскім надпісы, «калі Камбуджыя Бардыю забіў, народу невядома было, што Бардыя забіты». Відаць, што сьмерць Бардыі, які карыстаўся папулярнасьцю, засталася невядомай нават большасьці набліжаных і родных караля. Герадот перадае, што Бардыяя (Смэрдыс) удзельнічаў у эгіпецкім паходзе і быў выдалены з Эгіпту ў Сузы па падазрэньні, а затым таемна забіты падасланым забойцам[2], але Бэгістунскі надпіс ясна кажа, што забойства адбылося яшчэ да эгіпецкага паходу.

Характарыстыка Камбіза[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Суд Камбіза. Давід Герард, 1498

Да ўступленьня на сталец Камбіз, былы сьведкам і ўдзельнікам заваёвы Азіі, падзеньня старажытных пасадаў, незвычайных пераваротаў, якія зьдзейсьніліся дзякуючы пэрсыдзкай зброі. Яму самому прыйшлося пасядзець на найстаражытным пасадзе сталіцы сьвету — Бабілёну. Суцэль зразумела, што ён быў прасякнуты ўсьведамленьнем велічы Пэрсіі і яе гаспадара; ён быў прыроджаным уладаром, у супрацьлегласьць бацьку, які яшчэ памятаў традыцыйную патрыярхальнасьць двару невялікае Пэрсіды. Гэтая зьмена была, асабліва, прыкмечаная грэкамі і ўдала сфармуляваная Герадотам: «Камбіз глядзеў на янійцаў і эалійцаў, як на рабоў, атрыманых па спадчыне». Але і самі пэрсы адчулі розьніцу, і той жа Герадот укладае ім у вусны найменьне Камбіза «дэспатам» у супрацьлегласьць Кіру, якога клікалі «бацькам».

Заваёва Эгіпту[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Падрыхтоўка паходу[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На паўднёвым усходзе Пэрсыдзкая імпэрыя межавала са Старажытным Эгіптам, які заставаўся на той момант адзінай буйной старажытнай дзяржавай, якая працягвалі самастойнае існаваньне і па-ранейшаму ўяўляла небясьпеку дзякуючы сувязям з грэкамі й інтрыгам у Азіі. Менавіта яго й вырашыў захапіць Камбіз.

Падобна свайму бацьку, Камбіз імкнуўся выкарыстаць нараўне з вайсковымі і дыпляматычныя меры. Засяродзіўшы да вясны 525 да н. э. свае войскі ў Палестыне, Камбіз уступіў у дамову з арабскімі вандроўцамі, у руках якіх знаходзіліся шляхі, што вялі празь Сінайскую пустыню да межаў Эгіпту. Дзякуючы гэтаму ён забясьпечыў сваё войска запасамі пітное вады, якую дастаўлялі яму на вярблюдах. На моры пэрсы ня мелі свайго флёту, але максымальна выкарысталі фінікійскія караблі. Да таго ж Камбіз склаў зьвяз з тыранам выспы Самас Палікратам. Апошні паслаў у дапамогу Камбізу 40 караблёў. Праўда, гэтая эскадра не прыбыла да месца вайсковых дзеяньняў, бо Палікрат улучыў у яе асобаў, якіх ён лічыў патрэбным прыбраць з выспы, і тыя вярнуліся з дарогі, каб зрынуць свайго тырана. Кіпрыёты таксама перайшлі на бок Камбіза і падтрымалі яго сваімі караблямі.

Грэцкія найміты былі на абодвух баках. Правадыр жа грэкаў, што былі на эгіпецкай службе, галікарнасец Фанэс, які меў вялікі аўтарытэт сярод наймітаў і быў дасьведчаным ува ўсіх справах у Эгіпце, здрадзіў фараону Амасысу і зьбег да Камбізу, даставіўшы пэрсам каштоўныя зьвесткі аб вайсковых падрыхтоўках эгіпцянаў. Яшчэ больш каштоўнай для пэрсаў была незадаволенасьць значнае колькасьці эгіпцянаў Амасысам; у ліку іх, мусіць, былі і прыхільнікі былога фараона Апрыя, і жрацы, і іншыя. Ктэсій прама кажа, што перамога Камбіза была абумоўленая здрадай вяльможы, еўнуха Камбафэя, які жадаў атрымаць пасаду намесьніка Эгіпту і таму адкрыў Камбізу «масты і іншыя справы эгіпцянаў». Акрамя таго, маюцца відавочныя намёкі на здраду камандуючага марскімі сіламі эгіпцянаў Уджагаррэсэнта [3]. У сваім надпісе апошні адкрыта выхваляе літасьцямі пэрсыдзкіх каралёў, якія абсыпалі яго ўшанаваньнямі і ўзнагародамі, што дае магчымасьць меркаваць, што Уджагаррэсэнт здаў пэрсам эгіпецкі флёт бяз бою. Некаторыя гісторыкі прама атаясамляюць гэтага Уджагаррэсэнта з Камбафэем, згаданым у Ктэсія. Становішча ўскладнілася яшчэ тым, што ў гэты час памёр энэргічны Амасыс, пакінуўшы пасад свайму сыну Псамэтыху III. За гэтай цяжкай, неспрыяльнай і злавеснай акалічнасьцю рушыла ўслед рэдкая мэтэаралягічная зьяву ў Верхнім Эгіпце — у Фівах выпаў дождж, што на забабонных эгіпцянах не магло не вырабіць цяжкага ўражаньня. Аднак эгіпецкія патрыёты вырашыліся адважна супраціўляцца.

Бітва ля Пэлюзію[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Камбіз ІІ бярэ ў палон фараона Псамэтыха ІІІ. Пэрсыдзкая пячатка, 6 стагодзьдзе да н. э.

Мінуўшы Сінайскую пустыню па шляху, паказаным Фанэсам, пэрсы падышлі да мяжы Эгіпту. У паходзе Камбіза суправаджалі былы лідыйскі кароль, састарэлы Крэз, якога грэцкія гісторыкі паказваюць у выглядзе прымудронага жыцьцёвым досьведам старца, і Сылясон, брат Палікрата Самоскага.

Эгіпецкае войска чакала пэрсыдзкае каля Пэлюзію, крэпасьці, якая бараніла подступы да Эгіпту, і зваўся «пячаткай» Эгіпту. Грэкі таксама клікалі яго «ключом Эгіпту і для выхаду і для ўваходу». Тут у траўні 525 да н. э. і адбылася рашучая бітва за Эгіпет. У гневе на свайго былога камандзіра Фанэса грэцкія найміты, якія засталіся вернымі фараону, закалолі перад войскам яго сыноў, якія знаходзіліся ў Эгіпце, зьмяшалі іх кроў з віном і, выпіўшы гэтую сумесь, кінуліся ў бой. Падчас кровапралітнае бітвы пала шмат ваяроў, як з эгіпецкага, так і пэрсыдзкага боку. Герадот, які наведаў поле бою прыкладна празь семдзесят гадоў, бачыў тамака мноства костак забітых ваяроў, зваленых у асобныя кучы. На адным боку ляжалі косткі пэрсаў, як яны былі пахаваныя, а на іншым — эгіпцянаў. Аднак, нягледзячы на адчай і разлютаванасьць, эгіпцяне былі пабітыя і ў бязладзіцы зьбеглі да Мэмфісу, дзе і замкнуліся. Паліен распавядае яшчэ аб аблозе Пэлюзію, якая зацягнулася з прычыны адчайнага супраціву эгіпцянаў, якія запасьліся мноствам прыладаў, што кідалі з прашчаў камяні, падпаленыя асмалкі і стрэлы. Прыводзіцца аповяд, быццам Камбіз авалодаў горадам, выставіўшы наперадзе войска эгіпецкіх сьвятых жывёлаў, што быццам бы прывяло да здачы гарнізону, які баяўся параніць котак (багіня Баст), ібісаў (бог Тот) і сабакаў (бог Анубіс). Ва ўсякім разе, узяцьце Пэлюзію як прыморскага памежнага пункту было неабходнае; верагодна, аблога ішла і з сушы і з мора. Пад Пэлюзіем пэрсы здолелі зламаць мужнасьць эгіпецкіх ваяроў і далей іх посьпехі разьвіваліся ўжо бесьперашкодна.

Захоп Мэмфісу й паланеньне Псамэтыха III[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Камбіз, паводле Герадота, не адразу рушыў на Мэмфіс, а паслаў (відавочна, падчас аблогі Пэлюзію) папярэдне карабель з пасланцам, патрабуючы здачы гораду. Але эгіпцяне напалі на карабель і патапілі яго, а ўвесь ягоны экіпаж выразалі, разам з каралеўскім пасланцам. Тады Камбіз зьявіўся асабіста. Пэрсы абсадзілі горад, і эгіпцяне пасьля доўгае аблогі змушаныя былі здацца (верагодна ў чэрвені 525 да н. э.). Псамэтых III і ўся яго сям’я патрапілі ў палон. Дзьве тысячы шляхетных эгіпэцкіх юнакоў, і ў іх ліку сын фараона, былі пакараныя смерцю ў якасьці пакараньня за забойства пэрсыдзкага пасла, але самога Псамэтыха Камбіз пашкадаваў, мабыць, арыентуючыся ў гэтым пытаньні на палітыку свайго бацькі, які міласьціва ставіўся да ўсіх захопленых у палон валадароў. Пасьля ўзяцьця Мэмфіса астатні Эгіпет, верагодна, быў скораны безь вялікіх цяжкасьцяў. Да канца жніўня 525 да н. э. Камбіз афіцыйна быў абвешчаны фараонам Эгіпту. Ён заснаваў новую, XXVII дынастыю. Датыроўка, аднак, ішла па гадах ад уступу Камбіза на пэрсыдзкі пасад.

Асьцерагаючыся пэрсыдзкага нашэсьця, добраахвотна здаліся пэрсам некаторыя плямёны Паўночнай Афрыкі, якія жылі да захаду ад Эгіпту. Так, па словах Герадота, «лёс Эгіпту запалохаў лібійцаў, якія жылі па суседстве з Эгіптам і здаліся пэрсам бяз бою, самі наклалі на сябе даніну і паслалі падарункі Камбізу. Падобна да лібійцаў паступілі таксама перапуджаныя кірэнцы і баркійцы». Камбіз міласьціва прыняў дарункі лібійцаў, а да дарам грэкаў Кірэнаікі пагрэбаваў, бо, на яго погляд, ён быў нікчэмна малым — 500 мінаў (больш за 170 кг) срэбра. Камбіз, у сваю чаргу, аказаў афрыканскім грэкам увагу, адправіўшы на радзіму ўдаву Амасыса, кірэнку Ладыку.

Палітыка Камбіза паводле эгіпецкіх крыніц[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Эгіпецкія імёны Камбіза Герогліфы Транскрыпцыя (вымаўленьне) Пераклад
Сапраўднае імя, ці Імя Са-Ра
G39 N5
Ca1 V31 G17 D58 M17 V13
X1
Ca2
k m b i ṯ t (Кэмбэчэт) Камбіз
Троннае імя, ці Імя Нэсут-Біці
M23
X1
L2
X1
Ca1 N5 S16 S29 U33 Ca2
ms ti rˁ (Анхкара) Спадчыньнік Ра
Горавае імя
G5 F36 N16
N16
Srxtail2.svg
sm3 ta.uy (Сэматауй) Той, хто яднае абедзьве землі (Эгіпет)

Такія зьвесткі аб захопе Эгіпту паведамілі клясычныя грэцкія пісьменьнікі. Аднак з надпісу Уджагаррэсэнта і іншых эгіпецкіх афіцыйных крыніцаў вынікае, што Камбіз дзейнічаў не як заваёўнік, а паўтараў палітыку свайго бацькі Кіра пры заваяваньні Бабілёну. Гэта значыць, пэрсыдзкі кароль надаў захопу Эгіпту характар пэрсанальнае вуніі, каранаваўся ў Саісе паводле эгіпецкіх звычаяў, прыняў тытул «кароль Эгіпту, кароль краін», традыцыйныя тытулы фараонаў — «нашчадак (богаў) Ра, Асырыса», эгіпецкае імя — Мэсут-Ра (літар. «Спараджэньне Ра»), і імкнуўся, каб усё было, «як рабілася спрадвеку». Камбіз працягваў палітыку фараонаў папярэдняе XXVI дынастыі і імкнуўся прыцягнуць на свой бок эгіпцянаў. На рэльефах з Эгіпту ён намаляваны ў эгіпецкай адзежы. Ён удзельнічаў у рэлігійных цырымоніях у храме багіні Нэйт у Саісе, прыносіў ахвяры эгіпецкім багам і аказваў ім іншыя знакі ўвагі. Каб надаць захопу Эгіпту законны характар, ствараліся легенды аб нараджэньні Камбіза ад шлюбу Кіра з эгіпецкай царэўнай Нітэтыдай, дачкой фараона Апрыя. Па гэтай вэрсіі пэрсыдзкі каралеўскі род быў ня менш, калі ня больш, законным у якасьці фараонаў за апошніх саіскіх каралёў. Такім чынам, Камбіз заваяваў Эгіпет, як законны спадчыньнік, вярнуўшы сваю вотчыну з рук узурпатара — Амасыса і яго сына Псамэтыха III. Яшчэ Герадоту эгіпцяне распавядалі гэтую легенду.

Адразу пасьля захопу Эгіпту Камбіз загадаў усім сваім ваярам спыніць рабаваньні, пакінуць храмавыя тэрыторыі і заплаціў за прычыненую сьвяцілішчам шкоду. Сьледуючы палітыцы Кіра, Камбіз падаў эгіпцянам волю ў рэлігійным і прыватным жыцьці. Эгіпцяне, як і прадстаўнікі іншых народаў, працягвалі займаць свае пасады ў дзяржаўным апараце і перадавалі іх па спадчыне. Так, жрэц і вайскавод Уджагорэсэнт ня толькі захаваў пры Камбізе ўсе дзяржаўныя пасады (акрамя начальніка флёту), якія ён займаў дагэтуль, але і атрымаў новыя. Ён таксама стаў дараднікам Камбіза, а пазьней і Дарыя I у справах, якія датычылі кіраваньня краінай. Юрыдычныя і адміністрацыйныя дакумэнты часу Камбіза сьведчаць аб тым, што першы час пэрсыдзкага панаваньня не прынёс значнае шкоды эканамічнаму жыцьцю краіны.

Палітыка Камбіза паводле грэцкіх аўтараў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паміж тым, Герадот кажа, што Камбіз зьявіўся ў Саіс выключна, каб зьняважыць мумію Амасыса. У сувязі з гэтым апісваюцца і іншыя зьверствы Камбіза. Аповяды гэтыя, з аднаго боку, нагадваюць грэцкія маралістычныя анэкдоты аб тленнасьці ўсяго зямнога і цьвёрдасьці ў перанясеньні няшчасьцяў, зь іншага — эгіпецкія раманы, што складваліся з нагоды гістарычных асобаў і падзеяў; абразчыкам іх могуць служыць фрагмэнты копцкага палімпсэсту раману аб Камбізе, у якім ён зьмешваецца з Навухаданосарам, а таксама, відаць, працяг гэтых фрагмэнтаў у хроніцы Яна Нікіюскага. Пасьля цэлы шэраг разбурэньняў і разграбленняў прыпісваўся Камбізу. Паводле Страбона ён спаліў і Сэрапэюм і Мэмфіс; паводле Плінія пашкадаваў Геліёпаль толькі з-за абэліскаў, якія ўразілі яго; паводле Дыядора разрабаваў Рамэсэюм і г. д.

На карысьць Герадота можна прывесьці гранітны саркафаг камандзіра стралкоў Яхмэса (Амасыса), сына «каралеўскае жонкі» Нэхт-Баст-эроў, такім чынам, аднаго з прадстаўнікоў каралеўскага роду. На гэтым пышным саркафагу пашкоджаныя імёны і тытулы нябожчыка і яго маці, так што пакінутыя толькі імёны богаў — Баст і Ях (бог Месяцу), якіх не адважыліся крануць. Зьнішчэньне імя — найболей жорсткае пасьмяротнае пакараньне сьмерцю паводле эгіпецкіх паданьняў, і, вядома, першым чынам зьяўляецца здагадка, што яно зьдзейсьненае на загад заваёўніка. Далей, у арамэйскіх папірусах з юдэйскае калёніі на Элефантыне гаворыцца (праўда, праз 118 гадоў пасьля заваёвы) што, калі Камбіз заваяваў Эгіпет, ён разбурыў «усе храмы эгіпецкіх багоў», але не крануў юдэйскага сьвяцілішчы, што існавала на Элефантыне. Нарэшце, і Уджагорэсэнт кажа аб «найвялікшым жаху, які здарыўся ва ўсёй краіне, падобнага якому не было». Такім чынам, сапраўды, ёсьць падставы верыць, што празь некалькі месяцаў стаўленьне Камбіза да Эгіпту зьмянілася да горшага.

Уварваньне ў Куш[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Герадот паведамляе, што, заваяваўшы Эгіпет, Камбіз вырашыў далучыць затым усю вядомую тады Афрыку, гэта значыць Карфаген, аазысы і Этыёпію (Куш). Ад першага прыйшлося адмовіцца, бо фінікійскі флёт не захацеў ісьці супраць супляменьнікаў, а пэрсыдзкі кароль палічыў, што ня мае права настойваць, бо фінікійцы далучыліся добраахвотна. Экспэдыцыя ж для заваёвы аазысаў, якая выйшла зь Фіваў, дасягнула Вялікага аазысу (Эль-Харге) і заваявала яго; аб гэтым кажа Герадот, ды і тамака захаваліся пабудовы ад імя пэрсыдзкіх каралёў Дарыя I і Дарыя II. Але наступнае прасоўваньне пэрсыдзкіх ваяроў да аазысу Амона (Сіва), па аповядзе, перададзеным Герадотам, скончылася катастрофай — войска было засыпана пяском пустыня падчас пяшчанае буры.

Заставалася яшчэ адно афрыканскае каралеўства — Куш (у Герадота Этыёпія), са сталіцамі ў Напаце і Мэроэ. Камбіз вырашыў заваяваць і яго. Нажаль, усе нашы зьвесткі аб гэтай выправе чэрпаюцца з Герадота, у якога і тут аповяд ня вольны ад легендарных напластаваньняў і тэндэнцыяў прадставіць паход як задуму вар’яцкую і па задуме, і па выкананьні, накіраваную, да таго ж, ня толькі супраць уласна Кушу, але таксама для праверкі цудоўнае чуткі аб «шматгадовых этыёпах» і аб «сонечным стале». Паводле Герадота, да этыёпскага цара былі пасланыя элефантынскія «іхтыяфагі», што разумелі па-нубійску, з прапановай здацца. Па атрыманьні абразьлівае адмовы, раздражнёны Камбіз занадта пасьпешна, без дастатковых падрыхтовак, рушыў ў паход уздоўж Ніла (зіма 524 да н. э./523 да н. э.), але, ужо мінуючы ледзь пятую частку шляху, адчуў недахоп у харчовых запасах. Аднак гэта не спыніла дзівацкага заваёўніка. Але калі яго войска дайшло да канібалізму, вярнуцца ўсё ж прыйшлося. На зваротным шляху пачаўся мор, і пяскі пустыні пакрылі пад сабою шмат народу. Груды з пахаванымі аддзеламі пэрсаў паказвалі цікаўным у Нубіі яшчэ пры Аўгусьце. Такім чынам, паход быў няўдалы і меў вынікам толькі пратэктарат над «этыёпамі, памежнымі з Эгіптам», якія нават не былі абавязаныя плаціць пэрсыдзкаму каралю даніну, а прыносілі падарункі.

Паўстаньне ў Эгіпце ды «Вар’яцтвы Камбіза»[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Суцэль верагодна, што доўгая адсутнасьць Камбіза ў Этыёпіі спрычынілася ў толькі што заваяваным Эгіпце да руху за зьвяржэньня пэрсыдзкай няволі. Герадот паведамляе, што Камбіз, пакінуўшы ў жывых Псамэтыха III, быў гатовы нават зрабіць яго васальным кіраўніком Эгіпту, і загубіў яго толькі тады, калі той быў абвінавачаны ў падбухторваньні сваіх былых падданых да бунту. Камбіз вярнуўся засмучаны няўдачай паходу; неспакой эгіпцянаў мог канчаткова вывесьці яго зь сябе, і, магчыма, што «найвялікшы жах», на які намякае Уджагаррэсэнт, наступіў як вынік уціхамірваньня эгіпецкага бунту. Несумнеўна, Псамэтых III стаў адной зь першых ахвяраў лютасьці Камбіза[4], які зараз даверыў кіраваньне Эгіптам ужо не эгіпцяніну, а пэрсу Арыянду.

Герадот распавядае, што вярнуўшыся з свайго паходу на поўдзень, Камбіз засьпеў у Мэмфісе эгіпцянаў у сьвяточнай адзежы, якія весяліліся ды піравалі з нагоды «зьявы» новага Апіса. Пэрсыдзкі кароль западозрыў, што эгіпцяне цешацца яго няўдачам, прыйшоў у лютасьць, пакараў сьмерцю гарадзкія ўлады, загадаў секчы жрацоў, а самога цяля Апіса паспрабаваў закалоць кінжалам, але толькі раніў у сьцягно, ад чаго той, аднак, усё роўна памёр. Пасьля яго скону ад раны жрацы таемна, каб Камбіз не даведаўся аб гэтым, пахавалі Апіса. Наколькі дакладныя зьвесткі Герадота аб жорсткасьцях Камбіза з нагоды сьвята інтранізацыі Апіса і яго зьдзекі з эгіпецкай рэлігіі, невядома; ва ўсякім разе, аповяд аб забойстве ім Апіса не апраўдваецца, на той падставе, што стэлы з Сэрапэюма, кажуць аб сьмерці Апіса ў 6-ы год Камбіза, такім чынам, у пачатку этыёпскага паходу (524 да н. э.), і затым аб сьмерці наступнага Апіса ў 4-ы год Дарыя I, з чаго відаць, што зьмена Апісаў адбылася падчас этыёпскага паходу і нармалёвым парадкам, прычым на стэле часу Камбіза намаляваны ён сам укленчаны перад сьвятым цялём. На пахавальным саркафагу Апіса захаваўся надпіс, які сьведчыць аб урачыстым афіцыйным (а не таемным) пахаваньні Апьса. Надпіс абвяшчае: «Камбіз, кароль Верхняга і Ніжняга Эгіпту, прысьвяціў вялікі саркафаг свайму бацьку Асырысу». Аднак не ўяўляецца цалкам даказаным, што Апіс 4-га году Дарыя быў непасрэдным пераемнікам памерлага падчас этыёпскага паходу, і што малюнак Камбіза не зьмешчана выключна ў сілу традыцыі. Можа быць, да гэтага ж часу адносіцца і пашкоджаньне імёнаў на саркафагах. Прынамсі, Герадот паведамляе, што Камбіз «у Мэмфісе адчыняў старажытныя магільні». Падобнае ж пашкоджаньне і дасканалае згладзжваньне імя Амасыса заўважана на шматлікіх помніках з Саісу і наогул з Дэльты. Да таго ж дэматычная хроніка прыводзіць сьпіс прадметаў, якія атрымлівалі храмы пры Амасысе, і кажа, што шматлікія з гэтых паступленьняў адмененыя Камбізам, іншыя (напрыклад, быдла) скарочаныя напалову.

Па словах Герадота, пасьля забойства Апіса Камбіз — «па аповядах эгіпцянаў, з-за гэтага блюзьнерства адразу стаў шалёным», хоць, як тут жа адзначае грэцкі гісторык, ён «і перш быў не зусім у сваім розуме». Да таго ж, кажуць, ён ад нараджэньня хварэў на эпілепсію), і быў цалкам не ўстрыманы ў п’янстве. У прыпадку ўтрапёнасьці ён зьбіў сваю цяжарную жонку Раксану (якая была яго малодшай сястрой), ды так, што тая дачасна пачала нараджаць і ад гэтага памерла. Потым ён з лука застрэліў сына свайго даверанага чалавека Прэксаспа, загадаў без усякага важкага чыньніку схапіць дванаццаць найбольш шляхотных пэрсаў і з галавой закапаць жывымі ў зямлю, а таксама жадаў пакараць сьмерцю і Крэза, свайго дарадніка і настаўніка, толькі за тое, што той зрабіў яму наконт гэтага заўвагу. Верныя служкі атулілі Крэза і, хоць у наступным Камбіз прабачыў Крэза, служкі за непаслушэнства былі пакараныя. І яшчэ шмат падобных злачынных дзеяў у апантанасьці зьдзейсьніў Камбіз.

Аднак усе гэтыя паведамленні, магчыма, некалькі перабольшаныя. Відавочна, захопніцкая і дэспатычная палітыка Камбіза выклікала вялікую апазыцыю ў Мідыі і ў цэлым шэрагу краін, якія ўвайшлі ў склад Пэрсыдзкай дзяржавы, выбух патрыятычных пачуцьцяў у Эгіпце і трывогу ва ўсім грэцкім сьвеце. Таму ня дзіўна, што асабліва ў грэка-эгіпецкіх колах паўсталі перабольшаныя аповяды і нават амаль легенды аб жорсткасьцях, дэспатызьме і ўтрапёнасьці Камбіза. Гэтыя легенды знайшлі сваё яркае адлюстраваньне ў працах грэцкіх гісторыкаў, у прыватнасці, у кнізе Герадота. Маралізатарская грэцкая гістарыяграфія супрацьпастаўляла «гуманнага і справядлівага» Кіра ІІ «жорсткаму і вар’яту» Камбізу, і ў тым і ў іншым выпадку, вядома, дапушчаючы перабольшаньні. Да таго ж малодшая галіна Ахемэнідаў у асобе Дарыя I, які заняў пэрсыдзкі пасад неўзабаве пасьля сьмерці Камбіза, ва ўсім падтрымлівала гэтыя выдумкі, а часам і сама спараджала адкрытыя міты. Іх мэтай было паказаць няздольнасьць да кіраваньня старэйшае лініі.

Паўстаньне Гаўматы. Сьмерць Камбіза[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Увесну 522 да н. э. у Эгіпет сталі даходзіць з Азіі трывожныя чуткі аб зьяўленьні на пэрсыдзкім пасадзе самазванца Ілжэбардыі. Ужо ў месяцы аяру (красавік — травень) у Бабілёне сталі датаваць дакументы яго кіраваньнем. Камбіз сьпешна рушыў у Пэрсію для задушэньня паўстаньня, але па шляху загінуў пры вельмі загадкавых і падазроных абставінах (красавік 522 да н. э.).

Па афіцыйнай вэрсіі, зафіксаванай у Бэгістынскім надпісы караля Дарыя I, уладу пад выглядам Бардыі захапіў маг (мідыйскі жрэц) і самазванец Гаўмата. Далей гаворыцца, што Камбіз «памёр, забіўшы сябе», але не кажыцца ніякіх падрабязнасьцяў гэтага эпізоду. Аповяд Герадота па гэтай падставе больш падрабязны. Ён гэтак жа, як і Бэгістунскі надпіс, заве самазванцам мага, тых нешматлікіх, якія ведалі аб забойстве Бардыі. Самазванец таксама назваўся Бардыем (у Герадота — Смэрдыс), і быў падобны на яго тварам; брат яго Патызыф быў галоўным вінаватым бунту; ён пасадзіў Ілжэбардыю на пасад і разаслаў паўсюль вяшчальнікаў, асабліва да войска, з загадам прысягаць самазванцу. Чуткі дайшлі да Камбіза (нібы ён бачыў прарочы сон), які рушыў назад у Пэрсію і знаходзіўся ў нейкіх сырыйскіх Экбатанах (мажліва, у горадзе Хамат), дзе яму было нібы прадказаная смерць. І сюды зьявіліся вяшчальнікі ад імя самазванца. Камбіз дапытваецца ў Прэксаспа, якому было даручана забіць Бардыю, затым ловіць вяшчальніка, і ад яго даведваецца, што той самога Бардыі ня бачыў, а пасланы Патызыфам. Прэксасп і Камбіз здагадваюцца, у чым справа. Камбіз у лютасьці ўскоквае на каня, каб ехаць у Сузы, але пры гэтым раніць сябе ў сьцягно, і праз дваццаць дзён памірае ад гангрэны. Схільны да маралізаваньня Герадот тлумачыць сьмерць пэрсыдзкага ўладары помстай багоў за Камбізавае блюзьнерства: «калі кароль ускокваў на каня, адпаў наканечнік похваў яго мяча і аголены меч расьсёк яму сьцягно. Рана была ў тым самым месцы, куды ён перш сам раніў эгіпецкага бога Апіса». Смерць Камбіза наступіла празь 7 гадоў 8 месяцаў ягонага кіраваньня.

Сям’я[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вядомыя прынамсі дзьве ягоныя жонкі, прычым абедзьве — ягоныя сёстры: Атоса ды Раксана. Перш чым ажаніцца зь імі, Камбіз ІІ мусіў выдаць адмысловую пастанову, бо паводле пэрсыдзкага заканадаўства шлюб паміж братам і сястрой быў забаронены. Верагодна, у гэтым Камбіз абапіраўся на элямскія законы й традыцыі. Згодна з гэтай пастановай, кароль абвяшчаўся вольным у прыняцьці й зьдзяйсьненьні сваіх рашэньняў у незалежнасьці ад законаў і традыцыяў. Пра дзяцей Камбіза нічога невядома.

Ахемэніды
Папярэднік:
Кір II Вялікі
пэрсыдзкі кароль
530 — 522 да н. э.
Пераемнік:
Гаўмата
Папярэднік:
Псамэтых III
фараон Эгіпту
525 — 522 да н. э.

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Цікава, што Герадот літаральна паўтарае ўсьлед за Бэгістунскім надпісам наступную фармулёўку: «брат Бардыя, ад аднае маці, аднаго бацькі з Камбізам».
  2. ^ Герадот кажа, што Камбіз зайздросьціў Смэрдысу «таму, што той, адзіны з пэрсаў, здолеў амаль на два пальцы нацягнуць цеціву … лука этыёпскага караля». Герадот. III. 30.
  3. ^ Надпіс Уджагаррэсэнта // Хрестоматия по истории Древнего Востока. М., 1963. С. 165.
  4. ^ Герадот кажа, што Камбіз загадаў Псамэтыху выпіць бычынае крыві, чаму эгіпецкі кароль адразу ж сканаў.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Герадот. Гісторыя. Кніга III, Раздзелы 1—67
  • Бехистунская надпіс Дарыя I
  • Тураев Б. А. История древнего Востока / Под редакцией Струве В. В. и Снегирёва И. Л. — 2-е стереот. изд. — Л.: Соцэкгиз, 1935.
  • Дандамаев М. А. Мидия и Ахеменидская Персия // История древнего мира / Под редакцией И. М. *Дьяконова, В. Д. Нероновой, И. С. Свенцицкой. — Изд. 3-е, испр. и доп. — М.: Главная редакция восточной литературы издательства «Наука», 1989.
  • Дандамаев М. А. Политическая история Ахеменидской державы. — М.: Наука, 1985.