Камуністычная партыя Заходняй Беларусі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ) — камуністычная партыя ў міжваеннай Польскай Рэспубліцы, якая дзейнічала ў галоўным на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў 19231938 г.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заснаваньне партыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Устаноўчая канфэрэнцыя КПЗБ адбылася ў кастрычніку 1923 году ў Вільні. У ёй удзельнічалі прадстаўнікі партыйных акруг Заходняй Беларусі — Беластоцкай, Берасьцейскай і Віленскай, а таксама прадстаўнікі Камуністычнай партыі Польшчы. Быў абраны Цэнтральны камітэт і сакратары ЦК — Ёсіф Лагіновіч (Павал Корчык), Стэфан Мертэнс (Скульскі), С. Мілер (Шлемка) і А. Канчэўскі (Владэк)[1]. У 1924 годзе быў створаны Камуністычны Саюз Моладзі Заходняй Беларусі (КСМЗБ), сакратаром якога стала Вера Харужая.

Партыя выступала за ажыцьцяўленьне сацыялістычнай рэвалюцыі ў Польшчы, за права на самавызначэньне для Заходняй Беларусі, за аб’яднаньне ўсіх беларускіх земляў у адзіную Беларускую савецкую рэспубліку, за ліквідацыю памешчыцкага землеўладаньня і перадачу зямлі сялянам бяз выкупу.

Партызанскі рух[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1921—1925 гадах у Заходняй Беларусі дзейнічаў актыўны партызанскі рух, накіраваны супраць Польшчы. Партызаны грамілі паліцэйскія пастарункі, палілі памешчыцкія маёнткі, памешчыцкія сялібы. У 1923 годзе агульная колькасьць партызан складала каля 6 тысячаў. У ліку найбольш вядомых кіраўнікоў партызанскіх атрадаў і груп былі Кірыла Арлоўскі, Станіслаў Ваўпшасаў, Васіль Корж, Аляксандар Рабцэвіч, Піліп Яблонскі і інш.[2] Найбольш уплывовымі арганізацыямі ў гэтым руху былі КПЗБ і Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянэраў (БПСР). У сьнежні 1923 году ў кампартыю ўлілася Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя (БРА), якая вылучылася зь левага крыла БПСР у ліпені 1922 году. Аб’яднаньню спрыяла блізкасьць сацыяльнай праграмы КПЗБ і БРА. Абедзьве арганізацыі выступалі за канфіскацыю памешчыцкай зямлі і перадачу яе бяз выкупу сялянам, за 8-гадзінны працоўны дзень і за аб’яднаньне ўсіх беларускіх земляў у працоўна-сялянскую рэспубліку[3].

КПЗБ дзейнічала ва ўмовах глыбокага падпольля. Да пачатку 1930-х гадоў яна налічала 4 000 чалавек. Акрамя таго, каля 3 000 чальцоў партыі стала знаходзіліся ў турмах. Пачынаючы з 1924 году ў Заходняй Беларусі стала функцыянавала арганізацыя садзейнічаньня рэвалюцыянэрам «Чырвоная дапамога»[4].

На тэрыторыі Заходняй Беларусі дзейнічала 7 акруговых і 60 раённых камітэтаў КПЗБ. ЦК КПЗБ выдаваў газэты «Чырвоны сьцяг», «Партпрацаўнік», часопіс «Бальшавік» і інш. на беларускай мове. На польскай мове выдаваліся газэты «Kujmy broń», «Do Walki», на габрэйскай — «Ройтэ фон»[2].

Да 1925 году партызанскі рух пайшоў на спад. Адным з чыньнікаў быў тэрор польскага ўрада. У красавіку 1925 году ў адным з ваяводзтваў «было арыштавана 1400 падпольшчыкаў, партызан і іх памагатых». Зь іншага боку дзеяньні заходнебеларускіх партызан не былі ўвязаныя зь дзейнасьцю Польскай кампартыі. У траўні-чэрвені гэтага жа году кіраўніцтва КПЗБ вырашае адмовіцца ад партызанскай тактыкі, а партызанскія атрады расфармоўваюцца[1].

Грамада[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У лістападзе 1922 году ў Польшчы адбыліся парлямэнцкія выбары. Блёк Нацыянальных Меньшасьцяў (БНМ) атрымаў на іх 87 месцаў у Сойме і 25 месцаў у Сэнаце, стаўшы другой паводле колькасьці месцаў палітычнай партыяй пасьля Народна-нацыянальнага зьвяза. У складзе БНМ у Сойм і Сэнат трапілі адпаведна 11 і 3 дэпутата-беларуса, якія стварылі ў Сойме сваю фракцыю — Беларускі пасольскі клюб (БПК). У чэрвені 1925 году левая фракцыя БПК, і ў яе ліку Браніслаў Тарашкевіч, стала ініцыятарам стварэньня Беларускай сялянска-работніцкае Грамады. Грамада ў кароткі тэрмін вырасла ў самую буйную рэвалюцыйна-дэмакратычную арганізацыю ў Эўропе. Налічаючы, па розных ацэнках, ад 100 да 150 тысячаў чальцоў, яна да пачатку 1927 году фактычна ўсталявала кантроль над шматлікімі раёнамі краю[5].

Кампартыя Заходняй Беларусі грала ў Грамадзе вельмі важную ролю. Цэнтральны орган Грамады газэту «Беларуская ніва» фактычна рэдагаваў сябар КПЗБ Янка Бабровіч. Прынятая ў траўні 1926 году праграма Грамады патрабавала канфіскацыі памешчыцкіх земляў і падзелу іх паміж безьзямельнымі сялянамі, стварэньне працоўна-сялянскага ўрада і ўсталяваньня дэмакратычных воляў, самавызначэньня Заходняй Беларусі і г. д.[6]

У ноч з 14 на 15 студзеня 1927 году пачаліся масавыя ператрусы і арышты. Бяз згоды сойма былі арыштаваныя кіраўнікі Грамады — дэпутаты Браніслаў Тарашкевіч, Сымон Рак-Міхайлаўскі, Павал Валошын і інш. 21 сакавіка Грамада была забароненая[6].

Па лініі Камінтэрна[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У пачатку 1930-х гадоў КПП і КПЗБ дзейнічаюць паводле лініі «трэцяга пэрыяду» Камінтэрна, а з другой паловы 1930-х гадоў пераходзяць да тактыкі народных франтоў[7]. Другі зьезд КПЗБ у траўні 1935 году вызначыў умовы стварэньня народнага фронту: адмена рэакцыйнай канстытуцыі, усталяваньне дэмакратычных воляў, бясплатнае забесьпячэньне сялянаў зямлёй, увядзеньне 8-гадзіннага працоўнага дня і ліквідацыя канцлягеру ў Бярозе-Картускай. У 1936 годзе кампартыя складае дамову аб сумесных дзеяньнях з арганізацыяй «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя»[3].

Адначасова з гэтым разгортваліся рэпрэсіі ў Савецкім Саюзе, якія кранулі ў тым ліку і чальцоў заходнебеларускай Кампартыі. У 1938 годзе паводле рашэньня Выканкаму Камінтэрна Камуністычная партыя Польшчы і яе аўтаномныя арганізацыі — Камуністычныя партыі Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі — былі распушчаныя[7].

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]