Камэлот (гурт)
| Камэлот | |
| Інфармацыя | |
|---|---|
| Гады | 1991 — нашы дні |
| Адкуль | Беларусь |
| Мова | беларуская |
| Жанр | фольк |
| Удзельнікі | |
| Удзельнікі | Анатоль Басай Зьміцер Сідаровіч Ігар Войніч Алесь Кішкін Валянцін Агееў |
Камэло́т — беларускі этна-рок-гурт. Заснаваны ў 1991 годзе.
Зьмест |
[рэдагаваць] Гісторыя
Гісторыя стварэньня музычнага калектыва, які б граў сярэднявечную музыку ў сучаснай рок-апрацоўцы, нарадзілася ў галаве Алеся Кішкіна — выпускніка 8-й музычнай школы Менску. У канцы 80-х лёс яго зьвёў разам з бардам Зьмітром Сідаровічам, які вучыўся ў Менскім палітэхнічным інстытуце і чые песьні ўжо сьпяваў беларускі рок-гурт «Грамада» (адна зь іх — «Які ж я беларус?» — нават увайшла ў гіт-парад газэты «Чырвоная зьмена»). Не без уплыву «Traveling Wilburys» былі напісаныя першыя песьні ў духу Сярэднявечча: «Дуда, лютня ды бубен», «Вёска ўчора гула», «Змагар Адась», «Краіна Талераў» і інш., запрошаны вядомы на той час дудар і фалькларыст Уладзімер Бярбераў і бубнач Валік Агееў. Такім складам яны гралі перад сябрамі і нешматлікай беларускамоўнай публікай таго часу. Вынікам стала запрашэньне ў 1991 г. запісаць саўнд-трэк зь песьнямі да двух фільмаў «Шукальнікі скарбаў» (маст. кароткамэтражны., рэж. І. Волах) і «Беларусь, лета 1991» (дакумэнтальны, рэж. У. Колас). Каб граць перад больш шырокай публікай, трэба было да выкананьня падыйсьці больш творча-прафэсыйна. Але найбольш прафэсыйна падрыхтаваны музыкант Бярбераў у гэты час заняўся іншым праектам — стварэньнем фольк-гурту «Ліцьвіны».
Неўзабаве ў гурт быў спакушаны Ігар Войніч, які бавіўся сэсыйным гітарыстам у безьлічы самадзейных гуртах (нават граў некаторы час у адным з ВІА палітэху, дзе вучыўся Сідаровіч), а таксама граў у вядомых прафэсыйных выканаўцаў Я. Еўдакімава і А. Атаманава. Аказалася, што Войніч і Кішкін добра ведалі адзін аднаго, бо сядзелі за адной партай на сальфеджыа ў 8-ай менскай музычнай школе, пускаючы кпіны настаўніцы гэтай «цяжкай тэарэтычнай навукі».
Першыя рэпэтыцыі — Алесь Кішкін, Зьмітро Сідаровіч, Ігар Войніч і Валік Агееў — прайшлі ў сьнежні 1991 г. у памяшканьнях Беларускага гуманітарнага ліцея, толькі створанага Уладзімерам Коласам. Там жа перад навучэнцамі і выкладчыкамі былі адыграны і першыя імпрэзы. Адразу стаў зразумелым асноўны накірунак: рыцарскія і жаўнерскія песьні старажытнай Беларусі (ВКЛ). Зразумела, была зроблена папраўка на сучасныя рэаліі і рытмы. Пасьля першых выступаў на невялікіх імпрэзах-вечарынах, якіх у часы ўздыму нацыянальнай сьвядомасьці беларусаў праводзілася даволі шмат, гурт быў заўважаны, але ў яго яшчэ не было назвы. Для ўдзелу ў адным з сэйшэнаў, у якім, праўда, музыкі так і не асьмеліліся ўдзельнічаць, у заяве трэба было падаць назву гурта. Алесь Кішкін, які афармляў дакумэнты, і напісаў — «Камэлот». Назва прыжылася за ўдзельнікамі калектыву, бо «Камэлот» — назва ідэальнага замка, прытулку вандроўных ваяроў у сярэднявечных рыцарскіх раманах. Так назва злучылася з кірункам творчасьці музыкаў — разгляд беларускай культуры ў агульнаэўрапэйскім кантэксьце, што беларуская культура ня толькі сялянская, але і гарадзкая — культура беларускіх гарадоў мінулага. Гралі «камэлотаўцы» выключна акустычную музыку, выкарыстоўваючы гітары, флейты, бубны, віяланчэль, кантэле (разнавіднасьць гусьляў), дуду, скрыпкі, клявэсын і чэлесту. Зразумела, пры такім наборы інструмэнтаў праз гурт праходзіла значная колькасьць людзей (сярод якіх і вядомы бард Кастусь Герашчанка), але асноўны касьцяк заставаўся нязьменным: Кішкін-Войніч-Сідаровіч. Пры наяўнасьці некаторага посьпеху творчасьць гурта вылучалася сваёй несавецкасьцю і непапсовасьцю, таму, па-сутнасьці, ігнаравалася праўрадавымі радыё і тэлебачаньнем. Незалежных у той час яшчэ не існавала.
У канцы 1992 году гурт падрыхтаваў канцэртную праграму «У краіне Талераў», якую, акрамя Менска, змаглі пабачыць у Горадні, Магілёве, Берасьці і Гарадку (Польшча). Частку песень з праграмы музыкі пераклалі на электрычныя інструмэнты і выступілі зь імі ў Польшчы на фэсьце «Басовішча-93».
На жаль, сытуацыя ў беларускім шоў-бізнэсе амаль ніколі не спрыяла цалкам беларускамоўным выканаўцам. Аўтарскае права ўвогульле не існавала, а дзейнасьць прадусараў і мэнэнджэраў распаўсюджвалася выключана на замежнікаў, якія рэклямаваліся праз амаль манапольнае інфармацыйнае поле расейскіх ТБ-каналаў, і маглі прынесьці адразу вялікі і легкі прыбытак. Адзіным, хто неяк супрацьстаяў навале расейскай папсы, стаў канал «Беларускай маладзёжнай», а пасьля і радыё «101,6». Рэдактары і таленавітыя журналісты гэтых радыёстанцый запісвалі многіх беларускіх выканаўцаў, у тым ліку і «Камэлот». Гурт насуперак усяму ўсё ж стаў прабівацца на тэлебачаньне, у асноўным як «вясельны генэрал» у рэпрызах забаўляльных перадач. Але самым грозным забойцам творчасьці гурта сталі грошы. Дакладней, іх поўная адсутнасьць у дзяржаўнай сфэры эканомікі, дзе працавалі амаль усе ўдзельнікі гурта, і іх шалёная, некантраляваная прысутнасьць у прыватнікаў. Кішкін-Войніч-Сідаровіч сталі працаваць «літаратурнымі неграмі» на маскоўскія раскручаныя імёны пісьменьнікаў-дэтэктыўшчыкаў і аўтараў фэнтэзі. Заробак пераўзыходзіў дзяржаўныя (нават кандыдатаў навук, якім быў Сідаровіч і неўзабаве стаў Войніч) у 10-15 разоў. Вынікам гэтага стала маўчаньне «Камэлота» на два гады.
На пачатку 1995 г. удзельнікі гурту, пазычыўшы шэраг музычных інструмэнтаў і купіўшы прафэсыйныя мікрафоны і «апрацоўку» гуку, зноў зьбіраюцца, каб запісаць свае старыя песьні. У «Камэлоце» зьяўляецца Анатоль Басай, які ў калектыве стаў выконваць усе асноўныя вакальныя партыі, а таксама, часам граць на клявішных. У лютым-сакавіку 1995 г., у хатніх умовах на звычайным 4-х трэкавым магнітафоне-портастудыі быў запісаны альбом, які ўдалося зьвесьці на прафэсыйнай студыі і за свой жа кошт выпусьціць касэту (толькі ў 1996 г.). Альбом, па прызнаньні выдаўцоў — кампаніі «TON-records», — меў даволі значны посьпех, першы 2-х тысячны наклад касэт хутка разышоўся. Камэлотаўцам выплацілі ганарар і нават прапанавалі падпiсаць кантракт на наступныя тыражы. Гэты альбом у 1996 годзе вылучаўся па намінацыі "Лепшы альбом года ў «Рок-каранацыі-96», гурт павінен быў выступіць у сэйшэне, аднак сярод музыкаў калектыву толькі адбыўся раскол, і ён быў ня ў стане гэтага зрабіць. Першае месца журы аддало расейскамоўнаму альбому першага па-сапраўднаму «раскручанага» праекту зь незалежнай Беларусі «Ляписа Трубецкого», які перамог яшчэ ў некалькіх намінацыях.
Раскол гурта адбыўся пасьля выступу ў Вільні ў 1996 г., куды не пажадаў паехаць Сідаровіч і ўжо даўно не прымаўшы ўдзелу ў рэпэтыцыях Кішкін. Чарговым сэсыйным музыкам быў запрошаны гітарыст і флейтыст Зьміцер Шыдлоўскі з «Аварыйнага выйсьця». Але пра ўсе акалічнасьці расколу ўдзельнікі гурта не жадаюць распаўсюджвацца. Абмяжоўваюцца адной фразай: «Шэршэ ля фам».
Апошняй сумеснай працай заснавальнікаў гурту стала напісаньне ў тым жа 1996 г. музыкі да спэктакля драматурга Сяргея Кавалёва «Заложнiца каханьня» паводле сярэднявечнай рыцарскай аповесьцi «Аб княжаньнi Гвiдона i яго сыне, слаўным рыцары Баве» (паст.: Андрэя Гузiя, тэатар «Вольная сцэна», г. Менск). Праз год у 1997 г. з падачы Зьмітра Несьцюка — заснавальніка аднаго зь першых у Беларусі рыцарскага клюба «Ордэн Сэрца Дракона», Войніч і Басай, набраўшы вядомых музыкаў — бубнача Цімура Велітоўскага і джаз-гітарыста Віталія Лойку, а таксама клявішніка і ды-джэя Андрэя Хвісевіча — аднавілі рэпетыцыі гурту ў электрычным варыянце з тым жа назовам на базе памянёнага клюбу. Да старых песень былі далучаны некалькі новых І. Войніча і створана новая праграма «Шукальнікі ветру», з якой «Камэлот» стаў выступаць на клубных пляцоўках Менску і іншых гарадах, а таксама на розных рыцарскіх фэстах. Электрычны «Камэлот» нават з’езьдзіў з канцэртамі ў Данію і Польшчу, запісаў некаторыя новыя і старыя песньні, што не ўвайшлі ў першы альбом «Краіна Талераў», які, дарэчы, у 1998 г. быў часткова нанава перазьведзены, цалкам адмайстраваны і выпушчаны кампаніяй В. Супрановіча «БМА» на CD-кружэлцы (CD BMA 038). Па словах Войніча — за той час было адыграна каля ста імпрэзаў. Рэпетыцыйнай базай стала «кропка» філялагічнага факультэта БДУ (дзе Войніч працаваў выкладчыкам старадаўняй літаратуры), на якой у той час рэпетавала безьліч гуртоў — у тым ліку вядомыя «Крама», «Маркаў бэнд», «Цмокі». Хаця рэпетыцыі праходзілі ўжо пасьля заняткаў, моцныя гукі з-пад даху будынку былой партшколы і «патлатыя» хлопцы яўна не студэнцкага выгляду сталі выклікаць нэрвовасьць у новага кіраўніцтва філфаку. Рэпетыцыі былі спынены, а Войніч у 2002 г. выгнаны з унівэрсітэту. Без рэпетыцыйнай базы спыніліся выступы і ўжо электрычнага «Камэлота». Песні Войніча сталі граць іншыя выканаўцы (праект «Партызанцкая школа» 2006). Актыўную музычную не спыняў таксама і З. Сідаровіч. Некаторы час ён граў свае песьні разам з гуртом «Стары Ольса» (дзьве зь іх выйшлі на альбоме «Вір» 2001). Выстае сольна як дудар на шматлікіх фэстах як у Беларусі, так і за мяжой. Паміж Войнічам і Сідаровічам вядуцца размовы пра аднаўленьні выступаў гурту ў акустычным варыянце і запісах усяго таго, што настваралі ўдзельнікі (Войніч-Кішкін-Сідаровчіч) за час існаваньня паўлегендарнага «Камэлота».