Кангрэс новай беларускай дыяспары Эўропы і ЗША

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Кангрэс новай беларускай дыяспары Эўропы і ЗША — гэта міжнароднае аб’яднаньне людзей, заснаванае на прынцыпах плюралізму, прафэсіяналізму, а таксама інавацыйнага мысьленьня ў спалучэньні з імкненьнем да канкрэтных дзеяньняў. У працы Кангрэса ўдзельнічае новае пакаленьне беларускай дыяспары з Эстоніі, Латвіі, Летувы, Швэцыі, Даніі, Расеі, Украіны, Польшчы, Чэхіі, Нямеччыны, Бэльгіі, Нідэрляндаў, Швайцарыі, Францыі, ЗША, а таксама беларускія студэнты ЭГУ і праграм навучаньня беларускіх студэнтаў у Эстоніі, Латвіі, Польшчы, Швэцыі. Гэта сетка, якая аб’ядноўвае прадстаўнікоў новага пакаленьня беларусаў у дыяспары і Беларусі. Яна займаецца лабіяваньнем беларускіх інтарэсаў за мяжой, падтрымкай роднай культуры і мовы, кансалідацыяй маладога пакаленьня беларусаў, інфармацыйнымі і адукацыйнымі праектамі.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы Кангрэс адбыўся ў Таліне (Эстонія) у сакавіку 2008 г. Другі — у Страсбурзе (Францыя) у красавіку 2009 г. Паміж сустрэчамі ў Таліне і Страсбурзе працоўнымі групамі Кангрэса рэалізаваны шэраг культурных, адукацыйных і інфармацыйных праектаў. Сярод іх мастацкія і фотавыставы беларускіх дзеячаў мастацтва ў Эўропе і ЗША, беларускія клюбы ў Эстоніі, усталёўка мэмарыяльнай дошкі на будынку Амбасады БНР у Таліне.