Канстантын Астроскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Канстантын Астроскі
Костянтин Іванович Острозький.jpg
Канстантын Астроскі. Невядомы мастак, XVIII ст.
POL COA Ostrogski.svg
Герб «Астроскі»
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 1460
Памёр: 11 верасьня 1530
Род: Астроскія
Бацькі: Іван Астроскі
Жонка: Тацяна Ганна з Гальшанскіх
Аляксандра з Алелькавічаў
Дзеці: ад 1-га шлюбу: Ільля
ад 2-га шлюбу: Канстантын Васіль, Соф’я

Канстантын Іванавіч Астроскі (1460 — 11 верасьня 1530) — дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Найвышэйшы гетман літоўскі (14971500 і ад 1507), кашталян віленскі (15111522), ваявода троцкі1522)[1].

Паводле колькасьці падданых К. Астроскі быў другім землеўладальнікам у Вялікім Княстве (пасьля А. Гаштольда), з усіх маёнткаў ставіў у войска 426 конных ваяроў[2]. Валодаў вялікімі абшарамі на Валыні (Астрог і інш.), атрымаў ад вялікага князя Дубну, Красілаў, Зьдзецел (1498), Тураў (1508), Балажэвічы, Шастовічы і Капцэвічы ў Мазырскім павеце (1512), Дарагабуж на Валыні (1514), Смаляны (1522), Копысь і інш. Як пасаг атрымаў ад жонкі частку Гальшанаў і Глуску, Смалявічы і Жыцін на Меншчыне, Шашолы і Сьвіраны на тэрыторыі сучаснай Летувы, як спадчыну — Славенск каля Ашмянаў, Лемніцу і Палонну каля Воршы, набыў Тарасаў каля Менску (1516), Азяраны і возера Сьвіцязь (1516), Нізгалаў і Сушу на Полаччыне (1526)[3]. Трымаў Брацлаўскае, Віньніцкае (14971500 і ад 1507) і Луцкае (ад 1507) староствы.

Сучасьнікі высока цанілі К. Астроскага як вайскавода, па сьмерці называлі яго «другім Ганібалам» (М. Стрыйкоўскі), «рускім Сцыпіёнам», сьцьвярджалі, што ён выйграў 64 бітвы.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З княскага роду Астроскіх гербу ўласнага, магчыма, нашчадак тураўскіх князёў, якія з канца XIV стагодзьдзя мелі галоўнай рэзыдэнцыяй горад Астрог на Валыні.

Вайсковую службу распачаў удзелам у змаганьні з крымскімі татарамі ды ў першай вайне Маскоўскай дзяржавы супраць Вялікага Княства Літоўскага. За перамогу ля Ачакава над войскамі Махмэт-Гірэя ў веку 37 гадоў быў прызначаны на пасаду гетмана найвышэйшага. Быў першым, хто атрымаў гэтую пасаду. Правёў некалькі ўдалых вайсковых кампаніяў супраць крымскіх татараў і Маскоўскае дзяржавы.

Прайграўшы 14 ліпеня 1500 году бітву на рацэ Вядрошы, патрапіў у палон да маскоўцаў. У 1506 годзе мусіў прысягнуць на вернасьць маскоўскаму князю Васілю ІІІ, але, скарыстаў свабоду руху і ўцёк на радзіму, дзе яму вярнулі пасаду гетмана найвышэйшага.

У 1508 годзе пад Слуцкам і ў 1512 годзе ў бітве пры Вішняўцы разграміў крымскіх татараў.

Асабліва слаўнай была перамога над амаль утрая большым маскоўскім войскам на рацэ Крапіўне пад Воршай 8 верасьня 1514 году. Бітва пад Воршай увайшла ў эўрапейскія хрэстаматыі з ваеннай гісторыі як узор удалае тактыкі змаганьня з нашмат перасяжнымі сіламі ворага, як прыклад вырашальнага ўплыву таленту і майстэрства вайсковага начальніка на вынік баталіі.

У 1517 годзе ваяваў на Пскоўшчыне. Увесну 1518 году пасол ад паноў-рады ў Польшчу. 2 жніўня 1519 году пад Сокалам быў разьбіты татарамі, але 27 студзеня 1527 году перамог іх у бітве пад Альшаніцай, што на Кіеўшчыне. Было забіта тады 40 000 татараў.

Мэцэнат, галоўны апякун Праваслаўнай Царквы ў Вялікім Княстве Літоўскім. У 1507 атрымаў ад Жыгімонта Старога ў кіраваньне Жыдычынскі манастыр на Валыні. У 1511 атрымаў дазвол на перабудову Віленскага Прачысьценскага сабора, у 1514 — на пабудову ў Вільні цэркваў Сьв. Тройцыі Сьв. Мікалая (Перанясенскай) у гонар бітвы пад Воршай, збудаваў цэрквы ў Дубне (1492), Смалявічах (каля 1520). Рабіў падараваньні цэрквам Вільні, Наваградку, Турава, Дзярманскаму і Межырэцкаму манастырам, Кіева-Пячорскаму манастыру. У 1511 дамогся ад Жыгімонта Старога пацьверджаньня Праваслаўнай Царкве права на незалежны суд і забароны сьвецкім асобам прызначацца на царкоўныя пасады. Кіраваў маёнткамі Кіеўскай мітраполіі па сьмерці мітрапаліта Язэпа Солтана (1521).

Двойчы браў шлюб, ад першай жонкі Тацяны Ганны з Гальшанскіх меў сына Ільлю, ад другой — Аляксандры з Алелькавічаў — сына Канстантына Васіля і дачку Соф’ю. Памёр у Вільні, пахавалі гетмана ў Кіева-Пячэрскай лаўры.

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Меркаваньні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Усё сваё жыцьцё Канстантын Астроскі аддаў вернаму служэньню Радзіме, несупыннай барацьбе зь яе ворагамі. Расейскі гісторык М. Карамзін пісаў пра яго:

« Насамрэч, ніхто ня служыў Літве і Польшчы стараньней за Астроскага, брата расейцаў у царкве, але страшэннага ворага іх у полі. Адважны, бадзёры, славалюбівы, гэты ваявода адушавіў палкі Літоўскія, шляхецкія паны і шараговыя ваяры ахвотна ішлі зь ім у бой. »
Папярэднік
Гетман вялікі літоўскі
14971500
Наступнік
Сямён Гальшанскі
Папярэднік
Станіслаў Кішка
Гетман вялікі літоўскі
15071530
Наступнік
Юры Радзівіл

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Пазднякоў В. Астрожскі Канстанцін Іванавіч // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 260.
  2. ^ Юхо Я., Насевіч В. Астрожскія // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. С. 223.
  3. ^ Пазднякоў В. Астрожскі Канстанцін Іванавіч // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 261.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Канстантын Астроскісховішча мультымэдыйных матэрыялаў