Канстанты Рамуальд Будкевіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Канстанты Рамуальд Будкевіч
Konstanty Romuald Budkiewicz
Budkiewicz.jpg
Канстанты Рамуальд Будкевіч
Род дзейнасьці рэпрэсаваны каталіцкі сьвятар
Дата нараджэньня 19 чэрвеня 1867
Месца нараджэньня сядзіба Зубры пад Краславай (сёньня — Латвія)
Дата сьмерці ноч з 31 сакавіка на 1 красавіка 1923
Месца сьмерці Масква

Канстанты Рамуальд Будкевіч (19 чэрвеня 1867, сядзіба Зубры пад Краславай (сёньня — Латвія) — ноч з 31 сакавіка на 1 красавіка 1923, Масква) — сьвятар Рымска-каталіцкай царквы, прэлат Яго Эксэленцыі, быў рэпрэсаваны падчас перасьледаў хрысьціянства ў СССР.

Сям'я й адукацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З шматдзетнай шляхецкай сям'і Юльляна й Марыі з Баркоўскіх Будкевічаў. Бацька працаваў лясьнічым. Вучыўся ў прыватнай прагімназіі ў Кельцах, скончыў пяць клясаў гімназіі ў Любліне, Рымска-каталіцкую духоўную сэмінарыю ў Санкт-Пецярбургу (1890), Імпэратарскую Рымска-каталіцкую духоўную акадэмію ў Пецярбургу са ступеньню кандыдата багаслоўя (1893).

Дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сьвятар ад 26 верасьня 1893. Ад 5 лютага 1894 вікарый у парафіі Сьвятой Троіцы ў Пскове і законанавучальнік. Ад 11 кастрычніка 1896 вікарый у парафіі сьвятога Антонія ў Віцебску і законанавучальнік. Ад 8 кастрычніка 1903 вікарый парафіі сьвятой Кацярыны у Пецярбургу, які налічваў у то час 30 тысяч вернікаў. Ад 13 студзеня 1904 намесьнік плябана, ад 5 верасьня 1905 — плябан гэтае парафіі.

Выявіў сябе энэргічным касьцёльным дзеячам. У бытнасьць яго плябанам у касьцёле сьв. Кацярыны адбыліся два рамонты (у 1907 і 1911). Здолеў падвысіць прыбыткі ад прыналежнае да парафіі маёмасьці, якія ішлі ў асноўным на ўтрыманьне і пашырэньне парафіяльных навучальных установаў (у 1907 былі заснаваныя тры элемэнтарныя школы, чатырохклясная прафэсійная школа для падрыхтоўкі сельскіх настаўніц). Займаўся падвышэньнем узроўня адукацыі ў парафіяльных мужчынскай і жаночай гімназіях. У 1907 была заснаваная пазыкаашчадная каса для тых, хто працаваў у вучэбных установах. Пры храме функцыянавалі Хата рамёстваў, танная сталовая, ствараліся кружкі самаадукацыі для самых бедных. Значную ўвагу Будкевіч надаваў дабрачынным праектам, прыцягваючы вернікаў да іх рэалізацыі. Актыўна ўдзельнічаў у працы спартовага таварыства «Польскі Сакол».

З 1908, адначасова з пасадай плябана парафіі, займаў пасаду дэкана пецярбурскага дэканату, які да 1914 налічаў 18 парафіяў, 13 філійных каьцёлаў, 10 капліц і 101 330 вернікаў. З 31 траўня 1910 — ганаровы канонік.

Падчас Першае сусьветнае вайны быў віцэ-старшынём, а затым старшынём Таварыства дапамогі ахвярам вайны, падтрымліваў дзейнасьць Польскага грамадзянскага камітэту, які дапамагаў уцекачам-палякам, выдаваў штотыднёвік "Czytania Niedzielne". З 1917 актыўна ўдзельнічаў у дзейнасьці Грамадзкага камітэту (затым — Грамадзкае рады) сьвятароў пры архідыяцэзіяльным кіраваньні. З 7 чэрвеня 1918прэлат Яго Эксэленцыі.

Пасьля зачыненьня парафіяльных навучальных установаў арганізаваў таемныя курсы, якія настаўнікі ладзілі на кватэрах. Выступіў зь ініцыятывай стварэння архідыяцэзіяльнага Таварыства каталіцкіх бацькоў і выхавальнікаў з мэтай клопату аб дзецях каталікоў і стварэньні дзеляў рэлігійных школаў, аднак савецкія ўлады адмовіліся дазволіць функцыянаваньне гэтае арганізацыі. Узначальваў Камісію па арганізацыі забесьпячэння курыі сродкамі да існаваньня, якая займалася зборам ахвяраваньняў на ўтрыманьне дыяцэзіяльных установаў і духоўнай сэмінарыі. Пасьля зачыненьня сэмінарыі чытаў лекцыі ў таемнай сэмінарыі, рэктарам якой быў Антоні Малецкі.

У 1922 адмовіўся падпісаць дамову аб карыстаньні храмам, па форме, усталяванай органамі савецкай улады, але не санкцыянаванай Ватыканам. Таксама выступаў супраць вынятку прыналежных парафіі каштоўнасьцяў, перадаў асноўныя каштоўнасьці ў польскае прадстаўніцтва ў Петраградзе. Ад імя каталіцкай дыяцэзіі вёў перамовы з органамі савецкай улады, грунтуючыся на кананічным праве Рымска-каталіцкай царквы. Адмовіўся пакінуць сваіх вернікаў і зьехаць за мяжу, нягледзячы на папярэджаньні са боку сяброў.

Судовы працэс і згуба[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1922 Будкевіч быў дапытаны па справе каталіцкага духавенства Петраграда, абвінавачанага ў стварэньні антысавецкае, контррэвалюцыйнае арганізацыі з мэтай процідзеяньня дэкрэту аб аддзяленьні царквы ад дзяржавы і інструкцыі аб парадку правядзеньня ў жыцьцё гэтага дэкрэту. У чаканьні судовага працэсу знаходзіўся пад падпіскай аб нявыязьдзе. Ізноў адмовіўся пакінуць Петраград, нягледзячы на відавочную небясьпеку для яго жыцьця, не жадаючы сваімі ўцёкамі пашкодзіць інтэрасам каталіцкіх сьвятароў і вернікаў, якія заставаліся ў Расеі.

У пачатку сакавіка 1923 быў выкліканы на суд у Маскву, дзе 10 сакавіка арыштаваны. 21 сакавіка 1923 пачаўся суд, які працягваўся пяць дзён. Асноўнымі абвінавачванымі на працэсе былі арцыбіскуп Ян Цепляк і прэлат Будкевіч. У жыцьцяпісе Будкевіча сказана, што на працэсе ён казаў павольна, амаль ціха, часам апраўдваўся, нібы дазваляючы сабе нешта ўспомніць: «Вышэй за ўсё я шанаваў супакой, я ніколі не любіў спрэчак і сварак. Я прысьвяціў сябе працы». У сваім апошнім слове не прызнаў сябе вінаватым, заявіўшы, што заўсёды спрабаваў дамовіцца з уладамі так, каб не парушыць прынцыпаў існаваньня Царквы ў дзяржаве.

Будкевіч быў прызнаны вінаватым

у сьвядомым кіраўніцтве (…) контррэвалюцыйнымі дзеяньнямі арганізацыі петраградзкіх каталіцкіх сьвятароў, накіраванымі да супраціву Савецкай улады, паслабленьню пралетарскае дыктатуры, узнаўленьню старых маёмасных правоў цэрквы і правакацыю мас вернікаў да выступу супраць Савецкае ўлады, — правакацыі, якая прывяла, пры наяўнасьці рэлігійных забабонаў гэтае масы, да такіх выступаў, а таксама ў адмове выконваць савецкія законы, што прадугледжана артыкуламі 62, 119 і 121 Крымінальнага Кодэксу.

Паводле рашэньня трыбуналу сьвятар быў прысуджаны да растрэлу. Да такога жа пакараньня быў прысуджаны і арцыбіскуп Цепляк, але яму УЦВК замяніў сьмяротны прысуд дзесяцьцю гадамі турэмнага зьняволеньня. Прысуд Будкевічу быў зацьверджаны, бо ён нібы зьяўляўся дзяржаўным здраднікам у карысьць «замежнага буржуазнага ўраду» (меліся на ўвазе яго кантакты з польскімі дыпляматамі ў інтэрасах Касьцёла).

Існуюць розныя варыянты аповядаў аб апошніх днёх жыцьця кс. Будкевіча, але ўсе яны падобныя ў адным — ён спакойна выслухаў вестку аб адхіленьні прашэньня аб памілаваньні і быў гатовы да сьмерці. Ёсьць дзьве вэрсіі растрэлу сьвятара:

Паводле першае, прысуд быў прыведзены ў выкананьне ў склепе турмы ГПУ, у прысутнасьці трох агентаў: Еўдакімава, Бергмана (Венікас) і Крума. У лісьце Бергмана адвакату забітага сьвятара гаворыцца, што дэкан загадзя напісаў ліст да Папежа, быў цалкам спакойны і зьвярнуўся да Еўдакімава са словамі: «Прашу перадаць апошняе маё прывітаньне айцу Цепляку і засьведчыць яму, што я да апошняй хвіліны застаўся верным Апостальскаму Пасаду». Пасьля таго, як прэлат вымавіў гэтыя словы, бальшавік Злоткін стрэліў яму ў галаву. Паводле другой вэрсіі, «на месцы пакараньня сьмерцю прэлат перажагнаўся, блаславіў ката і двух яго памагатых, а сам адкруціўся да сьцяны, зашаптаўшы словы малітвы. Стрэл ката перапыніў малітву сьвятара».

Памяць пра сьвятара[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У пачатку красавіка 1923 на паседжаньні парлямэнту Польшчы была прынятая рэзалюцыя, у якой гаварылася аб тым, што «дзякуючы свайму пакутніцтву за веру нябожчык кс. Будкевіч, пасьлядоўнік святых пакутнікаў, атрымаў права на шанаваньне як новы заступнік нашай Радзімы». Польская паэтка Казімера Ілаковіч прысьвяціла яму напісаную ў стылі народнае баляды паэму «Паданьне аб маскоўскім пакутніцтве» (1927) і верш «Голас сьвятара з труны» (1928).

У 1927 у Варшаве быў створаны Камітэт ўшанаваньня памяці Будкевіча. У 1936 у варшаўскім касьцёле сьв. Ганны быў усталяваны помнік кс. Будкевічу, які, хутчэй за ўсё, быў зьнішчаны падчас Варшаўскага паўстаньня 1944. Яго імем названая адна з вуліц у Варшаве.

У 2003 афіцыйна пачаты працэс бэатыфікацыі.

Спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]