Канстанцыя Буйло

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Канстанцыя Буйло
Kanstancyja Bujło1916.jpg
Асабістыя зьвесткі
Нарадзілася 14 студзеня 1893
Вільня, Віленская губэрня, Расейская імпэрыя
Памерла 4 чэрвеня 1986
Масква
Бацькі Антон Аляксандравіч Буйло
Настэзія Бусілаў (Бусел)
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэзія
Дэбют «Хвоя» // «Наша Ніва» №9, 1909
Прэміі
Ордэн «Знак Пашаны»
Творы на сайце Knihi.com

Канстанцыя Антонаўна Буйло (у шлюбе — Калечыц; 14 студзеня 1893, Вільня, Віленская губэрня4 чэрвеня 1986, Масква) — беларуская паэтка.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Канстанцыя Буйло (крайняя зьлева) разам з бацькамі Антонам і Настэзіяй Буйло, 1900-я
Канстанцыя Буйло з мужам Віталём Адольфавічам Калечыцам у дзень шлюбу 7 чэрвеня 1916

Нарадзілася ў сям’і аб’езьніка графа Тышкевіча. Была ахрышчана 17 студзеня 1893 у Віленскім касьцёле Сьвятога Якава. Асноўную адукацыю атрымала дома ў хатніх настаўнікаў. Скончыла кароткатэрміновыя настаўніцкія курсы ў Вільні (1914). Тут пазнаёмілася з Максімам Гарэцкім. Сябравала з Уладзіславай Луцэвіч. Настаўнічала ў вёсцы Горнае Скробава, дзе вучылі сына пана Дзеўчапольскага. А. Шоцкі адзначае, што К. Буйло некалькі разоў наведвала Крошын, Завосьсе, Туганавічы, Калдычэўскае возера і мясьціны, зьвязаныя з жыцьцём філяматаў і філярэтаў[1]. Загадвала беларускай кнігарняй у Полацку (19151916), але ў сувязі зь яе закрыцьцём перайшла на працу ў Земскі саюз.

7 чэрвеня 1916 выйшла замуж за Віталя Адольфавіча Калечыца, сына надворнага дарадцы, які паходзіў з засьцянковай шляхты Менскага павету (у 1933 арыштаваны). Пасьля Кастрычніцкай рэвалюцыі працавала статыстам у Валакаламскім павятовым выканкаме рабочых і салдацкіх дэпутатаў, бугальтарам саўгаса «Данілкава». З 1923 г. пераехала ў Маскву да свайго мужа, дзе жыла да самай сьмерці на Ціхвінскім завулку, № 11. Працавала на заводзе «Аграном» (19291934), начальнікам аддзела збыту палітэхлабарсаюзу (19341940), у 19401951 г. — начальнікам апэратыўнага аддзела, затым в. а. намесьніка дырэктара цэнтральнай канторы вэтэрынарнага забесьпячэньня трэста Саюзветзабпрам.

Сябра Саюзу пісьменьнікаў СССР (з 1944).

Памерла ў Маскве 4 чэрвеня 1986. У 1989 урну зь яе прахам перавезьлі ў Вішнеў на Валожыншчыне[2].

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Друкавацца пачала ў 1909, зьмясьціўшы ў «Нашай Ніве» пад імем свайго брата Эдуарда першыя свае вершы — «Хвоя», дасланы з Адравонжы Ашмянскага павету («Наша Ніва», № 9), і «Скора зіма» («Наша Ніва», № 46). Паводле іншых зьвестак, першым надрукаваным вершам быў «Лес» (1903)[3]. Пад уласным імем пачала друкавацца з 1910. У 1914 у друкарні Марціна Кухты выдала свой дэбютны зборнік вершаў — «Курганная кветка».

Аўтар зборнікаў вершаў «Сьвітаньне» (1950), «На адноўленай зямлі» (1961), «Май» (1965), «Роднаму краю» (1973). Выйшлі Выбраныя творы (1954), «Выбранае» (1968, 1976), Выбраныя творы ў 2 тамах (1981). Напісала кніжкі вершаў для дзяцей «Юрачка» (1957), «У бляску зор» (1968), «Вясной» (1984). Многія вершы паэткі пакладзеныя на музыку. Асабліва шырокую вядомасьць займела песьня «Люблю», якая стала народнай.

Максім Гарэцкі ў сваёй «Гісторыі беларускае літэратуры» лічыў яе «найбольш выдатнай пасьля Цёткі жаноцкай сілай ў нашай поэзіі»[4].

Аўтарка п’ес «Кветка папараці» (1914) і «Сягоньняшнія і даўнейшыя» (1914, пастаўлена ў 1921).

Узнагароджана ордэнам «Знак Пашаны» і мэдалямі. Заслужаны дзяяч культуры Беларускай ССР (1968). У гонар Канстанцыі Буйло ўсталявана мэмарыяльная дошка на Вішнеўскай сярэдняй школе Валожынскага раёну, якой прысвоена яе імя[5].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Ляшук В. Я., Снітко Г. М. Літаратурная Берасцейшчына: краязнаўчыя нарысы, партрэты, артыкулы / В. Я. Ляшук, Г. М. Снітко. — Мінск: Литература и Искусство, 2008. — С. 190. — 320 с. — ISBN 978-985-6720-29-4
  2. ^ Гарэцкі, Р. Сяброўства творцаў. Браты Максім і Гаўрыла Гарэцкія і беларускія паэткі — Канстанцыя Буйла і Наталля Арсеннева // Роднае слова. — Мн.: 2006. — № 6. — С. 104.
  3. ^ Канстанцыя Буйло // Першацвет адраджэння: Вучэб. дапам. па беларус. літ. для ст. кл. сярэд. шк. / Склад. М. А. Федасеенка, Т. П. Прохарава, Г. М. Разанава і інш. — Мн.: Нар. асвета, 1995. — С. 318—319. — 511 с ISBN 985-03-0216-X
  4. ^ Гарэцкі, М. Буйло, Канстанцыя // Гісторыя беларускае літэратуры. — Выданьне другое (папраўленае). — Вільня: Віленскае выдавецтва Б. Клецкіна, 1921. — С. 198—199.
  5. ^ Канстанцыя Буйло(рас.). Отдел образования Барановичского районного исполнительного комитета. Праверана 6 сьнежня 2011 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Буйло Канстанцыя // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А.К. Гардзіцкі. Нав.рэд. А.Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994.— 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X.
  • Буйло Канстанцыя // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. Мн.: БелЭн, 1992—1995.
  • Буйло К. …Коціцца рэха: Вершы, паэмы, лісты // Уклад. і прадм. Д. Чаркасавай. — Мн.: Маст. літ., 1993. — 287 с. ISBN 5-340-01327-8