Канстантын Астроскі
| Канстантын Астроскі | |
Канстантын Астроскі. Невядомы мастак, XVIII ст. |
|
Герб «Астроскі» |
|
| Асабістыя зьвесткі | |
| Нарадзіўся: | 1460 |
| Памёр: | 11 верасьня 1530 |
| Род: | Астроскія |
| Бацькі: | Іван Астроскі |
| Жонка: | Тацяна Ганна з Гальшанскіх Аляксандра з Алелькавічаў |
| Дзеці: | Ад 1-га шлюбу: Ільля Ад 2-га шлюбу: Канстантын Васіль, Соф’я |
Канстантын Іванавіч Астроскі (1460 — 11 верасьня 1530) — дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Найвышэйшы гетман літоўскі (1497—1500 і ад 1507), кашталян віленскі (1511—1522), ваявода троцкі (ад 1522)[1].
Паводле колькасьці падданых К. Астроскі быў другім землеўладальнікам у Вялікім Княстве (пасьля А. Гаштольда), з усіх маёнткаў ставіў у войска 426 конных ваяроў[2]. Валодаў вялікімі абшарамі на Валыні (Астрог і інш.), атрымаў ад вялікага князя Дубну, Красілаў, Зьдзецел (1498), Тураў (1508), Балажэвічы, Шастовічы і Капцэвічы ў Мазырскім павеце (1512), Дарагабуж на Валыні (1514), Смаляны (1522), Копысь і інш. Як пасаг атрымаў ад жонкі частку Гальшанаў і Глуску, Смалявічы і Жыцін на Меншчыне, Шашолы і Сьвіраны на тэрыторыі сучаснай Летувы, як спадчыну — Славенск каля Ашмянаў, Лемніцу і Палонну каля Воршы, набыў Тарасаў каля Менску (1516), Азяраны і возера Сьвіцязь (1516), Нізгалаў і Сушу на Полаччыне (1526)[3]. Трымаў Брацлаўскае, Віньніцкае (1497—1500 і ад 1507) і Луцкае (ад 1507) староствы.
Сучасьнікі высока цанілі К. Астроскага як вайскавода, па сьмерці называлі яго «другім Ганібалам» (М. Стрыйкоўскі), «рускім Сцыпіёнам», сьцьвярджалі, што ён выйграў 64 бітвы.
Зьмест |
[рэдагаваць] Біяграфія
З княскага роду Астроскіх гербу ўласнага, магчыма, нашчадак тураўскіх князёў, якія з канца XIV стагодзьдзя мелі галоўнай рэзыдэнцыяй горад Астрог на Валыні.
Вайсковую службу распачаў удзелам у змаганьні з крымскімі татарамі ды ў першай вайне Маскоўскай дзяржавы супраць Вялікага Княства Літоўскага. За перамогу ля Ачакава над войскамі Махмэт-Гірэя ў веку 37 гадоў быў прызначаны на пасаду гетмана найвышэйшага. Быў першым, хто атрымаў гэтую пасаду. Правёў некалькі ўдалых вайсковых кампаніяў супраць крымскіх татараў і Маскоўскае дзяржавы.
Прайграўшы 14 ліпеня 1500 году бітву на рацэ Вядрошы, патрапіў у палон да маскалёў. У 1506 годзе мусіў прысягнуць на вернасьць маскоўскаму князю Васілю ІІІ, але, скарыстаў свабоду руху і ўцёк на радзіму, дзе яму вярнулі пасаду гетмана найвышэйшага.
У 1508 годзе пад Слуцкам і ў 1512 годзе ў бітве пры Вішняўцы разграміў крымскіх татараў.
Асабліва слаўнай была перамога над амаль утрая большым маскоўскім войскам на рацэ Крапіўне пад Воршай 8 верасьня 1514 году. Бітва пад Воршай увайшла ў эўрапейскія хрэстаматыі з ваеннай гісторыі як узор удалае тактыкі змаганьня з нашмат перасяжнымі сіламі ворага, як прыклад вырашальнага ўплыву таленту і майстэрства вайсковага начальніка на вынік баталіі.
У 1517 годзе ваяваў на Пскоўшчыне. Увесну 1518 году пасол ад паноў-рады ў Польшчу. 2 жніўня 1519 году пад Сокалам быў разьбіты татарамі, але 27 студзеня 1527 году перамог іх у бітве пад Альшаніцай, што на Кіеўшчыне. Было забіта тады 40 000 татараў.
Мэцэнат, галоўны апякун Праваслаўнай Царквы ў Вялікім Княстве Літоўскім. У 1507 атрымаў ад Жыгімонта Старога ў кіраваньне Жыдычынскі манастыр на Валыні. У 1511 атрымаў дазвол на перабудову Віленскага Прачысьценскага сабора, у 1514 — на пабудову ў Вільні цэркваў Сьв. Тройцыі Сьв. Мікалая (Перанясенскай) у гонар бітвы пад Воршай, збудаваў цэрквы ў Дубне (1492), Смалявічах (каля 1520). Рабіў падараваньні цэрквам Вільні, Наваградку, Турава, Дзярманскаму і Межырэцкаму манастырам, Кіева-Пячорскаму манастыру. У 1511 дамогся ад Жыгімонта Старога пацьверджаньня Праваслаўнай Царкве права на незалежны суд і забароны сьвецкім асобам прызначацца на царкоўныя пасады. Кіраваў маёнткамі Кіеўскай мітраполіі па сьмерці мітрапаліта Язэпа Солтана (1521).
Двойчы браў шлюб, ад першай жонкі Тацяны Ганны з Гальшанскіх меў сына Ільлю, ад другой — Аляксандры з Алелькавічаў — сына Канстантына Васіля і дачку Соф’ю. Памёр у Вільні, пахавалі гетмана ў Кіева-Пячорскай Лаўры.
[рэдагаваць] Галерэя
[рэдагаваць] Меркаваньні
Усё сваё жыцьцё Канстантын Астроскі аддаў вернаму служэньню Радзіме, несупыннай барацьбе зь яе ворагамі. Расейскі гісторык М. Карамзін пісаў пра яго:
| Насамрэч, ніхто ня служыў Літве і Польшчы стараньней за Астроскага, брата расейцаў у царкве, але страшэннага ворага іх у полі. Адважны, бадзёры, славалюбівы, гэты ваявода адушавіў палкі Літоўскія, шляхецкія паны і шараговыя ваяры ахвотна ішлі зь ім у бой. | ||
| Папярэднік 'няма' |
Гетман вялікі літоўскі 1497—1500 |
Наступнік Сямён Гальшанскі |
| Папярэднік Станіслаў Кішка |
Гетман вялікі літоўскі 1507—1530 |
Наступнік Юры Радзівіл |
[рэдагаваць] Крыніцы
- ^ Валеры Пазднякоў. Астрожскі Канстанцін Іванавіч // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 260.
- ^ І. А. Юхо, В. Л. Насевіч. Астрожскія // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т.Т. 1: А — Беліца / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. С. 223.
- ^ Валеры Пазднякоў. Астрожскі Канстанцін Іванавіч // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 261.
[рэдагаваць] Літаратура
- Г. Сагановіч. Айчыну сваю баронячы (Канстанцін Астрожскі, 1460-1530). — Менск: Навука і тэхніка, 1992. ISBN 5-343-01109-8.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 684 с.: іл. ISBN 985-11-0314-4.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т.Т. 1: А — Беліца / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. — 494 с., [8] к.: іл. ISBN 5-85700-074-2.
[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі
Канстантын Астроскі — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
| Гетманы вялікія літоўскія | ||
|---|---|---|
|
Канстантын Астроскі • Сямён Гальшанскі • Станіслаў Кезгайла • Станіслаў Кішка • Канстантын Астроскі (другі раз) • Юры Радзівіл • Мікалай Радзівіл «Руды» • Рыгор Хадкевіч • Мікалай Радзівіл «Руды» (другі раз) • Крыштап Мікалай Радзівіл «Пярун» • Ян Караль Хадкевіч • Леў Сапега • Крыштап Радзівіл (малодшы) • Януш Кішка • Януш Радзівіл • Павал Ян Сапега • Міхал Казімер Пац • Казімер Ян Сапега • Міхал Сэрвацы Вішнявецкі • Казімер Ян Сапега (другі раз) • Ян Казімер Сапега • Людвік Канстантын Пацей • Міхал Сэрвацы Вішнявецкі (другі раз) • Міхал Казімер Радзівіл «Рыбанька» • Міхал Юзэф Масальскі • Міхал Казімер Агінскі • Сымон Марцін Касакоўскі
|
||