Каралеўства Вугоршчына (1920—1946)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Каралеўства Вугоршчына (1920—1946)
вуг. Magyar Királyság
Flag of Hungary (1918-1919; 3-2 aspect ratio).svg
19201946 Flag of Hungary (1946-1949, 1956-1957).svg
Сьцяг Каралеўства Вугоршчына (1920—1946) Герб Каралеўства Вугоршчына (1920—1946)
(Сьцяг) (Герб)
Дзяржаўны гімн
«Himnusz»
Месцазнаходжаньне Каралеўства Вугоршчына (1920—1946)
Афіцыйная мова вугорская
Сталіца Будапэшт
Форма кіраваньня Рэгенцтва
вакантна
Плошча
 • агульная

1920 — 92 833[1] км²
Насельніцтва
 • агульнае ([[1920,
1930,
1941]])
 • шчыльнасьць

адпаведна 7 980 143[1];
8 688 319[2];
14 669 100[3]
адпаведна 86; 93,3; 85,2/км²
Валюта Вугорская крона (1920-1927),
Вугорскае пэндзьё (1927-1946)
Незалежнасьць
— абвешчанае
— скасаванае

1 сакавіка 1920
1 лютага 1946

Вугорскае карале́ўства (па-вугорску: Magyar Királyság) — пэрыяд у новай гісторыі Вугоршчыны існаваньня манархічнае дзяржавы на тэрыторыі сучаснае краіны, якая фактычна кіравалася рэгентам Міклашам Хорці. Хорці афіцыйна прадстаўляў манархію караля Карла І, Апостальскага караля Вугоршчыны. Тым ня менш, спробы вяртаньня Карла І на трон былі прадухіленыя пагрозаю войнаў зь іншымі дзяржавамі і адмоўнай пазыцыяй да гэтага з боку Хорці.

Каралеўства Вугоршчына ўвайшло ў Другую сусьветную вайну ў якасьці адной з краінаў Восі. У 1944 годзе Вугоршчына была акупаваная Нацысцкай Нямеччынай, у выніку чаго Хорці быў пазбаўлены ўлады. У краіне быў устаноўлены новы пранацысцкі ўрад лідэра партыі Скрыжаваная стрэлы Фэрэнца Салашы, які пераўтварыў Вугоршчыну ў марыянэткавую дзяржаву Трэцяга Райху.

Па заканчэньні Другой сусьветнай вайны Вугоршчына трапіла ў сфэру інтарэсаў Савецкага Саюзу, а ў 1946 годзе на тэрыторыі Вугоршчыны была створаная прасавецкая Другая Вугорская Рэспубліка.

Узьнікненьне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па распадзе Аўстра-Вугоршчыны на яе тэрыторыях пасьлядоўна былі абвешчаныя Вугорская Народная і Савецкая рэспублікі. Кароткатэрміновы ўрад савецкае Вугоршчыны на чале з Бэла Кунам распачаў у краіне рэжым, вядомы цяпер як «Чырвоны тэрор», уцягнуўшы краіну ў вайну з суседняй Румыніяй. У 1920 годзе краіна трапіла ў пэрыяд фактычнай грамадзянскай вайны з чысткамі камуністаў, іншых левых палітыкаў, а таксама іншых падазраваных асобаў (напрыклад, габрэяў) з боку антыкамуністаў і манархістаў, што стала вядома як «Белы тэрор». У 1920 годзе, па вывадзе румынскіх войскаў з Вугоршчыны ў краіне была абвешчаная манархія.

1 сакавіка 1920 году правыя палітычныя сілы краіны аб’ядналіся ў кааліцыю дзеля ўдзелу ў палітычным жыцьці канстытуцыйнай манархіі. Тым ня менш, стала вядома, што Хаўрусьнікі не падтрымліваюць вяртаньня тагачаснага аўстра-вугорскага манарха, Карла І Габсбурскага. Існыя на той час у Вугоршчыне грамадзянскія хваляваньні не дазволілі абраць новага караля, з прычыны чаго было прынятае рашэньне пра абраньне рэгента, які будзе прадстаўляць новую манархію. На этую пасаду быў абраны Міклаш Хорці — апошні адмірал аўстра-вугорскага флёту. Першым прэм’ер-міністрам стаў Шандар Шыманьі-Шэмадам.

Урад[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пэрыяд кіраваньня Хорці акрэсьліваўся шэрагам абставінаў, якія дазваляюць некаторым сучасным гісторыкам клясыфікаваць пэрыяд яго кіраваньня як дыктатарскі. На думку іншых дасьледчыкаў, яго паўнамоцтвы працягвалі канстытуцыйныя паўнамоцтвы караля Вугоршчыны, прынятых раней падчас знаходжаньня краіны ў уніі з Аўстрыяй[4]. Знаходзячыся на пасадзе рэгента, Хорці меў паўнамоцтвы распускаць парлямэнт краіны й прызначаць прэм’ер-міністра[4].

Пераемнасьць у выпадку сьмерці або зрачэньня Хорці не была заканадаўча замацаванай; меркавалася, што вугорскі парлямэнт абраў бы новага рэгента або аднавіў бы Габсбурскае панаваньне на чале з Ота фон Гасбургам. У 1942 годзе парлямэнт краіны прызначыў сына Хорці, Іштвана, намесьнікам рэгента і меркаваным пераемнікам. Невядома, ці зьяўлялася дадзеная акалічнасьць спробай аднаўленьня манархіі ў краіне; аднак Іштван Хорці загінуў добраахвотнікам на фронце і ня змог стаць прызначаным на пасаду рэгента.

Першае дзесяцігодзьдзе кіраваньня Хорці адзначылася павелічэньнем рэпрэсіяў супраць жыхароў Вугоршчыны. Так, для габрэяў была ўстаноўленая квота на паступленьне ва ўнівэрсытэты, былі легалізаваныя цялесныя пакараньні. Пад кіраўніцтвам прэм’ер-міністра Іштвана Бэтлена была значна абмежаваная дэмакратыя: пад кантролем прэм’ера пачаліся маніпуляцыі над муніцыпальнымі выбарамі. Ягоная партыя, Партыя адзінства, атрымала перамогу на паўторных выбарах. У галіне зьнешняе палітыкі Бэтлен адзначыўся, у прыватнасьці, спробамі перагляду Трыянонскае дамовы. Але крызіс 1929-1931 гадоў прымусіў Бэтлена сысьці ў адстаўку.

Цягам гэтага пэрыяду ў Вугоршчыне так і не палепшыліся сацыяльныя ўмовы, а габрэі працягвалі зазнаваць культурны ціск.

Цяжкое становішча ў краіне прымусіла Хорці зацьвердзіць на пасадзе прэм’ер-міністра Дзьюла Гёмбёша — крайне правага палітыка. Ён паабяцаў захаваць палітычную сыстэму, адмовіцца да антысэмітызму і дазволіў чалецтва некалькіх габрэяў ва ўрадзе.

Падчас свайго знаходжаньня на пасадзе прэм’ер-міністра краіны, Гёмбёш паспрыяў пераходу краіны ў аднапартыйную палітыку на ўзор тагачасных Італіі ды Нямеччыны. Ціск Нямеччыны прымусіў Гёмбёш пачаць антысэміцкую палітыку, у прыватнасьці, зацьвердзіць г.зв. «габрэйскія законы». Прыкладам, спачатку колькасьць габрэяў у шэрагу прафэсіяў была абмежаваная да 20%, потым габрэі сталі абвінавачвацца дзяржаўнай прапагандай як вінныя ў эканамічным крызісе краіны.

У 1944 годзе Міклаш Хорці, асьцерагаючыся наступу Савецкага Саюзу, зьняў з пасады апошняга пранацысцкага прэм’ер-міністра і аб’явіў пра ўстанаўленьне антыфашысцкага ўраду, спрабуючы далучыцца да хаўрусьнікаў і пазьбегнуць акупацыі Савецкім Саюзам. Неўзабаве пасьля гэтага нямецкія войскі ўварваліся ў Вугоршчыну, зрынулі Хорці і стварылі марыянэткавы рэжым на чале зь лідэрам антысэміцкай пранацысцкай партыі Скрыжаваная стрэлы Фэрэнцам Салашы. Новы ўрад не скасоўваў манархію ў краіне, аднак часта выкарыстоўваў назву «Вугоршчына» замест «Каралеўства Вугоршчына»[5][6]. З траўня па чэрвень 1944 году вугорскія ўлады дэпартавалі некалькі соцень тысячаў габрэяў, якія памёрлі ў нямецкіх канцэнтрацыйных лягерах. Пасьля падзеньня рэжыму Салашы быў сфармаваны прасавецкі ўрад пад кіраўніцтвам Бэла Міклаша, у студзені была сфармаваная Найвышэйшая Нацыянальная Рада, якая пераняла ўладу ад рэгенцтва.

Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пры зацьвярджэньні манархіі ў Вугоршчыне краіна зазнала эканамічны спад, бюджэтны дэфіцыт і высокую інфляцыю, якія былі выкліканыя тэрытарыяльнымі стратамі ў выніку Трыянонскае дамовы[7]. У прыватнасьці, Вугоршчына страціла сельскагаспадарчыя й прамысловыя рэгіёны, што зрабіла краіну залежнай ад экспарту адпаведнае сыравіны й прадуктаў для падтрымкі эканомікі. Урад Бэтлена здолеў у вызначанай ступені пераадолець эканамічны крызіс шляхам узяцьця замежных крэдытаў, што дазволіла дасягнуць эканамічнай стабілізацыі ў пачатку 1920-х гадоў. У 1925 годзе была ўведзеная новая валюта — пэндзьё[7]. Прамысловая й сельскагаспадарчыя галіны зазналі рост, што дазволіла Вугоршчыне стаць пасьпяховым экспартэрам у пэрыяд большае часткі 1920-х гадоў[7].

Пасьля пачатку Вялікае дэпрэсіі эканамічны рост у краіне спыніўся і пачаў падаць, што асабліва ўзмоцнілася пры банкрутцтве аўстрыйскага банку Österreichische Creditanstalt[8]. Зь сярэдзіны 1930 да 1940 гг. вугорская эканоміка палепшылася шляхам паляпшэньня зносінаў зь Нямеччынай, аднак гэта стала прычынай залежнасьці вугорскай эканомікі ад гэтае краіны.

Зьнешняя палітыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нягледзячы на крокі ў бок нацыяналістычнае палітыкі, Вугоршчына ў пачатку 1920-х гадоў у мэтах пазьбяганьня мажлівых канфліктаў падпісала Трыянонскую дамову, тым самым пагадзіўшыся на істотнае памяншэньне краіны: так, Трансыльванія пераходзіла Румыніі (сучасны захад краіны), Верхняя Вугоршчына (сучасная Славаччына) і Закарпацьце (Украіна) перайшлі ў склад Чэхаславаччыны, Ваяводзіна апынулася ў складзе Дзяржавы сэрбаў, харватаў і славенцаў, а на захадзе сучаснай Харватыі была створаная Вольная дзяржава Фіюмэ.

Паступовае замацаваньне палітыкаў правага толку на пасадзе прэм’ер-міністра Вугоршчыны прывяло краіну да аспрэчваньня Трыянонскае дамовы і збліжэньня з Італіяй і Нямеччынай, якія аспрэчвалі зьмены дзяржаўных межаў пасьля І Сусьветнай вайны. Прыкладам, італьянскі лідэр Бэніта Мусаліні імкнуўся да шчыльных сувязяў з Вугоршчынай, у прыватнасьці, падпісаўшы зь ёй дамову аб сяброўстве 5 красавіка 1927 году[8]. Дзьюла Гембэс быў адкрытым прыхільнікам фашысцкіх лідэраў[8]. Гёмбёш спрабаваў наладзіць шчыльнейшае супрацоўніцтва з Італіяй і Нямеччынай, выступаючы пасярэднікам між Італіяй і Нямеччынай, якія ледзь не прыйшлі да канфлікту па пытаньні незалежнасьці Аўстрыі. Дзьюла Гёмбёш у канчатковым рахунку ў канцы 1930-х гадоў пераканаў Мусаліні прыняць анэксію Аўстрыі Гітлерам[8]; на думку некаторых дасьледчыкаў, менавіта Гёмбёш стварыў тэрмін «вось» для прарайхаўскіх дзяржаваў, які адразу быў выкарыстаны Італіяй і Нямеччынай для стварэньня тэрміну рымска-бэрлінская вось[8]. Незадоўга да Другой сусьветнай вайны Вугоршчына скарысталася сваімі цеснымі сувязямі з Трэцім Райхам для ўхваленьня Гітлерам анэксіі поўдня Славаччыны й Закарпацьця, а таксама ўхваленьня вызначаных вугорскіх тэрытарыяльных прэтэнзіяў паводле Венскіх арбітражаў.

Пэрыяд Другой сусьветнай вайны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1940 годзе Каралеўства Вугоршчына далучылася да дзяржаваў Восі і запатрабавала перадачу Трансыльваніі з складу Румыніі. Нацысцкі рэжым у Нямеччыне дапамог атрымаць Вугоршчыне поўнач Трансыльваніі, пазьбегнуўшы пры гэтым вайны з Румыніяй. Тым ня менш, Гітлер запатрабаваў ад Вугоршчыны ажыцьцяўленьня мілітарысцкае палітыкі і ўстанаўленьня расавых законаў у мэтах пазьбяганьня мажлівых канфліктаў у будучыні. На той момант у краіне ўжо была ўведзеная палітыка антысэмітызму, у 1944 годзе вугорскі ўрад дапамагаў нацысцкай Нямеччыне ў дэпартацыі габрэяў краіны.

У красавіку 1941 году Вугоршчына далучылася да краінаў Восі пры ўварваньні ў Югаславію. Вугоршчыне было дазволена заняць гістарычны рэгіён Бачка (поўнач сучаснае Ваяводзіны), у якім адносную большасьць ад насельніцтва складалі вугорцы, а таксама славенскі рэгіён Прэкмур'е й харвацкі рэгіён Мэджымур'е, у якіх большасьць насельніцтва складалі адпаведна славенцы й харваты. Тым ня менш, далейшыя вугорскія амбіцыі датычна Харватыі ды Вугоршчыны былі спыненыя стварэньнем пранацысцкае Незалежнае дзяржавы Харватыя і альянсам Нямеччыны з Каралеўствам Румынія супраць Савецкага Саюзу.

27 чэрвеня Вугоршчына аб’явіла вайну СССР. Баючыся павелічэньня дапамогі Румыніі, вугорскі ўрад адправіў узброеныя сілы для падтрымкі нямецкіх вайсковых дзеяньняў у часе пляну Барбароса.

Да пачатку 1944 году ў сувязі зь пераломам у ходзе Другой сусьветнай вайны і наступным пасьля гэтага наступу СССР Вугоршчына спрабавала таемна перайсьці на бок хаўрусьнікаў, ставячы спробы зьвязацца зь Вялікабрытаніяй і ЗША. У адказ на гэта 19 сакавіка гэтага ж году Нямеччына зьдзейсьніла ўварваньне ў Вугоршчыну ў ходзе г.зв. апэрацыі Маргарэтэ. З мэтай адшуканьня больш ляяльных уладаў яны адсунулі ад улады Міклаша Хорці і тагачаснага прэм’ер-міністра Міклаша Калаі. Новым прэм’ер-міністрам стаў Домэ Стояй, які падтрымліваў нацысцкі ўрад у Нямеччыне. Ён кіраваў з дапамогай нямецкага вайсковага губэрнатара Эдмунда Вэсэнмаера.

Незважаючы на гэта, у кастрычніку гэтага году вугорцы зноў паспрабавалі перайсьці на бок хаўрусьнікаў, у адказ на што немцы пачалі апэрацыю Панцэрфаўст. Зь іх дапамогай да ўлады прыйшоў лідэр пранацысцкіх «Скрыжаваных стрэлаў» Фэрэнц Салашы, быў створаны пранямецкі «Ўрад нацыянальнага адзінства» і краіна засталася на баку Восі. Салашы не замяніў Хорці на пасадзе, але быў прызначаны «нацыянальным лідэрам» (вуг. Nemzetvezető) і прэм’ер-міністрам новага рэжыму.

21 сьнежня з ухваленьня Савецкага Саюзу ў Дэбрэцэне сабралася г.зв. Пераходная Асамблея, якая абрала кіраўніком новага ўраду Бэла Міклаша, былога камандзіра вугорскай арміі. У канцы сакавіка 1945 году рэжым Салашы быў фактычна выгнаны з тэрыторыі Вугоршчыны[9].

Ліквідацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Найвышэйшая нацыянальная рада краіны, створаная пры заняцьці краіны Чырвонай арміяй, абрала калектыўнага кіраўніка дзяржавы, а ў 1946 годзе манархія была афіцыйна скасаваная. Рэгенцтва было замененае Другой Вугорскай рэспублікай, на зьмену якой празь некалькі год прыйшла Вугорская Народная Рэспубліка.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Kollega Tarsoly, István. 20 // "Magyarország". Révai nagy lexikona. — Budapest: Hasonmás Kiadó, 1995. — С. 595-597. — ISBN 963-8318-70-8
  2. ^ Kollega Tarsoly, István. 21 // "Magyarország". Révai nagy lexikona. — Budapest: Hasonmás Kiadó, 1996. — С. 572. — ISBN 963-9015-02-4
  3. ^ Élesztős László et al. 13 // "Magyarország". Révai új lexikona. — Budapest: Hasonmás Kiadó, 2004. — С. 882-895. — ISBN 963-9556-13-0
  4. ^ а б Sinor, Denis. History of Hungary. — London: George Allen and Unwin Ltd., 289.
  5. ^ Budapesti Közlöny, 17 кастрычніка 1944
  6. ^ Hivatalos Közlöny, 27 студзеня 1945
  7. ^ а б в Sinor, Denis. History of Hungary. — London: George Allen and Unwin Ltd., 290.
  8. ^ а б в г д Sinor, Denis. History of Hungary. — London: George Allen and Unwin Ltd., 291.
  9. ^ Stanley G. Payne. A History of Fascism, 1914-1945. — Routledge, 1996. — С. 420.