Карл Філіп цу Шварцэнбэрг

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Карл Філіп цу Шварцэнбэрг
ням. Karl Philipp Fürst zu Schwarzenberg
15 красавіка 1771 — 15 кастрычніка 1820
Karel Filip Schwarzenberg.jpg
Палявы маршал Карл Філіп Шварцэнбэрг
Месца нараджэньня Сьцяг Аўстрыі Вена
Месца сьмерці Сьцяг Саксоніі Ляйпцыг
Прыналежнасьць Аўстрыя Аўстрыя
Род войскаў кавалерыя
Гады службы 1787—1817
Званьне Генэралісімус
Бітвы/войны Рэвалюцыйныя войны
Напалеонаўскія войны
У адстаўцы 1817
Karl philipp fuerst zu schwarzenberg.jpg

Карл Філіп цу Шва́рцэнбэрг (па-нямецку: Karl Philipp zu Schwarzenberg; 15 красавіка 1771, Вена — 15 кастрычніка 1820, Ляйпцыг) — ляндграф Клятгаў, граф Зульц, князь, аўстрыйскі фэльдмаршал і генэралісімус часоў напалеонаўскіх войнаў.

Зьмест

Жыцьцяпіс [рэдагаваць]

Паходзіць са старажытнага франконскага роду Шварцэнбэргаў, вядомага з XII стагодзьдзя і ўзьведзенага 14 ліпеня 1670 року ў княскі чын Сьвятой Рымскай імпэрыі.

У 1787 ў чыне лейтэнанту увайшоў у пяхотны полк Брауншвайг-Вольфенбютэля (пазьней 10-ы пяхотны).

У турэцкай кампаніі 1788 року вызначыўся падчас штурму Шабацу і быў павышаны да капітана. Служыў пад харугвамі Ляўдона. У 1789 знаходзіўся пры Галоўнай кватэры, выказаў адвагу ў бітвах пры Бярбіры і Бялградзе. У 1790 ваяваў на Ніжнім Райне і ў Нідэрляндах, павышаны да маёра. У 1791 пераведзены ў Валёнскі полк Лятура (пазьней 14-ы драгунскі), у 1792 атрымаў чын маёра.

За адзнакі ў бітве пад Жэмапам і Нэервіндэнам 18 сакавіка 1793 року атрымаў званьне падпалкоўніка. Пасьля бітвы ўзначаліў частку авангарду войскаў прынца Заксэн-Кобург-Заальфэльдзкага. У гэтым самым року пераведзены ў дысьлякаваны ў Галіцыі ўланскі корпус (пазьней 2-і ўланскі полк).

З 1794 — палкоўнік, камандзір кірасірскага палку Цэшвіцу. 26 красавіка пад Ле-Като-Камбрэзі, дзейнічаючы на левым флянзе, зьдзейсьніў знакамітую кавалерыйскую атаку, прарваўшы абарону суперніка. Аўстрыйцы ўзялі 3 тысячы палонных і 32 гарматы, Карл Шварцэнбэрг быў узнагароджаны вайсковым ордэнам Марыі Тэрэзы.

У 1795—1796 у складзе войскаў Вурмзэра і эрцгерцага Карла ваяваў на Райне і ў Італіі. У 1796 вызначыўся пры Амбэргу. За перамогу пад Вюрцбургам (3 верасьня 1796) быў павышаны да генэрал-маёра.

У 1797 ізноў ваяваў на Райне, дзе камандаваў армейскім авангардам.

У 1799 на чале дывізіі ў авангардзе войска эрцгерцага Карла пасьпяхова дзейнічаў у Нямеччыне і Швайцарыі. У бітве пад Гайдэльбэргам супрацьстаяў войскам францускага генэрала Нэя і ў верасьні 1800 року за адвагу атрымаў чын фэльдмаршал-лейтэнантa.

З 1800 — шэф 2-га ўланскага палку Шварцэнбэрга. У бітве пад Гагенліндэнам супраць французаў камандаваў дывізіяй і 1-й лініяй правага крыла арміі, а па паразе прыкрываў адыход аўстрыйскага войска за Энс.

У 1805 прызначаны віцэ-прэзыдэнтам Гофкрыгсрату.

Напалеонаўскія войны [рэдагаваць]

У кампанію 1805 року знаходзіўся ў войску генэрала Мака на чале дывізіі. Пасьпяхова змагаўся пад Ульмам, а 14—15 кастрычніка ўзначальваў правае крыло аўстрыйскага войска. Пасьля разгрому аўстрыйцаў на чале большае часткі кавалерыі (6—8 тысячаў чалавек) здолеў вырвацца з акружэньня напалеонаўскага войска. Узнагароджаны Камандорскім крыжам ордэна Марыі Тэрэзы.

Па Тыльзіцкім міры ў 1807 року прызначаны паслом у Санкт-Пецярбургу. Мэтаю было вядзеньне перамоваў пра падтрымку Аўстрыі ў будучай вайне з Францыяй.

Вярнуўся ў войска за 2 дні да Ваграмскае бітвы. За адзнаку пры Ваграме, дзе ён камандаваў часткаю кавалерыі на левым крыле (а пры адступленьні аўстрыйскага войска камандаваў ар’ергардам), павышаны ў генэралы ад кавалерыі. Узнагароджаны ордэнам Залатога руна.

Пасьля Венскага міру прызначаны аўстрыйскім пасланьнікам у Парыжы. Вёў перамовы пра шлюб Напалеона і аўстрыйскай эрцгерцагіні Марыі-Люізы і займеў асаблівы давер Напалеона.

У часе расейскай кампаніі Наполеона камандаваў аўстрыйскім дапаможным корпусам (блізу 30 тысячаў чалавек) у складзе Вялікай арміі. Са сваімі войскамі фарсіраваў Буг і спыніўся ў раёне Пінску. 12 жніўня разам з корпусам саксонскага генэрала Ж. Рэнье атакаваў ля Гарадзечны часткі 3-й арміі генэрала Тармасава (блізу 18 тысячаў чалавек), прычым абмежаваўся галоўным чынам артылярыйскім абстрэлам. У Расеі Шварцэнбэрг дзейнічаў надзвычай асьцярожна і здолеў пазьбегнуць вялікіх бітваў з расейскімі войскамі.

У верасьні выцесьнены войскамі П. В. Чычагава за межы Расейскай імпэрыі. Пасьля разгрому Напалеона ў Расеі ў актыўных баявых дзеяньнях ня ўдзельнічаў, аднак прыкрываў тыл адыходзячага францускага корпусу Рэнье.

З палітычных прычынаў Напалеон 2 сьнежня 1812 схадайнічаў ад імпэратара Аўстра-Вугоршчыны Франца I маршальскае жазло для Шварцэнбэрга.

Вайна ў Эўропе [рэдагаваць]

Карл Філіп цу Шварцэнбэрг паведамляе прадстаўнікам трох саюзных дзяржаваў (зьлева направа: расейскі імпэратар Аляксандар I, імпэратар Франц I Аўстрыйскі і кароль Фрыдрых Вільгельм III) пра перамогу над Напалеонам у «бітве народаў». 19 кастрычніка 1813

У якасьці аўстрыйскага пасла 17 красавіка 1813 року прыбыў у Францыю, дзе спрабаваў стаць пасярэднікам у заключэньні міру між Расеяй і Францыяй. Пасьля правалу місіі пакінуў Парыж і быў прызначаны даводцам войскамі ў Багеміі.

Па далучэньні Аўстрыі да антыфранцускай кааліцыі ў жніўні 1813 прызначаны галоўнакамандуючым саюзнай Багемскай арміяй (блізу 230 тысячаў чалавек), якая напалову складалася з аўстрыйцаў, а другую палову складала расейска-пруская армія пад камандаваньнем Барклая-дэ-Тольлі. Ягонае становішча каля трох манархаў было надзвычай клапотным і часта паралізавала ягоныя дзеяньні.

У жніўні 1813 ў бітве пад Дрэздэнам з Напалеонам Багемская армія панесла паразу і адышла ў Багемію, застаючыся там да пачатку кастрычніка, здолеўшы, аднак, спыніць надыходзячыя францускія войскі ў бітве пад Кульмам.

У «Бітве народаў» пад Ляйпцыгам (1619 кастрычніка 1813) аб’яднаныя саюзныя войскі (асноўная частка якіх уваходзіла ў склад былой арміі Шварцэнбэрга, а сам ён працягваў лічыцца галоўнакамандуючым хаўруснымі арміямі) нанесьлі вырашальную паразу Напалеону. 20 кастрычніка [ст. ст. 8 кастрычніка] 1813 ўзнагароджаны расейскім ордэнам Сьв. Георгія 1-е клясы «за паразу Напалеона ў трохдзённым баі пад Ляйпцыгам 5-га, 6-га і 7-га кастрычніка 1813 року».

У лютым 1814 атакаваў Нажан, але быў адкінуты гарнізонам колькасьцю ўсяго 1200 чалавек. Прадпрыняўшы шэраг няўдалых манэўраў, Шварцэнбэрг упусьціў ініцыятыву і 17 лютага запрасіл замірэньня, упэўніваючы, што на перамовах у Шатыёне былі досягнутыя пэўныя дамоўленасьці (што не адпавядала рэчаіснасьці). 18 лютага Напалеон разьбіў пад Мантро войскі кронпрынца Вюртэмбэрскага (страты хаўрусьнікаў склалі 6 тысячаў чалавек і 15 гарматаў). Шварцэнбэрг вырашыў адысьці да Труа і адначасна загадаў Гэбхарду Блюхеру ісьці на злучэньне зь ім да Мэры-сюр-Сен.

Надмагільле Карла Філіпа Шварцэнбэрга ў Ляйпцыгу

21 лютага злучэньне адбылося, а наступнага дню Шварцэнбэрг на вайсковай нарадзе дабіўся рашэньня працягнуць адступленьне (пры гэтым ён амаль у 3 разы перабольшыў сілы суперніка). 22 лютага ён ізноў разьяднаў Багемскую і Сылескую арміі. Толькі 26 лютага, саступіўшы ціску імпэратара Аляксандра I і караля Фрыдрыха Вільгельма III, Шварцэнбэрг пачаў наступ на Бар-сюр-Об і адкінуў Шарля Ўдзіно.

Пасьля посьпеху Напалеона пад Рэймсам Шварцэнбэрг неадкладна спыніў наступ на Сену і 17 сакавіка пачаў адыход на Труа. 20-21 сакавіка асьпяхова правёў бітву пад Арсі-сюр-Обам і, нягледзячы на першапачатковую няўдачу, тым ня меней здолеў выгадна разьвярнуць войска. Ягоная марудлівасьць уратавала францускае войска ад поўнага зьнішчэньня.

24 сакавіка пад ціскам Аляксандра I Шварцэнбэрг пагадзіўся на неадкладны наступ на Парыж. 25 сакавіка французы былі разьбітыы пад Фер-Шампенуазам, а 28 сакавіка абедзьве арміі хаўрусьнікаў злучыліся пад Парыжам.

31 сакавіка 1814 хаўрусьнікі ўвайшлі ў Парыж, а 5 траўня Шварцэнбэрг склаў паўнамоцтвы галоўнакамандуючага.

Пасьля вяртаньня Напалеона ў Францыю Шварцэнбэргу даручылі даводзтва саюзнымі войскамі на Верхнім Райне. На чале 210-тысячнае арміі ён меў выступіць з Шварцвальда. Калі ягонае войска пачало пераправу праз Райн, яно было запыненае ля Ле-Суфеля невялікім атрадам генэрала Жана Рапа, а неўзабаве адбылося другое зрачэньне Напалеона.

Па вяртаньні ў Австрыю прызначаны прэзыдэнтам Гофкрыгсрату, аўстрыйскае Рады па пытаньнях вайны.

У студзені 1817 выйшаў у адстаўку пасьля інсульту. Падчас візыту ў Ляйпцыг у кастрычніку 1820 року сканаў ад другога інсульту.

Ягоны малодшы сын Эдмунд цу Шварцэнбэрг таксама быў аўстрыйскім фэльдмаршалам.

Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]

Commons-logo.svg  Карл Філіп цу Шварцэнбэргсховішча мультымэдыйных матэрыялаў