Кастусь Каліноўскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Кастусь Каліноўскі
Вінцэнт Канстанцін Каліноўскі
Kostuś Kalinowski.PNG
Кастусь Каліноўскі. Фота Ахілы Банольдзі, 1863
POL COA Kalinowa.svg
Герб «Калінова»
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 2 лютага 1838
Мастаўляны Гарадзенскага павету, Расейская імпэрыя
Памёр: 22 сакавіка 1864
Вільня, Расейская імпэрыя
Род: Каліноўскія
Бацькі: Сымон Каліноўскі
Вераніка Рыбінская
Рэлігія: рыма-каталік

Касту́сь Каліно́ўскі (Вінцэ́нт Канстанці́н Каліно́ўскі; 2 лютага [ст. ст. 21 студзеня] 1838 — 22 сакавіка [ст. ст. 10 сакавіка] 1864) — нацыянальны герой Беларусі[1][2][3], Летувы і Польшчы, адзін з кіраўнікоў нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863—1864 гадоў; рэвалюцыянэр-дэмакрат, публіцыст, паэт.

У наш час К. Каліноўскі лічыцца адным з найбольш вядомых прадстаўнікоў беларускай нацыі ў сьвеце[4].

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзяцінства і юнацтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Шляхецкі род Каліноўскіх гербу «Калінова» вядомы з канца XV стагодзьдзя. Продкі Кастуся Каліноўскага на працягу амаль ста гадоў валодалі маёнткам Калінава на Бранскай зямлі, на памежжы Літвы і Польшчы, але ў 2-й палове XVIII стагодзьдзі маёнтак быў прададзены.

Бацька — безьзямельны гарадзенскі шляхціц, уладальнік невялікай ткацкай мануфактуры Сымон (Сямён) Каліноўскі; маці, Вераніка Каліноўская (у дзявоцтве Рыбінская), памерла, калі Кастусю было 5 гадоў.

Канстанцін Каліноўскі нарадзіўся ў вёсцы Мастаўляны Гарадзенскага павету (цяпер у Падляскім ваяводзтве Польшчы). Ахрышчаны 18 лютага [ст. ст. 6 лютага] ў Ялоўскім парафіяльным касьцёле як Вінцэнт[5].

У 18471852 гадох навучаўся ў Сьвіслацкай павятовай вучэльні, пасьля заканчэньня якой (1856) некалькі гадоў пражыў у бацькавым фальварку Якушоўка (у валоданьні Каліноўскіх з 1849 году[6]), дапамагаючы ў гаспадарчых клопатах і, відавочна, займаючыся самаадукацыяй. Вялікі ўплыў на К. Каліноўскага меў старэйшы брат Віктар, які навучаўся ў Маскоўскім унівэрсытэце і дасьледваў на даручэньне Віленскай археалягічнай камісіі старадаўнія беларускія рукапісы.

Рэвалюцыйная дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1856 годзе паступіў на юрыдычны факультэт Пецярбурскага ўнівэрсытэту, які скончыў праз чатыры гады з навуковай ступеньню кандыдата права. На працягу навучаньня ва ўнівэрсытэце браў удзел у дзейнасьці нелегальных студэнцкіх гурткоў, у прыватнасьці групы студэнцкага зямляцтва «Агул», разам з братам быў сябрам таемнай вайскова-рэвалюцыйнай арганізацыі афіцэраў Генштабу, якую ачольвалі Зыгмунт Серакоўскі і Яраслаў Дамброўскі.

Сьвіслач, дзе навучаўся Кастусь Каліноўскі

Атрымаўшы 17 лютага 1861 году ўнівэрсытэцкі дыплём, зрабіў спробу ўладкавацца на працу ў Вільні ў адміністрацыю мясцовага генэрал-губэрнатара У. І. Назімава, каб адразу тут распачаць рэвалюцыйную дзейнасьць па стварэньні сеткі кансьпіратыўных групаў для работы сярод будучых удзельнікаў паўстаньня[7]. Лічыцца, што на гэты час прыпадае яго знаёмства з будучаю нарачонай Марыяй Ямант. 2 сакавіка 1861 году ён падае на імя Віленскага генэрал-губэрнатара падае заяву наступнага зьместу:

« Скончыўшы курс навук у імпэратарскім С.-Пецярбурскім унівэрсытэце паступіць на службу, маю гонар пакорна прасіць Ваша Высокаправасхадзіцельства ўзычыць мне магчымасьць служыць пад высокім начальствам Вашага Высокаправасхадзіцельства[8] »

Уладкаваньні Кастуся Каліноўскага на працу садзейнічаў ад’ютант У. І. Назімава Людвік Зьвяждоўскі, аднак спробы апынуліся марнымі і напачатку вясны 1861 году К. Каліноўскі вярнуўся на Гарадзеншчыну, распачаўшы стварэньне рэвалюцыйнай арганізацыі[7].

Паводле сваіх ідэйных перакананьняў, быў рэвалюцыйным дэмакратам, выступаў за скіданьне самаўладзтва, скасаваньне абшарніцкага землеўладаньня. Лічыў, што толькі шырокі ўдзел у будучым паўстаньні сялянства можа забясьпечыць перамогу. У гэтым рэчышчы і вялася К. Каліноўскім агітацыйная праца.

Улетку 1862 году разам з паплечнікамі з Гарадзенскай рэвалюцыйнай арганізацыі Феліксам Ражанскім, Станіславам Сангінам і Валерам Урублеўскім распачаў выпуск «Мужыцкай праўды» — першай у гісторыі газэты на беларускай мове. Усяго выйшла 7 нумароў гэтай нелегальнай газэты. Яна выкрывала палітыку імпэрскіх уладаў, тлумачыла сытуацыю ў краіне, выкрывала падман царскага маніфэсту аб скасаваньні прыгону, заклікала сялянаў да змаганьня. К. Каліноўскі сфармуляваў ідэю дэмакратычнай народнай дзяржавы[9]:

« …не народ зроблены для ўраду, а ўрад для народу. »

Кожны нумар «Мужыцкай праўды» быў нязьменна падпісаны псэўданімам «Яська-гаспадар з-пад Вільні». К. Каліноўскі браў асабісты ўдзел у распаўсюдзе газэты: развозіў яе па вёсках, раскідваў па дарогах.

Кіраўніцтва паўстаньнем[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кастусь Каліноўскі

У 1862 годзе К. Каліноўскі ўжо ўваходзіў у склад Літоўскага правінцыйнага камітэту (ЛПК) — цэнтральнага органу падрыхтоўкі паўстаньня ў Літве-Беларусі. А ўвосень таго ж году стаў яго старшынём. К. Каліноўскі стаяў на чале найбольш пасьлядоўных рэвалюцыянэраў, якіх адрозна ад лібэралаў («белых») звалі «чырвонымі». Гэты кірунак вызвольнага руху прадугледжваў дэмакратычную рэспубліку, перадачу зямлі сялянам, самавызначэньне народаў былой Рэчы Паспалітай. «Белыя» ж бачылі галоўнай мэтай паўстаньня толькі аднаўленьне Рэчы Паспалітай у межах 1772 году.

Аднак старшынстваваў К. Каліноўскі ў віленскім паўстанцкім камітэце нядоўга. Неўзабаве пасьля выбуху паўстаньня, спужаўшыся перарастаньня выступленьняў у сялянскую вайну, варшаўскі цэнтар і мясцовыя абшарнікі дамагліся роспуску ЛПК. К. Каліноўскага накіравалі на родную Гарадзеншчыну на пасаду паўстанцкага камісара ваяводзтва.

Актыўная праца К. Каліноўскага ва ўмовах паўстаньня на пасадзе ваяводзкага камісара паспрыяла таму, што менавіта на Гарадзеншчыне інсургенты мелі найбольш баяздольную, магутную арганізацыю, прыцягнулі да барацьбы шмат сялянаў.

На кватэры Ямантаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У чэрвені 1863 году праз масавыя арышты К. Каліноўскі мусіў вярнуцца ў Вільню, дзе дзейнічаў пад кансьпірацыйнымі прозьвішчамі Макарэвіч, Чарнецкі, Хамовіч, Хамуціус на кватэры Ямантаў у доме Шышкіна на Вялікай вуліцы[10]. Тут ён зноў узяў цэнтральнае кіраваньне ў свае рукі. Сустракаўся з найбольш блізкімі і праверанымі людзьмі, праводзіў нарады рэвалюцыйнага ўраду[11].

К. Каліноўскі. А. Банальдзі, 1862

Гэта была адна з найгалоўных кансьпіратыўных явак Кастуся Каліноўскага. Апісаньне кватэры Ямантаў і яго тутэйшай дзейнасьці захавалася збольшага ў паказаньнях арыштаваных рэвалюцыянэраў Віленскай асобай сьледчай камісіі. Гэтак Вітальд Парфяновіч апісвае кватэру наступным чынам:

« У пакоі справа ад дзьвярэй знаходзілася канапа, пры ёй стол і два крэслы, далей стаяла камода, акно справа ад канапы выходзіла ў галерэю[12] »

Пасьля свайго арышту 24 сакавіка 1864 году сакратар Кастуся Каліноўскага Ільдэфонс Мілевіч сьведчыў пра побыт Каліноўскага ў кватэры ўжо арыштаваных Ямантаў:

« З Каліноўскім я сустракаўся некалькі разоў ў Юзэфа Яманта... У Ямантаў Каліноўскі ў маёй прысутнасьці ні з кім з пабочных асобаў не сустракаўся. Аднойчы толькі ў бытнасьць маю і Каліноўскага ў Ямантаў прыходзіў Шадурскі і, паклікаўшы Каліноўскага, размаўляў зь ім некаторы час ў пярэдім пакоі...[13]
… Да саміх Ямантаў часьцей за ўсё прыходзілі сваякі — лекар Радзевіч (служыць на чыгунцы), родны брат жанатагаз дачкой Яманта , замужняя дачка (Ямантаў), Людвіка Радзевіч, і Дзваноўскі, акрамя таго былі яшчэ некаторыя знаёмыя Ямантам жанчыны, але прозьвішчы іх мне невядомыя[13].
»

Цёска па прозьвішчы з Кастусём Юзэф Каліноўскі пра віленскую яўку рэвалюцыянэра ўспамінаў:

« У канцы жніўня ці ў пачатку верасьня (1863 году) я зь ім (Кастусём Каліноўскім) зноў спаткаўся на Нямецкай вуліцы, ён запрсіў мяне ў кватэру Ямантаў… З таго часу я сустракаўся з Каліноўскім у той жа кватэры… Пры ўваходзе ў кватэру Ямантаў трэба было пастукаць. У тыя часы, калі я ў ёй бываў, дзьверы адчыняў ці сам Каліноўскі, ці Далеўскі…[14] »

Людвіка Ямант у сваіх «Успамінах» называла прозьвішчы многіх рэвалюцыянэраў, якія ў тыя часы шчыльна супрацоўнічалі з Кастусём Каліноўскім:

« Сярод рэвалюцыйнай моладзі («чырвоных»), якая зьбіралася ў майго брата Бзэфа для абмеркаваньня справаў на нарады, ня ўсіх ведала асабіста. Але тых, каго ведала, добра памятаю па нязвыклых рысах характару, палымянай любові да Радзімы і гераічнай адданасьці справе. Як жывыя паўстаюць у маёй памяці дарагія вобразы Тытуса Далеўскага, Канстанціна Каліноўскага, Станіслава Бухавецкага, Эмануэля Юндзіла [сына вядомага натураліста], Эдмунда Вярыгі, Ігната Здановіча [сына выкладчыка гісторыі], Ільдэфонса Мілевіча.

З моладзі, якая прыбыла з Каралеўства памятаю [Мечыслава] Дарманоўскага з калегамі. Прозьвішчы многіх іншых цяпер ужо не магу прыпомніць, але памяць аб іх справах жыве ў сэрцы. Усе яны былі людзі шляхетныя, выдатных здольнасьцяў, нязвыклай сілы духу. Іх страта стала для краю сапраўднай бядой. Сэрца замірае, калі ўсьведамляеш маштабы няшчасьця народа, цьвет якога растаптаў вораг, а над памяцьцю гэтых сьвятых мучанікаў часам зьдзекуюцца ўласныя дзеці[15].
»

У канцы ліпеня 1863 году на кватэры Ямантаў адбылося спатканьне Кастуся Каліноўскага з родным братам польскага пісьменьніка Балеслава Пруса — Лявонам Главацкім. У якасьці камісара народнага ўраду ён прыязджаў з Варшавы ў Вільню, каб абмеркаваць супярэчнасьці, якія паўсталі паміж кіраўнікамі паўстаньня на Беларусі і ў Польшчы[16].

Спрабуючы рэанімаваць паўстаньне, К. Каліноўскі выдаў «Прыказ да народу зямлі літоўскай і беларускай». Аднак дзеяньні былі запозьненымі, паўстаньне ў Беларусі ўжо захлынулася ў крыві. Асноўныя сілы паўстанцаў былі разьбітыя карнікамі.

Арышт і пакараньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З восені 1863 году К. Каліноўскі сканцэнтраваў намаганьні на назапашваньні сілаў для новага выступленьня ўвесну. Але, выдадзены здраднікам, камісарам Магілёўскай губэрні Вітаўтам Парфяновічам, ён быў у ноч на 29 студзеня 1864 году схоплены царскімі жандарамі ў Сьвятаянскіх мурах (побач з саборам Сьвятога Яна), дзе хаваўся пад імем Ігната Вітажэнца.

У час сьледзтва і суду К. Каліноўскі трымаўся надзвычай мужна. На прапанову палегчыць свой лёс, назваўшы адрасы ды імёны паплечнікаў, ён адказаў[17]:


« Калі грамадзкая шчырасьць ёсьць дабрачыннасьцю, то шпіёнства апаганьвае чалавека. Усьведамленьне гонару, уласнае годнасьці і таго становішча, якое я займаў у грамадзтве, не дазваляюць мне ісьці па іншым шляху. »

Царскі ваенна-палявы суд прыгаварыў правадыра інсургентаў да расстрэлу. Аднак вядомы сваей жорсткасьцю ў падаўленьні паўстаньня расейскі генэрал Мураўёў выказаўся за павешаньне. К. Каліноўскі быў публічна павешаны на гандлёвым пляцы Лукішкі ў Вільні.

Запавет[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Зянон Пазьняк чытае «Лісты з-пад шыбеніцы» Канстанціна Каліноўскага падчас Беларускай дыктоўкі ў Варшаве, 28 лютага 2013 года
Асноўны артыкул: Лісты з-пад шыбеніцы
Марка Белпошты да 130-годзьдзя Нацыянальна-вызваленчага паўстаньня на Беларусі і Летуве

З царскага астрогу К. Каліноўскі перадаў на волю свой запавет беларускаму народу — «Ліст з-пад шыбеніцы»:

« Браты мае, мужыкі родныя. З-пад шыбеніцы маскоўскай прыходзіць мне да вас пісаці, і, можа, раз астатні. Горка пакінуць зямельку родную і цябе, дарагі мой народзе. Грудзі застогнуць, забаліць сэрца, — но не жаль згінуць за тваю праўду… Нямаш, браткі, большага шчасьця на гэтым сьвеце, як калі чалавек у галаве мае розум і навуку… Но як дзень з ноччу не ходзіць разам, так не ідзе разам навука праўдзіва з няволяй маскоўскай. Дапокуль яна ў нас будзе, у нас нічога ня будзе, ня будзе праўды, багацтва і ніякай навукі, — адно намі, як скацінай, варочаць будуць не для дабра, но на пагібель нашу… Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, Народзе, што тагды толькі зажывеш шчасьліва, калі над табою Маскаля ўжо ня будзе.

Твой слуга
Яська-гаспадар з-пад Вільні
»

Як сьцьвярджаюць сучасныя дасьледнікі, думкі К. Каліноўскага пра неабходнасьць змаганьня за сваю Бацькаўшчыну, выказаныя ім у «Пісьмах з-пад шыбеніцы», можна лічыць пачатковым афармленьнем беларускай нацыянальнай ідэі[18].

Ушанаваньне памяці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пліта ў гонар Каліноўскага на Лукіскім пляцы
Шыльда на сьцяне віленскага касьцёла Сьвятога Духа
  • У Вільні на Лукіскім пляцы, дзе быў павешаны К. Каліноўскі, у ягоны гонар усталяваны мэмарыял у выглядзе пліты і драўлянага крыжа. У 20082009 годзе Віленскае самакіраваньне вырашыла правесьці рэканструкцыю цэнтральнага пляцу Лукішкі. Былі вылучаныя 7 фінальных праектаў рэканструкцыі пляцу, але толькі адзін зь іх прадугледжвае захаваньне помніка змагарам паўстаньня 1863 году. Беларуская дзяржава ня выказала зацікаўленасьці ў абароне помніка, таму існуе імавернасьць, што помнік будзе зьліквідаваны[19]. 22 сакавіка 2009 году на Лукіскім пляцы адбылася акцыя ўшанаваньні памяці герояў супраць зносу мэмарыялу[20].
  • У 1926 годзе ў Менску колішнюю Кацярынінскую вуліцу перайменавалі ў гонар К. Каліноўскага[21], а ў 1928 годзе ў БССР быў зьняты мастацкі фільм «Кастусь Каліноўскі», у якім распавядалася пра кіраўніка паўстаньня 1863—1864 гадоў.
  • У 1963 годзе ў гонар Кастуся Каліноўскага назвалі новую вуліцу ў Менскім мікрараёне Ўсход.
  • Ад пачатку 1990-х гг. выказваньне К. Каліноўскага «Не народ для ўрада, а ўрад для народа» зьмешчана ў якасьці эпіграфу на першай старонцы газэты «Рэспубліка».
  • У 1993 годзе на сьцяне віленскага касьцёла Сьвятога Духа, дзе ў былым Дамініканскім манастыры знаходзіўся ў зьняволеньні Кастусь Каліноўскі, з боку вуліцы Ігнота была ўсталяваная мэмарыяльная шыльда ў памяць Каліноўскага[22].
  • Указам прэзыдэнта Беларусі ад 15 студзеня 1996 году № 26 быў зацьверджаны Ордэн Кастуся Каліноўскага[23], палажэньне пра які было прынятае яшчэ ў 1995 годзе[24]. У наш час узнагарода не выкарыстоўваецца, але пры гэтым не выходзіла адпаведнай пастановы пра яе скасаваньне[25].

Вобраз у мастацтве[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Бібліяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Кастусь Каліноўскі. За нашую вольнасць. Творы, дакументы / Уклад., прадм., паслясл., пер. і камент. Г. Кісялёва. — Мн.: «Беларускі кнігазбор», 1999.— 459 с. ISBN 985-6318-41-6.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Хто такі Кастусь Каліноўскі? // 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002.
  2. ^ Сяргей Харэўскі. Магіла Каліноўскага знайшлася на гары Гедыміна ў Вільні // «Наша Ніва» № 44, 29 кастрычніка 2001.
  3. ^ Анатолий Грицкевич: «Белорусский шляхтич — значит благородный, свободный, вольный!» // «Туризм и отдых» №21, 24 мая 2001.
  4. ^ Вячаслаў Шалькевіч. Каліноўскі Кастусь // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. С. 33.
  5. ^ Янушкевіч, Язэп. (2 лютага 2013) Мэтрыка Каліноўскага: чаму яго назвалі Кастусём. Наша НіваПраверана 4 лютага 2013 г.
  6. ^ Вячаслаў Шалькевіч. Каліноўскі Кастусь // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. С. 32.
  7. ^ а б Вячаслаў Шалькевіч «Марыська чарнаброва, галубка мая...» Невядомыя старонкі з жыцця Кастуся Каліноўскага // Роднае слова. — Мн.: 1994. — № 3. — С. 71.
  8. ^ Шалькевич В. Ф. Кастусь Калиновский: Страницы биографии. — Мн.: 1988. — С. 136.
  9. ^ Паноў С. В. Матэрыялы па гісторыі Беларусі; пад навук. рэд. М. С. Сташкевіча, Г. Я. Галенчанкі. — Мн.: «Аверсэв», 2003. С. 167.
  10. ^ Вячаслаў Шалькевіч «Марыська чарнаброва, галубка мая…» Невядомыя старонкі з жыцця Кастуся Каліноўскага // Роднае слова. — Мн.: 1994. — № 4. — С. 68.
  11. ^ Вячаслаў Шалькевіч «Марыська чарнаброва, галубка мая...» Невядомыя старонкі з жыцця Кастуся Каліноўскага // Роднае слова. — Мн.: 1994. — № 3. — С. 70.
  12. ^ Восстание в Литве и Белоруссии 1863 — 1864 гг.. — М: 1965. — С. 80.
  13. ^ а б Восстание в Литве и Белоруссии 1863 — 1864 гг.. — М: 1965. — С. 84.
  14. ^ Восстание в Литве и Белоруссии 1863 — 1864 гг.. — М: 1965. — С. 86—87.
  15. ^ Ludwika z Jamontów Radziewiczowa Garść wspomnień z 63 roku. Rękopis w Bibliotece Zakladu Narodowego imienia Ossolińskich we Wroclwiu, sygnatura 12 273/I. — С. 87—88.
  16. ^ Вячаслаў Шалькевіч «Марыська чарнаброва, галубка мая...» Невядомыя старонкі з жыцця Кастуся Каліноўскага // Роднае слова. — Мн.: 1994. — № 4. — С. 69.
  17. ^ Паказанні К. Каліноўскага ў следчай камісіі 26.2.1864 / Ин-т истории партии при ЦК КП Белоруссии — фил. Ин-та марксизма-ленинизма при ЦК КПСС // К. Калиновский: Из печатного и рукописного наследия. — Мн: Беларусь, 1988. — С. 77—85. — ISBN 5-338-00024-5.
  18. ^ Паноў С. В. Матэрыялы па гісторыі Беларусі; пад навук. рэд. М. С. Сташкевіча, Г. Я. Галенчанкі. — Мн.: «Аверсэв», 2003. С. 169.
  19. ^ Помнік Каліноўскаму на Лукішках можа не перажыць рэканструкцыю belmy.info Праверана 19 сакавіка 2011 г.
  20. ^ Абарона крыжа паўстанцам // «Наша Ніва», 22 сакавіка 2009 г.
  21. ^ Вячеслав Бондаренко. Между двумя мировыми войнами(рас.) Менск стары і новы Праверана 19 сакавіка 2011 г.
  22. ^ Лявон Луцкевіч. Вандроўкі па Вільні. — Вільня: Рунь, 1998. ISBN 9986-9228-2-8. — С. 59.
  23. ^ Указ Президента Республики Беларусь от 15 января 1996 г. №26 «Об утверждении описания орденов, медалей и нагрудных знаков к почетным званиям Республики Беларусь»
  24. ^ Положение об ордене Кастуся Калиновского
  25. ^ Кастусь Каліноўскі «Сьвіслацкія аркушы» Праверана 19 сакавіка 2011 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]