Касьцёл Сьвятога Вінцэнта і кляштар місіянэраў (Сьмілавічы)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Помнік сакральнай архітэктуры
Касьцёл Сьвятога Вінцэнта і кляштар місіянэраў
Касьцёл Сьвятога Вінцэнта і кляштар місіянэраў, 1917 г.
Касьцёл Сьвятога Вінцэнта і кляштар місіянэраў, 1917 г.
Краіна Беларусь
Мястэчка Сьмілавічы
Каардынаты 53°45′9.04″ пн. ш. 28°0′31.26″ у. д. / 53.7525111° пн. ш. 28.0086833° у. д. / 53.7525111; 28.0086833Каардынаты: 53°45′9.04″ пн. ш. 28°0′31.26″ у. д. / 53.7525111° пн. ш. 28.0086833° у. д. / 53.7525111; 28.0086833
Заснавальнік Марцыбела з Агінскіх[d]
Касьцёл Сьвятога Вінцэнта і кляштар місіянэраў на мапе Беларусі
Касьцёл Сьвятога Вінцэнта і кляштар місіянэраў
Касьцёл Сьвятога Вінцэнта і кляштар місіянэраў
Касьцёл Сьвятога Вінцэнта і кляштар місіянэраў

Касьцёл Сьвятога Вінцэнта і кляштар місіянэраў — помнікі архітэктуры XVIII ст. у Сьмілавічах. Знаходзіўся на ўскрайку мястэчка пры гасьцінцы МенскІгумен. Твор архітэктуры віленскага барока.

Комплекс складаўся з касьцёла і кляштарнага корпуса, аточаных мурам з дзьвюма аркавымі брамамі. У 1930-я гады савецкія ўлады зруйнавалі помнік.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Касьцёл, абмеры 1834 г.

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1747 годзе Марцыбэла Завішанка з Агінскіх фундавала ў Сьмілавічах кляштар. Яна разьмясьціла ксяндзоў з аб’яднаньня місіянэраў пры драўляным касьцёле і пакінула грошы на ўзвядзеньне мураваных будынкаў.

Будаваньне мураванага комплексу вялося ў 1767—1791 гадох. У 1774 годзе скончылася ўзьвядзеньне кляштарнага корпусу. У 1785 годзе адбылася кансэкрацыя новазбудаванага касьцёла пад тытулам Сьвятога Вінцэнта. Пры кляштары дзейнічалі місіянэрская школа.

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Абмеры кляштару, 1853 г.

Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год), калі Сьмілавічы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл і кляштар працягвалі дзейнічаць. Аднак па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830—1831) 19 ліпеня 1832 году расейскія ліквідавалі кляштар. У 1841 годзе палову кляштару займала брація Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы), другую — станавы прыстаў. Касьцёл працягваў дзейнічаць як парафіяльны.

Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) 29 сьнежня 1866 году расейскія ўлады гвалтоўна зачынілі касьцёл і 22 студзеня 1867 году перарабілі яго пад царкву Сьвятой Тройцы Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). Аднак неўзабаве праз адсутнасьць фінансаваньня будынак прыйшоў у заняпад.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1920-я гады савецкія ўлады зачынілі царкву. У 1930-я гады яны зруйнавалі помнік.

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Касьцёл і кляштар, да 1918 г.

Касьцёл[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Касьцёл — 3-нэфавая 2-вежавая базыліка. Яруснасьць аб'ёмнай кампазыцыі манумэнтальнага будынка стваралі 2-схільны дах цэнтральнага і больш нізкія бакавыя 1-схільныя дахі. Высокая роўніца галоўнага фасада завяршалася магутным тонкапрафіляваным антаблемэнтам. Над галоўным фасадам узвышаліся 2-ярусныя чацьверыковыя вежы, паміж якімі месьціўся фігурны шчыт з выгнутым прафіляваным карнізам. Фасад шчыльна падзяляўся высокімі пілястрамі, якія аздаблялі бакавыя аркавыя нішы-эксэдры, лучковыя і цэнтральны аркавыя аконныя праёмы і 3 аркавыя ўваходы. Бакавыя фасады рытмічна падзяляліся высокімі аконнымі праёмамі зь пілястрамі ў прасьценках.

Інтэр'ер упрыгожвалі 6 ілюзіяністычных алтароў з абразамі і скульптурамі[1]. У касьцёле зьберагаліся творы іканапісу XVIII ст.; у тым ліку абраз Сьвятога Вінцэнта работы мастака С. Чаховіча.

Кляштар[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кляштарны корпус — П-падобны ў пляне 2-павярховы будынак, які выходзіў на вуліцу бакавымі 3-павярховымі рызалітамі з фігурнымі барокавымі франтонамі. Знаходзіўся з правага боку ад касьцёла.

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Ярашэвіч А. Смілавіцкі кляштар місіянераў // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 604.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]