Катынскі расстрэл

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Каардынаты: 54°46′24″ пн. ш. 31°47′20″ у. д. / 54.77333° пн. ш. 31.78889° у. д. / 54.77333; 31.78889 Ка́тынскі расстрэ́л — масавыя забойствы польскіх грамадзянаў (у асноўным палонных афіцэраў польскага войска), што зьдзяйсьняліся супрацоўнікамі НКУС СССР у Катынскім лесе (Смаленская вобласьць) ля Катыні ўвесну 1940 году[1][2][3].

Назва Катынь сталася ў Польшчы абагульняльным сымбалем вынішчэньня камуністычнымі ўладамі польскай вайсковай эліты.

Захоп польскіх афіцэраў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Захоп Польшчы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

1 верасьня 1939 году Нямеччына, парушыўшы дамову пра ненапад між Нямеччынай і Польшчай, напала на Польшчу.

3 верасьня 1939 Ангельшчына і Францыя, выконваючы прынятыя перад Польшчай абавязкі, аб’явілі Нямеччыне вайну. Аднак саюзьнікі не прынялі аніякіх актыўных крокаў дзеля абароны Польшчы ад агрэсара, таму іхняя кампанія атрымала назву «Дзіўная вайна»[4].

17 верасьня пасьля настойлівых просьбаў нямецкага боку пра неадкладную акупацыю Чырвонай Арміяй паўднёвых тэрыторыяў Польшчы туды ўвайшлі сілы РСЧА. У афіцыйнай ноце Масква тлумачыла гэтыя дзеяньні развалам польскай дзяржавы і неабходнасьцю абараніць пераважнае ў гэтых абласьцёх украінскае і беларускае насельніцтва[5][6].

Апэрацыя была зьдзейсьненая паводле разьмежаваньня сфэраў інтарэсаў па сакрэтным дадатковым пратаколе да дамовы пра ненапад між Нямеччынай і Савецкім Саюзам[7][8][9].

Чырвоная Армія, прасунуўшыся ўглыб Польшчы да так званай лініі Керзана, заняла тэрыторыі Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі, што былі ўключаныя ў склад Польшчы паводле Рыскае мірнае дамовы 1921 году. Тагачасным савецкім кіраўніцтвам гэтая апэрацыя неафіцыйна называлася «чацьвёртым падзелам Польшчы»[10][11].

Паланеньне і інтэрнаваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Польскія палонныя, захопленыя Чырвонай Арміяй

19 верасьня 1939 загадам Народнага камісара ўнутраных справаў СССР №0308 была створаная Ўправа па справах ваеннапалонных і інтэрнаваных (УПВІ) пры НКУС СССР і арганізавана 8 лягероў для ўтрыманьня польскіх ваеннапалонных (Асташкаўскі, Юхнаўскі, Казельскі, Путывальскі, Казельшчанскі, Старабельскі, Юскі і Аранскі). Начальнікам управы быў прызначаны маёр П. К. Сапруненка.

Агулам у час прасоўваньня Чырвонай Арміі было захоплена ад чвэрці мільёна[12] да паўмільёна[13] польскіх грамадзянаў, сярод якіх былі як вайскоўцы польскай арміі, так і іншыя асобы, якіх кіраўніцтва Савецкага Саюзу палічыла «падазронымі» з-за іхняга імкненьня да аднаўленьня незалежнасьці Польшчы.

Па рашэньні Палітбюро ЦК ВКП(б) ад 3 кастрычніка 1939, шарагоўцаў і унтэр-афіцэраў, ураджэнцаў тэрыторыяў Польшчы, што адышлі да СССР, распусьцілі па дамох, а больш за 40 тысячаў жыхароў заходняй і цэнтральнай Польшчы перадалі Нямеччыне. Яшчэ прыкладна 42 тысячы вайскоўцаў былі разьмешчаныя ў лягерох ці на прымусовых працах у СССР гэткім чынам:

Катэгорыя Месца Колькасьць
Афіцэрскі склад Старабельск (пад Харкавам) 4000 чал.
Афіцэрскі склад Казельскі лягер 5000 чал.
Жандары, паліцыянты і г. д. Асташкоўскі лягер (Калінінская вобласьць) 4700 чал.
Шарагоўцы і малодшыя чыны будаўніцтва дарогі Ноўгарад-Валынскі — Львоў 18 000 чал.
Шарагоўцы і малодшыя чыны Наркамчармэт на працу ў Крывароскім басэйне прыкладна 10 000 чал.
Агулам прыкладна 41 700

Сярод арыштаваных палякаў (цывільных) былі такія вядомыя ў будучым дзеячы, як будучы прэзыдэнт Польшчы Войцех Ярузэльскі і будучы прэм’ер-міністар Ізраілю Мэнахем Бэгін. Генэрал Уладыслаў Андэрс утрымоўваўся ва ўнутранай турме НКУС на Лубянцы.

Узімку 1940 палонныя былі высланыя ў Сыбір на лесапавал; у пачатку вясны да 26 тысячаў сем’яў ваеннапалонных, а таксама прадстаўнікі некаторых іншых катэгорыяў польскага насельніцтва былі дэпартаваныя на спэцпасяленьні, галоўным чынам у Паўночны Казахстан і Сыбір[14].

У той самы час ад афіцэраў, якія ўтрымліваліся ў трох лягерох — Асташкаўскім, Казельскім і Старабельскім, — перасталі прыходзіць лісты, якія раней рэгулярна дастаўляліся сем’ям праз Міжнародны Чырвоны Крыж. З красавіка-траўня 1940 сем’і гэтых афіцэраў больш не атрымалі ніводнага ліста[15][16][17].

Расстрэл[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Запіска Берыі Сталіну
Рашэньне Палітбюро ЦК ВКП(б) ад 5 сакавіка 1940[18]

Як сьведчаць апублікаваныя ў 1992 годзе дакумэнты, 3 сакавіка 1940 (дата высьветленая па нумары цыдулкі[19]) народны камісар унутраных справаў Лаўрэнці Берыя прапанаваў Палітбюро:

У лягерох для ваеннапалонных НКУС СССР і ў турмах заходніх абласьцей Украіны і Беларусі цяпер утрымліваецца вялікая колькасьць былых афіцэраў польскага войска, былых супрацоўнікаў польскай паліцыі і выведкі, чальцоў польскіх нацыяналістычных контррэвалюцыйных партый, удзельнікаў выкрытых контррэвалюцыйных паўстанскіх арганізацый, перабежчыкаў, і інш. Усе яны зьяўляюцца заклятымі ворагамі савецкай улады, перапоўненымі нянавісьці да савецкага ладу.
<…>
У лягерох для ваеннапалонных ўтрымліваецца агулам (без уліку салдат і ўнтэр-афіцэрскага складу) 14736 былых афіцэраў, урадоўцаў, памешчыкаў, паліцэйскіх, жандармаў, турэмшчыкаў, асаднікаў і разьведчыкаў, па нацыянальнасьці больш за 97% — палякі.
<…>
Сыходзячы з таго, што ўсе яны зьяўляюцца закаранелымі, невыправімымі ворагамі савецкай улады, НКУС СССР лічыць неабходным:
<…>
Справы пра ваеннапалонных, якія знаходзяцца ў лягэрох — 14 700 чалавек былых польскіх афіцэраў, ураднікаў, памешчыкаў, паліцэйскіх, выведнікаў, жандармаў, асаднікаў і турэмшчыкаў, а таксама справы пра арыштаваных і тых, хто знаходзіцца ў турмах заходніх абласьцей Украіны і Беларусі, у колькасьці 11 000 чалавек чальцоў розных к-р шпіёнскіх і дывэрсійных арганізацыяў, былых памешчыкаў, фабрыкантаў, былых польскіх афіцэраў, ураднікаў і перабежчыкаў — разгледзець у асобным парадку, з выкарыстаньнем да іх найвышэйшай меры пакараньня — расстрэлу.[20][21]

5 сакавіка было прынятае адпаведнае рашэньне Палітбюро:

Справы <…> разгледзець у асаблівым парадку, з выкарыстаньнем да іх найвышэйшай меры пакараньня — расстрэлу. Разгляд справы правесьці бяз выкліку арыштаваных і без абвінавачаньня (предъявления обвинения), пастановы пра заканчэньне сьледства і абвінаваўчага заключэньня. <…> Разгляд справаў і вынясеньне выраку ўскласьці на тройку ў складзе т.т. Мяркулава, Кабулава і Баштакова (начальнік 1-го сьпецаддзелу НКУС СССР). [21][22]

Да канца сакавіка НКУС скончыў распрацоўку пляну па вывазе польскіх ваеннапалонных зь лягероў і турмаў да месцаў расстрэлаў. Вязьняў з усіх украінскіх турмаў везьлі на расстрэл у Кіеў, Харкаў і Хярсон, зь беларускіх — у Менск.

З пачатку красавіка ваеннапалонных пачалі вывозіць на расстрэл эшалёнамі па 350—400 чалавек. Ахвярам паведамлялі, што іх рыхтуюць да адпраўкі на радзіму.

Маёр Адам Сольскі, накіраваны па этапе з Казельскага лягеру 7 красавіка, занатоўваў у сваім дзёньніку:

8 красавіка. З 12 гадзін стаім у Смаленску на запасным шляху.

9 красавіка. Пад’ём у турэмных вагонах і падрыхтоўка на выхад. Нас некуды перавозяць у машынах. Што далей? Ад раньня дзень пачынаецца неяк дзіўна. Перавозка ў боксах «ворана» (страшна). Нас прывезьлі некуды ў лес, падобна да дачнае мясьціны. Пільны вобшук. Цікавіліся маім заручальным пярсьцёнкам, забралі рублі, папругу, сьцізорык, гадзіньнік, які паказваў 6.30…

На гэтым дзёньнік абрываецца[23].

Расстрэлы доўжыліся з пачатку красавіка да сярэдзіны траўня 1940 году. Пасьля сканчэньня ў Маскву даслалі тэлеграму: «Апэрацыя па разгрузцы лягероў завершаная».

Нататкі Аляксандра Шалепіна, аб справе зьнішчэньня тэчак, якія тычыліся катынскай справы.

Паводле дадзеных, пазначаных у цыдулцы старшыні КДБ Шалепіна (1959), агулам былі расстраляныя 21.857 чалавек[21][24]:

Месца расстрэлу, па дадзеных «Запіскі…» Шалепіна Колькасьць чалавек
у Катынскім лесе (Смаленская вобласьць) 4421
у Старабельскім лягеры (ля Харкаву) 3820
у Асташкаўскім лягеры (Калінінская вобласьць) 6311
у іншых лягерох і турмах Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі 7305
Агулам 21 857

Гэтая акцыя сталася ўдарам па ўсёй польскай інтэлігенцыі, бо сярод расстраляных былі як кадравыя афіцэры, так і афіцэры ваеннага часу — мабілізаваныя адвакаты, журналісты, інжынэры, настаўнікі, урачы і г. д.,[17][25] уключна з унівэрсытэцкімі прафэсарамі, якіх толькі ў Казельскім лягеры знаходзілася 20 чалавек[26].

Адначасна, на асабісты загад Гітлера, аналягічныя акцыі адбываліся і ў нацысцкім «генэрал-губэрнатарстве». З 1 сакавіка да канца траўня там было арыштавана каля 3 тысячаў найбольш выбітных палякаў — навукоўцаў, фабрыкантаў, грамадзкіх дзеячаў і г. д. Усе яны былі расстраляныя ў Пальмірах пад Варшавай[27]. Гітлер казаў:

«Безумоўна, варта памятаць, што польскае дваранства мусіць зьнікнуць, як бы жорстка гэта ні гучала. Яго неабходна зьнішчыць паўсюдна. (…) Двух паноў, што стаяць побач, ня можа і не павінна быць. Таму ўсе прадстаўнікі польскай інтэлігенцыі належаць да зьнішчэньня.»[28]

Выкрыцьцё катынскіх пахаваньняў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Эксгумацыя 1943
Цела маёра Войска Польскага
Зьвязаныя за сьпіною рукі ахвяры

Месца пахаваньня ў Катыні было знойдзена польскімі прымусовымі работнікамі з Базгуру №2005 летам 1942 на падставе інфармацыі мясцовых жыхароў. Пасьля пошуку нямецкім уладам было паведамлена пра двух выкапаных нябожчыкаў у польскіх вайсковых мундырах. Фашысты напачатку не зацікавіліся гэтым. Эксгумацыйныя працы распачаліся толькі 19 лютага 1943. Да 13 красавіка 1943 было знойдзена больш 400 целаў. У той дзень бэрлінскае радыё паведаміла пра знаходку ў катынскім лесе парэшткаў 12 000 польскіх афіцэраў.

Нямецкае расьледваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Немцы пастараліся выкарыстаць гэты факт у якасьці прапаганды. 16 красавіка былі запрошаныя прадстаўнікі Міжнароднага Чырвонага Крыжа (МЧК), прадстаўнікі польскага грамадзтва з акупаваных немцамі тэрыторыяў, а таксама польскія афіцэры зь нямецкага палону. Генэрал Сікорскі 17 красавіка зьвярнуўся да МЧК з просьбаю дасьледаваць гэтае пытаньне.

МЧК праз шэсьць дзён паведаміў пра гатоўнасьць заняцца гэтаю справаю, але пры ўмове, што да іх зьвернуцца ўсе зацікаўленыя бакі, у тым ліку СССР. Гэта дало магчымасьць Сталіну заблякаваць дасьледваньні пад эгідаю МЧК. Нямецкія ўлады ўтварылі міжнародную камісію ў складзе 12 асобаў зь дзяржаваў, залежных ад Трэцяга Райху, і 1 асобы са Швайцарыі. Камісія знаходзілася ў Катыні ад 28 красавіка да 30 красавіка. Пад нямецкім прымусам, але і з таемнай згоды падпольнага польскага ўраду ў Катынь патрапілі некалькі палякаў (сярод іх пісьменьнікі Фэрдынанд Гётэль і Юзаф Мацкевіч (бяз згоды ўраду), Ян Эміль Скіўскі, а таксама др. Мар'ян Вадзінскі, ад касьцёлу кс. Станіслаў Ясінскі, канонік кракаўскай Капітулы Катэдральнай). На месцы раскопаў былі таксама саюзныя палонныя афіцэры — ангельцы, амэрыканцы, палякі.

Эксгумацыя праводзілася на васьмі масавых магілах, сярод знойдзеных парэшткаў пашчасьціла пазнаць двух польскіх генэралаў: Багатырэвіча (беларускі патрыёт) і Смаравінскага, якіх перапахавалі ў асобных магілах. Да 3 чэрвеня 1943 было знойдзена больш 4100 целаў, а др. Мар'ян Вадзінскі 2800 ідэнтыфікаваў. Дакумэнтальна былі зафіксаваныя мэтад забойства, ужываная зброя (сьцьвярджаецца між іншым ужываньне нямецкай зброі калібру 7,65 — што дасюль і ёсьць практычна адзіным контраргумэнтам савецкай прапаганды) і асабістая карэспандэнцыя пры целах, якая абрываецца вясною 1940. Вызначаны і час расстрэлаў — на падставе ўзросту пасаджаных на магілах дрэваў і дасьледваньнях раскладаньня целаў.

З-за сытуацыі на фронце і сьпякотнага лета нямецкія дасьледваньні былі прыпыненыя 3 чэрвеня 1943 — з апошняй, сёмай магілы ня вынята каля 200 парэшткаў целаў. Хутка ваколіцы былі занятыя савецкімі войскамі.

Дакумэнты дасьледваньняў пад час вайны перахоўваліся ў Кракаве і загінулі напрыканцы вайны. Нямецкія эксгумацыйныя пратаколы падаюць 4143 эксгумаваныя целы. Яны падпісаныя прадстаўнікамі Чырвонага Крыжу: др. Спэлерс (Бэльгія), др. Маркаў (Баўгарыя), др. Трамсэн (Данія), др. Саксэн (Фінляндыя), др. Пальмэры (Італія), др. дэ Бурлэт (Галяндыя), др. Гаек (Чэхія), др. Бірке (Румынія), др. Шубік (Славакія), др. Орсус (Вугоршчына), др. Мілаславіч (Харватыя). Двое — Гаек і Маркаў — па вайне адклікалі свае подпісы. На падставе працы камісіі быў падрыхтаваны рапарт (выдадзены ў Парыжы ў 1955, а ў Польшчы ў 1989), які падаваў лічбу 4243 (на 100 больш нямецкага пратаколу) знойдзеных парэшткаў. Адначасова сьцьвярджалася, што агулам у магілах пахавана каля 11 000 афіцэраў. Гэтая лічба пасьля паўтаралася ў савецкіх дадзеных.

Савецкае расьследваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля вызваленьня Смаленску ў верасьні 1943 году, савецкі бок распачаў уласнае расьследаваньне[29]. Была створаная камісія НКУС-НКДБ, якая праводзіла першапачатковае сьледзтва, і адмысловая камісія (г. зв. «Камісія Бурдэнкі») па выяўленьні і дасьледаваньні абставінаў расстрэлу фашыстамі ў Катынскім лесе ваеннапалонных польскіх афіцэраў. Мэтай быў доказ нямецкай адказнасьці за расстрэлы.

Камісія НКУС-НКДБ[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З 5 кастрычніка 1943 па 10 студзеня 1944 году супрацоўнікі абедзьвюх камісіяў праводзілі ў Катыні «папярэдняе сьледзтва». Вяліся пошукі не да канца раскапанай магілы №8, падрыхтоўка падробленых дакумэнтаў і ілжэсьведак.

Было дапытана 95 сьведак і праверана 17 заяваў, праведзены экспэртызы магілаў. Было абвешчана, што палонныя польскія афіцэры знаходзіліся ў лягерах ОН-1, ОН-2 і ОН-3. на захадзе ад Смаленску. Да лета 1941 году яны працавалі на дарожных работах і былі захоплены немцамі. Нейкі час немцы працягвалі экплуатацыю польскіх ваеннапалонных, а ў жніўні-верасьні 1941 году былі расстраляныя. Расстрэлы праводзіла нямецкая ўстанова пад назваю «штаб 537-га будаўнічага батальёну» на чале з обэр-лейтэнантам Арнэсам і яго супрацоўнікамі — обэр-лейтэнантам Рэкстам, лейтэнантам Хотам. Вясной 1943 году немцы раскапалі магілы, зьнішчылі ўсё, што сьведчыла аб сваіх расстрэлах і падзеях да 1940 году. Савецкія палонныя, што праводзілі раскопкі, былі расстраляныя. У 1990-х пасьля праверкі Галоўнай пракуратуры Расеі справаздачы камісіі сьведкі, якія засталіся ў жывых, заявілі, што ў 1943—1944 гадах давалі паказаньні пад прымусам і ціскам (абвінавачаньне ў супрацоўніцтве з фашыстамі).

Камісія Бурдэнкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

12 студзеня 1944 году была створана «Адмысловая камісія па выяўленьні і расьследаваньні абставінаў расстрэлу нямецкімі захопнікамі ў Катынскім лесе (каля Смаленску) ваеннапалонных польскіх афіцэраў». Старшынём камісіі быў прызначаны галоўны хірург Чырвонай Арміі, акадэмік Бурдэнка. У склад камісіі ўваходзілі: пісьменьнік Аляксей Талстой, мітрапаліт Мікалай, генэрал А. С. Гундораў, старшыня ВК Савецкіх таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца прафэсар С. А. Калесьнікаў, наркам асьветы акадэмік В. П. Пацёмкін, генэрал-палкоўнік Я. І. Сьмірноў і старшыня Смаленскага аблвыканкаму Р. А. Мельнікаў. Камісіяй шчыльна апекаваліся кіраўнікі дзяржбясьпекі — Круглоў і Мяркулаў, якія вызначалі кірунак досьледаў.

14 студзеня пачаліся раскопкі. Камісія прысутнічала пры эксгумацыі і апытаньні сьведкаў з 17 па 23 студзеня. Былі знойдзены некалькі прадметаў, якія датаваліся пасьля 1940 году — два запыты з Польшчы, пяць квітанцыяў аб здачы залатых зэгаркаў і грошай, папяровы абразок з надпісам «14 красавіка 1941» і недасланая паштоўка Станіслава Кучынскага ад 20 чэрвеня 1941 году (у 1990-х Галоўная ваенная пракуратура РФ прывяла доказы аб фальсыфікацыі дакумэнтаў). Пад час працы камісіі некалькі польскіх магілаў (у тым ліку асобныя магілы генэралаў і не да канца раскапаная немцамі магіла №8) былі зьнішчаны. Некалькі чарапоў былі забраныя Бурдэнкам «для калекцыі», адкапаныя косткі звалены ў адну купу.

22 студзеня 1944 году ў Катынь былі запрошаны замежныя карэспандэнты разам з дачкою амбасадара ЗША. Бурдэнка асабіста правёў ўскрываньне трох парэшткаў. Аднак целы былі выкапаныя без прысутнасьці журналістаў. Пасьля быў праведзены допыт былога віцэ-бургамістра Смаленску, прафэсара-астранома, Б. В. Базілеўскага. Нябожчыкі мелі зімовую вопратку, хаця паводле савецкай вэрсіі іх расстралялі ў жніўні — верасьні. Пасьля была праведзена прэс-канфэрэнцыя. На пытаньні карэспандэнтаў (колькасьць ваеннапалонных у Смаленскай вобласьці, месца знахожаньня лягероў, і іншае) пэўных адказаў не было. На пытаньне пра зімовую вопратку быў адказ пра зьменлівы клімат. А пасьля адыходу савецкіх войскаў — палякі як працавалі, так і засталіся працаваць па інэрцыі.

Па прэс-канфэрэнцыі час расстрэлу быў зьменены на «верасень — сьнежань». Але ў запісах апытаньнях сьведкаў даты не зьмянілі. 30 студзеня адбылося перазахаваньне парэшткаў ахвяраў у прысутнасьці афіцэраў Арміі Людовай.

Вынікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вынікам працы камісіяў стала справаздача, згодна зь якой расстрэлы палякаў адбываліся ў 1941 годзе нямецкімі акупацыйнымі войскамі. Гэта справаздача лягла ў аснову савецкай вэрсіі падзеяў аж да афіцыйнага прызнаньня адказнасьці НКВД савецкім бокам у 1990 годзе[29].

Арно Дзюрэ[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У студзені 1946 у Ленінградзе судзілі нямецкага афіцэра Арно Дзюрэ, які «прызнаўся, што катынскую разьню наладзілі нацысты, і апісаў, як у Катынскім лесе было расстраляна і пакладзена больш за 15—20 тысяч людзей — польскіх афіцэраў і габрэяў». На адкрытым працэсе над ваеннымі злачынцамі на чале з камэндантам Пскова Рэмлінгерам нейкі Арно Дзюрэ зрабіў заяву, што ён удзельнічаў у капаньні рова ў Катыні, у які затым, у кастрычніку-лістападзе 1941, СС звозілі трупы палякаў, расейцаў, жыдоў. За гэта Дзюрэ, які асабіста прымаў удзел у расстрэлах у Ленінградскай вобласьці, быў асуджаны да 15 гадоў лягероў, тады як астатнія абвінавачаныя на працэсе былі павешаныя[30].

Па вяртаньні ў Нямеччыну ў 1954 Дзюрэ адмовіўся ад сваіх паказаньняў і заявіў, што пад час сьледзтва быў прымушаны даваць патрэбныя паказаньні. Яго працэс адбыўся ў час, калі ішла падрыхтоўка да суду ў Нюрнбэргу[31] .

Сучасныя дасьледваньні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У траўні 1987 дзякуючы патрабаваньню Ярузэльскага, які заявіў, што польскае кіраўніцтва адчувае вялізны ціск з боку грамадзкасьці Польшчы, была створана двухбаковая камісія навукоўцаў СССР і ПНР па гісторыі адносінаў паміж дзьвюма краінамі. Адным з пытаньняў была і Катынская справа. Польскі бок адразу ж распачаў вострую крытыку вэрсіі Бурдэнкі. Але прамой віны СССР даказана не было. Таму ў сьнежні 1987 у ЦК КПСС была падрыхтавана «запіска чатырох» пра неабходнасьць прызнаньня віны сталінскага рэжыму. Яе падпісанты: сакратары ЦК, члены Палітбюро А. М. Якаўлеў, В. А. Мядзьведзеў, міністар замежных справаў Эдуард Шэварнадзэ і міністар абароны маршал С. Л. Сакалоў. Тая запіска ў парадак дня ЦК не была ўключана і не разглядалася[29].

У сярэдзіне 1989 былі выяўленыя дакумэнты, што сьведчылі — справы палякаў разглядаліся на Асобай нарадзе пры НКВД СССР, ды што асобы, якія ўтрымліваліся ў трох лягэрох, былі перададзены ў распараджэньне абласнога НКВД і ў статыстычных справаздачах потым не згадваліся.

21 ліпеня 1989 году гісторык Юры Зора (сын пракурора Мікалая Зоры, які, лічыцца, быў забіты ці скончыў жыцьцё самагубствам у Нюрнбэргу з-за катынскага пытаньня), параўнаў сьпісы выбываючых зь лягэру ў Казельску «ў распараджэньне ўпраўленьня справамі НКВД Смаленскай вобласьці» (вясна 1940 г.) з эксгумацыйнымі сьпісамі нямецкай «Белай кнігі» па Катыні. Ён выявіў, што этапаваныя і пахаваныя ў Катыні — тыя самыя асобы. Брацкія магілы і апазнаныя нябожчыкі супадалі са сьпісамі этапаваных. Зора зрабіў даклад начальніку КДБ Кручкову, але той адмовіўся працягваць расьсьледаваньне.

У 1990 падчас наведаньня месца расстрэлу прэзыдэнтам Польшчы Войцехам Ярузэльскім у цэнтры заходняга боку мэмарыялу быў узьвіжаны драўляны крыж.

У 1992 прэзыдэнт Расейскай Фэдэрацыі Барыс Ельцын уручыў прэзыдэнту Рэспублікі Польшча Леху Валэнсу копіі дакумэнтаў, што пацьвярджаюць адказнасьць уладаў Савецкага Саюзу за рашэньне пра ліквідацыю 25.700 палякаў у 1940 годзе.

У 1999 распачатае будаўніцтва мэмарыялу памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў у Катыні. 28 ліпеня 2000 году мэмарыял быў адчынены[32].

У 2009 Вайсковая калегія Вярхоўнага суду Расеі прызнала законнымі рашэньні ніжэйшых судовых інстанцыяў пра спыненьне крымінальнае справы аб масавых забойствах афіцэраў польскага войску, абапіраючыся на крымінальны кодэкс Савецкага Саюзу 1926 году, які дзейнічаў на той час. Паводле гэтага кодэксу, крымінальны перасьлед недапушчальны, калі з моманту злачынства мінула 10 год[33].

26 лістапада 2010 году Дзяржаўная дума Расеі прыняла заяву «Пра катынскую трагедыю і яе ахвяры», у якім прызнала, што расстрэл польскіх вайскоўцаў быў ажыцьцёўлены непасрэдна на загад Сталіна. Дзяржаўная дума выказала глыбокае спачуваньне сваякам і блізкім ахвяраў рэпрэсіяў і заявіла, што неабходна аднавіць сумленныя імёны ахвяраў катынскай трагедыі[34].

Новыя месцы забойстваў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 2002 з атачэньня прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна зьявілася інфармацыя, што знойдзены новыя месцы зьнішчэньня афіцэраў Войска Польскага ў мясцовасьці Таўда на Ўрале. Яшчэ ў 1998 польскія дасьледчыкі мелі інфармацыю ад жывых сьведкаў, якія ўдзельнічалі тамака ў расстрэлах[35].

У 2010 годзе расейскае ФСБ тэрмінова распачало пошук сьпісу польскіх афіцэраў і іх родных, што былі забітыя на тэрыторыі Беларусі вясной 1940 году. Уладзімер Пуцін хоча перадаць гэты сьпіс Дональду Туску падчас урачыстасьцяў у Катыні 7 красавіка 2010. Гэты сьпіс на сёньня зьяўляецца самай вялікай таямніцай ваенных злачынстваў СССР у дачыненьні да польскіх ваеннапалонных афіцэраў. Аб яго існаваньні дакладна невядома, але ёсьць верагоднасьць, што ён існуе. Напачатку 1990-х быў знойдзены падобны сьпіс (3435 прозьвішчаў) польскіх афіцэраў, што былі рэпрэсаваныя на тэрыторыі Заходняй Украіны. Агулам на далучаных у 1939 годзе да СССР землях было забіта 7305 чалавек, то бок 3870, відаць, былі зьнішчаны на землях БССР. Адно зь мяркуемых месцаў расстрэлу — Курапаты[36].

На сустрэчы з польскімі журналістамі 4 лістапада 2010 году Аляксандар Лукашэнка паабяцаў разгледзець пытаньне наконт беларускага катынскага сьпісу[37]. Але на прэс-канфэрэнцыі 23 сьнежня 2012 году Лукашэнка заявіў наступнае: «Мы паднялі ўсе архівы, і ня толькі КДБ — усіх дзяржаўных структур. У нас ніводнага паляка на тэрыторыі Беларусі зьнішчана, расстраляна не было»[38].

Але беларускі гісторык Ігар Кузьняцоў, які займаецца камуністычнымі рэпрэсіямі заявіў 16 студзеня 2012 году на паседжаньні круглага стала «Палітычныя рэпрэсіі: гісторыя й сучаснасьць», што беларускі катынскі сьпіс існуе[39]. На яго думку, найверагодней польскіх жаўнераў расстрэльвалі ў Трасьцянцы. «Вязьняў грузілі ў вагоны на станцыі Менск-Таварны і везьлі ў Шабаны. Так можна незаўважна перамясціць вялікую колькасць людзей у польскай форме»[40]. Дарэчы, на тым самым месцы пазьней людзей зьнішчалі нацысты, а цяпер на месцы трасьцянецкіх пахаваньняў — гіганцкі сьметнік…

Памяць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Беларусі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Горадні на вайсковых могілках, што на вуліцы Белуша, каля магілаў польскіх жаўнераў усталяваны Катынскі крыж[41].

6 ліпеня 2010 канал АНТ паказаў дакумэнтальны фільм «Катынь. Беларускі сьпіс» з цыклю «Зваротны адлік»[42].

Беларусы ў Катыні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Агульная колькасьць ураджэнцаў Беларусі сярод забітых у Катыні ацэньваецца ў 1226 чалавек[43]. Найбольш вядомыя зь іх — генэрал Браніслаў Багатырэвіч (адзін з двух забітых у Катыні генэралаў, цела ідэнтыфікаванае, пахваны ў асобнай магіле) і дзяяч беларускага адраджэньня Францішак Умястоўскі.

У Польшчы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 2007 годзе адбылася прэм’ера фільму «Катынь» Анджэя Вайды.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Катынь. Афіцыйная бачына Дзяржаўнага Мэмарыяльнага Комплексу «Катынь» (рас.)
  2. ^ Вялікі Энцыкляпэдычны Слоўнік (рас.)
  3. ^ Sanford, George. «Katyn And The Soviet Massacre Of 1940: Truth, Justice And Memory». Routledge, 2005. (анг.)
  4. ^ Доктар гістарычных навук У. Шаўчэнка, «Пачатак Другой сусьветнай» (рас.)
  5. ^ Уступ Савецкага Саюзу у другую сусьветную вайну. Дакумэнты і фатаздымкі 1939 году (рас.)
  6. ^ Наш адказ Керзану запазьніўся? (рас.)
  7. ^ М. И. Семиряга. Тайны сталинской дипломатии. 1939—1941. — М.: Высшая школа, 1992. — 303 с. (рас.)
  8. ^ Н. С. Лебедева. Четвертый раздел Польши и катынская трагедия. — М.: РГГУ, 1996. — «Другая война. 1939—1945» с. 237—295 (рас.)
  9. ^ У. Ширер. Взлёт и падение Третьего рейха. Часть 14. На очереди Польша. (рас.)
  10. ^ Рид А., Фишер Д. Смертельное объятие: Гитлер, Сталин и нацистско-советский пакт, 1939—1941 // Сборник Международные коалиции и договоры накануне и во время Второй мировой войны. — М., ИНИОН РАН, 1990. (рас.)
  11. ^ И. С. Яжборовская, А. Ю. Яблоков, B.C. Парсаданова. Катынский синдром в советско-польских и российско-польских отношениях. Глава 1. — М., РОССПЭН, 2001. ISBN 5-8243-0197-2 (рас.)
  12. ^ Молатаў на V сэсыі Вярхоўнага Савету 31 кастрычніка: «прыкладна 250 тыс.»
  13. ^ Мельтюхов М.И, Отчёт Украинского и Белорусского фронтов Красной Армии, с. 367. (рас.)
  14. ^ И. С. Яжборовская, А. Ю. Яблоков, B.C. Парсаданова Катынский синдром в советско-польских и российско-польских отношениях Глава 2 ISBN 5-8243-0197-2 (рас.)
  15. ^ Реферат: Катынская трагедия (рас.)
  16. ^ В. В. Снегирёв «Это было в Старобельске. Эхо Катынской трагедии: Свидетели и документы рассказывают» Луганск 2004 г. ISBN 5-7707-1244-9 (рас.)
  17. ^ а б Уинстон Черчилль Вторая мировая война Том 3. Часть 42 В шести томах. Книга вторая. Том 3-4. «Военное издательство», 1991 ISBN 5-203-00706-3 (рас.)
  18. ^ Решение Политбюро ЦК ВКП(б) от 5 марта 1940 г.
  19. ^ «Катынь — боль не только Польши, но и России» (Выступление Лебедевой Н. С.)
  20. ^ Запіска НКВД СССР, напісаная не пазьней за 5 сакавіка 1940 пра польскіх ваеннапалонных, падпісаная Л. П. Берыя
  21. ^ а б в Вопросы истории", 1993, № 1, стр. 7—22
  22. ^ Выпіска з пратаколу № 13 Паседжаньня Палітбюро ЦК ВКП(б) «Особая папка» ад 5 сакавіка 1940 г. «Вопрос НКВД СССР»
  23. ^ Адам Сольский Дневник (рас.) Праверана 24 жніўня 2010 г. Архіўная копія
  24. ^ Записка председателя КГБ при СМ СССР А. Н. Шелепина от 3 марта 1959 г. № 632-Ш с предложением ликвидировать все дела по операции, проведенной органами НКВД в соответствии с постановлением ЦК ВКП(б) от 5 марта 1940 г.
  25. ^ Семиряга М. И. Глава «Преступление в Катыни» из книги Тайны сталинской дипломатии 1939—1941 М.: Высшая школа, 1992 г.
  26. ^ Леопольд Ежевский КАТЫНЬ 1940
  27. ^ В. М. Алексеев. Варшавского гетто больше не существует. М., 1998, стр.24
  28. ^ Уильям Ширер. Взлёт и падение Третьего рейха. т.2. М., 1991, стр. 328
  29. ^ а б в Савецкае расследванне і адмаўленьне віны(недаступная спасылка)
  30. ^ Честный взгляд на Катынь Уладзіслаў Швэд
  31. ^ «Вальтер ППК», Катынь и фильм Анджея Вайды (недаступная спасылка) Міхаіл Лемхін, «Чайка» #10(141) 16 траўня 2009
  32. ^ Гісторыя стварэньня мэмарыялу (рас.). Мэмарыяльны комплекс "Катынь". Праверана 6 лютага 2009 г.
  33. ^ Галіна Абакунчык (30 студзеня 2009) На катынскім расстрэле Расея паставіла крыж Палітыка. Радыё «Свабода»Праверана 6 лютага 2009 г.
  34. ^ Дзяржаўная дума Расеі прызнала Сталіна вінаватым у катынскай трагедыі // Радыё «Свабода», 26 лістапада 2010 г. Праверана 31 кастрычніка 2013 г.
  35. ^ Поляки просят Ельцина пустить их в Тавду//Известия 13 жніўня 1998
  36. ^ АП. ФСБ шукае «беларускі катынскі сьпіс» // Наша Ніва, 29 сакавіка 2010 г. Праверана 31 кастрычніка 2013 г.
  37. ^ Антон Тарас. Лукашэнка абяцае разгледзець пытаньне пра беларускі катынскі спіс // БелаПАН, 5 лістапада 2010 г. Праверана 31 кастрычніка 2013 г.
  38. ^ А. Лукашэнка аб беларускім катынскім сьпісе: ніводнага паляка ў Беларусі расстраляна не было // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 23 сьнежня 2011 г. Праверана 31 кастрычніка 2013 г.
  39. ^ Сяргей Пульша. Беларускі катынскі сьпіс існуе, заяўляе гісторык Ігар Кузьняцоў // БелаПАН, 16 студзеня 2012 г. Праверана 31 кастрычніка 2013 г.
  40. ^ Сяргей Мікулевіч. Дакумэнты НКУС абвяргаюць Лукашэнку // Наша Ніва : газэта. — 28 сьнежня 2011. — № 48 (741). — С. 11. — ISSN 1819-1614.
  41. ^ Кветкі — да Катынскага крыжа ў Горадні // Радыё «Свабода», 1 верасьня 2009 г. Праверана 31 кастрычніка 2013 г.
  42. ^ АП. АНТ другі раз пакажа дакумэнтальны фільм «Катынь. Беларускі сьпіс» // Наша Ніва, 1 ліпеня 2010 г. Праверана 31 кастрычніка 2013 г.
  43. ^ КМ. Катынская трагедыя: забітыя 1226 афіцэраў з Беларусі // Наша Ніва, 21 кастрычніка 2010 г. Праверана 31 кастрычніка 2013 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]