Кернаў
| Кернаў | |||||
| Kernavė | |||||
Гарадзішчы |
|||||
|
|||||
| Магдэбурскае права: | 1571 | ||||
| Павет: | Віленскі | ||||
| Раён: | Шырвінцкі | ||||
| Насельніцтва: | 350 (2009) | ||||
| Часавы пас: • летні час: |
UTC+2 UTC+3 |
||||
| Геаграфічныя каардынаты: | 54°53′10″ пн. ш. 24°50′39″ у. д. / 54.88611° пн. ш. 24.84417° у. д.Каардынаты: 54°53′10″ пн. ш. 24°50′39″ у. д. / 54.88611° пн. ш. 24.84417° у. д. | ||||
|
Кернаў на мапе Летувы
Кернаў
|
|||||
Кернаў (па-летувіску: Kernavė) — мястэчка ў Летуве, на рацэ Вяльля. Цэнтар староства Шырвінцкага раёну Віленскага павету. Насельніцтва 350 чал. (2009). Знаходзіцца за 18 км на паўднёвы захад ад Шырвінтаў, за 35 на паўночны захад ад Вільні.
Кернаў — магдэбурскае мястэчка гістарычнай Віленшчыны. Каля паселішча месьціцца гістарычна-археалягічны комплекс, улучаны ў Сьпіс сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО.
Зьмест |
Этымалёгія назвы [рэдагаваць]
Тапонім «Кернаў» утварыўся ад рэчкі Кернаўка. Паводле Хронікі Быхаўца, назва паселішча пайшла ад імя яго заснавальніка легендарнага князя Кернуса.
Варыянты назвы ў гістарычных крыніцах: Kernow (1365), Керново (XVI ст.), Керновъ (1689); у беларускіх тэкстах таксама ўжываюцца формы Кернова[1] і Кернава.
Гісторыя [рэдагаваць]
Першы пісьмовы ўспамін пра Кернаў датуецца 1279 («Старэйшая рыфмаваная хроніка», «Хроніка Германа з Вартбэрга») у зьвязку з рэйдам крыжакоў. Абарончую сістэму паселішча ў XIII—XIV стст. утваралі 5 замкаў, разьмешчаных на правым беразе Вяльлі, ад якіх засталіся гарадзішчы: Замкавая Гара (вышыня 30 м, плошча 5,82 га); Гара Ахвярніка (або Сьвятая Гара; вышыня 13—18 м, плошча 1,3 га); Гара Лізьдзейкі (ці Крывейце; вышыня 25—30 м, плошча 0,4 га); «Сталец Міндоўга» (вышыня 22 м, плошча 1,08 га); Гара Кернава (стаіць асобна ад асноўнай групы, разам з могільнікам займае 1,48 га).
У Кернаве, мяркуецца, месьцілася рэзыдэнцыя вялікага князя літоўскага Трайдзеня і першапачаткова вялікага князя Гедыміна. Іх лякалізуюць на Гары Ахвярніка. Гандлёва-рамесны пасад разьмяшчаўся вакол замкаў, прадмесьці — на Замкавай Гары. Забудова была драўлянаю[2]. Пахавальны абрад на могільніку сьведчыць пра суіснаваньне у XIII—XIV стст. паганскіх і хрысьціянскіх традыцыяў. У 1365 Кернаў значна пацярпеў ў часе рэйду тэўтонскіх рыцараў. У 1390 аддзел крыжакоў на чале з маршалам Энгельгартам фон Рабе зьнішчыў драўляныя замкі, па чым яны не аднаўляліся.
У XV ст. у даліне Паяўта (каля 25 га) на беразе Вяльлі зьявілася новае паселішча, што ўваходзіла ў склад Віленскага павету. Каля 1420 вялікі князь Вітаўт заснаваў у Кернаве касьцёл. У 1571 кароль і вялікі князь Жыгімонт Аўгуст надаў мястэчку Магдэбурскае права, якое ў 1792 пацьвердзіў кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. У XVI—XVII стст. аўтары тагачасных гістарыяграфічных твораў («Хроніка» М. Стрыйкоўскага, Густынскі летапіс, «Гісторыя» А. Каяловіча) называлі Кернаў адным з найважнейшых палітычна-адміністрацыйных цэнтраў Вялікага Княства Літоўскага у XIII—XIV стст.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Кернаў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Віленскім павеце. У кан. XIX — пач. XX стст. у мястэчку дзейнічалі касьцёл і капліца.
Згодна з Рыскай мірнай дамовай (1921) Кернаў апынуўся ў складзе Летувы. У 1960 тэрыторыю старажытнага паселішча і замкаў абвясьцілі запаведнікам. У 2004 Кернаў занесьлі ў Сьпіс сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО.
Насельніцтва [рэдагаваць]
- XVIII стагодзьдзе: 1795 — 194 чал.
- XIX стагодзьдзе: 1833 — 63 чал.; 1861 — 260 чал.; 1866 — 260 чал., у тым ліку 180 каталікоў, 12 праваслаўных, 60 юдаістаў[3]; 1886 — 242 чал.; 1895 — 294 чал.
- XX стагодзьдзе: 1923 — 252 чал.; 1959 — 170 чал.; 1977 — 170 чал.; ; 1979 — 177 чал.; 1985 — 202 чал.; 1989 — 289 чал.
- XXI стагодзьдзе: 2001 — 307 чал.; 2005 — 320 чал.
Турыстычная інфармацыя [рэдагаваць]
Дзейнічае Кернаўскі археалягічны і гістарычны музэй-запаведнік.
Выдатныя мясьціны [рэдагаваць]
- Гістарычна-археалягічны рэзэрват (XIII—XIV стст.)
- Капліца
- Касьцёл Маці Божай Шкаплернай (1914—1924)
- Могілкі хрысьціянскія
- Скульптурныя помнікі
Галерэя [рэдагаваць]
- Краявіды Кернава
Крыніцы [рэдагаваць]
- ^ Смоліч А. Географія Беларусі. — Вільня: Друкарня «Віленскага Выдавецтва» Б. А. Клецкіна, 1922. С. 203.
- ^ Алег Дзярновіч. Кернаў // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 88.
- ^ Kiernów // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom IV: Kęs — Kutno. — Warszawa, 1883. S. 47
Літаратура [рэдагаваць]
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0.
- Kiernów // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom IV: Kęs — Kutno. — Warszawa, 1883. S. 46—47.
Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]
Кернаў — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
|
||||||||