Міхал Клеафас Агінскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
(Перанакіравана з Клеафас Агінскі)
Перайсьці да: навігацыя, пошук
Міхал Клеафас Агінскі
польск. Michał Kleofas Ogiński
Michał Kleafas Ahinski. Міхал Клеафас Агінскі (François-Xavier Fabre, XIX).jpg
Міхал Клеафас Агінскі. Аўтар Ф. К. Фабро, XIX ст.
Herb Ogiński.png
Герб «Агінскі»
Падскарбі вялікі літоўскі
1793 — 1796
Папярэднік: Людвік Тышкевіч
Наступнік: пасада скасаваная
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 7 кастрычніка 1765
Гузаў, Рэч Паспалітая
Памёр: 15 кастрычніка 1833
Флярэнцыя, Італія
Род: Агінскія
Бацькі: Андрэй Агінскі
Паўла Шэмбэк
Жонка: Ізабэла Ласоцкая (17891802) Марыя дэ Нэры (ад 1802)
Дзеці: Тамаш Антоні, Ірэнеўш Клеафас, Францішак Ксавэры, Амэлія, Іда, Эмма

Міхал Клеафас Агінскі (па-польску: Michał Kleofas Ogiński; 7 кастрычніка 1765, Гузаў Мазавецкага ваяводзтва — 15 кастрычніка 1833, Флярэнцыя) — кампазытар, дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага[1] і Рэчы Паспалітай[2]. Удзельнік паўстаньня Т. Касьцюшкі.

Міхал Клеафас Агінскі — аўтар знакамітага палянэзу «Разьвітаньне з Радзімай».

Зьмест

[рэдагаваць] Біяграфія

Са старэйшай княскай лініі роду Агінскіх, сын Андрэя і Паўлы з Шэмбэкаў. Ад бацькі ўспадкаваў тытул графа.

Атрымаў добрую хатнюю адукацыю, меў выдатныя здольнасьці да музыкі і замежных моваў. Першыя музычныя ўражаньні атрымаў ад наведваньня Слоніма, дзе ягоны сваяк Міхал Казімер Агінскі ўтрымліваў тэатар эўрапейскага ўзроўню.

[рэдагаваць] Кар’ера

Абіраўся паслом сойму Рэчы Паспалітай (1786), быў камісарам скарбовай камісіі Вялікага Княства Літоўскага (1788), потым займаў пасаду мечніка вялікага літоўскага (17891793). У 17901791 надзвычайны амбасадар у Галяндыі, выконваў дыпляматычную місію ў Лёндане.

У 1791 мусіў прысягнуць расейскай імпэратрыцы Кацярыне II, каб захаваць свае маёнткі ва ўсходняй частцы сучаснай Беларусі. Скептычна паставіўся да Канстытуцыі 3 траўня[1].

У 28-гадовым веку (1793) займаў пасаду падскарбія вялікага літоўскага, абіраўся паслом на Гарадзенскі сойм.

Паcьля перамогі ў 1793 Таргавіцкай канфэдэрацыі падтрымаў яе і вярнуў сабе канфіскаваныя раней маёнткі.

[рэдагаваць] Паўстаньне

У часе паўстаньня 1794 далучыўся да віленскіх паўстанцаў, уваходзіў у Найвышэйшую літоўскую раду. Ахвяраваў на патрэбы паўстаньня 188 тысячаў злотых, кіраваў 480 стральцамі.

У чэрвені 1794 двойчы з атрадам стралкоў і 200 коньнікамі спрабаваў прабіцца ў колішняе Менскае ваяводзтва, каб узьняць тамака паўстаньне. У жніўні 1794 зрабіў рэйд да Дынабурга. Змагаўся супраць прускіх войскаў.

Пасьля таго, як расейцы занялі Вільню, праз Галіцыю выехаў у Аўстрыю. За ўдзел у паўстаньні расейскія ўлады канфіскавалі ягоныя маёнткі.

[рэдагаваць] На радзіме і чужыне

Эпітафія М. К. Агінскаму. Базыліка Санта Гроце, Флярэнцыя
Партрэты М. К. Агінскага
Джузэпэ Грасі, XIX ст.
Аляксандар Людвік Малінары, XIX ст.
Невядомы мастак, кан. XVIII — пач. XIX стст.
Франсуа Гранье, XIX ст.
У маладосьці, мініятура

Жыў у Вене, Вэнэцыі, Стамбуле, Парыжы. Па ўступленьні на расейскі сталец Аляксандра I атрымаў магчымасьць вярнуцца на радзіму і працягнуць грамадзка-палітычную і мастацкую дзейнасьць. Пасьля прысягі на вернасьць імпэратару яму, як і ўсім выгнаньнікам, вярталіся ранейшыя маёнткі.

У 18021806 гадох жыў у маёнтку Залесьсе Ашмянскага павету, дзе збудаваў новы палац, парк у ангельскім стылі, аранжарэі, зьвярынец, сабраў вялікую бібліятэку. Менавіта тут, у Залесьсі, ён напісаў свой славуты палянэз «Разьвітаньне з Радзімай».

У 1810 атрымаў пасаду сэнатара і чын тайнага саветніка, ордэны сьв. Уладзімера і Аляксандра Неўскага. Неаднойчы сустракаўся з расейскім імпэратарам Аляксандрам I у Пецярбургу, Вільні, Магілёве і Віцебску, распрацаваў у падаў яму плян аднаўленьня Вялікага Княства Літоўскага ў складзе Расейскай імпэрыі[1], якое мусіла аб’яднаць восем губэрняў. Аднак імпэратар адхіліў гэты праект.

У 1823 выехаў разам з радзінай у Італію, жыў у Флярэнцыі, дзе памёр 15 кастрычніка 1833. Пахавалі кампазытара на кляштарных могілках пры касьцёле Санта Марыя Навэла, пазьней — перапахавалі ў пантэон Санта Крочэ.

[рэдагаваць] Творчасьць

Вядомы як кампазытар, аўтар папулярных палянэзаў для фартэпіяна, якія вызначаюцца лірызмам, мэлядычнасьцю, зьвязаны з народна-песеннымі традыцыямі[3]. Найбольш папулярны ягоны палянэз ля-мінор «Разьвітаньне з Радзімай» (польск. Pożegnanie Ojczyzny).

Пісаў таксама маршы (у тым ліку «Марш паўстанцаў 1794»), вальсы, мазуркі, мэнуэты, рамансы. Аўтар аднаактовай опэры «Зэліс і Валькур, або Банапарт у Каіры».

У 18261827 у Парыжы выдаў 4-томныя «Мэмуары пра Польшчу і палякаў з 1788 да 1815 г.» (на францускай мове, у 18701873 перакладзеныя на польскую мову), у якіх неаднойчы ўзгадвае пра свае беларуска-літвінскія карані[4]. Напісаў «Лісты пра музыку» (1828, выдадзены ў 1956).

Музыка М. К. Агінскага была надзвычай папулярная як пры жыцьці, так і пасьля сьмерці кампазытара. Ягоныя палянэзы распачыналі тагачасныя баляваньні, вялікімі накладамі выдаваліся ў Вене, Мілане, Празе, Бэрліне, Пецярбургу. Высокую адзнаку творчасьці М. К. Агінскага даюць Э. Т. А. Гофман, К. М. Вэбер, Ф. Ліст.

Меў асабістае знаёмства з В. Моцартам й Ё. Гайднам, а таксама быў вучнем П. М. Ф. Баё, Ч. Ф. Ляфона, Т. Кампанэлі.

[рэдагаваць] Памяць

Памятная манэта НБРБ, прысьвечаная М. К. Агінскаму
Марка Белпошты, прысьвечаная М. К. Агінскаму

Помнікі Міхалу Клефасу Агінскаму стаяць у Маладэчне (Беларусь) і Гузаве (Польшча)

У 1994 Белпошта выдала адмысловую марку, прысьвечаную славутаму кампазытару. У красавіку 1996 у Флярэнцыі, на доме, дзе жыў М. К. Агінскі, адкрылася мэмарыяльная шыльда (скульптар В. Янушкевіч).

Колішняя сядзіба Агінскіх у Залесьсі, «Паўночныя Атэны» (як яе называлі сучаснікі кампазытара), перайшла ў падпарадкаваньне Міністэрства культуры Беларусі — да Аб’яднаньня літаратурных музэяў, з 1990 году тут сьвяткуюцца ўгодкі яе былога гаспадара, дагэтуль вядзецца рэстаўрацыя.

У 2011 імя М. К, Агінскага атрымала вуліца ў Горадні[5].

22 жніўня 2011 Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь увёў у абарачэньне памятныя манэты «М. Агінскі» сэрыі «Гісторыя і культура Беларусі».

[рэдагаваць] Цікавыя факты

Сядзіба Агінскіх у Залесьсі, з кнігі «Палёнія» Л. Ходзькі
  • У сваёй опэры «Зэліс і Валькур» М. К. Агінскі вывеў на сцэну Напалеона і Юзэфа Сулкоўскага; для таго часу зрабіць дзейнымі асобамі яшчэ жывых людзей было ўнікальнай зьявай[6].
  • Пры жыцьці кампазытара больш папулярным быў «Палянэз сьмерці» фа мажор, а не «Разьвітаньне з Радзімай» ля мінор.
  • М. К. Агінскі — аўтар дзьвюх музычных працаў — «Лісты пра музыку» і «Назіраньні над музыкай». Апрача таго, ён маляваў у клясычным стылі.
  • М. К. Агінскі першым стварыў палянэзы для слуханьня, а не для танцаў. Пазьней ягоную справу працягнуў Ф. Шапэн[6].

[рэдагаваць] Крыніцы

  1. ^ a b c Анатоль Грыцкевіч. Агінскі Міхал Клеафас // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 201.
  2. ^ 7 кастрычніка — 240 год з дня нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага (1765—1833), дзяржаўнага дзеяча Рэчы Паспалітай, дыпламата, кампазітара. Нацыянальная бібліятэка БеларусіПраверана 5 сьнежня 2010 г.
  3. ^ Анатоль Грыцкевіч. Агінскія // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т.Т. 1: А — Беліца / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. С. 34.
  4. ^ Святлена Немагай. Музыка сям’і Агінскіх // Музыка сям’і Агінскіх. Вакальныя творы. — Мн.: ТАА «Паліфакт», 2000.
  5. ^ У Гродна з’явяцца вуліцы Агінскага, Багушэвіча, Караткевіча і Орды // «Наша Ніва», 20 траўня 2011.
  6. ^ a b Таіса Храловіч. Такога Агінскага вы не ведалі, або Таямніцы жыцця музыканта-аматара // «Народная газета», 21 студзеня 2009. С. 10.

[рэдагаваць] Літаратура

[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі

Commons-logo.svg  Міхал Клеафас Агінскісховішча мультымэдыйных матэрыялаў

Асабістыя прылады
Прасторы назваў
Варыянты
Дзеяньні
Навігацыя
Удзел
Інструмэнты
На іншых мовах