Кобрынь
| Кобрынь | |||||
У цэнтры места |
|||||
|
|||||
| Першыя згадкі: | 1287 | ||||
| Магдэбурскае права: | 10 сьнежня 1589 | ||||
| Вобласьць: | Берасьцейская | ||||
| Раён: | Кобрынскі | ||||
| Насельніцтва: | 51 166[1] (2009) | ||||
| Тэлефонны код: | +375 1642 | ||||
| Паштовы індэкс: | 225301—225306, 225860 | ||||
| Аўтамабільны код: | 1 | ||||
| Геаграфічныя каардынаты: | 52° пн. ш. 24° у. д. / 52° пн. ш. 24° у. д.Каардынаты: 52° пн. ш. 24° у. д. / 52° пн. ш. 24° у. д. | ||||
|
Кобрынь на мапе Беларусі
Кобрынь
|
|||||
Ко́брынь — места ў Беларусі, на сутоках рэчак Мухавец, Кобрынка і канала Бона. Адміністрацыйны цэнтар Кобрынскага раёну Берасьцейскай вобласьці. Насельніцтва 51 166 чалавек (2009)[1]. Знаходзіцца за 52 км на ўсход ад Берасьця, за 295 км ад Менску. Чыгуначная станцыя на лініі Берасьце — Гомель. Вузел аўтамабільных дарог на Менск, Берасьце, Пінск, Ковель, Маларыту.
Кобрынь — магдэбурскае места гістарычнай Берасьцейшчыны, колішняя сталіца княства.
Зьмест |
Назва[рэдагаваць]
Існуе некалькі вэрсіяў паходжаньня тапоніму «Кобрынь»[2]. На думку беларускага географа В. Жучкевіча, назва места ўтварылася ад імя зьніклага народу «обры», які паводле старажытных летапісаў насяляў Заходняе Палесьсе[3]. Згодна з меркаваньнем І. Сташэўскага тапонім утварыўся праз засваеньне кельцкага імя Кобрунус[4], тым часам А. Трубачоў адкідаў кельцкае паходжаньне як неабгрунтаванае і тлумачыў слова «Кобрынь» як вынік складаньня прэфіксу -к са стараславянскім -брьние (бруд)[5].
У пісьмовых гістарычных крыніцах часоў Вялікага Княства Літоўскага места згадваецца вылучна пад назвай Кобрынь, гэтак жа яго называлі мясцовыя жыхары[6]. Цяперашняя афіцыйная назва «Кобрын» — калькаваньне з расейскай мовы.
Гісторыя[рэдагаваць]
Першы пісьмовы ўспамін пра Кобрынь як уладаньне князёў ўладзімера-валынскіх зьмяшчаецца ў Іпацьеўскім летапісе і датуецца 1287:
| Се аз, князь Володимер, сын Васильков, внук Романов, пишу грамоту: дал есмь княгине своей, по своем животе город свой Кобрынь и с людьми, и с данью, како при мне даяли, тако и по мне ать дають княгине моей... | ||
У пач. XIV ст. паселішча далучылася да Вялікага Княства Літоўскага. З 1366 Кобрынь знаходзіўся ў валоданьні вялікага князя Альгерда. Цягам XIV ст. на месцы старажытнага дзядзінца і пасаду збудавалі драўляныя замкі (існавалі да кан. XVIII)[7]. У 1404 места зрабілася сталіцай княства, што знаходзілася ў валоданьні Рамана Ратненскага, пачынальніка роду князёў Кобрынскіх. Пад 1465 упершыню згадваецца Спаскі манастыр. У 1-й пал. XVI ст. у месьце збудавалі касьцёл[7].
У 1519 Кобрынь зрабіўся цэнтрам староства, а ў 1520 — сталіцай павету Падляскага ваяводзтва. З 1532 места знаходзілася ў валоданьні каралевы і вялікай княгіні Боны Сфорцы, за якой юрыдычна аформілася Кобрынская эканомія і распачаліся мэліярацыйныя працы (канал каралевы Боны)[7]. Станам на 1563, паводле рэвізіі, у Кобрыні было 377 двароў; асноўныя вуліцы — Астрамецкая, Балоцкая, Берасьцейская, Пінская, Ратненская, Чаравачыцкая[8]; дзейнічалі касьцёл, 3 праваслаўныя царквы, Спаскі манастыр[9]. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) места страціла павятовы статус і ўвайшло ў склад Берасьцейскага павету Берасьцейскага ваяводзтва.
У 1586 Кобрынь перайшоў да каралевы і вялікай княгіні Ганны Ягелонкі, дачкі Боны Сфорцы і Жыгімонта Старога, якая адрозьнівалася актыўнасьцю ў палітычных і гаспадарчых справах. 10 сьнежня 1589 яна надала месту Магдэбурскае права, а таксама пячатку і герб: «у срэбным полі выява сьвятых Ганны і Марыі зь немаўлём Езусам на руках»[10]. Ганна асабіста ўручыла жыхарам прывілей, падпісаны нядаўна абраным каралём і вялікім князем Жыгімонтам Вазам. У 1596 Спаскі манастыр прыняў Унію[9].
У пач. XVII ст. у Кобрыні было больш за 1,5 тыс. жыхароў, каля 500 дамоў[8]. Станам на 1597 места складалася з асноўнай тэрыторыі і Замухавецкага прадмесьця, налічвала 550 сядзібных пляцаў. У цэнтры быў рынкавы пляц з ратушай і 32 пляцамі забудовы[9]. У 1626 адбыўся Кобрынскі сабор[8], пры Спаскім манастыры адкрылася школа[9].
У 2-й пал. XVII — пач. XVIII стст. Кобрынь значна пацярпеў ад ваенных канфліктаў і прыйшоў у заняпад. З прычыны страты эканамічнага значэньня ў 1766 яго перавялі ў шэрагі мястэчкаў[11]. У 1784 тут знаходзіўся кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, які накіроўваўся на адкрыцьцё Каралеўскага канала. Станам на 1790 у месьце было 360 дамоў[9]. У 1791 Кобрынь зноў зрабіўся сталіцай павету. 14 верасьня 1794 расейскія акупацыйныя войскі А. Суворава разьбілі пад Дывінам перадавыя аддзелы паўстанцаў Т. Касьцюшкі і занялі места.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Кобрынь апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе зрабіўся цэнтрам павету[11]. Імпэратрыца расейская Кацярына II падаравала колішняе магдэбурскае места Сувораву.
- Даўнія графічныя выявы Кобрыня
-
Меская сядзіба, XIX ст.
У вайну 1812 году 27 ліпеня пад Кобрынем расейскія войскі здабылі першую перамогу над арміяй Напалеона. Станам на 1817 тут было 326 будынкаў, зь іх 4 камяніцы. У 1845 месту даравалі новы, расейскі герб. У 1882 пачаўся рух на лініі Палескае чыгункі Пінск — Жабінка, у Кобрыні зьявілася чыгуначная станцыя. У 1895 пажар зьнішчыў траціну места. У пач. ХХ ст. у Кобрыні было 25 камяніцаў і 1202 драўляных будынкаў, дзейнічалі 2 праваслаўныя царквы, касьцёл, сынагога і некалькі габрэйскіх малітоўных школаў, павятовая вучэльня, прыходзкая вучэльня з жаночай зьменай, прыватная жаночая 1-клясная вучэльня, габрэйская жаночая вучэльня і некалькі хедараў.
Згодна з Рыскай мірнай дамовай (1921) Кобрынь апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе зрабіўся цэнтрам павету Палескага ваяводзтва.
У 1939 Кобрынь увайшоў у БССР, дзе ў 1940 зрабіўся цэнтрам раёну. У Другую сусьветную вайну з 23 чэрвеня 1941 да 20 ліпеня 1944 места знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.
- Места на старых фатаздымках
Насельніцтва[рэдагаваць]

- XIX стагодзьдзе: 1817 — 1427 чал., зь іх 899 юдаісты[12]; 1848 — 1673 чал.[9]; 1878 — 7789 чал. (4405 муж. і 3384 жан.), у тым ліку 2876 праваслаўных, 473 каталікі, 4431 юдаіст, 9 магамэтанаў[12]; 1897 — 10 355 чал.[9]
- XX стагодзьдзе: пач. ХХ ст. — 8998 чал., зь іх паводле стану: мяшчанаў 6131, цэхавых 1389, шляхты 211, купцоў 204, духоўнікаў 88, вайскоўцаў 238, сялянаў 537, іншых станаў 200; паводле веры: праваслаўных 2100, каталікоў 585, пратэстантаў 232, юдаістаў 6036, іншых веравызнаньняў 46[11]; 1907 — 8754 чал.[13]; 1921 — 8208 чал.[9]; 1931 — 10 101 чал.[9]; 1956 — 11 тыс. чал.[14]; 1959 — 13,7 тыс. чал.; 1970 — 24,9 тыс. чал.; 1972 — 26,3 тыс. чал.[15]; 1991 — 49,4 тыс. чал.[16]; 1996 — 51,6 тыс. чал.[17]
- XXI стагодзьдзе: 2004 — 50,8 тыс. чал.; 2006 — 50,5 тыс. чал.; 2008 — 51,1 тыс. чал.; 1 студзеня 2009 — 51,3 тыс. чал.; 2009 — 51 166[1] чал. (перапіс)
Адукацыя[рэдагаваць]
У Кобрыні працуюць 9 сярэдніх, базавая, музычная і 2 спартовыя школы, школа-інтэрнат.
Мэдыцына[рэдагаваць]
Мэдычныя паслугі надае меская лякарня.
Культура[рэдагаваць]
Дзейнічаюць 2 бібліятэкі, 2 кінатэатры, дом культуры.
Забудова[рэдагаваць]
Плянаваньне і забудова Кобрыня маюць шматвекавую гісторыю. Ля месца ўтоку рэчкі Кобрынкі ў Мухавец у старажытнасьці заклалі першае ўмацаваньне, на якім пазьней збудавалі Верхні і Ніжні замкі. У канцы XVIII—XIX стст. цэнтар Кобрыня забудоўваўся цаглянымі двухпавярховымі жылымі дамамі, ніжнія паверхі якіх прызначаліся для крамаў і майстэрань.
Эканоміка[рэдагаваць]
Прадпрыемствы машынабудаўнічай, харчовай, лёгкай, будаўнічых матэрыялаў прамысловасьці.
| Пералік прамысловых прадпрыемстваў Кобрыня |
|---|
|
Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць]
Кобрынь — цэнтар турызму дзяржаўнага значэньня[18]. Дзейнічае Кобрынскі ваенна-гістарычны музэй імя А. В. Суворава, створаны за савецкім часам. Расейскі вайскавод Сувораў атрымаў места ў асабістую ўласнасьць па здушэньні паўстаньня за аднаўленьне незалежнасьці Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў.
- Гатэлі: «Беларусь», «Сувораў»
Выдатныя мясьціны[рэдагаваць]
- Гістарычная забудова (XVIII—XX стст.; фрагмэнты)
- Касьцёл Спачыну Найсьв. Панны Марыі (мураваны, позьні клясыцызм), збудаваны ў 1843. Касьцёл зачынілі ў 1962, вярнулі каталіцкай парафіі ў 1989.
- Манастыр Сьв. Спаса (XVIII—XIX стст.)
- Могілкі: габрэйскія, новыя хрысьціянскія, старыя хрысьціянскія
- Парк пры былой сядзібе Тызенгаўзаў (1768)
- Паштовая станцыя (XIX ст.)
- Сынагога (XIX ст.)
- Царква Сьв. Аляксандра Неўскага (1864—1868)
- Царква Сьвв. апп. Пятра й Паўла (1862)
- Царква Сьв. Георгія (1889)
- Царква Сьв. Мікалая, былая вуніяцкая, цяпер праваслаўная (драўляная, беларускае народнае дойлідзтва), збудаваная да 1750, перанесеная ў Кобрынь у 1841. Царкву зачынілі ў 1960-я, а сам будынак перадалі музэю. Зноў дзейнічае як царква з 1986
Страчаная спадчына[рэдагаваць]
- Замак (XIV ст.)
- Касьцёл (1513)
Галерэя[рэдагаваць]
- Краявіды Кобрыня
Вядомыя асобы[рэдагаваць]
- Ошар Зарыцкі (1899—1986) — амэрыканскі матэматык
- Пётра Крэчэўскі (1879—1928) — беларускі палітык, выкладнік і публіцыст, адзін з пачынальнікаў БНР, дзяяч беларускай эміграцыі ў Коўне і Празе
- Вітальд Туркевіч (1926—1993) — польскі скульптар і графік
Глядзіце таксама[рэдагаваць]
Крыніцы[рэдагаваць]
- ^ а б в Перепись населения — 2009. Брестская область(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Бушлякоў Ю., Вячорка В., Санько З., Саўка З. Беларускі клясычны правапіс. Збор правілаў. Сучасная нармалізацыя. — Вільня—Менск, 2005. С. 24.
- ^ Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. С. 164.
- ^ J. Staszewski. Słownik geograficzny. — Warszawa, 1959. S. 147.
- ^ Трубачев О. Н. Названия рек правобережной Украины. — М.: «Наука», 1968. С. 210.
- ^ Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. С. 163—164.
- ^ а б в Валерый Грынявецкі. Кобрын // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 116.
- ^ а б в Валерый Грынявецкі. Кобрын // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 117.
- ^ а б в г д е ё ж з Кобрын // Князева, В. Падарожжа па Беларусі: гарады і гарадскія пасёлкі / В. Князева. — Мн., 2005.
- ^ Кобрынь // Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998.
- ^ а б в Кобрин // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.). СПб, 1890—1907.
- ^ а б Kobryń // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom IV: Kęs — Kutno. — Warszawa, 1883. S. 205
- ^ Kobryń // Napoleon Rouba. Przewodnik po Litwe i Białejrusi. — Wilno, 1909; — Gdańsk, 1995.
- ^ Кобринь // Енциклопедія Українознавства. В 10 т. / Гол. ред. В.Кубійович.Т.1: Абаза Микола — Голов’янко Зиновій. — Львів, 1993. Репрінт видання 1955 року видавництва «Молоде життя».
- ^ Кобрин // Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.
- ^ Кобрин // Большой энциклопедический словарь / Гл. ред. В. П. Шишков. — М.: НИ «Большая Российская энциклопедия», 1998. — 640 с.: ил. ISBN 5-85270-262-5.
- ^ Леў Казлоў. Кобрын // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. С. 218.
- ^ Кобрин // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн., 2007.
Літаратура[рэдагаваць]
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. — 432 с.: іл. ISBN 985-11-0041-2.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0.
- Кобрынь // Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998.— 287 с. ISBN 985-07-0131-5.
- Kobryń // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom IV: Kęs — Kutno. — Warszawa, 1883. S. 205—207.
Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць]
Кобрынь — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
|
||||||||||||||||||||||||||||||
|
||||||||