Койданаўскі бой 1812 году

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Койданаўскі бой 1812 году — адбыўся пад м. Койданавам Менскай губэрні Расейскай імпэрыі на дарозе Нясьвіж — Менск паміж расейскім корпусам К. В. Ламберта і францускім атрадам Ф. К. Касецкага 3 (15) лістапада 1812 году ў вайну расейцаў з французамі.

У кастрычніку 1812 г. 32-тысячная расейская Дунайская армія на чале з адміралам П. В. Чычаговым, наступаючы з поўдня, заняла Берасьце. Авангард Дунайскай арміі знаходзіўся ля Слоніму. Калі Чычагоў даведаўся пра адступленьне Напалеона з Масквы, 7 (19) кастрычніка 1812 г. рушыў са Слоніма, каб пераняць францускія войскі на р. Бярэзіне.

Камандуючы авангардам 3-й Заходняй расейскай арміі Ламберт 30 кастрычніка (11 лістапада) накіраваў атрад палкоўніка К. Б. Кнорынга да Нясьвіжу, а сам з галоўнымі сіламі 1 (13) лістапада выбіў часьці генэрала Касецкага з Новага Сьвержаню, сярод якіх быў і 22 пяхотны полк пад камандаю Станіслава Чапскага. Францускі губэрнатар Менску А. А. Бранікоўскі прыдаў Касецкаму зь Менскага гарнізону 5 тыс. чал. і 2 гарматы і загадаў адкінуць расейскія войскі ад Нясьвіжу.

Касецкі адступіў да Койданава, дзе 3 (15) лістапада адбылася галоўная бітва. Расейцы акружылі мясцовы рэкруцкі полк на чале з графам Чапскім і ўзялі ў палон. Французы адбілі некалькі атак, але пад націскам намнога большых расейскіх войскаў пачалі адступаць у напрамку Менску, але былі акружаны і прымушаны здацца. Касецкі пад Койданавам страціў каля 3 тыс. чал. палоннымі, а за 2 дні (1 і 3 лістапада) больш за 1 тыс. чал. забітымі, 65 афіцэраў і 3870 чал. ніжніх чыноў палоннымі.

Разам з Касецкім у Менск прарваліся паводле адных зьвестак 500 чал., паводле другіх — каля 100 чал. У выніку Койданаўскага бою быў адкрыты шлях 3-й Заходняй арміі П. В. Чычагова на Менск і Барысаў.

Пасьля страты 4 (16) лістапада Менску, у якім знаходзіліся значныя запасы харчаваньня, амуніцыі і боепрыпасаў, Напалеон вымушаны быў адступаць па дарозе на Вільню.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Богданович М. История Отечественной войны 1812 г. по достоверным источникам. Т. 3. СПб. 1860. С. 219—225.
  • Краснянский В. Г. Минский департамент Великого княжества Литовского (эпизод из истории войны 1812 г.). СПб. 1902.
  • Михайловский-Данилевский А Н. Описание Отечественной войны в 1812 г. Ч. 1. СПб. 1839.
  • Койданаўская бітва 1812. // Беларуская савецкая энцыклапедыя. Т. VI. Мінск. 1972. С. 49.
  • Бекцінееў Ш. Койданаўскі бой 1812. // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі ў 6 тамах. Т. 4. Мінск. 1997. С. 224.
  • Бекцінееў Ш. І. Койданаўскі бой 1812. // Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах. Т. 8. Мінск. 1999. С. 378.
  • Бекцінееў Ш. Койданаўскі бой 1812. // Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Дзяржынскага раёна. Мінск. 2004. С. 86-87.