Конкурс песьні Эўрабачаньне

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Эўрабачаньне
Eurovision Song Contest Logo.gif
Гады 1956 — па сёньняшні дзень
Мова любая
Жанр любы
Лэйбл Эўрапейскі вяшчальны зьвяз
Eurovision.tv

Конкурс песьні «Эўрабачаньне» — конкурс эстраднай песьні сярод удзельнікаў з краін Эўропы. У конкурсе ўдзельнічаюць па адным прадстаўніку ад кожнай з краін-сяброў Эўрапейскага вяшчальнага зьвязу. Ад кожнай краіны ў конкурсе ўдзельнічае адзін прадстаўнік (саліст ці гурт ня больш за 6 удзельнікаў), які выконвае песьню працягласьцю ня больш за тры хвіліны. Пасьля выступу ўсіх удзельнікаў найболей папулярная песьня вызначаецца шляхам тэлегаласаваньня, у якім удзельнічаюць усе краіны, якія выступалі ў фінале і паўфінале.

Конкурс праходзіць штогод з 1956 году, і зьяўляецца адным з найболей папулярных неспартовых мерапрыемстваў у сьвеце[1] з аўдыторыяй у апошні час ад 100 да 600 мільёнаў гледачоў.[2][3]. Эўрабачаньне таксама трансьлюецца па-за межамі Эўропы, у такіх краінах як Аўстралія, Канада, Эгіпет, Ганконг, Індыя, Ярданія, Лібан, Новая Зэляндыя, Паўднёвая Афрыка, Рэспубліка Карэя, Віетнам і ЗША, нягледзячы на тое, што гэтыя краіны ня ўдзельнічаюць у конкурсе.[4][5] З 2000 году конкурс увесь час трансьлюецца ў сетцы Інтэрнэт[6] — у 2006 годзе онлайн-трансьляцыю паглядзела 74 тысячы людзей з больш чым 140 краін сьвету.[7] У 2008 годзе прамую трансьляцыю «Эўрабачаньня-2008» глядзелі больш за 400 мільёнаў чалавек больш чым з 50 краінаў.

Конкурс песьні Эўрабачаньне-2009 упершыню прайшоў па зьмененых правілах: у галасаваньні апроч тэлегледачоў удзельнічала журы ў прапорцыі 50/50[8].

Уладальнікам усёй інтэлектуальнай уласнасьці, якая вырабляецца ў рамках конкурсу, зьяўляецца Эўрапейскі вяшчальны зьвяз[9].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Гісторыя конкурсу песьні Эўрабачаньне

У сярэдзіне пяцідзясятых гадоў сябры Эўрапейскага вяшчальнага зьвязу «загарэліся» ідэяй стварэньня відовішчнай забаўляльнай праграмы, якая б спрыяла культурнаму аб’яднаньню Эўропы. У студзені 1955 году генэральны дырэктар Швайцарскага тэлебачаньня Марсэль Бэзансон прапанаваў міжнародны конкурс песьні, які вызначаў лепшую песьню Эўропы.[10] Яго ідэя была ўхвалена на Генэральнай Асамблеі ЕВС у Рыме 19 кастрычніка 1955 году. За ўзор быў узяты музычны фэст у Сан-Рэма (Італія).[11]

Конкурс, першапачаткова вядомы як «Гран-пры Эўрабачаньня», упершыню прайшоў у горадзе Люгана (Швайцарыя) 24 траўня 1956 году. Удзельнічала сем краін, кожная зь якіх прадставіла па 2 песьні. Гэта было ў першы і апошні раз, калі адна краіна прадставіла больш адной песьні.[12] Конкурс выйграла краіна-гаспадыня, якую прадстаўляла Ліз Асія зь песьняй «Refrain».

З часам лік ахвотнікаў прыняць удзел у конкурсе ўвесь час павялічваўся, і іх адначасовы выступ стаў немагчымым. Тады было прынята рашэньне адхіляць ад конкурсу, які праводзіцца ў наступным годзе, краіны, што паказалі найгоршыя вынікі. У 2004 годзе конкурс падзялілі на паўфінал і фінал, для таго, каб усе ахвотныя краіны маглі ўдзельнічаць у конкурсе.

Самыя пасьпяховыя краіны-ўдзельніцы — Ірляндыя, чые прадстаўнікі перамагалі 7 разоў, і ўсьлед за ёй Вялікабрытанія, Францыя і Люксэмбург з 5 перамогамі. Самым маладым пераможцам Эўрабачаньня зьяўляецца Сандра Кім з Бэльгіі, якой было ўсяго толькі 13 гадоў, калі яна перамагла ў конкурсе 1986 году. Па сучасных правілах канкурсанты павінны мець прынамсі 16 гадоў.

Назва конкурсу паходзіць ад назвы сеткі распаўсюду тэлепраграм Эўрабачаньне, прыналежнай Эўрапейскаму вяшчальнаму зьвязу. Паколькі гэта падзея выклікае найбольшую цікавасьць сярод усіх праграмаў, якія распаўсюджваюцца Эўрабачаньнем, конкурс песьні часьцей завуць проста «Эўрабачаньне».

Музычная тэма, якая гучыць перад і пасьля трансьляцыяў конкурсу песьні Эўрабачаньня (і іншых трансьляцыяў Эўрабачаньня) — гэта прэлюдыя да Te Deum Марка Антуана Шарпанцье.[10]

Правілы і правядзеньне конкурсу[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Правілы конкурсу за час свайго існаваньня зьмяняліся некалькі разоў. Краіна, як удзельнік, прадстаўляе тэлевізійнага вяшчальніка з гэтай краіны. Конкурс праходзіць у адной з тых краінаў, што ўдзельнічаюць.

Конкурс праводзіцца наступным чынам:

  • Кожная краіна, якая ўдзельнічае ў конкурсе, рознымі спосабамі выбірае выканаўца і песьню.
  • Кожная песьня з кожнай краіны выконваецца адзін раз і ў жывым голасе (музыка можа быць запісана на фанаграму).
  • Пасьля таго, як усе песьні выкананы, гледачы на працягу 15 хвілін галасуюць за тую песьню, якая спадабалася ім больш усіх. Гледачы ня могуць галасаваць за песьню, якая прадстаўляе іх краіну.
  • Усе галасы падлічваюцца і сумуюцца па краінах (гэта значыць усе галасы гледачоў у Ірляндыі асобна, гледачоў у Францыі асобна і г. д.).
  • Кожная краіна па спадарожнікавай сувязі перадае свае вынікі. Лепшыя 10 песень па выніках галасаваньня ў кожнай краіне атрымліваюць балы: за першае месца 12 балаў, за другое — 10 балаў, з трэцяга па дзясятае — ад 8 да 1 бала па сыходнай.
  • Пераможцам прызнаецца краіна, чыя песьня набрала найбольшую колькасьць ачкоў. Яна і атрымлівае права ў наступным годзе прымаць конкурс у сябе.

Фінал конкурсу традыцыйна праходзіць у травеньскую суботу ў 21:00 па заходне-эўрапейскім летнім часе. Пачынальна з 2004 году, з-за ўзрослай колькасьці ўдзельнікаў, паўстаў кваліфікацыйны раўнд — паўфінал, які праходзіць у чацьвер у той жа час (У 2004 годзе ён праходзіў у сераду). У верасьні 2007 году было прынята рашэньне, што конкурс, пачынальна з 2008 году будзе праходзіць у 2 паўфіналы і аўтаматычна ў фінал трапляюць толькі краіна-гаспадар конкурсу і краіны вялікай чацьвёркі (Вялікабрытанія, Нямеччына, Францыя, Гішпанія) [13]

Якія краіны зьяўляюцца ўдзельніцамі конкурсу[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Любая краіна-ўдзельнік, якая ўваходзіць у Эўрапейскі вяшчальны зьвяз (нават за межамі Эўропы) можа прыняць удзел у конкурсе. Такімі краінамі зьяўляюцца Марока (паўночна-афрыканская краіна), якая прымала ўдзел у конкурсе ў 1980 годзе, Ізраіль, які дагэтуль штогод адпраўляе ўдзельнікаў на конкурс, Армэнія і Азэрбайджан.

Усяго ў конкурсе ў розны час бралі ўдзел 49 краін: Азэрбайджан, Альбанія, Андора, Армэнія, Аўстрыя, Баўгарыя, Беларусь, Босьнія і Герцагавіна, Бэльгія, Вугоршчына, Вялікабрытанія, Гішпанія, Грузія, Грэцыя, Данія, Ізраіль, Ірляндыя, Ісьляндыя, Італія, Кіпр, Латвія, Летува, Люксэмбург, Македонія, Малдова, Мальта, Манака, Марока, Нарвэгія, Нідэрлянды, Нямеччына, Партугалія, Польшча, Расея, Румынія, Сан-Марына, Славаччына, Славенія, Сэрбія, Турэччына, Украіна, Фінляндыя, Францыя, Харватыя, Чарнагорыя, Чэхія, Швайцарыя, Швэцыя і Эстонія.

Яшчэ сем краін могуць удзельнічаць у конкурсе песьні Эўрабачаньне, але ніколі гэтага не рабілі. У іх лік уваходзяць Альжыр, Ватыкан, Лібан, Лібія, Туніс, Эгіпет і Ярданія. У 2005 годзе Лібан падаў заяўку на ўдзел, але пазьней адмовіўся. У 2008 годзе Азэрбайджан і Сан-Марына дэбютавалі на конкурсе ў Бялградзе.

Мапа Эўрабачаньня. Краіны, вылучаныя зялёным колерам, прынамсі аднойчы ўдзельнічалі ў конкурсе

У 2008 годзе ў конкурсе бралі ўдзел выканаўцы з 44 краін

Краіны Эўропы:

  1. Альбанія
  2. Андора
  3. Баўгарыя
  4. Беларусь
  5. Босьнія і Герцагавіна
  6. Бэльгія
  7. Вугоршчына
  8. Вялікабрытанія
  9. Гішпанія
  10. Грэцыя
  11. Данія
  12. Ірляндыя
  13. Ісьляндыя
  14. Латвія
  15. Летува
  16. Рэспубліка Македонія
  17. Малдова
  18. Мальта
  19. Нарвэгія
  20. Нідэрлянды
  21. Нямеччына
  22. Партугалія
  23. Польшча
  24. Румынія
  25. Сан-Марына
  26. Славаччына
  27. Славенія
  28. Сэрбія
  29. Украіна
  30. Фінляндыя
  31. Францыя
  32. Харватыя
  33. Чарнагорыя
  34. Чэхія
  35. Швайцарыя
  36. Швэцыя
  37. Эстонія
    Краіны, частка тэрыторыі якіх знаходзіцца ў Эўропе:
  38. Расея (тэрыторыя да захаду ад горнага хрыбта Ўрал і рэкі Ўрал)
  39. Турэччына (тэрыторыя да захаду ад праліваў Басфор і Дарданэлы)
    Краіны, тэрыторыя якіх не знаходзіцца ў Эўропе:
  40. Кіпр
  41. Азэрбайджан
  42. Ізраіль
  43. Армэнія
  44. Грузія

Краіны Эўропы, якія пакуль ня ўдзельнічалі ў конкурсе:

Краіны, частка тэрыторыі якіх знаходзіцца ў Эўропе, якія пакуль ня ўдзельнічаюць у конкурсе:

Краіны, якія раней удзельнічалі ў конкурсе, але на дадзены момант не прымаюць ў ім удзел:

Нацыянальныя адборы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ад кожнай краіны ў конкурсе можа ўдзельнічаць толькі адна песьня, якая будзе прадстаўляць яе інтарэсы на конкурсе. Адзіным выключэньнем быў 1956 год, калі ад кожнай краіны было па дзьве песьні. Існуе правіла, якое забараняе любой песьні распаўсюджвацца камэрцыйна ці публічна да вызначанай даты, усталяванай конкурсам. Мэта гэтага правіла складаецца ў тым, каб толькі новыя песьні маглі ўдзельнічаць у конкурсе і ні ў адной краіны не магло быць перавагі з-за вядомасьці і папулярнасьці песьні, якая гучала раней.

Краіны могуць выбіраць свае песьні любым спосабам: гэта можа быць або экспэртнае журы (напрыклад, Расею ў 2007 годзе прадстаўляў гурт «Срэбра», абраны журы), або тэлегаласаваньнем (напрыклад, Вялікабрытанія штогод праводзіць нацыянальны адборачны конкурс, пераможца якога вызначаюць гледачы). У некаторых краінах праходзіць зьмяшанае галасаваньне — 50% журы і 50% тэлегледачоў.

Якім бы спосабам ні выбірала сваю песьню краіна, у вызначаны тэрмін (звычайна за некалькі тыдняў да старту конкурсу), яна павінна падаць Эўрапейскаму вяшчальнаму зьвязу ўсе неабходныя дадзеныя пра выканаўца і песьню.

Месца правядзеньня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

«Глобэн Арэна» прымала ў сябе конкурс 2000 году

Звычайна месцам правядзеньня конкурсу зьяўляецца сталіца краіны, чый прадстаўнік выйграў конкурс у папярэднім годзе. Вялікую частку арганізацыйных выдаткаў бярэ на сябе сам Эўрапейскі вяшчальны зьвяз. Яны пакрываюцца фундатарамі і ўнёскамі ад іншых краін, што ўдзельнічаюць. Конкурс зьяўляецца ўнікальным спосабам паказаць сваю краіну як турыстычную выбітнасьць. Да прыкладу, улетку 2005 году Ўкраіна адмяніла звычайныя візавыя патрабаваньні для турыстаў у сувязі з правядзеньнем у сябе конкурсу;[14] калі ўкраінскі ўрад ацаніў прыбытак ад павелічэньня колькасьці замежных турыстаў, такую зьмену візавага рэжыму было вырашана зрабіць сталай.

Падрыхтоўка да правядзеньня конкурсу пачынаецца ўжо празь некалькі тыдняў пасьля перамогі краіны. Звычайна конкурс праводзяць у сталіцы краіны (але не заўсёды). Самай вялікай пляцоўкай правядзеньня конкурсу быў футбольны стадыён «Паркен» у Капэнгагене (Данія), калі там праходзіў конкурс 2001 году. Тады на стадыёне прысутнічала 38 000 гледачоў. Самым маленькім горадам-гаспадаром Эўрабачаньня стаў ірляндзкі горад Мілстрыт з насельніцтвам усяго 1500 чалавек.Millstreet, cork-guide.ie, 19 траўня 2006. Аднак, на «Грын Глінс Арэну» прыйшло значна больш гледачоў.[15]

Ірляндыя была першай краінай, якая правяла конкурс у сябе больш аднаго разу запар: у 1993 і 1994 гадах. Іншыя краіны адмаўляліся праводзіць конкурс другі раз: першы раз адмовіўся Люксэмбург у 1974 (з-за высокіх выдаткаў на правядзеньне), потым у 1980 адмовіўся Ізраіль (з-за таго, што было вырашана выдаткаваць грошы на пераклад свайго тэлебачаньня на каляровае вяшчаньне).

Вялікабрытанія прымала ў сябе конкурс часьцей усіх — усяго восем разоў — у 1960, 1963, 1968, 1972, 1974, 1977, 1982 і 1998 гадах: пяць разоў пасьля перамогі на конкурсе і тры разы пасьля адмовы іншых краін. Ірляндыя прымала конкурс у сябе сем разоў па ліку сямі сваіх перамог.

Забаўляльнае шоў, якое забясьпечваецца прымалым бокам у перапынку паміж выступам і падлікам галасоў звычайна выкарыстоўваецца для пачатку пасьпяховай кар’еры. У 1994 годзе сьвет упершыню ўбачыў «Riverdance» — шоў ірляндзкага танца. У 1998 пачаўся посьпех Hothouse Flowers. У 2001 годзе непасрэдна перад сваім распадам дацкі гурт «AQUA» выступіў з разьвітальным нумарам (у дадзены момант гурт ўзьяднаўся).

Тыдзень Эўрабачаньня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прэс-канфэрэнцыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прэс-канфэрэнцыя ажыцьцяўляецца зь пераможцам Конкурсу пасьля фіналу.

Вечарынкі і Эўраклюб[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кожны канкурсант можа правесьці сваю «клаб»-вечарынку.

Нумары выступаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Нумары выступаў на конкурсе песьні Эўрабачаньне

Нумар выступу вызначаецца ў лёсаваньні. З 2008 году стала 2 лёсаваньні: 1 лёсаваньне — вызначаецца хто ў якім паўфінале апынецца; у 2 лёсаваньні вызначаюцца нумара ўдзельнікаў.

Галасаваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Галасаваньне на конкурсе песьні Эўрабачаньне

Сыстэма галасаваньня на конкурсе зьмянялася шмат разоў. Сучасная сыстэма была ўпершыню ўжыта ў 1975 годзе. Кожная краіна ўзнагароджвае ачкамі 10 лепшых, па іх меркаваньні, краін. Песьня, якая атрымала найбольшы лік галасоў у кожнай краіне, атрымлівае 12 ачкоў, другая песьня атрымлівае 10 ачкоў, трэцяя — 8 ачкоў, а з чацьвёртай па дзясятую атрымліваюць 7—1 ачко адпаведна.

Гістарычна галасаваньне праводзілася з дапамогай нацыянальнага журы, але ў 1997 годзе пяць краін (Аўстрыя, Францыя, Нямеччына, Швэцыя і Вялікабрытанія) вырашылі правесьці экспэрымэнт з тэлегаласаваньнем, даўшы магчымасьць гледачам абраць лепшую песьню на конкурсе. Экспэрымэнт атрымаў посьпех[16] і ўжо на наступны год усе краіны ўдзельнікі, увялі ў сябе тэлегаласаваньне. Аднак нацыянальнае журы застаецца і цяпер ва ўсіх краінах — у выпадку тэхнічнага збою, журы будзе вырашаць, каму і колькі ачкоў прысудзіць.

Галасаваньне праводзіцца з дапамогай тэкставых паведамленьняў (SMS) ці тэлефонных званкоў ва ўсіх краінах, што прымаюць удзел (як у паўфінале, так і ў фінале).

З 2009 году апроч гледачоў галасуе таксама журы — 5 прафэсіяналаў у музычнай сфэры ад кожнай краіны.[17]

У галасаваньні, удзел у якім прымаюць гледачы, улічваецца толькі краіна, зь якой зьдзейсьнены званок. Таму адбываюцца сытуацыі, калі прадстаўнікі дыяспары галасуюць за іншую краіну. Напрыклад, так тлумачыцца тое, чаму ў Нямеччыне вялікі лік галасоў аддаецца за Турэччыну.

Крытыка тэлегаласаваньня зводзіцца да таго, што суседнія краіны часта галасуюць адзін за аднаго, ня лічачыся з тым, якія песьні былі сапраўды лепшымі. Так, напрыклад, скандынаўскія і прыбалтыйскія краіны часта галасуюць адзін за аднаго, як і балканскія і экс-савецкія краіны. Гэтую зьяву часта завуць суседзкім прынцыпам галасаваньня тэлегледачоў.

Аб’ява галасоў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля таго як усе галасы палічаны, кіроўныя конкурсу запрашаюць гледачоў па чарзе ў кожную краіну, для аб’явы вынікаў нацыянальнага выбару. Да 1994 году голасу аб’яўляліся па тэлефоне. Але са зьяўленьнем больш надзейных спадарожнікавых сетак тэлефон замянілі на відэамалюнак. Звычайна прадстаўнікі краін аб’яўляюць галасы на фоне якога-небудзь знакамітага месца ў сваёй дзяржаве.

Галасы зачытваюцца ў нарастальным парадку, сканчаючы вышэйшай адзнакай — 12 балаў. Калі першапачаткова ачкі былі абвешчаны на ангельскай мове, то кіроўныя паўтараюць іх на францускай, і наадварот. З 1957 па 2003 год парадак аб’явы галасоў быў такі ж, як і выступ на конкурсе. З 2004 году, з-за таго, што ў тэлегаласаваньні сталі браць удзел краіны, якія не выйшлі ў фінал, парадак аб’явы зьмяніўся. У 2004 годзе аб’ява адбывалася па альфабэтным парадку (паводле кодаў ISO).[18] У 2005-м спачатку свае галасы прадстаўлялі краіны, якія не выйшлі ў фінал, у тым жа парадку, у якім яны выступалі ў паўфінале; затым чарга пераходзіла фіналістам, у тым жа парадку, у якім яны выступалі ў фінале. У 2006 годзе чарга аб’явы вызначала адмысловае лёсаваньне.[19]

У 1956 годзе ніякага публічнага галасаваньня не было: журы проста абвясьціла пераможца конкурсу. З 1957 па 1987 год ачкі паказваліся на дошцы, таблічкі на якой даводзілася абнаўляць уручную. У 1988 годзе паказ ачкоў стаў электронным, які мог быць прадэманстраваны па тэлебачаньні.[20] Пачынальна з 2006 году, з-за ўзрастаньня колькасьці ўдзельнікаў і, такім чынам, часу аб’явы галасоў, краіны, што атрымалі 1-7 ачкоў, проста паказваюцца на экране, зачытваюцца толькі тыя краіны, якім прысудзілі 8, 10 і 12 ачкоў.[19]

Роўная колькасьць ачкоў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1969 годзе працэдуры вызначэньня месцаў краін, у выпадку калі ў іх аднолькавая колькасьць ачкоў, не існавала. І так атрымалася, што чатыры краіны (Францыя, Гішпанія, Нідэрлянды і Вялікабрытанія) па выніках конкурсу атрымалі роўную колькасьць балаў. З-за таго, што правілаў, якія вызначалі пераможца ў выпадку роўных паказчыкаў, не існавала, усе чатыры краіны былі абвешчаны пераможцамі. Аўстрыя, Фінляндыя, Швэцыя, Нарвэгія і Партугалія ня ўдзельнічалі ў конкурсе наступнага году ў знак пратэсту супраць вынікаў 1969 году. Гэта прымусіла ЕВС прыняць неабходныя правілы.[16]

У выпадку калі па выніках галасаваньня дзьве ці больш краіны набралі аднолькавую колькасьць ачкоў, то пераможца вызначаецца па наступных прыкметах у зьмяншальным парадку іх значнасьці:

  • Найбольшая колькасьць усіх краін, якія прагаласавалі за гэтую краіну, незалежна ад адзнакі.
  • Найбольшая колькасьць адзнак у «12 балаў».
  • Найбольшая колькасьць адзнак у «10 балаў» і гэтак далей уніз па ўсіх адзнаках.

Гэта правіла дзейнічае для вызначэньня пераможца конкурсу, вызначэньні дзявятага месца ў паўфінале і вызначэньні таго, якое месца заняла краіна, набраўшы роўная колькасьць балаў зь іншым удзельнікам (апошняе дзейнічае з 2002 году, раней краіны, якія атрымалі роўныя балы, займалі аднолькавае месца).[21]

Адзіны раз, калі гэта правіла было ўжыта для вызначэньня пераможца, быў у 1991 годзе, калі Францыя і Швэцыя набралі па 146 ачкоў. Тады першы пункт правіла яшчэ ня дзейнічаў. І Францыя і Швэцыя набралі па чатыры вышэйшых адзнакі, але з-за таго, што ў Швэцыі было больш «дзясятак», яна і стала пераможцам конкурсу.[16]

Роўная колькасьць ачкоў на Эўрабачаньні стала адной з нагод для пародыі брытанскага коміка Бэні Хіла ў яго шоў (The Benny Hill Show). У адным зь першых выпускаў гэтага камэдыйнага шоў зьмяшчалася пародыя на фэст «Эўрабачаньне» пад назвай «The European song contest» («Эўрапейскі конкурс песьні»). Усе «краіны-ўдзельніцы» гэтага «конкурсу», сярод якіх былі «Вялікабрытанія, Ірляндыя і Шатляндыя», атрымалі па 16 ачкоў. Таксама Бэні Хіл зпарадыраваў у гэтым шоў, апроч песень і працэдуры галасаваньня, брытанскую тэлевядучую Кэці Бойл, францускую сьпявачку Мірэй Мацьё, а заадно згадаў двух пераможцаў Эўрабачаньня — брытанак Сэндзі Шоў і Лулу.[22]

Правілы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Правілы конкурсу песьні Эўрабачаньне

Асноўныя правілы конкурсу:

— Максымальная працягласьць песьні павінна складаць ня больш за 3 хвіліны.

— Падчас выступу ўдзельнікаў на сцэне можа знаходзіцца максымум 6 вакалістаў.

— Вяшчальныя кампаніі самі вырашаюць, на якой мове будуць выконваць песьню іх удзельнікі.

— Усім выканаўцам павінна быць мінімум 16 гадоў на дзень правядзеньня кваліфікацыйнага раўнда фіналу конкурсу «Эўрабачаньне».

Жывы сьпеў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па правілах на конкурсе «Эўрабачаньне» ўсе песьні павінны выконвацца толькі жывым голасам, без фанаграмы. Музычнае суправаджэньне можа прайгравацца ў запісы.

Мова выкананьня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На конкурсе Эўрабачаньне правіла пра мову выкананьня некалькі разоў зьмянялася. У 80-х і 90-х гадах вельмі доўга было абавязковым выкананьне песьні вылучна на дзяржаўнай мове краіны. У 1999 годзе гэта правіла зьнята і ў нашы дні на конкурсе абмежаваньняў на мовы выкананьня не існуе.

У 2008 годзе ў Бялградзе 14 з 25 фінальных песень выконвалі на ангельскай мове і яшчэ 4 — на дзьвюх мовах, адна зь якіх ангельская. На роднай мове сьпявалі выканаўцы з Партугаліі, Румыніі, Сэрбіі, Турэччыны, Босьніі і Герцагавіны, Фінляндыі, Харватыі. Песьня з Бэльгіі была выканана на штучнай мове.

Тэлевяшчаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Палітычныя падзеі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Звычайна тэлевяшчаньне ажыцьцяўляюць галоўныя каналы краіны ці, часам, другасныя каналы. Напрыклад, у Расеі падрыхтоўку і трансьляцыю Эўрабачаньня-2008 ажыцьцяўляў тэлеканал Расея.

Разьвіцьцё конкурсу[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

«Вялікая чацьвёрка»[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пачынальна з 2001 году, кожная з краін, якая ўваходзіць у «Вялікую чацьвёрку» (па-ангельску: Big 4) (Вялікабрытанія, Францыя, Нямеччына і Гішпанія) праходзіць у фінал аўтаматычна, па-за залежнасьцю ад колькасьці набраных балаў і месцы, занятага на папярэднім конкурсе. Гэта абумоўлена тым, што гэтыя краіны галоўным чынам і спансуюць конкурс.

На тэлебачаньні дыктарамі былі высунуты няслушныя здагадкі пра тое, што «Вялікую чацьвёрку» складаюць «краіны-заснавальнікі». Гэта няслушна, бо ў першым конкурсе прынялі ўдзел 7 краін (а Вялікабрытанія з-за праблем з нацыянальным адборам пачала ўдзельнічаць толькі з 1957).

У 2009 годзе правіла «вялікай чацьвёркі» было скарыстана ў апошні раз. Пачынальна з 2010 году краіны «вялікай чацьвёркі» будуць удзельнічаць у конкурсе на агульных умовах. Адмена гэтага правіла злучана з прэтэнзіямі да гэтых краін з нагоды нізкага ўзроўня выстаўляных імі песень.

Паўфінал[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Укараненьне паўфіналу ў 2004 годзе дазволіла прыняць удзел у конкурсе ўсім ахвотным краінам-сябрам ЕВС. Першапачаткова лепшая дзясятка паўфіналістаў па выніках гледачовага галасаваньня ўсіх краін-удзельніц, у тым ліку і аўтаматычных фіналістаў, праходзіла ў фінал, дзе ўжо прысутнічалі краіны «Вялікай чацьвёркі» + 10 лепшых краін па выніках мінулага году, ня лічачы краін «Вялікай чацьвёркі» (гэта значыць у выпадку, калі ў першай дзясятцы апынялася, напрыклад, адна краіна з «Вялікай чацьвёркі», то ў фінал наступнага году гэтак жа праходзіла краіна, якая заняла 11 месца). З 2008 году ў фінал аўтаматычна праходзяць краіны «Вялікай чацьвёркі» + краіна-гаспадыня; было ўведзена правіла двух паўфіналаў, у якіх спаборнічаюць усе астатнія ўдзельнікі. Падзел на паўфіналы гэтак жа мае сваю стратэгію: арганізатары імкнуцца разьбіць удзельнікаў так, каб «суседзкія» і/ці «роднасныя» краіны не апынуліся разам, каб выключыць прадузятае галасаваньне, бо ў кожным з паўфіналаў права галасаваць маюць з гэтага часу толькі ўдзельнікі дадзенага паўфіналу + 2 ці 3 аўтаматычных фіналіста (у залежнасьці ад лёсаваньня). Па выніках гледачовага галасаваньня ў фінал трапляюць па 9 лепшых краін ад кожнага паўфіналу + яшчэ па адным удзельніку выбіраюцца сумарным галасаваньне рэзэрвовых журы краін-удзельніц.

Пераможцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Пераможцы конкурсу песьні Эўрабачаньня

Часта пераможца Эўрабачаньня забываецца большасьцю пасьля сваёй перамогі, аднак існуюць выключэньні, такія як ABBA, Тота Кутуньё і Сэлін Дыён. Звычайна пераможца становіцца зоркай у сваёй роднай краіне і, з часам, у суседніх краінах.

Выканаўцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пераможца 2004 году Руслана стала супэрзоркай на радзіме, ва Ўкраіне, але ўсё яшчэ ня можа прыцягнуць да сябе вялікай ўвагі ў Эўропе, за выключэньнем Бэльгіі і Грэцыі. Пераможца 2005 году Алена Папарызу дамаглася нават большай папулярнасьці ў Грэцыі, на Кіпры, у Турэччыне і Швэцыі, але ня змагла дамагчыся посьпеху за межамі гэтых чатырох краін. Аднак Алена атрымала належнае, выпусьціўшы рэміксы ў ЗША ў 2006 годзе, гэтак жа як ангельскі альбом у Эўропе. Сэртаб Эрэнэр — адзіная турэцкая пераможца конкурсу песьні Эўрабачаньня, якая дасягнула большай папулярнасьці ў Турэччыне, Азэрбайджане, Грэцыі і Нямеччыне і стала больш вядомай. Аднак, яна не дасягнула вялікага посьпеху за межамі гэтых чатырох краін.

Канадка Сэлін Дыён, якая выступала за Швайцарыю, пераможца 1990 году Тота Кутуньё, удзельнікі конкурсу 2003 году гурт t.A.T.u., а таксама пераможцы 2006 году гурт Lordi, мелі вядомасьць да конкурсу.

Краіны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ірляндыі прыналежыць рэкорд па колькасьці выйгрышаў на конкурсе — 7 перамог, уключаючы 3 разы запар (1992—1994). Усьлед за ёй ідуць Францыя, Люксэмбург і Вялікабрытанія, на рахунку якіх па 5 перамог. Вялікабрытанія з 52 конкурсаў (1957—2007) дваццаць два разы займала месцы ў першай тройцы: 5 раз першае месца; 15 — другое і 2 — трэцяе.

У раньнія гады, конкурс выйгравалі «традыцыйныя» краіны Эўрабачаньня: Францыя, Нідэрлянды і Люксэмбург. Аднак, у апошнія некалькі дзесяцігодзьдзяў ніводная зь іх дамагчыся посьпеху ня можа: Нідэрлянды ў апошні раз выйгравалі ў 1975 годзе, Францыя ў 1977, а Люксэмбург у 1983. Люксэмбург апошні раз прымаў удзел у 1993 годзе.

Першыя гады XXI стагодзьдзя сталі пераможнымі для краін, якія ніколі раней не выйгравалі ў конкурсе, як для «новых» краін Эўрабачаньня, так і для тых, хто ўдзельнічаў у конкурсе ўжо не адзін дзясятак гадоў. Штогод з 2001 па 2008 год сьпіс пераможцаў абавязкова папаўняўся новай краінай. У 2006 годзе перамогу нарэшце адсьвяткавала Фінляндыя пасьля 45 гадоў удзелу. Украіне для першай перамогі спатрэбілася значна менш часу, яна выйграла ўжо ў другім удзеле ў конкурсе ў 2004 году. Сэрбія перамагла ў 2007 годзе ў першым жа сваім удзеле як незалежная дзяржава, хоць выканаўцы ад Сэрбіі і Чарнагорыі раней апыняліся не на апошніх месцах (да прыкладу, другое месца ў 2004 годзе дасталася выканаўцу Жэлька Ёксімавічу), а Расеі спатрэбілася 12 удзелаў у фінале, пачынальна з 1994 году, каб выйграць конкурс у 2008 годзе. Прадстаўнікі Беларусі пакуль перамог не атрымлівалі.

Па стане на 2009 год, краінай, якая ўсіх даўжэй не выйгравала конкурс (з тых хто ніколі не выйграваў) зьяўляецца Партугалія. Упершыню яна ўдзельнічала ў конкурсе ў 1964 годзе, а яе лепшым вынікам і дагэтуль застаецца 6 месца ў 1996 годзе.

Крытыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аўтарытэт шоў пад пытаньнем у некаторых краінах, напрыклад, у Вялікабрытаніі прадстаўляюць яго ў жартоўным жанры, але, тым ня менш, захоўваюць добрае стаўленьне (больш дзякуючы саркастычным камэнтарам Тэры Вогана), і ў Італіі паменшылася значэньне шоў з 1997 году. Краіны ўсходняй і паўднёвай Эўропы, наадварот, бачаць конкурс як шанец паказаць сваю краіну і культуру.

Выступ Lordi на Эўрабачаньне лічыцца адным з самых экстравагантных за гісторыю конкурсу

Стылі музыкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Максымальная працягласьць кожнай песьні — 3 хвіліны, і, хоць выбар жанру выкананай музыкі застаецца за выканаўцам, музыкі і іх песьні бліжэй усяго да поп-музыцы (часта званай эўрапоп). Пасьля сэрыі конкурсаў, у якіх перамагалі поп-выканаўцы даволі падобнага толку, гэта традыцыя перапынілася ў 2006 годзе зь перамогай хард-рок-гурту «Lordi» з Фінляндыі.

Галасаваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сыстэма галасаваньня, якая выкарыстоўваецца ў конкурсе, была першапачаткова прыдумана, каб абраць адзінага кампраміснага пераможца зь велізарнага ліку кандыдатаў. Мноства краін выкарыстоўвае такую ж сыстэму, каб абраць прэтэндэнтаў; некаторыя зь іх праходзяць празь некалькі раўндаў галасаваньня перш, чым пераможца будзе абвешчаны. Рэкорд па ліку ачкоў у гісторыі конкурсу — 387 — быў усталяваны ў 2009 годзе Аляксандрам Рыбаком, які прадстаўляў Нарвэгію.

Разьяднаньне эўрапейцаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Неадназначнасьць вынікаў конкурсу ўшчамляе нацыянальныя пачуцьці заходнеэўрапейскіх тэлегледачоў (каля 50% жыхароў ЭЗ — гледачы конкурсу). 3 блёку (Скандынавія, Балканы і былы СССР), якія галасуюць адзін за аднаго, зводзяць на нішто асноватворную мэту конкурсу — аб’яднаньне эўрапейцаў. У апошнія гады палітызаванасьць вынікаў прымушае некаторыя краіны (напрыклад, Аўстрыя) адмовіцца ад удзелу.

Салідарнае галасаваньне ці Суседзкі прынцып галасаваньня гледачоў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вызначэньне паняцьця[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Краінавае галасаваньне — гледачы, па шэрагу меркаваньняў, у першую чаргу, галасуюць за прадстаўнікоў тых краін, зь якімі іх аб’ядноўваюць найболей цесныя культурна-гістарычныя сувязі. Так найболей выгоднае становішча ў краін постсавецкай прасторы (Расеі, Украіны, Беларусі, Латвіі, Летувы, Эстоніі, Малдовы, Армэніі, Азэрбайджану, Грузіі) і былой Югаславіі (Сэрбія, Чарнагорыя, Харватыя, Славенія, Македонія, Босьнія і Герцагавіны).

Гісторыя зьявы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заўважана, што на конкурсе часта гледачы галасуюць не за пэўных выканаўцаў, а за краіну, якую яны прадстаўляюць.

Напрыклад, былыя югаслаўскія рэспублікі даюць максымальныя балы адзін аднаму, рэспублікі былога СССР, Ізраіль — Расеі і Ўкраіне, Нямеччына — Турэччыне, скандынаўскія краіны — адзін аднаму, Кіпр — Грэцыі, Малдова — Румыніі і г. д.

Уплыў зьявы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўная мэта конкурсу песьні «Эўрабачаньне» — стымуляваць стварэньне арыгінальных кампазыцыяў у вобласьці папулярнай музыкі. Краінавай прынцып галасаваньня гледачоў не спрыяе дасягненьню гэтых мэт. Таму арганізатары конкурсу шукаюць спосабы мінімізацыі яго ўплыву. Бо ў такіх краін, як, напрыклад, Мальта, практычна няма шанцаў на перамогу. У Расеі, Украіны, Сэрбіі ж, да прыкладу, гэтыя шанцы — максымальныя.

У 2007 годзе зноў успомнілі анэкдот пра тое, што Югаславія распалася, каб перамагчы на Эўрабачаньні. У 2008 годзе анэкдот распавядаюць ужо пра Савецкі Саюз.

Барацьба са зьявай[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Упершыню конкурс «Эўрабачаньне» ў 2008 годзе прайшоў па новых правілах і складаўся ўжо з двух паўфіналаў і фіналу.

Два паўфіналы — навіна конкурсу, якая выклікала ажыўленае абмеркаваньне па ўсёй Эўропе. Гэта цьвёрдая мера была прынята па настойлівай прапанове кіраўніка «Эўрабачаньня» Свантэ Стоксэліюса, каб зьвесьці да мінімуму «некарэктную практыку г. зв. салідарнага галасаваньня некаторых краін-удзельніц».

Падзел удзельнікаў па двух паўфіналах мяркуе максымальна зьменшыць верагоднасьць галасаваньня гледачоў па краінавым прынцыпе, бо ў галасаваньні ўдзельнічаюць толькі гледачы з краін-удзельнікаў.

Цікавы факт: у 2008 годзе прадстаўнік Даніі заняў 3 месца ў другім паўфінале (пры мінімальнай падтрымцы з боку суседзяў). Прадстаўнік Расеі таксама заняў трэцяе месца (у першым паўфінале). Але ў фінале датчанін (3 суседы) заняў 15, а расеец — 1 месца (не без дапамогі галасоў рэспублік былога СССР, Ізраілю і Балканаў).

Роднасныя праекты[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Увосень 2005 году ЭВС арганізаваў адмысловае тэлешоў, прысьвечанае 50-гадоваму юбілею конкурсу песьні «Эўрабачаньне». Яно прайшло 22 кастрычніка на «Форум Арэне» ў Капэнгагене (Данія). Падчас перадачы, назва якой паходзіць ад песьні Кліфа Рычарда «Congratulations» (1968 год), песьня групы ABBA «Waterloo» (пераможца ў 1974 годзе) была абрана лепшай за ўсю гісторыю конкурсу.[23] З 14 песень, якія прынялі ўдзел у юбілейным конкурсе, 10 былі абраны шляхам інтэрнэт-галасаваньня, і яшчэ 4 былі дададзены аргкамітэтам фэсту.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Live Webcast, eurovision.tv, 25 траўня 2006
  2. ^ Finland wins Eurovision contest, Aljazeera.net, 21 траўня 2006
  3. ^ Eurovision Song Contest — International Music Program, museum.tv, 15 ліпеня 2006
  4. ^ Eurovision Trivia (PDF), bbc.co.uk, 5 траўня 2002
  5. ^ EBU plans for the future, eurovision.tv, 9 траўня 2007
  6. ^ Webcasting and the Eurovision Song Contest, European Broadcasting Union, 21 жніўня 2006
  7. ^ Eurovision song contest 2006 — live streaming, Octoshape, 8 чэрвеня 2006
  8. ^ http://esctoday.com/news/read/12655
  9. ^ http://www.rian.ru/review/20080523/108171457.html
  10. ^ а б Eurovision’s Golden Jubilee, European Broadcasting Union, 1 снежня 2004
  11. ^ History of Eurovision, bbc.co.uk, 20 ліпеня 2006
  12. ^ Historical Milestones, eurovision.tv, 26 траўня 2006
  13. ^ Мітусьня вакол фіналу(рас.)
  14. ^ Ukrainian hosts' high hopes for Eurovision, BBC News, 19 траўня 2005
  15. ^ Eurovision 1993 — The Venue, doteurovision.com, 18 ліпеня 2006.
  16. ^ а б в The Eurovision Song Contest 50 Years The Official History, Джон Кэнэдзі О’Конар, 2005 год
  17. ^ «Эўрабачаньне» — за гадзіну да старту, Радыёстанцыя «Эхо Москвы», 10 траўня 2009
  18. ^ Eurovision 2004 — Voting Briefing, eurovision.tv, 12 траўня 2004
  19. ^ а б Results from the draw, eurovision.tv, 21 сакавіка 2006
  20. ^ A to Z of Eurovision, bbc.co.uk, 9 жніўня 2006
  21. ^ Rules of the 2005 Eurovision Song Contest, eurovision.tv, 10 лютага 2006.
  22. ^ Benny Hill: The Naughty Early Years. Vol.1.
  23. ^ Abba win 'Eurovision 50th' vote, BBC News, 23 кастрычніка 2005

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Конкурс песьні Эўрабачаньнесховішча мультымэдыйных матэрыялаў