Крыж Эўфрасіньні Полацкай

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Літаграфія Крыжа 2-й паловы XIX стагодзьдзя
Лазар Богша
(аднавіў Мікалай Кузьміч)
Крыж Эўфрасіньні Полацкай, 1161
(аднаўленьне 1992—1997)
кіпарыс, золата, срэбра.
Царква Сьвятога Спаса, Полацак

Крыж Эўфрасі́ньні По́лацкай — унікальны твор эмальернага мастацтва, рэлігійная і духоўная сьвятыня беларусаў[1]. Крыж вырабіў у 1161 годзе полацкі ювэлір Лазар Богша на заказ Эўфрасіньні Полацкай як каўчэг для захоўваньня хрысьціянскіх рэліквіяў[2].

Мае шэсьць канцоў-промняў, што сымбалізуе створаны Богам за шэсьць дзён Сусьвет. Падобная форма крыжа ніколі не была пераважнай на землях усходніх славянаў і найчасьцей сустракалася на беларускай этнічнай тэрыторыі[3].

Рэліквія згубілася ў Другую Сусьветную вайну, калі магла трапіць у расейскія музэйныя сховішчы[4], аднак у 2020—2021 гадох зьявіліся сьведчаньні і аргумэнты за тое, што напраўду Крыж патаемна ад грамадзкасьці захоўвае Расейская праваслаўная царква, у рызьніцы патрыярха маскоўскага Троіца-Сергіевай лаўры[5]. У 1997 годзе берасьцейскі мастак Мікола Кузьміч вырабіў копію Крыжа, асьвечаную і перададзеную ў Спаса-Эўфрасіньнеўскі манастыр у Полацку.

Апісаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У аснове Крыжа — кіпарысавае дрэва. Рэліквія мае вышыню 51,8 см, даўжыню верхняе папярэчкі — 14, ніжняе — 21, таўшчыню — 2,5 см. Зьверху і зьнізу дрэва закрывала 21 залатая пластка з каштоўнымі камянямі, арнамэнтамі і 20 эмалевымі абразкамі, якія нічым не саступалі сусьветна вядомым бізантыйскім эмалям. Крыж абкладалі 20 срэбных з пазалотай пласткаў, а брыжы пярэдняга боку абводзіў ланцужок пэрлінаў.

Разьмяшчэньне сьвятых нагадвае іканапісную кампазыцыю пашыранага дэісуса[6]. На верхніх канцах Крыжа месьціліся паясныя выявы Хрыста, Багародзіцы і Яна Хрысьціцеля. У цэнтры ніжняга перакрыжаваньня — чацьверка эвангелістаў: Ян, Лука, Марк і Мацьвей, на канцах — арханёлы Габрыіл і Міхал. Унізе — патроны (нябесныя заступнікі) заказьніцы і яе бацькоў: сьвятыя Эўфрасіньня Александрыйская, Юры і Сафія.

На адвароце месьціліся выявы айцоў царквы Іаана Златавуснага, Васіля Вялікага, Грыгорыя Багаслова, апосталаў Пятра і Паўла, а таксама сьвятых Стэфана, Дзімітрыя і Панцялеймана. Над кожным абразком меўся надпіс часткова грэцкімі, часткова славянскімі літарамі.

У сярэдзіне Крыжа ў 5 квадратных падпісаных гнёздах знаходзіліся рэліквіі: кавалачкі крыжа Гасподняга з кроплямі Езусавай крыві, кавалачак каменю ад дамавіны Багародзіцы, часткі мошчаў сьвятых Стэфана і Панцеляймана ды кроў сьвятога Дзімітрыя.

Найбольш каштоўнымі з пакладзеных у гнёзды хрысьціянскіх рэліквіяў зьяўляліся часьцінкі Сьвятога Дрэва — крыжа, на якім, ратуючы чалавецтва, сустрэў сьмерць Ісус Хрыстос.

У ніжняй частцы Крыжа, каля мошчаў сьвятога Панцялеймана, паведамляецца імя майстра: «Господи, помози рабоу своемоу Лазорю, нареченному Богъши, съделавъшемоу крьсть сии црькви святаго Спаса и Офросиньи». На пазлачоных пластках месьціцца вялікі тэкст[7]:

У лета 6669 (1161) кладзе Эўфрасіньня сьвяты крыж у сваім манастыры, у царкве сьвятога Спаса. Дрэва сьвятое бясцэннае, акова ж яго золата і срэбра, і камяні і пэрлы на 100 грыўняў, а да… <…> 40 грыўняў. І хай не выносяць яго з манастыра ніколі, і не прадаюць, не аддаюць. Калі ж не паслухаецца хто і вынесе з манастыра, хай не дапаможа яму сьвяты крыж ні ў жыцьці гэтым, ні ў будучым, хай пракляты будзе ён сьвятой жыватворнаю Тройцаю ды сьвятымі айцамі 300 и 50 (?) сямі сабораў сьвятых айцоў і хай напаткае яго доля Юды, які прадаў Хрыста. Хто ж насьмеліцца ўчыніць такое… <…> валадар або князь, або эпіскап ці ігуменьня, або іншы які чалавек, хай будзе на ім гэты праклён. Эўфрасіньня ж, раба Хрыстова, што справіла гэты крыж, здабудзе вечнае жыцьцё з усімі сьвятымі… <…>

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле фота І. Чысьцякова, 1896 г.

Па стварэньні Крыжа ў 1161 годзе на просьбу ўнучкі полацкага князя Ўсяслава Чарадзея Прадславы (у манастве Эўфрасіньні) бізантыйскі імпэратар Мануіл Комнін і патрыярх Лука Хрызаверх даслалі для яго некаторыя хрысьціянскія сьвятыні.

Рэліквія захоўвалася ў Полацку, аднак па захопе места смаленскім князем Мсьціславам Давыдавічам 17 студзеня 1222 году яе перавезьлі ў Смаленск. Каб у час абрадаў асьвячэньня вады не пашкодзіць даволі каштоўныя хрысьціянскія сьвятыні, у 1495 годзе смаленчукі стварылі копію Крыжа.

У 1514 годзе князь Васіль III, захапіўшы Смаленск, вывез Крыж у Маскву. Як вялікая каштоўнасьць і ваенны трафэй рэліквія трапіла ў гаспадарскі скарб і зрэдку ўжывалася ў набажэнствах. Аднак у 1563 годзе маскоўскі гаспадар Іван IV Тыран узяў Крыж у сваю няўдалую выправу на Вялікае Княства Літоўскае, у выніку чаго рэліквія вярнулася ў Полацак.

Ю. Азямблоўскі, 1849 г.

Па вызваленьні Полаччыны вялікім князем Стэфанам Баторыем (1579 год) Крыж перанесьлі ў Сафійскі сабор, які неўзабаве вярнуўся да Кіеўскай мітраполіі, што ў 1596 годзе прыняла Берасьцейскую унію. Рэлігійны дзяяч 1-й паловы XVIII ст. Ігнат Кульчыцкі пакінуў наступны запіс:

« Будучы доктарам філязофіі ў нашым манастыры, я часта назіраў, як шануюць памяць гэтай сьвятыні манашкі нашага манастыра і жыхары полацкія, а таксама ўсяго вялікага ваяводзтва. У катэдральнай царкве полацкай сёньня захоўваецца цудоўны залаты крыж з рознымі мошчамі »

У расейска-францускую вайну 1812 году з мэтай захаваць Крыж манахі-базыляны Сафійскага манастыра ўмуравалі яго ў сьцяну, а з заканчэньнем вайны вярнулі ў сабор. Па ліквідацыі Уніяцкай царквы ў Расейскай імпэрыі (1839 год) рэліквія перайшла ў рукі Маскоўскага патрыярхату. У 1841 годзе эпіскап Васіль Лужынскі вазіў Крыж у Маскву і Пецярбург, па чым рэліквію вярнулі ў Полацак і зьмясьцілі ў царкве Сьвятога Спаса.

Падрабязнае апісаньне, 1891 г.

У 1921 годзе Крыж сярод іншых царкоўных каштоўнасьцяў рэквізавалі бальшавікі. У 1928 годзе з адмысловай экспэдыцыяй у Полацак выехаў Вацлаў Ластоўскі, які забраў рэліквію зь мясцовага фінаддзелу і перавёз яе ў Менскі музэй. Аднак у 1929 годзе з прычыны меркаванага пераносу сталіцы БССР у Магілёў бальшавікі перавезьлі Крыж туды, зьмясьціўшы яго ў пакоі-сэйфе мясцовага абкаму і гаркаму партыі. Адначасна зьявіліся зьвесткі пра намер прадаць беларускую сьвятыню на аўкцыёне (або таемна) за мяжу. У 1949 годзе Леў Гарошка пісаў у сваёй кнізе «Сьв. Эўфрасіньня-Прадслава», выдадзенай у Парыжы:

« Каля 1930 г. былі паявіліся весткі ў газэтах, што бальшавікі мелі яго [заўв. — Крыж] прадаць у Швэцыю »
Узноўлены Крыж, 2010 г.

Паводле сьведчаньняў мясцовых жыхароў і супрацоўніка Магілёўскага дзяржаўнага музэю Гераніма Філіповіча (1912—1998)[8], 13 ліпеня 1941 году ў будынак магілёўскага абкаму зайшла група людзей у форме НКДБ. Яны адчынілі пакой-сэйф ключом і склалі каштоўнасьці ў загадзя падрыхтаваныя мяхі[9]. Уранку 13 ліпеня 1941 году начальнік Магілёўскага гарнізону выклікаў да сябе армейскага кіроўцу Пятра Паддубскага, які быў жыхаром Магілёва і скончыў улетку 1941 году сельскагаспадарчы тэхнікум. Начальнік гарнізона даручыў Паддубскаму забраць каштоўны груз з будынка Магілёўскага абласнога камітэту Камуністычнай партыі Беларусі (КПБ). Пётар Паддубскі адразу тым ранкам падагнаў аўтамабіль пад паказаны адрас. Некалькі чалавек у цывільным пачалі загружаць у кузаў мяшкі і пакеты. У акаваную жалезам асобную скрыню ўпакоўвалі найбольш каштоўныя рэчы. Калі Паддубскі стаяў побач з машынаю, то пачуў, як адзін зь людзей у цывільным усклікнуў: «Які крыж прыгожы». Калі пагрузка скончылася, 6 супрацоўнікаў Народнага камісарыяту дзяржаўнай бясьпекі (НКДБ) на чале з маёрам узялі машыну пад ахову. Потым загадалі ехаць у бок банка, дзе 2 машыны загрузілі мяшкамі з грашыма. Наступным ранкам 14 ліпеня 1941 году калёна з 3 машынаў знаходзілася на ўскрайку Магілёва. Там у кабіну да Паддубскага сеў 1-ы сакратар Цэнтральнага камітэту КПБ Панцеляймон Панамарэнка, які загадаў рухацца. Машыны пайшлі па маршруце Магілёў—ГоркіСмаленскМажайскМасква. 16 ліпеня 1941 году, праз 2 дні, машыны прыбылі ў Маскву і спыніліся каля будынка Ўправы кадраў Чырвонай арміі, што месьцілася на Ленінскіх гарах. Кіроўцы здалі туды груз і разьехаліся па вайсковых частках[10]. Беларускі гісторык Вітаўт Тумаш таксама пісаў, што крыж трапіў у рукі давераных асобаў КПСС і НКДБ.

Месца знаходжаньня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Злучаныя Штаты[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Манэта з выявай Крыжа, НББ

Па Другой сусьветнай вайне ў СССР пашырылася вэрсія пра знаходжаньне крыжа Эўрасіньні Полацкай у ЗША, якая грунтавался на сьведчаньні супрацоўніка Эрмітажу расейскага гісторыка Барыса Сапунова, паводле якога Крыж закупілі ў калекцыю Морганаў на аўкцыёне ў Заходняй Эўропе адразу па вайне. Сьцьвярджалася, што ў 1960-я гады іншы супрацоўнік Эрмітажу Бебут Шаўконьнікаў адмыслова выехаў у ЗША на пошукі рэліквіі, аднак з прычыны негалоснага папярэджаньня ён мусіў пакінуць краіну. У 1966 годзе Шаўконьнікаў апублікаваў артыкул пра Крыж Эўфрасіньні Полацкай у амэрыканскім мастацкім часапісе «Journal of glass studies», дзе радок з згадкаю пра цяперашняе месца знаходжаньня рэліквіі выкрасьлілі бяз згоды аўтара[11].

У кастрычніку 1990 году міністар замежных справаў БССР Пётар Краўчанка разам з Адамам Мальдзісам і супрацоўнікам беларускага прадстаўніцтва пры ААН У. Шчасным перадалі дырэктару Морганаўскай фундацыі афіцыйны зварот датычна Крыжа Эўфрасіньні Полацкай. Міністар растлумачыў, што гаворка ідзе пра нацыянальную сьвятыню, якую беларусы могуць нават выкупіць. Аднак Міністэрства замежных справаў атрымала афіцыйны адказ, што ў самой фундацыі Моргана Крыжа няма. Тым часам у радзіны Морганаў ёсьць і прыватныя зборы, за якія паводле выдадзенага дакумэнту адміністрацыя фундацыі не адказвае[12]. У тым жа 1990 годзе беларускі журналіст Аляксандар Лукашук, таксама турбуючыся за лёс Крыжа, наведаў у Нью-Ёрку Ракфэлераўскі цэнтар і пагутарыў з мастацкім экспэртам Аліў Брагозі. Адказ зноў прагучаў несуцяшальна: у калекцыі цэнтру беларускай рэліквіі няма. Ня далі выніку і звароты журналіста да электронных дасье ФБР. З 1990-х гадоў да пошуку рэліквіі падлучыўся Інтэрпол, зарэгістраваўшы яе пад нумарам 34-1130[13].

Расейская праваслаўная царква[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 2020 годзе генэрал-маёр КГБ у адстаўцы Іван Юркін выказаў меркаваньне, што Крыж захоўваецца ў Расейскай праваслаўнай царкве. Паводле Юркіна, пра гэта ўскосна сьведчыў прэзыдэнт Расеі Барыс Ельцын. Таксама ў Беларусі ёсьць афіцыйныя адказы з розных расейскіх установаў, музэяў і сховішчаў, што ў іх няма Крыжа, пры гэтым Сынод Расейскай праваслаўнай царквы ня даў афіцыйнага адказу аб адсутнасьці ў іх рэліквіі[14].

У 2021 годзе выйшла з друку кніга гісторыка і археоляга Сяргея Тарасава, у якой аўтар прыводзіць шэраг довадаў таго, што Крыж таемна ад грамадзкасьці захоўваецца ў Троіца-Сергіевай лаўры, у рызьніцы маскоўскага патрыярха. Ён спасылаецца на атрыманую ў канцы 1990-х — пачатку 2000-х гадоў прыватную інфармацыю ад двух незнаёмых паміж сабой чалавек, зьвязаных з спэцслужбамі, паводле якіх маскоўскі патрыярх лічыць Крыж асабістай сьвятыняй і прыяжджае да яго маліцца. Паводле Сяргея Тарасава, пра гэта ведаюць герархі Беларускага экзархату і найвышэйшыя функцыянэры рэжыму Лукашэнкі, якія мелі магчымасьць пабачыць рэліквію на ўласныя вочы[5].

Як адзначае Сяргей Тарасаў, у 1941 годзе Крыж да Масквы хутчэй за ўсё давёз Панцеляймон Панамарэнка, тагачасны кіраўнік БССР. Тым часам у 1945 годзе ў адной з сваіх прамоваў ён казаў наступнае: «Таварышы, я гэта кажу, каб зразумець, якія каштоўным багацьцем культуры мы валодаем, пачынаючы з Богшы… Лазар Богша (…) зрабіў Крыж найтанчэйшай працы. Дзівочны твор». Паводле архівіста Віталя Скалабана, які знайшоў гэтую стэнаграму, Панамарэнка заўсёды асабіста вычытваў і падпісваў стэнаграмы ўласных прамоваў, таму яго словы пра Крыж у цяперашнім часе — сьведчаньне ведаў пра месца знаходжаньне рэліквіі ўжо па заняцьці ўсёй тэрыторыі Беларусі савецкімі войскамі ў 1944 годзе. Таксама Сяргей Тарасаў зьвяртае ўвагу на выказваньне кіраўніка Беларускага экзархату Філарэта (Вахрамеева) у дакумэнтальным фільме «Шлях да сьвятыні», зьнятым у 1997 годзе рэжысэрам Віктарам Шавялевічам. Філарэт (Вахрамееў) адзначае, што напярэдадні стварэньня копіі Крыжа ў рызьніцу Троіца-Сергіевай лаўры зь неназванага расейскага дзяржаўнага музэю нібыта паступіла дошка, якая зьмяшчае часьцінкі розных мошчаў, а ўверсе мае кроплю крыві Хрыста з адпаведным подпісам. Паводле сьведчаньня Філарэта (Вахрамеева), з дазволу маскоўскага патрыярха ён уласнарус аддзяліў часьцінку кроплі дзеля пераносу ў копію рэліквіі. Тым часам Сяргей Тарасаў паказвае на тое, што за ўвесь час па сьмерці Сталіна ў 1953 годзе Расейская праваслаўная царква атрымала з расейскіх музэяў толькі адзін прадмет — полацкі абраз Адзігітрыі Этэскай, таму словы пра паступленьне дошкі зь дзяржаўнага музэю не адпавядаюць праўдзе. Пры гэтым на тэрыторыі Ўсходняй Эўропы дасьледнікі ведаюць толькі адну рэліквію, якая цалкам адпавядае агучанаму Філарэтам (Вахрамеевам) апісаньню — гэта Крыж Эўфрасіньні Полацкай[5].

Дадатковыя зьвесткі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • У Хроніцы Быхаўца ёсьць згадка пра дачку полацкага князя Васіля Параскеву, якую абвясьцілі ў Рыме сьвятою пад імем Праксэды. Князёўна нібыта пастрыглася ў манастыр Спаса над Палатой і 7 гадоў перапісвала кнігі. Потым прыехала ў Рым, дзе манашку пахавалі і збудавалі ў яе гонар царкву. Некаторыя гісторыкі лічаць гэтае апавяданьне каталіцкай вэрсіяй жыцьцяпісу Эўфрасіньні. Захаваліся зьвесткі пра крыж з надпісам, што ў ім ёсьць частка сьвятога дрэва, падараванага Праксэдзе рымскім папам Аляксандрам ІV. Гэты крыж быў копіяй твора Лазара Богшы. Цяпер ён знаходзіцца ў Яраслаўска-Растоўскім музэі-запаведніку[15].
  • У 1551 годзе на саборы кананічна ізаляванай Маскоўскай праваслаўнай царквы гаспадар Іван IV Тыран пастанавіў уніфікаваць формы крыжоў на купалах цэркваў, каб адмежаваць Маскоўскую дзяржаву ад «літоўскага, Полацкага крыжа» — крыжа Эўфрасіньні Полацкай[16]. З гэтага часу на царкоўныя купалы ўпершыню ў гісторыі пачалі ставіць укосныя васьміканцовыя крыжы[17], што стала ўласьцівасьцю культурнага ляндшафту Расеі[18].
  • У 1959—1960 гадох гісторык і дзяяч беларускай эміграцыі Міхась Белямук давёў небеларускі характар укоснага васьміканцовага (маскоўскага) крыжа і дамогся ўсталяваньня крыжа Сьвятой Эўфрасіньні Полацкай на першай беларускай праваслаўнай царкве ў Кліўлэндзе[17].
  • У чэрвені 2003 году ў першы дзень працы дзясятых Менскіх эпархіяльных чытаньняў мітрапаліт Філарэт (Вахрамееў) прадставіў прысутным Слуцкае Эвангельле XVI стагодзьдзя, якое захоўвалася ў 1929—1941 гадох у Магілёве ў браняваным пакоі-сэйфе разам з Крыжам Эўфрасіньні Полацкай. Мітрапаліт даў ляканічнае тлумачэньне сэнсацыйнай знаходкі: маўляў, адна сталічная прыхаджанка ў знак падзякі за зьдзяйсьненьне трэбы па адпяваньні сваяка перадала Эвангельле сьвятару аднаго з прыходаў Менскай эпархіі ў пачатку 1990-х гадоў.

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Ганецкая Г., Тарасаў С., Штыхаў Г. Крыж Ефрасінні Полацкай // Памяць: Полацк: Гіст.-дак. хроніка. — Мн.: БелЭн, 2002. С. 82.
  2. ^ Чарняўскі М. Якая нацыянальная рэліквія найкаштоўнейшая для беларусаў? // 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Менск, 1993. С. 78.
  3. ^ Арлоў У. Жыватворны сімвал Бацькаўшчыны / Рэд. Г. Штыхаў — Менск: «Асар», 1998. С. 132.
  4. ^ Арлоў У. Ад Полацка пачаўся Свет. — Менск: «Рыфтур», 2005. С. 43.
  5. ^ а б в «Патрыярх лічыць яго асабістай святыняй і прыязджае да яго маліцца». Дзе знаходзіцца Крыж Ефрасінні Полацкай?, Наша Ніва, 9 чэрвеня 2021 г.
  6. ^ Яніцкая М. Крыж Ефрасінні Полацкай // ЭГБ. — Мн.: 1997 Т. 4. С. 273.
  7. ^ Арлоў У. Жыватворны сімвал Бацькаўшчыны / Рэд. Г. Штыхаў — Менск: «Асар», 1998. С. 136—137.
  8. ^ Пазьняк З.. ВКЛ — гэта цывілізацыя // Belarus World, 31 студзеня 2016 г. Праверана 8 лютага 2016 г.
  9. ^ Арлоў У. Жыватворны сімвал Бацькаўшчыны / Рэд. Г. Штыхаў — Менск: «Асар», 1998. С. 157.
  10. ^ «Інтэрфакс». Сяргей Багдановіч: «Жыватворны Крыж Ефрасінні Полацкай трэба шукаць у Расеі» // Зьвязда : газэта. — 7 сакавіка 1997. — № 47 (23148). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
  11. ^ Арлоў У. Жыватворны сімвал Бацькаўшчыны / Рэд. Г. Штыхаў — Менск: «Асар», 1998. С. 161.
  12. ^ Арлоў У. Жыватворны сімвал Бацькаўшчыны / Рэд. Г. Штыхаў — Менск: «Асар», 1998. С. 162.
  13. ^ Арлоў У. Жыватворны сімвал Бацькаўшчыны / Рэд. Г. Штыхаў — Менск: «Асар», 1998. С. 167.
  14. ^ Генерал-майор КГБ в отставке: крест Евфросинии Полоцкой может находиться у Российской православной церкви, TUT.BY, 8.06.2020 г.
  15. ^ Ганецкая Г., Тарасаў С., Штыхаў Г. Крыж Ефрасінні Полацкай // Памяць: Полацк: Гіст.-дак. хроніка. — Мн.: БелЭн, 2002. С. 84.
  16. ^ Белы А. Крыж Еўфрасінні Полацкай // Наша Слова. № 29 (817) 1 жніўня 2007 г.
  17. ^ а б Белямук М.. Пабудова першае беларускае праваслаўнае царквы на эміграцыі, Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква, 26 кастрычніка 2010.
  18. ^ Бурштын Я. Ірына Дубянецкая: Дзякуючы намаганням РПЦ пачынае мяняцца культурны ландшафт Беларусі (Фота і відэа) // Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі», 16 ліпеня 2016 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]