Крычаў
| Крычаў | |||||
|
|||||
| Першыя згадкі: | 1136 | ||||
| Магдэбурскае права: | 23 жніўня 1633 | ||||
| Вобласьць: | Магілёўская | ||||
| Раён: | Крычаўскі | ||||
| Плошча: | 10,7 км² | ||||
| Насельніцтва: | 27 100 (2010) | ||||
| Часавы пас: | UTC+3 | ||||
| Тэлефонны код: | +375 2241 | ||||
| Паштовы індэкс: | 213491, 213492, 213493, 213494, 213495, 213496, 213498, 213500 | ||||
| Геаграфічныя каардынаты: | 53°43′10″ пн. ш. 31°42′50″ у. д. / 53.71944° пн. ш. 31.71389° у. д.Каардынаты: 53°43′10″ пн. ш. 31°42′50″ у. д. / 53.71944° пн. ш. 31.71389° у. д. | ||||
|
Крычаў на мапе Беларусі
Крычаў
|
|||||
Кры́чаў — места ў Беларусі, на рацэ Сож. Адміністрацыйны цэнтар Крычаўскага раёну Магілёўскай вобласьці. Насельніцтва 27,1 тыс. чал. (2010). Знаходзіцца за 104 км на ўсход ад Магілёва. Чыгуначны вузел на Воршу, Магілёў, Унечу і Рослаў, на аўтамабільнай дарозе Бабруйск — Рослаў.
Крычаў — магдэбурскае места гістарычнай Амсьціслаўшчыны, колішняя сталіца графства.
Зьмест |
Назва [рэдагаваць]
Існуе некалькі вэрсіяў паходжаньня тапоніму «Крычаў». Паводле адной зь іх, ён утварыўся ад слова «крычнае» (што азначае прафэсію) або «крыца», «крычнае жалеза» — назваў балотнай жалезнай руды, якой было багата ў навакольлі[1]. Іншая вэрсія зьвязвае назву места з крывічамі. Апроч таго, існуе шэраг легендаў і паданьняў пра назву і абставіны заснаваньня Крычава[2].
Варыянты назвы места ў гістарычных крыніцах: Крэчут.
Гісторыя [рэдагаваць]
Першы пісьмовы ўспамін пра Крычаў зьмяшчаецца ў статуце князя смаленскага Расьціслава Мсьціславіча і датуецца 1136 годам[3]. У ХІІ — сяр. ХІV стст. места знаходзілася ў складзе Смаленскага княства[4].
У 1358 Крычаў далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага, дзе ўвайшоў ў склад Амсьціслаўскага княства. У ХІV—ХVІІІ стст. існавалі Крычаўскія мескія ўмацаваньні. З кан. ХV ст. места ўвайшло ў склад Віленскага ваяводзтва, дзе зрабілася цэнтрам воласьці, уладаньня вялікіх князёў. У 1507 і 1508 маскоўскія захопнікі безвынікова намагаліся авалодаць Крычавам. За часамі Інфлянцкай вайны (1558—1582) у 1564 яны зноў двойчы спрабавалі захапіць места.
Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) Крычаў увайшоў у склад Амсьціслаўскага ваяводзтва. З ХVІІ ст. ён зрабіўся цэнтрам староства, якое знаходзілася ў валоданьні Радзівілаў. Цягам ХVІІ—ХVІІІ стст. аснову плянавальнай кампазыцыі Крычава складаў замак, ад якога цягнуліся вуліцы; было 8 цэркваў, касьцёл, сынагога. Сфармаваўся другі цэнтар места — рынкавы пляц (Рынак).
У 1614 маскоўскія захопнікі спалілі Крычаў і разрабавалі староства. У 1633 ён зноў моцна пацярпеў ад нападу маскоўскіх войскаў[3]: амаль усіх жыхароў (2000 чал.) гвалтоўна вывезьлі ў Маскоўскую дзяржаву, а само места спалілі[5]. 23 жніўня 1633 за гераізм і адданасьць радзіме кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза надаў Крычаву Магдэбурскае права і герб: «у чырвоным полі залаты крыж, побач зь якім срэбны меч»[6].
З пачаткам Трынаццацігадовай вайны (1654—1667) Крычаў вытрымаў 2-месячную маскоўскую аблогу, аднак потым мусіў здацца. Па вызваленьні (1661) сойм Рэчы Паспалітай на пэўны час скасаваў для места выплату падаткаў[3].
Паводле інвэнтару, станам на 1671 у Крычаве было 375 дымоў, на 1682 — 456 дымоў[3]. У Вялікую Паўночную вайну (1700—1721) улетку 1708 непадалёк ад места разьмяшчаўся лягер расейскіх войскаў на чале з царом маскоўскім Пятром I. Станам на 1720 у Крычаве было 233 жылыя дамы, на 1747 — 429 дымоў, на 1779 — 470 дымоў[3].
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Крычаў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Магілёўскай губэрні. Статус паселішча панізілі да мястэчка. У 1776 Кацярына II падаравала Крычаўскае староства графу Р. Пацёмкіну. У кан. XVIII ст. мястэчка зрабілася важным цэнтрам мануфактурнай прамысловасьці, тут дзейнічалі суднавэрф, а таксама вінакурны, цагельны, шкляны, гарбарны і медналіцейны заводы, млыны.
1 студзеня 1919 згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Крычаў увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала места разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. З 1923 тут ўтварыўся чыгуначны вузел на лініі Ворша — Унеча.
У 1924 Крычаў вярнулі БССР, дзе ён зрабіўся цэнтрам раёну Калінінскай, з 1927 Магілёўскай акругі, з 1938 — у Магілёўскай вобласьці. У 1931 Крычаў атрымаў статус места. У Другую сусьветную вайну з 17 ліпеня 1941 да 30 верасьня 1943 места знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. Цягам 1962—1965 Крычаў уваходзіў у склад Амсьціслаўскага раёну.
- Места на старых фатаздымках
Насельніцтва [рэдагаваць]

- XVIII стагодзьдзе: 1779 — 2,8 тыс. чал.[3]
- XIX стагодзьдзе: 1880 — 4570 чал.; 1897 — 6221 чал.
- XX стагодзьдзе: 1926 — 5592 чал.; 1939 — 16,0 тыс. чал.; 1959 — 19 тыс. чал.[7]; 1972 — 26,5 тыс. чал.; 1991 — 32,6 тыс. чал.[8]; 1997 — 31,9 тыс. чал.
- XXI стагодзьдзе: 2004 — 28 тыс. чал.; 2006 — 27,4 тыс. чал.; 2008 — 26,9 тыс. чал.; 2010 — 27,1 тыс. чал.
Адукацыя [рэдагаваць]
У Крычаве працуюць 9 школаў і 11 дашкольных установаў.
- Тэхнікум эканомікі, права і кіраваньня
- Крычаўскі прафэсійны агратэхнічны каледж
- Магілёўскі абласны ліцэй № 4
Мэдыцына [рэдагаваць]
Мэдычныя паслугі надаюць 3 лякарні і 6 паліклінік.
Культура [рэдагаваць]
Дзейнічаюць 4 дамы культуры, 4 бібліятэкі, краязнаўчы музэй.
Забудова [рэдагаваць]
Шаша Бабруйск — Масква падзяляе Крычаў на дзьве часткі. Найбольш разьвітая зь іх — паўднёвая, якая прылягае да Сожа, у ёй разьмяшчаюцца адміністрацыйныя, культурна-побытавыя і гандлёвыя прадпрыемствы. У паўночнай частцы забудоўваецца мікрараён Сож. Места мае 5 паркаў і 2 сквэры.
Эканоміка [рэдагаваць]
Прадпрыемствы будматэрыялаў, хімічнай, дрэваапрацоўчай, харчовай прамысловасьці.
| Пералік прамысловых прадпрыемстваў Крычава |
|---|
Транспарт [рэдагаваць]
У Крычаве маецца чыгуначная станцыя і аўтобусны парк, які абслугоўвае 6 мескіх, 9 мясцовых і 2 міжмескія маршруты.
Турыстычная інфармацыя [рэдагаваць]
Дзейнічае Крычаўскі краязнаўчы музэй. Спыніцца можна ў гасьцініцы «Крычаў»[9].
Выдатныя мясьціны [рэдагаваць]
- Вінакурня (XVIII ст.)
- Гістарычная забудова (XIX — пач. ХХ стст.; фрагмэнты)
- Замчышча (XI—XVIII стст.)
- Касьцёльная плябанія (ХІХ ст.)
- Могілкі габрэйскія
- Палац Пацёмкіна-Галынскіх (1778—1787)
- Паштовая станцыя (1840-я)
- Царква Сьв. Мікалая (1838)
- Царква Сьв. Параскевы Пятніцы (ХІХ ст., 1930-я)
Страчаная спадчына [рэдагаваць]
- Вэрф (XVIII ст.)
- Касьцёл Бяззаганага Пачацьця Найсьв. Панны Марыі (1855—1860)
- Касьцёл Сьв. Ільлі (XV ст.)
- Сынагога
- Царква Нараджэньня Божай Маці (ХІХ ст.)
Вядомыя асобы [рэдагаваць]
- Аксана Мянькова (нар. 1982) — беларуская лёгкаатлетка
Крыніцы [рэдагаваць]
- ^ Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. С. 184.
- ^ Легенды і паданьні пра Крычаў на Магілёўская абласная бібліятэка
- ^ а б в г д е Андрэй Мяцельскі. Крычаў // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 153.
- ^ Principality of Smalensk in the 12th century // Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы = The History of the Belarusian Nation and State / Бiч М., Гарэцкi Р., Конан У. і інш.; Міжнароднае грамадскае аб’яднанне «Згуртаванне беларусаў свету „Бацькаўшчына“». — Менск: З. Колас, 2005. С. 354.
- ^ Андрэй Кузьмін. Кароткая гісторыя Крычава на Radzima.org
- ^ Крычаў // Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998.
- ^ Уладзімір Бянько. Крычаў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. С. 279.
- ^ Кричев // Большой энциклопедический словарь / Гл. ред. В. П. Шишков. — М.: НИ «Большая Российская энциклопедия», 1998. — 640 с.: ил. ISBN 5-85270-262-5.
- ^ Кричев // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн., 2007.
Літаратура [рэдагаваць]
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. — 432 с.: іл. ISBN 985-11-0041-2.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0.
- Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998.— 287 с. ISBN 985-07-0131-5.
- Krzyczew // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom IV: Kęs — Kutno. — Warszawa, 1883. S. 793—794.
Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]
Крычаў — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
|
||||||||||||||||||||||||||||||||||||
|
||||||||